ПАХАВАНЬНІ АХВЯРАЎ СТАЛІНІЗМУ НА ВІЦЕБШЧЫНЕ: ГІСТОРЫЯ ШУМІЛІНСКІХ КУРАПАТАЎ

Браніслава Станкевіч, Віцебск

Жывыя дагэтуль сьведкі колішняй трагедыі ўзгадваюць сёньня, як у ліпені 1941 году паўзь іхную вёску рухалася вялікая калёна зьняволеных. Іх пераводзілі з Заходняй Беларусі далей на ўсход. Як потым стала вядома, большасьць вязьняў была пакараная за непадпарадкаваньне новай савецкай уладзе.

У Мікалаеве канваіры надумаліся прыпыніць калёну на адпачынак. Але нечакана наляцелі нямецкія самалёты… Напалоханыя людзі кінуліся ў розныя бакі, ды ахоўнікі загадалі ўсім палегчы проста на дарозе. Калі самалёты адляцелі за небасхіл, канваіры параіліся ды вырашылі расстраляць ацалелых вязьняў, каб ня йсьці далей з рызыкаю, што тыя могуць разьбегчыся пры наступным налёце. Трупы вырашылі запісаць на рахунак фашыстаў. І канваіры зноў загадалі ўсім легчы на дарозе ды пачалі расстрэльваць безабаронных людзей…

Тутэйшым жыхарам было загадана ноччу перавезьці ўсіх расстраляных у бліжэйшы сасоньнік. Адны капалі вялікую яміну, другія перавозілі нябожчыкаў на калёсах, па 10 чалавек на возе…

У 1942 годзе немцы зацікавіліся абставінамі расстрэлу людзей. Зноў-такі сіламі тутэйшага насельніцтва яны вырашылі зрабіць перазахаваньне. За прымусовы ўдзел у гэтым штодня давалі пачак цыгарэт ды бутэльку шнапсу.

У новую брацкую магілу перавезьлі парэшткі блізка 800 чалавек. Але клопат пра іх ня быў праяваю гуманнасьці – немцы шукалі на трупах каштоўнасьці, якія забіралі сабе…

Потым захопнікі адступілі, а месца пахаваньня й сёньня выглядае такім, якім яго пакінулі ў часе вайны. Пасьля вызваленьня ў Мікалаева былі прыяжджалі сваякі забітых, хто змог нешта даведацца пра апошні прытулак сваіх блізкіх, але большасьць пахаваных тут людзей дагэтуль застаюцца невядомымі.

Пры канцы 1980-х гадоў, калі пачыналася “галоснасьць”, пра шумілінскае пахаваньне зьявіліся два артыкулы ў беларускім друку – у раённай газэце “Герой працы” ды ў рэспубліканскім часопісе “Полымя”. Тады раённыя ўлады паабяцалі неяк ушанаваць памяць забітых, але хутка забыліся на свае абяцаньні.

Сёлета ў вёску Мікалаева наведаліся сябры Таварыства беларускае мовы з суседняга, Бешанковіцкага раёну. Яны запісалі ўспаміны відавочцаў трагедыі, а ўлетку вырашылі адправіць на гэтым месцы жалобную імшу ды ўсталяваць памятныя крыжы.