СЯБРЫ ІНІЦЫЯТЫВЫ "ЗА ВЫРАТАВАНЬНЕ МЭМАРЫЯЛУ КУРАПАТЫ" ПРАПАНУЮЦЬ АБМЕРКАВАЦЬ ДЗЯРЖАЎНЫ ТЭРАРЫЗМ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Удзельнікі дыскусіі нагадалі, што заўсёды былі спробы дзяржавы дзейнічаць згодна зь вядомай формулай "ёсьць чалавек — ёсьць праблема, няма чалавека — няма праблемы". Так было ў сярэднявеччы, гэта паўтарылася пры Леніне ды Сталіне. І нават з надыходам 21-га стагодзьдзя падмурак дзяржаўнага тэрарызму супраць грамадзянаў Беларусі фактычна захаваўся. Гісторык Вацлаў Арэшка бачыць прыкметы гэтага ў своесаблівым падзеле ўлады ў краіне, калі адна асоба мацнейшая за цэлы парлямэнт.

(Арэшка: ) "Гэта наяўнасьць у нашым заканадаўстве такіх падзаконных актаў, як указ прэзыдэнта аб шэсьцях і дэманстрацыях. Гэты ўказ штурхае дзяржаву да тэрарыстычных дзеяньняў у стасунку да грамадзтва. Калі яшчэ шукаць, мы можам знайсьці яўныя прыкметы тэрарызму ў стасунку да сродкаў масавай інфармацыі".

Паводле праваабаронцы Барыса Звозкава, сёньня ў Беларусі фактычна немагчыма стала рэалізаваць права на аб'яднаньні — цягам апошняга месяца ніводная грамадзкая арганізацыя не была зарэгістраваная. Ягоны калега Якаў Басін зьвярнуў увагу на праблемы рэлігійных і нацыянальных меншасьцяў, у тым ліку беларускіх габрэяў.

(Басін: ) "Галакосту як гістарычнай і сацыяльнай зьяве адмоўлена ў існаваньні на тэрыторыі нашай краіны. Гэткую выснову мы зрабілі пасьля таго, як зьвярнуліся да ўладаў з прапановай адзначаць на дзяржаўным узроўні Дзень катастрофы габрэйскага народу, як ён адзначаецца ня толькі ў Ізраілі, але шмат дзе ў Эўропе, і атрымалі адмову. Нам было сказана, што габрэяў ня варта выключаць з агульнага лёсу беларусаў. Але тады атрымліваецца, беларускай дзяржаве памяць пра сотні тысяч беларускіх габрэяў непатрэбная?"

Праблемай асэнсаваньня ўрокаў масавых рэпрэсіяў асабліва заклапочаны гісторык Ігар Кузьняцоў. Ён адзначае, што ўладамі нічога ня робіцца дзеля дасьледаваньня прычынаў, якія спрыялі такой праяве дзяржаўнага тэрарызму, як палітычныя рэпрэсіі.

(Кузьняцоў: ) "Нашыя архівы, асабліва Камітэта дзяржаўнай бясьпекі —закрытыя. Мне могуць запярэчыць, што іх вывучэньне прывядзе да ўсплёску помсты тым, хто паклёпнічаў і спрыяў рэпрэсіям, але мы павінны зыходзіць з простай ісьціны. Без пакаяньня і вывучэньня гэтай зьявы няма гарантыі, што яна не паўторыцца".

Ігар Кузьняцоў згадаў, што яшчэ пры Гарбачове ўсе справы паводле сумна вядомага 58-га артыкулу былі прызнаныя сфальшаванымі і юрыдычна неправамоцнымі, таму іх варта было перадаць з архіву КГБ ў звычайныя архівы. Але ў Беларусі гэтага не адбылося, і ў выніку ад людзей дагэтуль хаваюць праўду пра лёсы іх рэпрэсаваных сваякоў. І пры гэтым спасылаюцца на закон.