За час свайго існаваньня Інтэрнэт назапасіў немалы досьвед сьвяткаваньня Дня сьвятога Валянціна – гэтага мілага і вясёлага сьвята. Сецевыя крамы даюць зьніжкі на свае тавары, наладжваюцца розныя рэклямныя конкурсы і спаборніцтвы, асабліва актыўна прапаноўваецца дастаўка кветак – карацей, усё, як у рэальным жыцьці. Аднак, бадай, самая распаўсюджаная форма інтэрнэт-актыўнасьці 14 лютага – гэта, безумоўна, магчымасьць даслаць віртуальную паштоўку, Валянцінку. На асноўных сусьветных парталах размешчаныя сотні самых разнастайных паштовак на любыя тэмы. За апошні год значныя станоўчыя зьмены адбыліся з гэтым і ў Беларусім Інтэрнэце. На сайце http://cards.br.by дзень Сьвятога Валянціна можна адзначыць, даслаўшы сваім каханым любую зь дзясяткаў разьмешчаных там віртуальных паштовак. Цяпер зьявілася магчымасьць зрабіць гэта і па-беларуску. Цікава, што аўтары сайту прапаноўваюць да беларускамоўных паштовачак своеасаблівы дадатак – некалькі цудоўных вершаваных радкоў пра каханьне. Кожны сам можа выбраць паміж клясічным “Мне доўгае растаньне з вамі...” Максіма Багдановіча і вершамі Ўладзімера Караткевіча, Леаніда Пранчака, Соф’і Шах і Міколы Касьцюкевіча. Здаецца, гэта слушнае рашэньне – зрабіць наведнікам падобную падказку, улічваючы, што далёка ня кожны карыстальнік адразу можа ўзгадаць альбо знайсьці пад рукой беларускі лірычны верш.
Што да астатніх, так бы мовіць, рынкавых аспэктаў Валянцінавага дня, то тут беларускі Інтэрнэт пакуль яшчэ не дацягвае да ўсясьветных узораў. Прынамсі, якіх-небудзь значных зьніжак, істотных рэклямных акцыяў на сайтах, якія займаюць продажам і бізнэсам, я не заўважыў. Можна сказаць, што пакуль у Беларусім Інтэрнэце ў сьвяткаваньні сьвятога Валянціна паэзія перамагае камэрцыю.
* * *
Пяройдзем, аднак, ад каханьня да больш “цяжкіх” тэмаў, безь якіх нам не абыйсьціся. Наколькі мясцовыя выбары ў Беларусі ня бачныя на вуліцах беларускіх гарадоў, настолькі ж мала яны прыкметныя ў Інтэрнэце. Адзін зь нешматлікіх сайтаў, прысьвечаны ў значнай ступені мясцовым выбарам – гэта старонка дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў Наваполацка http://navapolack.org. На сайце, акрамя рэгіянальных навінаў і інфармацыі пра дзейнасьць дэмакратычных суполак, зьмешчаныя таксама своеасаблівыя перадвыбарчыя ўлёткі некаторых кандыдатаў у дэпутаты. Ці зьяўляецца Інтэрнэт рэальным чыньнікам у перадвыбарчай барацьбе ў кампаніі мяйсцовых выбараў? Ці ня ёсьць пакуль сусьветнае сеціва хіба што экзотыкай для беларускіх рэгіёнаў? Пра гэта мы гаворым з адным з ініцыятараў стварэньне сайту http://navapolack.org, кандыдатам у дэпутаты Віцебскага абласнога савету Дзьмітрыям Салаўёвым.
(Салаўёў: ) “Ідэя зрабіць рэгіянальны Інтэрнэт-рэсурс зьявілася яшчэ некалькі год таму. Але зараз нам удалося гэта ажыцьцявіць, бо мы валодаем магчымасьцямі – у першую чаргу, высокаякаснымі адмыслоўцамі, якія і зрабілі гэты сайт.
На маю думку, існаваньне сайту вельмі дапамагае ў палітычнай працы, бо найбольш актыўныя людзі ў грамадзтве карыстаюцца Інтэрнэтам. І калі яны бачаць сайт, прысьвечаны менавіта Наваполацку, яго праблемам, мясцовым навінам, то думаю, ім цікава будзе зайсьці на сайт і даведацца больш пра нас. Такім чынам, для нашага руху гэта будзе вялікі плён”.
