АБАРОНЦЫ КУРАПАТАЎ ЗЬВЯРТАЮЦЦА ПА ДАПАМОГУ ДА ГРАМАДЗКІХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ

Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня будаўнічыя работы па пашырэньні менскай кальцавой дарогі былі адноўленыя ў раёне Курапатаў а палове дзявятай раніцы. Больш дзясятка самазвалаў, бульдозэраў і экскаватараў пад аховай амонаўцаў павялічвалі насып дарогі. Побач, у вайсковым намёце й каля вогнішча знаходзіліся 12 валанцёраў зь Беларускай партыі свабоды, руху Зубар, Маладога фронту й арганізацыі Маладых сацыял-дэмакратаў, якія ўсю сёньняшнюю марозную ноч правялі ў Курапатах.

Пра тое, як прайшла сёньняшняя ноч у Курапатах распавядае старшы лягеру валанцёраў Алесь Гетман, які ўчора прыехаў ва ўрочышча з суду, дзе быў аштрафаваны на 10 мінімальных заробкаў за абарону мэмарыялу 9 лістапада:

(Гетман: ) "Нялічачы, што тут вельмі халодна, так нармальна, спакойна. З боку АМОНу й будаўнікоў ніякіх заўвагаў не было. Адзінае дрэнна, што пачалі людзі хварэць і народ, я так бачу, пачынае трохі сьціхаць. Курапацкі сіндром супрацьстаяньня народу й уладаў сьціхае. Усё роўна будзем тут сядзець пакуль ня будзе вырашаная курапацкая праблема. Бо калі мы адсюль сыйдзем, тут невядома, што будзе рабіцца".

Алесь Гетман гаворыць, што ён і ягоныя сябры сыйдуць з Курапатаў толькі пасьля таго, як будаўнікі спыняць там свае работы, а валанцёры зьдзейсьняць сваю задуму й створаць ва ўрочышчы народны мэмарыял. Днямі, моладзевы аргкамітэт "За Курапаты" абвесьціў конкурс на стварэньне ва ўрочышчы помніка ахвярам бальшавіцкіх рэпрэсыяў. Да канца гэтага году, валанцёры зьбіраюцца ўсталяваць у Курапатах праваслаўную й каталіцкую каплічкі, а таксама памятны знак у гонар закатаваных там габрэяў. Алесь Гетман зьвярнуўся сёньня да арганізацыяў, установаў і людзей чым магчыма дапамагчы абаронцам Курапатаў:

(Гетман: ) "Мы зьвяртаемся да арганізацыяў, да Чырвонага крыжа з просьбай дапамагчы цёплымі рэчамі. Таму, што людзі прыходзяць ва ўсім чыстым, і гэта ўсё брудзіцца. Я ведаю, што многія могуць дапамагчы – можа коўдры ці нейкія спальнікі, гэта нам не зашкодзіць. Бо становіцца ўжо вельмі халодна".

Сёньня ж у Курапатах адбыўся малебен за душы загінуўшых там людзей, а таксама за здароўе абаронцаў мэмарыялу, які адправіў сьвятар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы айцец Леанід Акаловіч. У набажэнстве ўдзельнічала каля 20 чалавек.

Пасьля сябры Кансэватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ і валанцёры ўсталявалі ва ўрочышчы 4 крыжы, паваленыя бульдозэрамі некалькі дзён таму. Міліцыянты абаронцам Курапатаў не перашкаджалі. Аднак, калі ва ўрочышчы зьявілася здымачная група расейскага тэлеканалу ОРТ пад кіраўніцтвам Паўла Шарамета, у Курапаты прыехалі тры дадатковыя міліцэйскія машыны. Цягам сёньняшняга й заўтрашняга дня група Паўла Шарамета будзе здымаць у Курапатах сюжэты для дакумэнтальнага фільму пра распад СССР і жыцьцё ўцяперашняй Беларусі.