“ГЭТА НЯ НАШ ДЗЕНЬ ПЕРАМОГІ”

Ганна Соусь, Менск

Раніцай у Курапатах не адчувалася сьвяточнага настрою. Валанцёры нарыхтоўвалі дровы, займаліся штодзённымі справамі. Дарэчы, многія абаронцы Курапатаў маюць сваё стаўленьне да Дня Перамогі. Гаворыць актывіст Зьміцер:

(Зьміцер: ) “Канечне ж, мы ведаем, што такое Дзень Перамогі. Гэта зьвязана ня толькі зь перамогай 9 траўня. Існавала й незалежная “партызанка”, ня толькі савецкая. Тыя людзі, якіх зараз лічаць здраднікамі, яны таксама ваявалі ня толькі супраць фашыстаў, а таксама змагаліся за вызваленьне нашай Радзімы ад Савецкага Саюзу”.

Думку Зьмітра працягвае валанцёр Ільля. Ён больш катэгарычны ў сваіх выказваньнях адносна сутнасьці Дня Перамогі:

(Ільля: ) “Час ужо ня той, але ўсё роўна — гэта ня наш Дзень Перамогі, перамога ня ў нашых сэрцах. Перамагла тая камуністычная сыстэма. Гэтая перамога столькі жыцьцяў нашых беларусаў забрала. Хаця б вось гэтае месца. На ім вайна таксама пачыналася — камуністы нішчылі нашых беларускіх патрыётаў. Гэта ня нашая перамога. Было дзьве імпэрыі зла — Нямеччына й камуністы, абедзьве хацелі зрабіць імпэрыю. Але імпэрыя ніколі ня можа існаваць вечна. Імпэрыя — гэта зло заўжды. А мы, беларусы — за сваю зямлю. Нам ня трэба ніякіх вялікіх ідэяў”.

Лідэр Беларускай партыі свабоды Сяржук Высоцкі ставіць пад сумненьне сам факт перамогі для беларускага народу:

(Высоцкі: ) “Ці была гэтая перамога для Беларусі? Мы згубілі ў гэты час Віленшчыну, Беласточчыну. Мы засталіся адзінай краінай-пераможцай, якая згубіла сваю тэрыторыю. Мы згубілі кожнага чацьвертага жыхара нашай краіны.

Мой дзед ваяваў, дарэчы, меў ордэн, другі дзед ваяваў, кулямётчыкам быў, але я ад іх чуў такія думкі: “У свой час мы перамаглі адзін фашызм, а, відаць, другі фашызм давядзецца дабіваць вам”. Трагедыя ў тым, што цяпер пануе рэжым, які будуецца на падмурку таго новага фашызму, які прыйшоў у Беларусь у 1944 годзе, калі сышлі нямецкія фашысты, а прыйшлі расейскія камунафашысты.

Беларуская Партыя Свабоды спачувае незалежніцкаму руху, таму руху, які стаяў за беларускую дзяржаўнасьць, таму руху, які змагаўся й з нацыстамі, і з камуністамі”.

Паводле Сяржука Высоцкага, дзень 9 траўня для валанцёраў будзе надта цяжкім. У другой палове дня ў Курапаты масава пойдуць на пікнікі жыхары суседняга мікрараёну, каб адзначыць Дзень Перамогі ў лесе. І давядзецца тлумачыць ім усім, чаму нельга піць гарэлку і смажыць шашлыкі на могілках.

Ужо апоўдні ў Курапатах зьявіліся першыя аматары адпачынку на траве. Юнак і тры дзяўчыны пілі расейскае піва “Балтыка” непадалёк ад “лавы Клінтана”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы ведаеце, што гэта за месца?”

(Юнак: ) “Так, Курапаты”.

(Карэспандэнтка: ) “Як Вы мяркуеце, гэта нармальна — піць піва на магілах?”

(Юнак: ) “Не... Проста больш няма дзе. Мы тут, каб бацькі не “засяклі”.

(Карэспандэнтка: ) “А Вы сёньня нешта сьвяткуеце?”

(Юнак: ) “Так, адзначаем 9 траўня”.

Пасьля размовы з валанцёрамі хлопец і дзяўчыны сышлі з урочышча. Але, паводле абаронцаў Курапатаў, на жаль, не заўсёды ўдаецца дасягнуць гэткага выніку, калі вядзеш размовы з дарослымі людзьмі, якія да таго ж нападпітку.