Прэс-канфэрэнцыя Аляксандра Лукашэнкі ў сеціве, парушэньне аўтарскіх правоў у інтэрнэце, пінскі чат ды іншае

Вольга Караткевіч, Прага

Прэсавая канфэрэнцыя Аляксандра Лукашэнкі, што адбылася на мінулым тыдні, дагэтуль шырака камэнтуецца і абмяркоўваецца. Апроч тэмы інтэграцыі і пераабраньня на другі тэрмін, цікавымі падаюцца выказваньні Лукашэнкі адносна вайны з тэрарызмам, трагедыі ў Амэрыцы 11 верасьня 2001 году. Прыкладам, тэрарызм называецца “так званым”, вэрсія нападу на Амэрыку ледзьве не інтэрпрэтацыяй амэрыканцаў і гэтак далей. Прачытаць стэнаграму прэсавай канфэрэнцыі можна на афіцыйным сайце Аляксандра Лукашэнкі.

Таксама цікаўнасьць можа выклікаць інфармацыя пра мэханізмы і дэталі лятэрэі Грын-Карт, якая, у выпадку выйгрышу, дае права на сталае жыхарства ў Амэрыцы. Інфармацыя пра сёлетнюю лятэрэю зьмяшчаецца на сайце амэрыканскай амбасады ў Беларусі. У падборцы пра эміграцыю цікавымі мне падаліся самыя частыя пытаньні, якія задаюць тыя, хто хацеў бы эміграваць. У дзясятку ўваходзяць такія: якія турфірмы супрацоўнічаюць з амбасадай? Хто можа паўплываць на рашэньне консула і колькі можна ўвезьці гарэлкі ў ЗША? Ну і само папярэджаньне пра махлярства зьвяртае ўвагу…

У Беларускім Інтэрнэце парушэньне аўтарскіх правоў – звыклая рэч. Пра гэта скажа ці ня кожны сталы абітальнік Сеціва. Чаму аўтары не бароняцца ад піратаў? Севярын Квяткоўскі дасьледуе сытуацыю на прыкладзе аднаго зь пірацкіх сайтаў, які мае рэспэктабэльную назву "Беларуская Віртуальная Бібліятэка".

***

(Квяткоўскі: ) “Першае ўражаньне, калі заходзіш на старонку "Беларускай Віртуальнай Бібліятэкі" – ты патрапіў на сайт афіцыйнае ўстановы РБ. Сайт расейскамоўны, наведніка сустракаюць чырвона-зялёныя герб і сьцяг. Менавіта пад гэтай сымболікай у разьдзелах "беларуская проза" і "беларуская паэзія" можна пабачыць такія імёны, як "Василий Быков", пры тым, што паэт Каламец застаецца Васілём, "Ян Чечёт", "Борщевский Ливон" ды іншае падобнае.

Непісьменнасьць і неабазнанасьць стваральніка сайту – хутчэй ягоная асабістая праблема. Але існаваньне непрафэсійнага сайту магло б заставацца ў прыватнае сфэры, калі б не адна акалічнасьць. Старонка ўтрымлівае тэксты, ўзятыя зь іншых рэсурсаў без спасылкі. Напрыклад, з сайту "Беларуская палічка". Камэнтуе адміністратар "Палічкі" Андрусь Жвір:

(Жвір: ) "Пажадана ставіць спасылку – адкуль узята. Калі я бяру тэксты аднекуль, я заўсёды стаўлю, што ўзята адтуль і адтуль. А там узята так, і пастаўлена, быццам свае арыгінальныя. Так вось нахабна гэта было ўпершыню, таму я, канечне, абурыўся. Можна, канечне, было шмат чаго зрабіць, бо хлопца ведаюць гэтага".

У беларускім Інтэрнэце пакуль у прынцыпе праблема абароны аўтарскіх правоў ня выйшла за дыспуты на чатах і форумах. Тлумачыць стваральнік сайту "Карчма ў старога Язэпа", які й сам сябе называе Язэпам:

(Язэп: ) "Калі гэтая бібліятэка бярэ творы Быкава ў www.knihi.com, крадзяжом назваць гэта цяжка, бо рэсурс не валодае аўтарскімі правамі на гэты твор. Калі дамова ёсьць, тады павінна быць спасылка абавязковая на сайце, што ўсе правы абароненыя.

