Праблемы жытла ў Беларусі і суседніх краінах.

Сяргей Навумчык, Прага

(Навумчык: ) “Пасьля ежы ды вопраткі жыльлё – найбольшая жыцьцёвая неабходнасьць. І адразу хацеў бы сказаць, што нідзе, ні ў якой краіне сьвету, жыльлё не бывае танным.

Выключэньне, магчыма, уяўляюць плямёны Палінэзіі ці Паўднёвай Афрыкі, дзе клімат і традыцыі вырашылі праблему як з жыльлём, гэтак і з адзеньнем. Аднак мы гаворым пра Эўропу, а ў цывілізаваных месцах жыльлё дарагое. І з гэтага правіла няма выключэньняў. Розьніца толькі ў тым – у якой ступені жыльлё даступнае.

Пра жыльлёвую сытуацыю ў Беларусі. Ля мікрафону Ганна Соўсь.

(Соўсь: ) “Уласная кватэра, як у савецкія часы, так і цяпер, зьяўляляецца для шараговага беларуса найвялікшай каштоўнасьцю. Малады чалавек з уласнай кватэрай адразу ж становіцца годным кавалерам, жанчына сярэдняга ўзросту з кватэрай адразу мае болей шанцаў адшукаць мужа-прымака. Пэнсіянэры, якія маюць вялікую кватэру, могуць прадаць яе з прыбыткам і забясьпечыць сябе больш-менш сытую старасьць. Але ж з-за той жа кватэры яны могуць стаць ахвярамі махляроў ды злачынцаў.

Цікава адсачыць эвалюцыю коштаў на кватэры. На мяжы васьмідзесятых і дзевяностых па ўсясьветных крытэрыях кватэры ў Беларусі былі вельмі танныя – усяго за 2-3 тысячы даляраў можна было набыць прыстойную кватэру ў цэнтры Менску. У сярэдзіне дзевяностых сытуацыя зьмянілася – кошты кватэраў значна падвысіліся. За добрую кватэру ў цэнтры можна было заплаціць да 100 тысячаў даляраў. Цяпер кошты на кватэры ў Менску зьнізіліся – людзі зьбяднелі, бізнэсоўцаў паменела. Напрыклад, трохпакаёвую кватэру ў панэльным доме на ўскрайку цяпер можна набыць за 12-15 тысячаў даляраў, у цэнтры – за 20-25 тысячаў. У сярэднім кошт аднаго квадратнага мэтру складае ад 250 даляраў, а ў элітных пабудовах – 400-500 даляраў.

Апошнім часам назіраецца цікавая тэндэнцыя – паступова ў цэнтар перабіраюцца жыць заможныя людзі, людзі з меншым прыбыткам селяцца ў спальных раёнах на ўскрайку.

З савецкіх часоў у Беларусі захавалася чарга на кватэры. Цяпер, паводле міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, у ёй стаяць 700 тысячаў беларускія сем’яў. Але чакаць паляпшэньня сваіх жыльёвых умоваў большасьці зь іх давядзецца яшчэ вельмі доўга. Калі летась на дзяржаўныя сродкі было пабудавана 1,2 мільёны квадратных мэтраў жыльля, то сёлета плянуецца толькі 700 тысячаў.

Каб не марнаваць час у доўгім чаканьні бясплатнай кватэры ад дзяржавы, варта ўступіць у будаўнічы каапэратыў, што і робяць многія беларусы. Апошнім часам жыльля ў Беларусі будуецца даволі многа, але 90 адсоткаў будаўніцтва – на камэрцыйнай аснове. Існуюць маладзёвыя крэдыты на будаўніцтва жыльля, але ўзяць іх даволі складана – патрэбная пэўная пратэкцыя. Да таго ж апошнім часам Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва распрацавала праект, у адпаведнасьці зь якім плянуецца павялічыць мінімальны падаходны падатак з усіх працуючых з 9 да 13 адсоткаў, каб гэтую розьніцу накіроўваць на жыльлёвае будаўніцтва. Гэткім чынам дзяржава плянуе вырашыць жыльлёвую праблему за кошт усіх працуючых беларусаў.

