АЛЕСЬ ПОКЛАД ДАГЭТУЛЬ ЗНАХОДЗІЦЦА Ў РЭАНІМАЦЫІ АПЁКАВАГА ЦЭНТРУ ШПІТАЛЮ ХУТКАЙ ДАПАМОГІ

Ганна Соусь, Менск

Спачатку я завітала ў аддзяленьне пераліваньня крыві Менскага шпіталя хуткай дапамогі. Паводле лекараў, сёньня ўжо адзін чалавек здаў сваю кроў для Поклада. Нагадаю, што пазаўчора тры чалавекі сталі донарамі, каб дапамагчы Алесю.

З аддзяленьня пераліваньня крыві накіроўваюся на трэці паверх шпіталю ў апёкавы цэнтар. Лекар-рэаніматоляг Валянцін Машэль, які апякуецца Алесем Покладам, распавядае пра стан хворага пасьля апэрацыі, зробленай некалькі дзён таму.

(Машэль: ) "На гэты момант ягоны стан цяжкі, стабільны. Невялікая тэндэнцыя да паляпшэньня. Учора было аднаразовае падвышэньне тэмпэратуры да 39,2, але ў параўнаньні з тым, што было раней, калі тры разы на дзень было такое падвышэньне, цяпер ёсьць станоўчая дынаміка. Далейшы прагноз рабіць пакуль складана. Праляжыць ён тут даволі доўга. Спатрэбіцца перасадка скуры, адпаведна пераліваньне крыві, плазмы. Мы прасілі, каб прыходзілі хаця б тры донары штодзень, каб цалкам здалі кроў чалавек дваццаць пяць. На дадзены момант нашыя заяўкі на кроў для Поклада цалкам выконваюцца. Колькі замаўляем, столькі й атрымліваем. Пакуль праблем з мэдыкамэнтамі й крывёй няма".

Валянцін Машэль правёў мяне ў аддзяленьне рэанімацыі да Алеся Поклада. У палаце разам з Алесем яшчэ тры чалавекі, адна зь іх — жанчына. Алесь адчуваў сябе дрэнна й нават ня здолеў пагаварыць са мной. Побач зь ягоным ложкам сядзела сястра. Апошнім часам яна альбо маці ўвесь час разам зь ім. Сястра Алеся Поклада адмовілася размаўляць са мной, спаслаўшыся на тое, што цяпер у іхнай сям'і складаны пэрыяд, і яны ня хочуць публічнасьці.

Сыходзячы з апёкавага цэнтру, я сустрэла лідэра Беларускай партыі свабоды Сяржука Высоцкага, ён ішоў наведаць Алеся Поклада й гэтаксама паразмаўляць з загадчыкам апёкавага цэнтру.

(Высоцкі: ) "Зьбіраюся пагаварыць з загадчыкам аддзяленьня, таму што Алесю трэба дапамагаць. Знайшоўся, я лічу, вельмі высакародны чалавек — Генадзь Грушавы, які кажа, што можа дапамагчы перавесьці Алеся ў платнае аддзяленьне, каб палепшыўся догляд. А калі ня будзе такой магчымасьці, то зрабіць нешта іншае..."

Сяржук Высоцкі надоечы хацеў сам здаць кроў для Алеся Поклада, але высьветлілася, што гэта немагчыма, бо калісьці ён перанёс хваробу Боткіна.

(Высоцкі: ) "Ня так мала людзей, якія хочуць здаць кроў, тэлефануюць мне нашыя сябры й прыхільнікі зь іншых беларускіх арганізацый, найперш Маладога Фронту. Але многія людзі, што прыходзяць, перахварэлі на нейкія інфэкцыйныя захворваньні, прыкладам, на Боткіна. Нават даведку ў паліклініцы ўзяць бывае ня так проста. З тых людзей, што хочуць здаць кроў, гэта атрымліваецца толькі ў некаторай часткі. Але я мяркую, што людзі ўсё ж будуць прыходзіць і дапамагаць".