КУРАПАТЫ: ВАЛАНЦЁРЫ НЕ ДАЗВАЛЯЮЦЬ ПРЫБІРАЦЬ АСЬВЕЧАНЫЯ КРЫЖЫ

Ганна Соусь, Менск

Сёньня я ішла ад аўтобуснага прыпынку да Курапатаў скрозь воблакі пылу — гэта наступствы земляных работаў, што вядуцца на кальцавой дарозе. Я заўважыла, што практычна ўсе форткі ў вокнах дамоў ля дарогі зачыненыя — толькі так можна засьцерагчыся ад пылу й бруду ад будаўніцтва.

На ўчастку ля Курапатаў будаўнікі ўвесь час сутыкаюцца з праблемамі — валанцёры не дазваляюць прыбіраць крыжы з насыпу, гэтаксама як і весьці іншыя земляныя работы ў лясным масіве. Гаворыць лідэр Беларускай Партыі Свабоды Сяржук Высоцкі:

(Высоцкі: ) "Крыжы нельга прыбіраць зь зямлі. Фактычна будаўнікі, а дакладней кажучы, ўлады, самі сябе паставілі ў тупік. Яны працягваюць насыпаць трасу зьверху. З другога боку, каб разраўняць, ім трэба зрушыць крыжы. Узьнікае пытаньне, як гэта зрабіць?"

Сяржук Высоцкі пакуль сам ня бачыць выйсьця з гэтай сытуацыі, але запэўнівае, што валанцёры не дазволяць кранаць крыжы.

Будаўнікі таксама ня ведаюць, што рабіць. Гаворыць геадэзіст Віктар зь менскага прадпрыемства "Маналіт":

(Віктар: ) "Нам кала не даюць тут забіць, ужо ня кажучы пра капаньне. Людзі ня могуць грошы зарабіць з-за таго, што ня можам тут капаць, тэхніку паставіць".

(Карэспандэнтка: ) "А якія працы Вам тут трэба рабіць?"

(Віктар: ) "Тут трэба выкапаць траншэю, потым заліць бятонам сьценку, потым усё будзе пліткай абкладвацца. Праектам усё ўжо прадугледжана. Падземны пераход робіцца менавіта для людзей. Што, на звычайных могілках трактар па сьмецьце не прыяжджае? А капаюць чым? Экскаватарам магілы капаюць. Прыкладам, на Паўднёвых могілках капаюць "Беларусам".

Але абаронцы Курапатаў не прымаюць ягоныя аргумэнты. Вось меркаваньне актывіста Васіля Парфянкова:

(Парфянкоў: ) "Крыжы асьвечаныя. Ніхто іх выкопваць не зьбіраецца. Натуральна, будзем вырашаць пытаньне з гэтай адсыпкай, з тым, што яны на гэты бок пясок сыплюць".

Валанцёры спадзяюцца, што ў суботу й нядзелю ў Курапаты прыйдзе больш людзей, і будаўнікам будзе складаней засыпаць крыжы пяском. Дарэчы, заўтра а дванаццатай гадзіне сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ зноў будуць ладзіць у Курапатах талаку.