Гільзы знайшлі ўчора ўвечары. Распавядае Аляксей Капэлян:
(Капэлян: ) “Я ўжо вярнуўся да намёта, падыходжу да вогнішча, а будаўнікі мне: “Лёха, хадзі сюды”. Падыходжу. Мужык падымаецца з адхілу, з катлавану й кажа: “Глядзі”. На кавалку цыраты — гільзы. Мы высыпалі іх на пясок, пачалі глядзець. Спрабавалі ачысьціць, паглядзець якога яны году. Яны ў такім стане, разваленыя... Вядома, што ня тыдзень, ня два таму іх закапалі. Яны знаходзіліся бліжэй да нашага боку. Будаўнікі адразу спынілі працу. Пытаюцца, што ім рабіць?”
Сёньня будаўнікі працавалі на іншым участку дарогі. Каб аднавіць работы ля Курапатаў, ім цяпер неабходна атрымаць заключэньне археолягаў пра паходжаньне гэтых гільзаў.
Я ў намёце абаронцаў Курапатаў. На зямлі на цыраце ляжаць некалькі соцень гільзаў. Аляксей Капэлян разглядае іх.
(Капэлян: ) “Гэта ад карабіну нашага... Вось яшчэ адная крупнага калібру... Ёсьць зусім маленькая... Яны цалкам заржавелі...”
Сёньня ў Курапаты прыехаў старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук археоляг Алег Іоў. Паводле яго, яшчэ нельга дакладна вызначыць паходжаньне гэтых гільзаў, але некаторыя папярэднія высновы зрабіць магчыма.
(Іоў: ) “Тут знойдзеныя сотні дзьве гільзаў савецкай вытворчасьці. Тыя, што мы пасьпелі паглядзець — гэта 1938 і 1949 гадоў. Я не магу сказаць, што гэта за гільза 1949 году, яна буйнакалібравая. Але тут ёсьць наганныя гільзы й гільзы ад вінтоўкі. Гэта папярэднія меркаваньні. Трэба адабраць гільзы розных калібраў ад рознай зброі, добра іх пачысьціць, тады можна будзе сказаць больш канкрэтна”.
(Карэспандэнтка: ) “Вы бачылі гільзы на пагорку, у ямінах. Ці падобныя яны на гэтыя?”
(Іоў: ) “Канечне. Там большасьць гільзаў наганныя, бо большасьць расстрэлаў праводзіліся з наганаў. А тут большасьць вінтовачных гільзаў... Ад першых курапацкіх пахаваньняў тут мэтраў 150, таму мне цяжка зараз сказаць, ці маюць яны дачыненьне да Курапатаў, ці проста можа бой нейкі быў. Але ж пра бой тут не было чутна да гэтага часу”.
(Карэспандэнтка: ) “Ці можа гэтая знаходка нейкім чынам паўплываць на тое, каб прыпыніць будаўнічыя работы ля Курапатаў?”
(Іоў: ) “Вядома, калі б былі знойдзеныя пахаваньні, будаўнічыя работы спынілі б і вырашалі, што рабіць далей. Пакуль, акрамя гільзаў, нічога няма. І ня думаю, што тут будуць пахаваньні. Бо разумееце, тут нізіна, у ёй не хавалі. Калі толькі выкапаць тут трохмэтровую яму, як у Курапатах, яна б адразу была б напалову ў вадзе”.
Алег Іоў заўважыў сярод гільзаў і тыя, што датаваныя 1960 годам. Спадар Іоў пакуль ня можа патлумачыць, чаму разам апынуліся гільзы 1938, 1941, 1949 і 1960 гадоў вытворчасьці. Адна з вэрсіяў — частка гільзаў магла быць сюды завезеная разам зь пяском, калі будавалася Менская кальцавая дарога. Але больш дакладнае заключэньне аб паходжаньні гэтых гільзаў Алег Іоў абяцаў зрабіць празь некалькі дзён, калі дэталёва дасьледуе знаходкі.