МІКОЛА ГІЛЕП: “ПАКУЛЬ СПРАВА РЭСТАЎРАЦЫІ ЗРУШЫЦЦА ЗЬ МЕСЦА, МЫ МОЖАМ НЯ ЎБАЧЫЦЬ ПАЛОВЫ ТАГО, ШТО НАМ ЗАСТАЛОСЯ”

Ганна Соусь, Менск

Сёлета да Міжнароднага дня помнікаў і памятных мясьцінаў, які ў сьвеце адзначаюць 18 красавіка, у Беларусі маюць намер прыбраць тэрыторыю гістарычнае сядзібы на Волме, замчышча Сокал у Расонскім раёне, кляштара бернандзінак у Берасьці, менскага музэя валуноў, Косаўскага палацу й сядзібы Агінскага ў Залесьсі. Але асаблівае значэньне надаецца добраўпарадкаваньньню могілак. Пра гэта паведаміў старшыня ініцыятыўнай групы ў справе стварэньня Беларускага камітэту Міжнароднай Рады Помнікаў і Памятных Мясьцінаў ІКАМОС Мікола Гілеп.

Цягам красавіка будуць прыбраныя Кальварыйскія могілкі, Старасямёнаўскія могілкі ў Віцебску й Лошыцкі парк. Пра сытуацыю з Кальварыйскімі могілкамі гаворыць прадстаўнік грамадзскага камітэту "Кальварыя" Ігар Крэбс.

(Крэбс: ) "Стан помнікаў проста ніякі — пабітыя помнікі, вывярнутыя камяні, іржавыя агароджы, сапрэлае лісьце. Помнік сыходзіць пакрысе пад зямлю. Дзяржаўныя й недзяржаўныя арганізацыі рыхтуюць нейкія праекты рэстаўрацыі. Але ўсё гэтае патрабуе вялікіх грошай — дзясяткаў, а можа, і соцень тысяч даляраў. Пакуль справа рэстаўрацыі зрушыцца зь месца, то мы можам ня ўбачыць паловы таго, што нам засталося. Прыбраць 14 гектараў, як гэта было мінулым годам, калі прыходзіла 30-40 чалавек, гэта немагчыма. Прыборкі рабіліся толькі ў цэнтральнай частцы могілак. Працы вельмі шмат".

Прадстаўнік грамадзскага камітэту "Кальварыя" Ігар Крэбс заклікае добраахвотнікаў прыходзіць на Кальварыйскія могілкі 27 красавіка са сваім рыштункам.

Што да Лошыцы, то там талака будзе 20 красавіка. Працягвае прэзыдэнт Моладзевага грамадзскага аб'яднаньня "Гісторыка" Ірына Кашталян.

(Кашталян: ) "Што датычыць Лошыцы, то летась там ужо былі прыборкі. Прынамсі й нашая арганізацыя ладзіла комплекснае мерапрыемства 12 жніўня, калі мы прыбіралі капліцу, зробленую ў эксклюзіўным для Беларусі стылі Віленскага барока. Пасьля рабілі экскурсію па комплексу, арганізаваную пасьля вечарыны, прысьвечанай памяці Ларысы Геніюш".

На пытаньне Радыё Свабода, чаму сярод могільнікаў, дзе цягам красавіка будзе ладзіцца прыборка, няма гісторыка-культурнай каштоўнасьці першай катэгорыі — Курапатаў, Ірына Кашталян адказала наступным чынам:

(Кашталян:) "Мы распаўсюджваем інфармацыю пра прыборкі ў Курапатах. Прынамсі, шэраг нашых людзей заўтра пойдуць у Курапаты на талаку. Наш аргкамітэт — гэта не закрытая ўстанова. Калі ініцыятыўная група ў справе захаваньня Курапатаў далучыцца на дас, яны будуць з радасьцю прынятыя. Мы будзем далучацца да іхных прыборак, але яны самі не інсьпіравалі ўнясеньне іхных прыборак у шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да 18 красавіка".