Сёньня ў Менску стаіць даволі цёплае сонечнае надвор'е. У курапацкім лесе сыйшоў апошні сьнег і высахла зямля. Зважаючы на гэта, актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ арганізавалі сёньня ва ўрочышчы талаку й добраўпарадкавалі тэрыторыю мэмарыялу. Напярэдадні актывісты КХП БНФ прывезьлі ў Курапаты 20 новых крыжоў. Гаворыць сакратар управы КХП БНФ Уладзімер Юхо:
(Юхо: ) "Сёньня сябры Кансэрватыўна-хрысціянскай партыі прыйшлі ў Курапаты, каб усталяваць яшчэ шмат крыжоў, і вось мы сёньня думаем паставіць іх на тых месцах, дзе ёсць магілы ахвяраў камуна-фашысцкага рэжыму. Гэта ў нас пачынаецца першая талака. Яна будзе праводзіцца рэгулярна, кожную суботу. Мы пачыналі гэту працу і будзем працягваць далей".
(Карэспандэнт: ) "Вось вы гаворыце, што зрабілі крыжы. Вы зрабілі сваім коштам ці можа Вам хто-небудзь дапамагаў?"
(Юхо:) "Так. Сябры КХП зьбіралі ахвяраваньні. Самі прыносілі і давалі хто там тысячу, хто дзьве на крыжы. І таму гэта крыжы ад людзей, якія ведаюць, шануюць гэта месца і хочуць дапамагчы, чым могуць".
Сябрам КХП БНФ актыўна дапамагалі добраахвотнікі з курапацкага лягеру. Сёньняшняя ноч у лягеры прайшла спакойна — у намёце знаходзілася 10 чалавек. Аднак раніцай у Курапатах зьявілася некалькі амонаўцаў і пачалі выстаўляць валанцёрам свае патрабаваньні. Гаворыць старшы ў лягеры Алесь Гетман:
(Гетман: ) "Прыйшлі два амапаўцы і пачалі папярэджваць нас аб тым, каб мы зьнялі бел-чырвона-белы сьцяг, які вісіць каля намёту. Мы, як заўсёды, адмовілі ім. Яны настойліва патрабавалі, але так жа настойліва ім было адмоўлена".
(Карэспандэнт: ) "Яны Вам не пагражалі, што будуць нейкія рэпрэсіі?"
(Гетман: ) "Ну, пагражаць яны не пагражалі, але мы бачылі, што па радыёстанцыі яны выклікалі сваю базу. Зараз Вы бачыце, што зьбіраецца шмат людзей, а для іх гэта заўсёды было жахліва".
Сёньня ў Курапаты таксама прыехалі некалькі лесьнікоў зь менскага лясьніцтва, каб дапамагчы валанцёрам у нарыхтоўцы дроваў. Лесьнікі пілавалі сухія дрэвы й канём везьлі іх у лягер. Лясьнік Алесь Трафімаў тлумачыць, чаму ён у выходны дзень бясплатна дапамагае валанцёрам:
(Трафімаў: ) "Я такі ж беларус, як і ўсе. Я лясьнік. Атрымалася так, што мне далі тут участак. Я кірую тут тры гады. Хлопцаў я ня крыўджу".
(Карэспандэнт: ) "Вы, як я разумею, выразаеце нейкі сухастой? Так?"
(Трафімаў: ) "Сухастой і толькі сухастой, бо мне сырое нельга".
(Карэспандэнт: ) "Скажыце, як Вы ўвогуле ставіцеся да таго, што тут маладыя людзі, дзяўчаты вось ужо палову году жывуць у гэтым намёце і абараняюць урочышча?"
(Трафімаў: ) "Я вітаю гэта. Я сам беларус".
Валанцёры вельмі ўдзячныя лесьнікам за дапамогу, бо апошнім часам у лягеры ўжо амаль не было дроваў.