СПОЎНІЛАСЯ СЕМ МЕСЯЦАЎ ПАСЬЛЯ ПАЧАТКУ ВАХТЫ ПАМЯЦІ Ў КУРАПАТАХ

Ганна Соусь, Менск

За сем месяцаў вахты ў Курапатах валанцёрам давялося шмат выцерпець — амонаўскія дубінкі й зімовую сьцюжу, падпал намёту й міліцэйскія пастарункі, галодныя дні й абыякавасьць часткі грамадзтва да іхнай справы. Цяпер наступае апошні этап у вартаваньні Курапатаў — да заканчэньня земляных работаў на кальцавой дарозе засталося менш за месяц. Адметна, што менавіта цяпер ва ўрочышчы былі знойдзены чалавечыя парэшткі — сьведчаньне злачынстваў, што адбываліся ў Курапатах. Разам з валанцёрам Сяржуком Мацкойцем я накіроўваюся ў лес, мэтраў з дваццаць ад прасекі, далей за каталіцкі крыж.

(Мацкойць: ) "Вось мы зараз знаходзімся амаль на тым месцы, дзе былі знойдзеныя гэтыя косткі. Вось гэта чэрап з двума ўваходнымі кулявымі адтулінамі. Яго знайшоў спадар Юхо. Астатнія косткі былі знойдзеныя мной і Яўгенам Скочкам. Яны не былі нічым прысыпаныя. Мы іх сабралі менавіта на гэтым пятачку(мэтраў 5 на 5) літаральна за некалькі гадзінаў".

(Карэспандэнтка: ) "Як Вы мяркуеце, чаму яны не былі знойдзеныя ў часе талокаў, бо тут людзі хадзілі, высякалі хмыз. Напэўна, яны павінны былі пабачыць гэтыя косткі?"

(Мацкойць: ) "Справа ў тым, што чалавеку недасьведчанаму вельмі складана пазнаць косткі. Яны вельмі падобныя да галінак, і таму проста маглі іх не заўважыць. Па-другое, цалкам верагодна, што гэтыя косткі зьявіліся пасьля раскопак гэтак званых "чорных археолягаў". І трэцяе, таксама цалкам верагодна, што гэтыя косткі проста вымывае дажджом".

Мінулую ноч у лягеры правялі шэсьць валанцёраў — мой суразмоўца Сяржук Мацкойць, Ірына Вяткіна, Павал Севярынец, Яўген Скочка, Вячаслаў Сіўчык і Васіль Парфянкоў. Апошні, дарэчы, сёньня наступным чынам пракамэнтаваў учорашнія выказваньні Лукашэнкі пра Курапаты (кіраўнік дзяржавы паставіў пад сумнеў тое, што ў Курапатах ляжаць ахвяры сталінскіх рэпрэсій, і зноў узгадаў пра расстрэлы габрэяў; але ж, паводле Лукашэнкі, трэба ўшанаваць памяць усіх людзей, якія ляжаць у Курапацкай зямлі):

(Парфянкоў: ) "Няўжо ён гэтай дарогай ушаноўвае памяць? Што там гэтыя навукоўцы даказалі, што нібыта тут фашысты расстрэльвалі? Даказана ж дакладна, што гэта сталінскія рэпрэсіі. Ён ніколі тут ня быў, адкуль ён можа ведаць, што гэта за месца й хто тут пахаваны. Няхай ён сюды прыедзе, паходзіць па лесе, паглядзіць. Мы яму трошкі распавядзем, калі ён адважыцца на гэта".

У Курапаты працягваюць ісьці людзі. Сёньня ўрочышча наведаў расеец Уладзімер Селанцеў разам з жонкай.

(Селанцеў) "З Курапатамі... увогуле, у мяне тут нікога няма, але ж зьвязвае гісторыя. Яна нікому не даецца ў запас, яна пачынае ізноў паўтарацца".

Што да стану здароўя валанцёра Алеся Поклада, які моцна пацярпеў з прычыны падпалу намёту 19 красавіка, то, паводле загадчыка апёкавага цэнтру менскага шпіталю хуткай дапамогі Уладзімера Дарафеенкі, ягоны стан сярэдняй цяжкасьці. Плянуецца, што Алеся хутка перавядуць з рэанімацыі ў звычайную палату.