Амаль месяц Антон знаходзіўся за кратамі, але ён так дакладна і не зразумеў, за што сядзіць. Нагадаю, што яго затрымалі 16 красавіка ў Курапатах супрацоўнікі Савецкага РАУС Менску і пасьля накіравалі ў прыёмнік-разьмеркавальнік на Акрэсьціна дзеля высьвятленьня асобы, бо ён ня меў з сабой пашпарту.
Антон Шкурынскі — грамадзянін Расеі, прыехаў летась у Менск з Мураму. Сёлета на пачатку студзеня далучыўся да вахты памяці ў Курапатах.
(Шкурынскі: ) “Мяне трымалі месяц, я ўвогуле не разумею дзеля чаго. Даведацца, дзе я жыву і ці праўда тое, што я сказаў, было літаральна справай некалькіх хвілінаў. Яшчэ 16 красавіка яны патэлефанавалі зь міліцыі і спраўдзілі, што так, сапраўды ёсьць такі. Я таксама даваў поўныя пашпартныя зьвесткі. Можа, толькі пасьля гэтага ў іх узьнікла ўпэўненасьць, што я — гэта я”.
У прыёмніку-разьмеркавальніку Антона чатыры разы выклікалі да сябе сьледчыя, бралі паказаньні з прычыны заявы ў пракуратуру, што раней падалі абаронцы Курапатаў. Ад іх жа ён і даведаўся пра спаленьне намёту й пра тое, што ягоны паплечнік па курапацкай справе Алесь Поклад знаходзіцца ў рэанімацыі.
Антон Шкурынскі распавядае Радыё Свабода пра ўмовы зьняволеньня на Акрэсьціна:
(Шкурынскі: ) “У асноўным камэры былі перапоўненыя. Мінімум дзевяць чалавек на восем месцаў, максымум 15 чалавек там было. Такі разнастайны калектыў — віетнамцы, афганцы, грузіны, азэрбайджанцы, армяне, расейцы, беларусы, украінцы. У мяне напэўна два тыдні балела галава даволі моцна. Цяпер, дзякуй Богу, нічога не баліць”.
Некалькі месяцаў таму Антось зьвяртаўся ў расейскае консульства з прычыны страты пашпарту — яму параілі ехаць у Мурам, каб там аднаўляць дакумэнты. За час, што Атось Шкурынскі знаходзіўся на Акрэсьціна, ніхто з расейскай амбасады не пацікавіўся ягоным лёсам.
Ля Акрэсьціна Антося Шкурынскага сустракалі лідэр Беларускай партыі свабоды Сяржук Высоцкі й ягоны сябра валанцёр Дзяніс. Гаворыць Сяржук Высоцкі:
(Высоцкі: ) “Гэта помста рэжыму чалавеку, які быў на Курапатах, які там шмат пратрымаўся. Фактычна ні за што можна было месяц пратрымаць чалавека ў вязьніцы. Ніякіх — ні крымінальных, ні адміністратыўных абвінавачаньняў чалавеку. Фактычна за адсутнасьць пашпарту чалавека пратрымалі месяц у турме. А другое, што варта сказаць у гэтай сытуацыі — гэта паводзіны расейскага боку, амабасады Расейскай Фэдэрацыі. Ні было ні наймалейшага спачуваньня чалавеку. На нашыя званкі не было ніякай рэакцыі”.
Антон Шкурынскі выйшаў на волю зь невялічкім пакункам з асабістымі рэчамі й некалькімі даведкамі. Па часе павінны вырашыцца ягоныя праблемы з дакумэнтамі. Усе рэчы Шкурынскага згарэлі ў намёце 19 красавіка. Але ён не губляе аптымізму. Антон зноў зьбіраеца ехаць у Курапаты:
(Шкурынскі: ) “Курапаты для мяне — гэта квінтэсэнцыя беларускай барацьбы за незалежнасьць, месца, дзе сапраўды зь людзей вырастаюць патрыёты”.