(Цыганкоў: ) “Калі паразважаць пра Інтэрнэт у беларускіх рэгіёнах, наколькі ў Наваполацку, дзе даволі шмат моладзі, моцнае жаданьне маладых людзей ісьці ў Сеціва? Наколькі часта навапалачане карыстаюцца Інтэрнэтам?”
(Салаўёў: ) “У нас ёсьць Полацкі дзяржаўны ўнівэрсытэт, дзе навучаюцца каля 5 тысячаў студэнтаў. Яны маюць магчымасьці карыстацца Інтэрнэтам і ва ўнівэрсытэце, шмат хто зь іх ходзіць у Інтэрнэт-кафэ, шмат хто мае свае кампутары. Паводле нашых апытаньняў, палова студэнтаў хаця б раз у месяц заходзяць у Інтэрнэт. Хтосьці, канечне, захозіць часьцей, асбаліва тыя, хто можа рабіць гэта бясплатна”.
(Цыганкоў: ) “Наколькі наяўнасьць Інтэрнэт-рэсурсу, дзе можна знайсьці інфармацыю пра вас, дапамагае вам у канкрэтнай працы з выбаршчыкамі, якая ўжо пачалася? Ці часта вам даводзіцца гаварыць выбаршчыкам, што, вось, ёсьць такі Інтэрнэт-сайт, зайдзіце туды, пачытайце?”
(Салаўёў: ) “Пра тое, што ёсьць такі сайт, напісана ў мясцовай прэсе, таксама ў бюлетэнях дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў. Акрамя таго, інфармацыя пра сайт зьмешчаная ў маім перадвыбарчым інфармацыйным плякаце і ў маім буклеце, які я раздаю выбаршчыкам.
Напрыклад, гарадзкая “Новая газэта”, афіцыйна заснаваная полацкім гарвыканкамам, ніколі не друкуе апазыцыянэраў. А Інтэрнэт, я лічу, такі паказчык свабоды чалавека на атрыманьне інфармацыі”.
(Цыганкоў: ) “Выбары пройдуць, сайт застанецца. Ці зьбіраецеся вы яго пашыраць, можа, варта больш актыўна заняцца рэклямай, абменам банэрамі і гэтак далей?”
(Салаўёў: ) “Збольшага рэкляма ідзе зараз на рэгіён, для якога сайт і зроблены. Таму што гэта мясцовыя навіны, мясцовыя дэмакратычныя арганізацыі. Сайт зроблены толькі на пачатку лютага. Кожны дзень колькасьць наведнікаў павялічваецца. Акрамя таго, мы рэклямуем сайт з асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў. Мы зьбіраемся яго пашырыць, рыхтуюцца новыя рубрыкі – правы чалавека і беларуская музыка. Мы маем магчымасьць рабіць паддамэны, напэўна зьявяцца арганізацыі, якія будуць мець інтэрнэт-адрэсу пад нашым даменам navapolack.org”.
Дарэчы, неабходна дадаць істотны аспэкт да нашай размовы. Паводле беларускага заканадаўства, Інтэрнэт дасюль не разглядаецца як сродак масавай інфармацыі, так што кандыдаты маюць неабмежаванае права выкарыстоўваць Сеціва ў сваіх агітацыйных мэтах.
* * *
Ад Інтэрнэт-палітыкі да Інтэрнэт-бізнэса. Сайт www.webmoney.by ягоныя распрацоўшчыкі наўпрост называюць "Абменным пунктам Беларусі". Яны ўпэўненыя, што ўпершыню ў віртуальнай прасторы бесьперашкодна можна займацца ўсім спэктрам фінансавых апэрацыяў. Але як на гэткую дэмакратыю ў віртуальнай прасторы глядзяць фіскальныя органы, побач зь якімі фактычна бескантрольна праходзяць сумы ў дзясяткі тысячаў умоўных, але канвэртаваных адзінак? Распавядае Ігар Карней:
(Карней: ) “Калі на сайт www.webmoney.by выпадкова патрапіць дылетант у фінансавых справах, то, мажліва, адразу ж заблытаецца ў нагрувашчаньні фінансавых тэрміналёгіяў. Трэба, дарэчы, адразу адзначыць, што гэтак званы "беларускі абменны пункт" ня ёсьць прынцыпова новым адкрыцьцём прадпрымальных беларусаў, а базуецца на ўсясьветьнай практыцы грашовых разьлікаў праз інтэрнэт. Так бы мовіць, узяўшы на ўзбраеньне апошнія ноў-гаў, фінансысты пачалі выкарыстоўваць інтэрнэт ня толькі ў забаўляльных ці інфармацыйных мэтах. А з улікам колькасьці сталых наведвальнікаў беларускага вэб-падразьдзяленьня, можна зрабіць выснову: староньнікаў імгненных плацяжоў, замежных пераводаў ды экспрэс-канвэртацый ўсё больш. Адзін з распрацоўшчыкаў беларускага аналягу ўсясьветнай сыстэмы Андрэй Казанцаў лічыць, што сучасныя беларускія бізнэсоўцы нарэшце пачалі шанаваць час”.