Акрамя маладзёвых існуюць і звычайцныя крэдыты на будаўніцтва жыльля, але і іх атрымаць даволі складана. Няма ў Беларусі і ўсясьветнай практыкі, у адпаведнасьці зь якой сям’я часткова аплочвае кошт кватэры, засяляецца ў яе, а потым паступова выплочвае астатнюю суму. Калісьці гэткі прынцып дакляравала будаўнічая кампанія “Рацыянальны дом”, але ў яе не атрымалася рэалізаваць яго. Кампанія проста будавала дамы і прадавала кватэры.

Значная частка беларусаў, асабліва моладзь, аддаюць перавагу арэндзе кватэраў. Цяпер найбольшым попытам карыстаюцца аднапакаёвыя кватэры – штомесяц за іх трэба плаціць ад 30 да 60 даляраў. Найменшым попытам карыстаюцца трох і чатырохпакаёвыя кватэры. Паводле беларускага заканадаўства, гаспадары кватэраў абавязаныя плаціць немалыя падаткі за тое, што здаюць свае кватэры ў арэнду. Каб пазьбегчы залішніх выдаткаў многія здаюць кватэры без рэгістрацыі ды кантрактаў, таму часта ўзьнікаюць розныя канфлікты, якія потым немагчыма вырашыць у судовым парадку.

Што да якасьці беларускага жільля, то паводле дадзеных міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, цяпер каля 100 мільёнаў квадратных мэтраў жыльля тэрмінова патрабуюць капітальнага рамонту. Да таго ж 5 мільёнаў чалавек, а гэта палова насельніцтва Беларусі, ня здольныя ў поўным памеры плаціць за ўтрыманьне свайго жыльля”.

(Навумчык: ) “Падзеньне коштаў на жыльлё, пра якое ўзгадала Ганна Соўсь, тлумачыцца агульным зьбядненьнем. У Маскве, што да коштаў, назіраецца іншая тэндэнцыя, пра якую распавядае Віктар Дзятліковіч”.

(Дзятліковіч: ) “Апошні год кошты на жыльлё ў Маскве няспынна павялічваюцца. Спэцыялісты тлумачаць гэта павялічэньнем даходаў насельніцтва, а таксама спэцыфічнымі фактарамі. Напрыклад, гавораць пра тое, што пасьля крызысу 98-га году будаўніцтва дамоў на пэўны час спынілася, і цяпер адчуваецца недахоп новага жыльля. Акрамя таго, трэба ўлічваць што ў тутэйшай псыхалёгіі валоданьне кватэрай – гэта, як і раней, статусная рэч, прыкмета жыцьцёвага посьпеху. Таму на гэта грошы не шкадуюцца. Купляючы кватэру шмат хто з масквічоў робіць выбар на карысьць падмаскоўных гарадоў. Там зараз будуецца якаснае жыльлё, якое значна таньней чым у Маскве. Кошты на кватэры ў блёкавым ці цагляным доме ў бліжэйшым Падмаскоўі – каля 350 даляраў за квадратны мэтар. У спальных раёнах Масквы кошты павялічваюцца ўжо да 600 даляраў, і чым бліжэй да цэнтру, тым даражэй. Найвялікшыя кошты – у элітных дамох, якія маюць уласную ахову, гаражы, і нават рэстарацыі. Тут кошты могуць даходзіць да 3 тысячаў даляраў за мэтр. І што паказальна, попыт на такога кшталту кватэры нават перавышае прапанову. Праграмы крэдытаваньня жыльля дзейнічаюць ня вельмі эфэктыўна, бо трэба выканаць вельмі шмат умоваў. Перш за ўсё – пацьвердзіць вялікі легальны даход. Днямі мой знаёмы атрымаў такі крэдыт. Ён засьведчыў свой заробак – 700 даляраў у месяц і атрымаў крэдыт – 18 тысячаў даляраў на 10 год пад 10 адсоткаў гадавых. Цяпер кожны месяц ён будзе выплочваць 300 даляраў.

Аднак, статыстыка сьведчыць, што крэдытнымі праграмамі у Маскве штогод карыстаюцца усяго некалькі тысячаў чалавек. Людзі без вялікіх заробкаў чакаюць бясплатнага дзяржаўнага жытла. У 2000 годзе атрымалі бясплатныя кватэры каля 10 тысячаў сем’яў. Наколькі гэта мала для 10-мільённага гораду, можна уявіць. Камунальныя паслугі ў Маскве даволі танныя. За двухпакаёвую кватэру трэба плаціць блізу 10 даляраў, за трохпакаёвую – каля 20 даляраў на месяц”.

