У КУРАПАТАХ АДБЫЛОСЯ ЎРАЧЫСТАЕ ЗАКРЫЦЬЦЁ КРУГЛАСУТАЧНАЙ ВАХТЫ ПАМЯЦІ, ЯКАЯ ДОЎЖЫЛАСЯ БОЛЬШ ЗА ВОСЕМ МЕСЯЦАЎ

Ганна Соусь, Менск

Мітынг распачала Валянціна Трэмбіцкая, жыхарка мікрараёну "Зялёны Луг".

(Трэмбіцкая: ) “Дарагія мае дзеці й унукі! Я вельмі ганаруся вамі. Вы зрабілі вялікую справу. Вы ўвайшлі ў гісторыю Беларусі, гэткай маленькай кропелькай, але ўвайшлі. Яшчэ летась я думала пра вас. Хто вы? Сьвятыя ці рамантыкі, ці Дон-Кіхоты, ці вы людзі сьвядомыя, якія маюць свае ідэалы, якія любяць свой народ, сваю Радзіму. За гэта вялікі Вам дзякуй!"

Вынікі васьмімесячнай вахты падсумоўвае лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка.

(Вячорка: ) “Дзеля таго, каб ніколі больш не было Курапатаў, вы, хлопцы й дзяўчаты, выстаялі ў гэтай беспрэцэдэнтнай вахце, у гэтым геройскім чыне. Я думаю, што вам было б ня сорамна перад тымі, хто тут ні за што пагінуў. Пазаўчора тут была талака, некаторыя з вас у ёй удзельнічалі, і мы, як ужо не раз бывала, знайшлі чалавечую костку. Яна ляжала асобна. Як сказаў археоляг Мікола Крывальцэвіч, хутчэй за ўсё гэтая костка зьявілася асобна таму, што раскопвалі магільныя яміны вандалы, якім глыбока напляваць на тое, хто тут ляжыць і чаму ён тут пахаваны. За апошнія паўгоду зробленая вялізарная справа – слова Курапаты зноў загучала".

Лідэр "Маладога фронту" Павал Севярынец быў адным з тых, хто ўвечары 24 верасьня з крыжам у руках стаў перад бульдозэрамі. З таго моманту й распачалася даўгатэрміновая варта Курапатаў. Сёньня ў часе свайго выступу Павал Севярынец выказаў падзяку ўсім тым, хто спрычыніўся да абароны нацыянальнага нэкропалю.

(Севярынец) "Абавязкова трэба сказаць, што супольна з маладафронтаўцамі, зь Беларускай партыяй свабоды, якія ўзялі на сябе асноўны цяжар вядзеньня гэтай акцыі, у самой акцыі прымала ўдзел шмат актывістаў розных арганізацыяў, маладзёвых аб'яднаньняў, КХП БНФ, Беларускага Народнага Фронту, ініцыятывы "За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты". Мы вельмі ўдзячныя тым журналістам, якія штодня, штотыдня езьдзілі сюды, асабліва Радыё Свабода. Гэта сапраўды надала Курапатам такое гучаньне, якое вымусіла ўлады адступіць. Многія прыходзілі сюды проста, каб паўдзельнічаць, каб падтрымаць, але да глыбіні душы гэта праймала менавіта падчас вартаў. З тымі, хто быў ля вогнішча, хто быў у намётах за 250 дзён, я зараз абсалютна гатовы ісьці ня толькі ў выведку. Гэта сапраўды было гарніла, дзе гуртаваўся нацыянальны рух, дзе гуртаваліся маладыя людзі да будучых перамогаў".

14 гадоў таму, 3 чэрвеня 1988 году ў газэце "Літаратура і мастацтва" быў надрукаваны артыкул Зянона Пазьняка й Яўгена Шмыгалёва "Курапаты – дарога сьмерці". Зянон Пазьняк сёньня зьвярнуўся да валанцёраў зь лістом, які зачытаў намесьнік старшыні Маладога Фронту Яўген Скочка.

"Гэтае месца ёсьць скрыжаваньне беларускага лёсу. Яно кажа пра выбар шляху. Вы зрабілі свой выбар, і ён добры . Нягледзячы на цяжкасьці й няпростасьць задачы, вы сталі на бок тых, хто бароніць магілы закатаваных продкаў. Вы зрабілі мужны ўчынак, які паспрыяў захаваньню сьвятога месца. Аддаючы належнае добрай справе і ахове Курапатаў, якую вы ажыцьцяўлялі, мушу сказаць, што ахова неабходная й надалей, і асабліва – уначы. Могілкі, якія маюць вялікае грамадзкае і нацыянальнае значэньне, ахоўваюцца ва ўсім сьвеце. Нельга пакідаць народны мэмарыял без нагляду. Добра было б, каб днём і ноччу Курапаты былі пад аховай. Пакуль улада на Беларусі ў чужых руках, яна ня будзе спрыяць нічому добраму, сьвятому й беларускаму. Таму шмат што залежыць ад супольнага рашэньня і магчымасьцяў саміх беларусаў. Ахова Курапатаў – адна з канкрэтных грамадзкіх задач".

Абарона Курапатаў не прыпыняецца, ужо заўтра ва ўрочышча на дзённае дзяжурства прыйдуць добраахвотнікі – гэткім быў адказ валанцёраў Зянону Пазьняку.

У часе мітынгу выступілі Людміла Гразнова, Уладзімер Кішкурна ды іншыя, хто спрычыніліся да абароны Курапатаў. А вось меркаваньне валанцёра Зьмітра Захарэвіча, прадстаўніка Беларускай партыі свабоды.

(Захарэвіч) "За гэтыя амаль пятнаццаць гадоў было шмат перамогаў, але, на жаль, яшчэ больш было паразаў. Гэты Курапацкі чын 2001-2002 гадоў, спадзяюся, зноўку зрабіўся тым паказьнікам беларускай волі, і менавіта ён даў надзею пасьля апатыі, якая здарылася з людзьмі пасьля паразы на прэзыдэнцкіх выбарах. Ён зноў даў надзею на тое, што мы пераможам".

Думку Зьмітра Захарэвіча працягвае лідэр Беларускай партыі свабоды Сяржук Высоцкі:

(Высоцкі: ) "Так, Курапаты не паспрыялі аб'яднаньню ўсяго беларускага народу, на жаль, Курапаты на сёньняшні час не аб'ядналі ўсю беларускую апазыцыю, але Курапаты аб'ядналі тысячы людзей вакол праўды. Вакол справядлівасьці, людзей у Беларусі й па-за яе межамі. У гэты дзень хочацца падзякаваць усім, хто быў далучаны да курапацкай справы. Так атрымалася, што Беларусь чакала герояў, і мы гэтых герояў Беларусі далі”.

Сяржук Высоцкі заклікаў валанцёраў ісьці шэсьцем да Савету Міністраў, каб уручыць зварот ураду з патрабаваньнем мэмарыялізацыі Курапатаў. Валанцёры й іншыя ўдзельнікі мітынгу сышлі з Курапатаў, а ва ўрочышчы над папялішчам вайсковага намёту застаўся лунаць бел-чырвона-белы сьцяг.