АБАРОНЦЫ КУРАПАТАЎ ПААБЯЦАЛІ ЗЯНОНУ ПАЗЬНЯКУ, ШТО НЕ ДАЗВОЛЯЦЬ У КУРАПАТАХ НІЧОГА БУДАВАЦЬ

Ганна Соусь, Менск

Раніцай у Курапатах я засьпела дзевяцігадовага Аляксея. Перад заняткамі ў школе (а ён вучыцца ў другую зьмену) хлопчык наведаў лягер валанцёраў. Аляксей жыве непадалёк і часта наведвае ўрочышча.

(Карэспандэнтка: ) "А што ты ведаеш пра гэтае месца?"

(Аляксей: ) "Што тут загінулі нашыя продкі".

(Карэспандэнтка: ) "А хто табе распавёў пра Курапаты?"

(Аляксей: ) "Мае бацькі".

(Карэспандэнтка: ) "А як ты ставісься да таго, што тут ідзе вахта памяці?"

(Аляксей: ) "Трэба памінаць нашых продкаў... Я дапамагаў тут — крыжы рабіў, ваду насіў..."

Аляксей пытаецца ў абаронцаў Курапатаў, хто зь іх пойдзе на сёньняшнюю акцыю з нагоды Дня Канстытуцыі, бо сам ён вельмі хоча ўзяць у ёй удзел. Але валанцёры вырашылі заставацца ў лягеры. Гаворыць Алесь Гетман:

(Гетман: ) "У Беларусі Канстытуцыя ніколі не выконвалася. Калі ў судзе пачынаеш размаўляць па-беларуску, табе прапануюць перайсьці на расейскую мову, тады як у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь запісана, што ў нас дзьве дзяржаўныя мовы. Які можа быць Дзень Канстытуцыі, калі гэтая Канстытуцыя не выконваецца?"

Валанцёры падтрымалі прапанову археолягаў Інстытуту гісторыі распачаць дасьледаваньне іншых месцаў масавых расстрэлаў і пахаваньняў. Актывіст Дзяніс упэўнены, што моладзь магла б пэўным чынам дапамагчы навукоўцам, прыкладам, у захаваньні месцаў раскопак.

(Дзяніс: ) "Трэба давесьці да людзей, што такіх месцаў было шмат, што не з усёй Беларусі людзей везьлі ў Курапаты. Я заклікаю моладзь усёй Беларусі бараніць такія месцы, бо, як мне падаецца, яны ўсё ж будуць нішчыцца, калі паспрабуюць раскрыць злачынства, што адбывалася за сталінскім рэжымам. І такія спробы былі, у той жа самай Лошыцы. Я знаёмы з чалавекам, які жыве ў Лошыцы. І ён мне шмат распавядаў, як спрабавалі ўвогуле зьнесьці Лошыцу, пабудаваць там дамы. Сьляды замятаюць як могуць..."

Надоечы Дзяніса выключылі з унівэрсытэту за ўдзел у апазыцыйных акцыях. Цяпер Дзяніс часова працуе на рынку й вучыцца на курсах газазваршчыкаў. Некалькі дзён таму ён зрабіў адмысловую мэталічную ручку на дзьверцы буржуйкі з адмысловым надпісам — БПС.

Абаронцы Курапатаў паказалі мне ліст ад Зянона Пазьняка, які атрымалі некалькі дзён таму. Часткова ягоны зьмест ужо гучаў у эфіры нашага радыё. Алесь Гетман ад імя валанцёраў выказаў падзяку Зянону Пазьняку за падтрымку.

(Гетман: ) "Зянон Пазьняк — першаадкрывальнік Курапатаў, мы працягваем варту, якую ён распачаў. Зянон Пазьняк просіць, каб мы не дазвалялі тут нічога будаваць. Мы яму гэтае абяцаем — нічога не дамо будаваць, ніякіх "падковаў" тут ня будзе".