(Навумчык: ) “Да інфармацыі Віктара Дзятліковіча дадамо, што ўрад Масквы пачаў ствараць праграму каапэратыўнага будаўніцтва “Жыльлё ў растэрміноўку”, якая, аднак, паводле меркаваньня спэцыялістаў у сфэры нерухомасьці, шмат у чым нагадвае фінансавыя піраміды. У Расеі разумеюць, што будучыня – за іпатэчным крэдытаваньнем праз банкі, але, як мы пачулі, пакуль што толькі вельмі нязначная частка насельніцтва можа скарыстацца такой магчымасьцю. Прычына і ў тым, што банкі ў Расеі неахвотна даюць крэдыты на жыльлё – значна выгадней фінансаваць апэрацыі па набыцьці-перапродажы нафты, газу ці сыравіны, ад якіх можна атрымаць імгненны і вялікі прыбытак.

На Захадзе банкі, натуральна, гэтаксама больш зацікаўленыя ў бізнэсовых апэрацыях, але па-першае, ва ўсталяванай рынкавай сыстэме атрымаць шалёныя грошы праблематычна, а па-другое – крэдытаваньне нерухомасьці зьяўляецца самай надзейнай і масавай інвэстыцыяй. Выгодна і банкам, і шырокаму колу кліентаў. Канешне, такая сытуацыя ўласьцівая толькі тым краінам, дзе сфэра бізнэсу не абмяжоўваецца алігархамі ды нязначным колам прадпрымальнікаў, якія сілкуюцца блізкасьцю да чынавенства, а ёсьць заняткам шырокага колу грамадзства.

Пасьля таго, як у 1995 годзе ў Кіеве дзяржаўнае фінансааньне жыльлёвага будаўніцтва скацілася на самы нізкі за пасьлеваенныя гады ўзровень, грамадзяне не асабліва спадзяюцца на дапамогу дзяржавы. Тым ня менш, у апошнія два гады толькі пад так званыя маладзёвыя крэдыты было вылучана 2 мільёны грыўняў, што прыблізна паўмільёны даляраў. Праз пару гадоў гэты паказчык плянуецца давесьці да двух з паловай мільёны даляраў. Паводле такой праграмы, крэдыт выдаецца на 30 гадоў пад стаўку 3 адсоткі гадавых. Аднак атрымлівае такія крэдыты толькі сто чалавек на год, што зусім няшмат ў параўнаньні з сотнямі тысячаў, якія ня маюць уласных кватэраў. Ну, а каб набыць кватэру, трэба сыходзіць з коштаў 300-350 даляраў за квадратны мэтар.

А вось у Літве і ў Латвіі банкаўскае крэдытаваньне жыльля павялічваецца. Эканамічная сытуацыя робіцца ўсё больш стабільнай, і ўсё больш ахвотна даюць крэдыты як пад жыльлёвае будаўніцтва, гэтак – і пад набыцьцё ўжо гатовых кватэраў.

Валер Самусёнак жыве ў Літве доўгі час і прафэсійна займаецца нерухомасьцю. Нашую тэлефонную гутарку мы пачалі з вызначэньня эталёну – кошту квадратнага мэтру жыльля. На сувязі – Вільня, Валер Самусёнак.

(Самусёнак: ) “Зараз становішча яшчэ не сфармавалася, і пакуль існуюць нестандартныя кошты. Ва ўсіх раёнах – па-рознаму. У старым горадзе кошт за квадратны мэтар ад 500 даляраў, магчыма, крыху меней, – да 800 даляраў за квадратны мэтар. Залежыць ад таго, у якім стане жыльлё.

(Навумчык: ) “І колькі можа каштаваць, напрыклад, двухпакаёвая кватэра ў цэнтры Вільні?”

(Самусёнак: ) “Ну, двухпакаёўка, не зусім адрамантаваная, будзе каштаваць недзе 15-20 тысячаў даляраў”.

(Навумчык: ) “Спадар Валер, а скажыце, хто пераважна набывае такія кватэры, за 15-20 тысячаў даляраў? Для параўнаньня скажу, што двухпакаёўка ў цэнтры Менску каштуе даражэй…”

(Самусёнак: ) “Больш набывае моладзь. Тыя, хто эканамічна добра трымаецца, мае грошы, і яны набываюць жыльлё ў старым горадзе. Ды гэта і добрая інвэстыцыя – жёльлё ў такім раёне, бо ў кватэры большая ліквіднасьць”.