(Казанцаў: ) "Увогуле на тэрыторыі СНД першапачаткова падобная сыстэма ўзьнікла ў Расеі. Мы актыўна падтрымалі гэтую ідэю ў Беларусі і на тое, што яна эфэктыўная, сьведчыць колькасьць нашых ужо сталых партнэраў. Папулярнасьць вялікая. Гэта, дарэчы, пры тым, што мы адмыслова не рэклямуемся і аб такім спэктры паслугаў ведаюць выключна тыя, хто займаецца фінансавымі справамі і каму гэта патрэбна".
(Карней: ) “Кліентамі сыстэмы найперш зьяўляюцца гандляры і пакупнікі тавараў і паслугаў. З аднаго боку — гэта вэб-крамы, зь іншага — карыстальнікі інтэрнэтам, якія ня маюць магчымасьці (альбо жаданьня) карыстацца альтэрнатыўнымі мэтадамі разьлікаў (прыкладам, крэдытнымі карткамі – з-за немалой рызыкі вяртаньня ўжо зробленых пляцяжоў). Але, бадай, асноўнае пытаньне высьветліць пакуль не ўдалося: як на дзейнасьць сыстэмы глядзяць фіскальныя органы? Калі на Захадзе без дадатковых папярэджаньняў суб'екты нават "віртуальнай" формы гаспадараньня імкнуцца дэкляраваць свае даходы (паколькі пакараньне надзвычай жорсткае), то на пасьлясавецкай прасторы падобная звычка ніяк ня выпрацаваная. Ня ведаю, ці простае гэта супадзеньне, але на другі дзень пасьля майго тэлефанаваньня ў офіс распрацоўшчыкаў беларускага сайту www.webmoney.by ня толькі не адказвалі тэлефоны, але не працаваў нават сайт. Надпіс на экране "Зайдзіце пазьней!" падштурхоўваў да пэўных высноваў. Калі з падобным пытаньнем я зьвярнуўся ў Міністэрства па падатках і зборах, афіцыйны прадстаўнік ведамства Юры Верамейка адрэагаваў як на звыклую зьяву: маўляў, спужалі "зьвера". Але разам ён лічыць, што збольшага дзейнасьць інтэрнэт-кампаніяў, што працуюць з фінансамі, знаходзіцца пад кантролем:
(Верамейка: ) "Калі яны нават ня кажуць пра свае даходы, то мы самі прыйдзем і праверым. Але, у прынцыпе, усе разьлікі ідуць праз цэнтральны разьліковы цэнтар, міжнародныя разьлікі гэтаксама кантралююцца. Хіба калі цэлы банк зьяўляецца крымінальнай структурай? Але на ўзроўні аднаго чалавека падмануць дзяржаву немагчыма. У нас банкаў вельмі мала, там працуюць сур'ёзныя людзі, гэта ня фірма-аднадзёнка, таму яны афэрамі не займаюцца. Але мы кантралюем банкі, правяраем іх. А паводле нядаўняга дэкрэту, банкі абавязаныя прадстаўляць дадзеныя аб замежных пераводах".
(Карней: ) “Аднак наўрад ці аднымі дэкрэтамі можна ахаладзіць жаданьне людзей прадпрымальных зарабляць, у тым ліку і ў бязьмежнай віртуальнай прасторы. Падобна, у гэтай справе неабходныя іншыя формы кантролю. А вось якія? — падстава да абмеркаваньня”.