АБАРОНЦЫ КУРАПАТАЎ ЗЬБІРАЮЦЦА ЗЬМЯНІЦЬ ТАКТЫКУ АХОВЫ МЭМАРЫЯЛУ

Альгерд Невяроўскі, Менск

Мінулай ноччу ў курапацкім лягеры знаходзілася сем чалавек. Паводле валанцёраў Васіля Парфянкова й Антона Шкурынскага ноч прайшла даволі спакойна, хаця нейкія невядомыя зноў хадзілі па тэрыторыі Курапатаў. Але паколькі ніякай шкоды гэтыя людзі не рабілі, валанцёры й не цікавіліся — хто яны і чаго ім трэба ноччу ў лесе.

Нягледзячы на тое, што апошнімі начамі ў лягеры знаходзіцца па сем–восем чалавек, настрой у многіх валанцёраў ня вельмі аптымістычны. Ужо даволі даўно валанцёры харчуюцца за кошт прыватных ахвяраваньняў і дзякуючы дапамозе фонду “Дзецям Чарнобылю”. Сёньня ў іх зусім скончыліся грошы й харчы.

Кіраўнікі ініцыятывы “Моладзь у абарону Курапатаў” бачаць, што валанцёры стаміліся ад паўгадовага жыцьця ў намётах і вырашылі зьмяніць тактыку абароны мэмарыялу. Да таго ж будаўнічыя працы на курапацкім участку дарогі апошнім часам амаль не вядуцца. Днямі пра зьмены ў справе абароны мэмарыялу будзе абвешчана публічна.

А вось што сказаў вэтэран абароны Курапатаў Васіль Парфянкоў:

(Парфянкоў: ) “Стомленасьць пэўна ж адчуваецца, і людзей ужо ня так шмат стала. Адчуваюць, што хутка ўсё скончыцца. Няма такога ўздыму, што быў на пачатку вясны, калі намёт спалілі. Натуральна, што сысьці адсюль прыгожа, правесьці нейкую маніфэстацыю, шэсьце нейкае. Але калі мы й сыдзем, варта ня скончыцца. Раніцай і ўвечары будуць прыходзіць патрулі ды сачыць тут за парадкам”.

Адзін зь лідэраў ініцыятывы “Моладзь у абарону Курапатаў” Сяргей Высоцкі таксама лічыць, што зьмена тактыкі абароны зусім не азначае, што валанцёры дазволяць уладам рабіць у Курапатах усё што заўгодна:

(Высоцкі: ) “Гаворка ня йдзе пра тое, што мы зьбіраемся сыходзіць з Курапатаў. Гаворка ідзе пра тое, што могуць быць ужытыя іншыя лекі для пацыента, які завецца “цяперашні рэакцыйны рэжым Лукашэнкі”. І ў прыватнасьці ў справе абароны Курапатаў”.

І пры канцы пра стан здароўя валанцёра Алеся Поклада, які атрымаў апёкі падчас пажару ў намёце. Паводле лекараў, ягоны стан задавальняючы. Нядаўна яму была зробленая апэрацыя па перасадцы скуры, і цяпер ён пераведзены з рэанімацыі ў звычайную палату.