(Навумчык: ) “Калі Вы кажаце “ліквіднасьць, Вы маеце на ўвазе тое, што потым, пры патрэбе, кватэру гэтую можна прадаць?”

(Самусёнак: ) “Так”.

(Навумчык: ) “ А колькі, у сярэднім, каштуе пабудаваць дом? Напрыклад, дом з чатырох пакояў? І ці шмат ў Літве будуюць дамоў?".

(Самусёнак: ) “Так, будуюць, у тым ліку і ў Вільні. І ў новых раёнах, і ў старым горадзе. Тут такая цікавая тэндэнцыя… Год таму кошты на будаўніцтва, наогул на жыльлё, былі вельмі высокія… Крызыс 1998 году ў Расеі адбіўся на Літве, паколькі літоўскі бізнэс шмат у чым быў “завязаны” на Расею. Літоўцы пачалі згортваць бізнэс у Расеі, ліквідоўваць там рахункі, ну а грошы, што вызваліліся, укладалі ў нерухомасьць. Адбыўся вялікі скачок коштаў на жыльлё. І новага, і старога – любога жыльля. Зараз становішча іншае, кошты рэзка пайшлі долу, заўсёды можна нешта набыць таньнейшае…Ну, а дом з чатырох пакояў (гэта будзе прыблізна сто квадратных мэтраў), без унутранай аддзелкі, у новым раёне будзе каштаваць ад 350 да 450 даляраў за квадратны мэтар. А ў “старым горадзе” – ад 600 даляраў да 900 даляраў за квадратны мэтар”.

(Навумчык: ) “Зразумела. Значыць, дом будзе каштаваць недзе ад 45 да 60 тысячаў даляраў?”

(Самусёнак: ) “Так”.

(Навумчык: ) “А як з аплатай камунальных паслугаў?”

(Самусёнак: ) “Кошт за квадратны мэтар у Вільні – 3 літы 40 цэнтаў, а ў “старым горадзе” гэта можа быць болей. Гэта менш даляра за квадратны мэтр”.

(Навумчык: ) “Такім чынам, сям’я пэнсіянэраў, якая атрымлівае пэнсію, у сярэднім, па 100 даляраў на чалавека, яна, жывучы ў двухпакаёўцы, будзе даляраў 60 плаціць за камунальныя паслугі, а 140 даляраў ім застанецца на жыцьцё?”.

(Самусёнак: ) “Магчыма, і так, калі яны не карыстаюцца скідкамі, калі не працуюць”.

(Навумчык: ) “А існуюць і нейкія ільготы на камунальныя паслугі для пэнсіянэраў ды малазабясьпечаных?”

(Самусёнак: )”Так, існуюць”.

(Навумчык: ) “Паводле словаў Валерыя Самусёнка, кошты на жыльлё ў Літве ідуць долу. У Беларусі яны гэтаксама зьмяншаюцца. Але ў Літве сярэдні заробак расьце. Калі мы распачыналі наш цыкль, мы падалі памер сярэдняга заробку ў Літве як 220 даляраў, карыстаючыся дадзенымі на леташнюю восень . Дык вось, паводле апошніх дадзеных, ён цяпер – 270 даляраў у месяц. У Беларусі сярэдні заробак афіцыйна падаецца ў 60 даляраў, што, на нашую думку, ёсьць завышаная лічба.

Ну але пагодзімся з такім вызначэньнем, ды й падлічым суадносіны кошту квадратнага мэтру да сярэднемесячнага заробку. У самым цэнтры Вільні кошт квадратнага мэтру пачынаецца з 450 даляраў, што менш як два сярэднемесячныя заробкі . У Менску ён (не ў элітных, а ў звычайных забудовах), – ад 250-ці даляраў, што складае больш як шэсьць сярэднемесячных заробкаў – такая ж прапорцыя, дарэчы, ўласьцівая і для Масквы.

Такім чынам, у сталіцы Беларусі ці Расеі жыльлё набыць у тры разы даражэй, чым у сталіцы Літвы.

Але якім бы чынам чалавек не засяліўся ў кватэру, у даўняй традыцыі – зрабіць ўлазіны, запрасіць гасьцей, накрыць стол… А дарэчы, што будзуць піць за такім сталом Ёнас, Яніс, Янка, Ян, Іван ? Пра гэта – у нашай наступнай перадачы.