ПЛЯНУЕЦЦА АБВЕСЬЦІЦЬ МІЖНАРОДНЫ КОНКУРС НА ПРАЕКТ МЭМАРЫЯЛУ Ў КУРАПАТАХ

Ганна Соусь, Менск

Курапаты ёсьць месцам згубы ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, нацыянальным нэкропалем, абагульненым вобразам усіх ахвярных могілак у Беларусі. З канца 1980-х гадоў і па сёньняшні дзень ва ўрочышчы адбываецца стыхійная мэмарыялізацыя. З гэтага сыходзілі аўтары праекту канцэпцыі мэмарыялу ў Курапатах. Вось яе асноўныя тэзы:

Дзяржава павінна забясьпечыць ахоўны статус урочышча як гісторыка-культурнай каштоўнасьці першай катэгорыі. Паводле беларускіх традыцыяў ушанаваньня й аздабленьня могільнікаў, па ўсім пэрымэтры ахоўнай зоны належыць устанавіць агароджу, а таксама ўзьвесьці ўваходную браму. Устаноўлены ў 1989 годзе Крыж пакуты павінен застацца дамінантай будучага мэмарыялу.

Аўтары канцэпцыі лічаць мэтазгодным узьвесьці на месцы закладнога каменя помнік ці кампазыцыю, адпаведную й сумаштабную тэрыторыі магільнікаў. Храмы розных канфэсіяў і Музэй ахвяраў таталітарызму трэба вынесьці за межы ахоўнай зоны, каб выключыць любую магчымасьць земляных работаў у Курапатах.

Мастак Аляксей Марачкін акцэнтуе ўвагу на некаторых прынцыповых момантах канцэпцыі, якія адрозьніваюць яе, прыкладам, ад канцэпцыі Беларускага Камітэту міру.

(Марачкін: ) “У паралельных прапановах акцэнтуецца, што Курапаты — гэта знак прымірэньня. У чым мы ня згодныя? Таму што не зразумела, каго й з кім будзе прымірэньне. Курапаты — гэта знак пакаяньня, гэта знак ахвяраў палітычных рэпрэсіяў”.

Што да фінансаваньня будучага мэмарыялу, то паводле культуроляга Вацлава Арэшкі, яно можа адбывацца наступным чынам:

(Арэшка: ) “Разьлічваць на істотную дапамогу дзяржавы не прыходзіцца. Тым больш, мне здаецца, што пры цяперашняй уладзе, гэта будзе нават цынічна, калі яна сама будзе ставіць там помнік. Хутчэй за ўсё асноўнай крыніцай фінансаваньня можа стаць усенародны збор сродкаў”.

Ці скаардынавалі свае дзеяньні актывісты грамадзянскіх ініцыятываў з будаўнікамі, што займаюцца цяпер пашырэньнем кальцавой дарогі ля Курапатаў? На гэтае пытаньне Радыё Свабода адказвае старшыня Мартыралёгу Беларусі Мая Кляшторная.

(Кляшторная: ) “Мы абмежавалі іх тэрыторыю. Яны абавязаныя працаваць у межах той тэрыторыі, якая непасрэдна патрэбна ім для будоўлі. Ёсьць ужо прапановы добраўпарадкаваньня (на жаль, толькі на выхадзе з падземнага пераходу). Яны дапамогуць і ў тым, каб паставіць знакі, засталбіць тэрыторыю ў Курапатах”.

Працягвае мастак Аляксей Марачкін:

(Марачкін: ) “Пасьля таго, як улады праклалі дарогу, яны не прыпыняцца й пачнуць нешта будаваць. І тады гэтая канцэпцыя, якая прайшла апрабаваньне, абмеркаваньне, будзе тым тормазам ці кантролем таго, што будзе рабіцца нават уладай”.

Актывісты грамадзкіх ініцыятываў “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” й “Моладзь у абарону Курапатаў” прапануюць усім жыхарам Беларусі ўзяць удзел у грамадзкім абмеркаваньні праекту. Актывісты ініцыятывы зьбіраюцца правесьці адмысловыя сходы дзеля абмеркаваньні канцэпцыі ў іншых месцах згубы ахвяраў палітычных рэпрэсіяў у Беларусі, а іх вядома каля 70. Праз два месяцы пасьля ўнясеньня адмысловых зьменаў і прапановаў плянуецца абвесьціць міжнародны конкурс на праект Мэмарыялу ахвярам масавых палітычных рэпрэсіяў у Курапатах.