АБАРОНЦЫ КУРАПАТАЎ НЕ ПАГАДЖАЮЦЦА З КАНЦЭПЦЫЯЙ БЕЛАРУСКАГА КАМІТЭТУ МІРУ

Ганна Соусь, Менск

Шпаркімі тэмпамі ідзе будаўніцтва кальцавой дарогі. Працуюць самазвалы, будаўнікі робяць гідраізаляцыю падземнага пераходу. Падыходзячы да ўрочышча, я сустрэла Алеся Гетмана — ён ішоў на суд над абаронцам Курапатаў Уладзімерам Плотнікавым.

(Гетман: ) "Суд ідзе яшчэ за падзеі 8 і 9 лістапада. І мяне запрасілі ў якасьці сьведкі. Там ідзе ня суд, а “судзілішча”, наколькі я ведаю. Як і паўсюль у Беларусі".

Учора валанцёраў наведалі журналісты з рэгіянальных газэтаў — "Берасьцейскага кур'еру" й "Магілёўскага тыднёвіка". Разам з карэспандэнтамі гэтых выданьняў частка актывістаў узяла ўдзел у грамадзкіх слуханьнях наконт канцэпцыі мэмарыялізацыі Курапатаў, якія наладзіла ўчора Беларуская Асацыяцыя Журналістаў.

Сёньня ў лягеры адбыўся своеасаблівы працяг учорашняй дыскусіі. Валанцёр Глеб Вязоўскі не падзяляе ідэю Беларускага камітэту міру пабудаваць у Курапатах мэмарыял у выглядзе падковы:

(Вязоўскі: ) "Яна разьлічаная на вялікую колькасьць людзей. Дзе яны яе тут паставяць? Давядзецца палову лесу высекчы, а мы гэтага проста не дамо зрабіць. Як яны казалі — гэта сымбаль удачы й пакаяньня. Але ж якое пакаяньне павінны мы тут несьці, альбо тыя, каго расстрэльвалі?

Падкову мы ім не дазволім будаваць. Мне падаецца, што старшыня Беларускага камітэту міру спадар Кірычэнка ўвогуле ня быў у Курапатах і не ўяўляе, што тут й як — дзе тут пагорак знаходзіцца, колькі тут месца... Тут падкова проста ня зьмесьціцца".

Зь ім згодныя й іншыя актывісты — Васіль Парфянкоў і Антось Шкурынскі. Апошні, дарэчы, ужо ачуняў пасьля хваробы й пачуваецца цяпер значна лепш.

Мінулую ноч у лягеры правёў Сяржук Высоцкі. Ён таксама вельмі крытычна паставіўся да прапановы стварыць у Курапатах "Мэмарыял пралітай крыві".

(Высоцкі: ) "Абаронцы Курапатаў павінны сказаць вельмі важныя словы наконт мэмарыялізацыі Курапатаў. Узьнікла пагроза таго, чаго мы найбольш апасаліся — што ўсё будзе проста загаворанае. Чаму беларусы павінны каяцца за расейскі камуна-фашызм, які зьнішчаў беларускі народ?

Калі пачынаецца гаворка пра пакаяньне, прымірэньне й згоду, якая ў выніку разбурае самую сутнасьць галоўнай думкі, то мы гэтага не прымаем і будзем супрацьстаяць, як супрацьстаялі гэтаму вандалізму. Гэта той жа самы вандалізм, толькі палітычны”.

Абаронцы Курапатаў вырашылі заставацца ва ўрочышчы й пасьля таго, як будзе пабудаваная дарога, каб сачыць за тым, як будзе адбывацца мэмарыялізацыя нацыянальнага нэкропалю.