ВАХТА ПАМЯЦІ Ў КУРАПАТАХ ПРАЦЯГВАЕЦЦА, НЯГЛЕДЗЯЧЫ НА ЎЧОРАШНЮЮ СПРОБУ МІЛІЦЫІ РАЗАГНАЦЬ ЛЯГЕР ВАЛАНЦЁРАЎ

Ганна Соусь, Менск

Першае, што я ўбачыла сёньня раніцай у Курапатах — гэта бел-чырвона-белы сьцяг ля намёту валанцёраў. Мінулую ноч ва ўрочышчы правялі пяцёра валанцёраў, у тым ліку актывіст партыі БНФ Вячаслаў Сіўчык і лідэр Беларускай партыі свабоды Сяржук Высоцкі. Дарэчы, у Сяржука ўчора быў дзень народзінаў, але настрой у яго быў зусім не сьвяточны з прычыны затрыманьняў сябраў ягонай партыі. Актывіст Дзяніс вельмі занепакоены лёсам сваіх паплечнікаў па курапацкай вахце.

(Дзяніс: ) "Усю ноч варту трымалі, чакалі, што можа будзе другі напад, можа, забіраць яшчэ нас будуць".

Учора ўвечары былі затрыманыя ня толькі Антось Шкурынскі, Алесь Поклад, Васіль Парфянкоў і Марыя Кантаўтайтэ. На падыходзе да лягеру міліцыянты затрымалі валанцёра Сяржука Мацкойця.

(Мацкойць: ) "Іду на насыпу. Да мяне падыходзяць два чалавекі ў цывільным і паказваюць пасьведчаньне супрацоўнікаў міліцыі. Я працягваю ваенны білет. Яны нават яго не адкрывалі, зводзяць мяне з насыпу й перадаюць супрацоўнікам службы аховы. Прывезьлі ў Савецкі райадзел, службу аховы, там пратрымалі недзе паўтары гадзіны. Потым завалаклі ў пастарунак на вуліцы Кальцова. Там на мяне склалі пратакол за тое, што я знаходзіўся на тэрыторыі будаўнічай пляцоўкі ў непрацоўны час, і таксама за парушэньне нейкага артыкулу Правіл дарожнага руху. Пасьля гэтага мяне выкінулі. Прайшло больш за тры гадзіны".

Cяржук Мацкойць адразу пасьля гэтага паехаў у Курапаты, узяўшы вялікі бел-чырвона-белы сьцяг, які валанцёры павесілі ў Курапатах сёньня раніцай замест папярэдняга невялічкага штандару — падарунка фатографа Уладзімера Кармілкіна.

Прыкладна апоўдні стаў вядомы лёс валанцёраў Алеся Поклада й Васіля Парфянкова. Іх пратрымалі ноч і раніцу ў гарадзкім аддзеле міліцыі, потым склалі пратакол, а прыкладна а дванаццатай гадзіне адвезьлі ў суд Савецкага раёну. Валанцёры запатрабавалі адваката, і суд над імі быў перанесены на заўтра.

З суду абаронцы Курапатаў адразу ж прыехалі на прэсавую канфэрэнцыю, якая ладзілася з нагоды ўчорашніх падзеяў. Алесь Поклад і Васіль Парфянкоў распавялі, што іх затрымліваў асабіста старшыня Савецкага райаддзелу міліцыі Бусло, які, дарэчы, зараз афіцыйна ў адпачынку, і ягоны намесьнік Гуранкоў. Варта заўважыць, што тэрыторыя Курапатаў належыць да Менскага раёну, і таму незразумелы ўдзел гарадзкіх міліцыянтаў ва ўчорашніх падзеях. Распавядае Алесь Поклад:

(Поклад: ) "Паводзілі сябе жорстка. Спыталіся, чаго ты сюды прыйшоў? Адказваю, што я тут жыву. Яны кажуць, што зараз зьменяць мне месца жыхарства. Потым былі выкрыкі. Ударылі Васіля па твары. атрымаў ён таксама дубінкай. Калі прыехаў уазік, усім сказалі па аднаму выходзіць. Антось сказаў, што яму таксама па наге ўдарылі. Потым нас усіх завезьлі ў гарадзскі аддзел міліцыі. У мяне быў пашпарт з сабой, у Васіля — таксама. Па кампутару праверылі, усё было нармалёва. Потым нас звазілі ў наркалягічны дыспансэр. Далей нейкі міліцыянт забраў Антося й Машу й павёў некуды, а нам сказаў чакаць. Закінуў у пакой — мэтар на мэтар пыкладна..."

Алесь Поклад пры гэтым адчуваў сабе вельмі кепска — у яго зламаная рука і вялікія апёкі на сьпіне, але гэтыя акалічнасьці міліцыянтаў не цікавілі. У выніку валанцёраў абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Тлумачыць Васіль Парфянкоў:

(Парфянкоў: ) "У пратаколе запісана — аказвалі супраціў міліцыі, пагражалі фізычнай расправай і нецэнзурна лаяліся. Пры гэтым іх было восем здаровых ілбоў, а нас — дзяўчына й тры хлопцы, у аднога зь якіх сатрасеньне мозгу, у другога — сьпіна ў апёках і зламаная рука, у мяне вывіхнутая нага. І мы ім пагражалі фізычнай расправай..."

Суд на Васілём Парфянковым і Алесем Покладам адбудзецца заўтра. Тым часам палітыкі занепакоеныя сытуацыяй вакол Курапатаў. Паводле актывіста Партыі БНФ Вячаслава Сіўчыка, улады ў хуткім часе паспрабуюць ізноў разагнаць лягер абаронцаў Курапатаў:

(Сіўчык: ) “Наступным днём і наступнай ноччу ў Курапатах будуць нейкія падзеі. Бачна, што дзесьці наверсе рэжыму прынятае рашэньне зьліквідаваць лягер. Бачна, што гэта ня здолелі зрабіць нейкімі легальнымі шляхамі, таму будзе "беспредел".

Адразу пасьля прэсавай канфэрэнцыі валанцёры Алесь Поклад і Васіль Парфянкоў паехалі ў Курапаты — і надалей бараніць нацыянальны нэкропаль.