ВАЛАНЦЁРЫ РЫХТУЮЦЦА ДА ЗАВЯРШЭНЬНЯ КРУГЛАСУТАЧНАЙ ВАХТЫ ПАМЯЦІ

Ганна Соусь, Менск

У Курапатах паболела валанцёраў. Актывісты курапацкага чыну хочуць найбольш плённа правесьці ва ўрочышчы апошнія чатыры дні да заканчэньня кругласутачнай вахты, якая будзе спыненая 3 чэрвеня а 2-й гадзіне дня. Натуральна, падсумоўваюцца вынікі васьмімесячнай варты. Гаворыць лідэр Беларускай партыі свабоды Сяржук Высоцкі:

(Высоцкі: ) “Мы змагаліся тут за ўшанаваньне памяці забітых людзей, і мы сыходзім не таму, што стаміліся ці там не хапала харчаваньня. Чалавечы арганізм стамляецца досыць хутка. Усе казалі, што мы стаміліся ўжо празь месяц пасьля курапацкага чыну. Тым ня менш, мы вытрымалі восем месяцаў. Фактычна будзе 250 дзён.

Пытаньне ня ў стоме, пытаньне ў тым, што мы даем апошні шанец уладзе гэтым сыходам і завяршэньнем — знайсьці ў сабе нешта чалавечае. Гэта апошні шанец, які канчаткова падсумоўвае стан цяперашняга рэжыму. Калі пацыента лечаць аднымі пігулкамі і няма выніку, то потым яму прапануюць іншае лекаваньне. І калі наш цяперашні стан такі, што чыстай воляй і самым лепшым памкненьнем моладзі немагчыма нічога зрушыць, значыць, патрэбны іншы інструмэнтар”.

Думку Сяржука Высоцкага працягвае Генадзь Дранковіч:

(Дранковіч: ) “Мы захавалі гэтыя Курапаты, і мы даем шанец гэтай уладзе, гэтай дзяржаве й той жа самай апазыцыі прыняць пэўнае рашэньне”.

Сёньня ў лягеры было пяцёра валанцёраў — яны абыходзілі лясны масіў, прыбіралі сьмецьце, абмяркоўвалі дэталі сыходу. Дагэтуль яшчэ ня вызначана, што рабіць з парэшткамі згарэлага вайсковага намёту і бел-чырвона-белым сьцягам. Папялішча, напэўна, даведзецца прыбраць, а вось пакідаць сьцяг ва ўрочышчы без нагляду небясьпечна. Некаторыя валанцёры шкадуюць, што кругласутачнай вахты памяці ня будзе, гаворыць Алег Гнедчык:

(Гнедчык: ) “Тут правялі шмат часу, як вялікая сям’я. Будзе, канечне, шкада, усе разыдуцца. Але будзем яшчэ сюды прыходзіць, толькі не начаваць, а ўдзень... Учора прыходзіў нейкі чалавек, вывярнуў крыж. Хлопцы за ім пабеглі, але злавіць не пасьпелі”.

Алесь Поклад ужо больш за месяц знаходзіцца ў апёкавым цэнтры Менскага шпіталю хуткай дапамогі. Валанцёрка Стася Басава апошнія некалькі тыдняў амаль штодня наведвае свайго пацярпелага сябра.

(Басава: ) “Ягоны стан збольшага нармальны. Ён патроху ідзе на папраўку. Але лекары пакуль не даюць камэнтароў наконт таго, як доўга ён яшчэ будзе знаходзіцца ў шпіталі”.

(Карэспандэнтка: ) “Можа, яму што-небудзь трэба?”

(Басава: ) “Яму прапісалі досыць шмат лекаў, якія каштуюць дастаткова дорага. Таму патрэбныя грошы. Трэба зьвязвацца зь ягонай маці, альбо пытаццца на ўправе БНФ. Там ёсьць адмысловая скрыня для ахвяраваньняў Алесю Покладу”.