З НАДЫХОДАМ ВЯСНЫ ВАЛАНЦЁРАЎ У КУРАПАЦКІМ ЛЯГЕРЫ СТАЛА БОЛЬШ

Альгерд Невяроўскі, Менск

Курапацкая варта моладзі працягваецца. Над лягерам па-ранейшаму лунае бел-чырвона-белы сьцяг. Сёньняшняй ноччу там знаходзіліся 9 валанцёраў. Раніцай многія зь іх разьехаліся па сваіх справах, а ў лягер прыйшлі тры актывісты Маладога Фронту, якія нарыхтоўвалі дровы. Гаворыць актывіст Маладога фронту Алег Корбан:

(Корбан: ) "Сёньня мы з Маладога Фронту дапамагаем у дзяжурстве й абароне Курапатаў. Шчэпкі тут нарыхтоўваем і пілуем дровы".

(Карэспандэнт: ) "А акрамя нарыхтоўкі дроваў чым яшчэ зьбіраецеся займацца?"

(Корбан: ) "Сёньня сустракаем Васю, які таксама тут часта дзяжурыць. Яго выпускаюць з турмы, й мы яго сустрэнем".

18-гадовы Васіль Парфянкоў — асоба ў курапацкім лягеры вядомая й паважаная. Ён абараняе Курапаты амаль зь першых дзён. За ўдзел у моладзевай акцыі "Беларусь — у Эўропу!" 14 лютага суд пакараў Васіля 10 суткамі арышта. Сёньня якраз ён выйшаў на волю. І таму многія абаронцы Курапатаў паехалі да спэцпрыёмніка сустракаць спадара Парфянкова.

Валанцёры Антон Шкурынскі й Алег Енчык гавораць, што цяпер жыхарам лягеру стала лягчэй, бо ёсьць харчы й дровы, а таксама фактычна скончылася эпідэмія грыпу.

Сёньня ў лягер прыйшоў і адзін зь лідэраў грамадзкай ініцыятывы "Моладзь у абарону Курапатаў" Сяргей Высоцкі:

(Высоцкі: ) "Ужо дакладна пераадолены той крызыс, пра які казалі. Псыхалягічны, эмацыйны. Людзям было ня так проста вытрымаць тут столькі часу й пайшла пэўная страта цікавасьці ў СМІ, асабліва пасьля таго дня, калі ставіўся амэрыканскі знак. Зараз пачаўся рост увагі да гэтай праблемы й натуральна, што больш людзей сюды прыходзіць, больш людзей начуе. Курапацкая варта, чын працягваецца, і я б сказаў, што ён зараз знаходзіцца на моцнай хвалі".

(Карэспандэнт: ) "А, што, на вашую думку, надало другое дыханьне гэтаму чыну ў абарону Курапатаў?"

(Высоцкі: ) "Перамога — і гэта ўжо стала зразумела самім курапацкім абаронцам. Прыйшла вясна, а вясна — гэта наш беларускі час. Вясной мы абвяшчалі незалежнасьць, я маю на ўвазе ўгодкі БНР. Вясной адбывалася вельмі шмат падзеяў, важных для краіны. І гэта адчуваецца — аўра пераможцаў вітае над абаронцамі Курапатаў і гэтага нельга не заўважыць. Але ўсе гэтыя перамогі адбываліся выключна дзякуючы волі, фанатызму, сіле духоўнага парадку".