Такая банальная фраза дае падставу для судовага працэсу. На гэта ніхто зараз не зьвяртае ўвагу. Беларускае заканадаўства, яно, у прынцыпе, досыць удалае. Яно дазваляе змагацца зь пірацтвам. На колькі я бачу, ім ніхто не карыстаецца".

Замест колішняга камітэту па ахове аўтарскіх правой цяпер існуе "Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства інтэліктуальнае ўласнасьці" (РУПІЎ). На думку юрыста прадпрыемства Ўладзімера Тарцевіча, самому аўтару варта зьвяртацца ў суд:

(Тарцевіч:) "Калі няма спасылкі і калі ваш тэкст цалкам супадае з тым тэкстам, які раней быў вамі перададзены на іншы сайт, вы можаце для пачатку зьвярнуцца па тлумачэньні да асобы, якая выкарыстоўвае ваш аўтарскі твор. Калі рэакцыі ня будзе, вы маеце права зьвярнуцца ў суд".

Я зьвязаўся з адміністратарам "Беларускай Віртуальнай Бібліятэкі" праз электронную пошту. Мне прыйшоў адказ, дзе адміністратар называе сябе Васілём Смагаржэўскім. Мне было ветліва прапанавана скарыстацца нумарам мабільнага тэлефону, пазначанага на сайце. Але слухаўку падняў чалавек, які сказаў, што ня мае знаёмых Васілёў, і які нічога ня ведае пра "Беларускую Віртуальную Бібліятэку". На паўторныя электронныя запыты Васіль Смагаржэўскі не адгукаўся. У РУПІЎ мне сказалі, што абуранаму аўтару можна сьмела зьвяртацца ў суд. Але Ўладзімер Тарцевіч заўважыў, што прэцэдэнтаў пакуль не было.

Чаму аўтары не бароняць свае правы ў Інтэрнецэ? Бадай, адказ адміністратара "Беларускай палічкі" Андрэя Жвіра адзін з тыповых:

(Жвір:) "Часу шкада на гэта ўсё губляць".

***

Незвычайную спасылку на сайт я знайшла ў разьдзеле “Палітыка і Грамадзтва” “Акавіты”: Тут жыве Ленін! – Каталёг помнікаў Леніну ў Беларусі. У каталёгу – здымкі помнікаў па абласьцях. Нядаўна дадаўся, як напісана, “ленін з барысава”. На галоўнай старонцы – здымак: маладыя хлопцы на фоне вялізарнай скульптурнай выявы твару суворага Леніна. З сайту я даведалася, што, прыкладм, у Менску ня менш за 7 помнікаў Леніну.

Апісаньні гэтых скульптураў на сайце амаль адпавядаюць тым, якія ў свой час завучвалі на памяць студэнты-гісторыкі. Вось, напрыклад, частковае апісаньне Леніна зь Менскай плошчы незалежнасьці. Дарэчы, гэтая праца скульптара Манізера лічыцца адной з найлепшых выяваў Леніна. Гэтую скульптуру, пастаўленую ў 1933 годзе, у часе вайны захавалі жыхары сталіцы:

“Скульптура правадыра ўзвышаецца на пастамэнце-трыбуне, Ільліч нібы зьвяртаецца да народу з прамоваю, адной рукой абапіраецца на парэнчы, другой трымае картуз. Спалучэньне дэталёвай прапрацоўкі рысаў твару і абагуленай трактоўкі адзеньня дасягае партрэтную дакладнасьць і манумэнтальнасьць вобразу. З чатырох бакоў масіўнага пастамэнту – гарэльефы “кастрычніцкая рэвалюцыя”, “абарона радзімы”, “індустрыялізацыя краіны”, “калектывізацыя сельскай гаспадаркі”, якія разьвіваюць і канкрэтызуюць ідэю помніка, раскрываюць ленінскую тэму”.

Сайт “Каталёг помнікаў Леніну ў Беларусі” мае яшчэ разьдзел “музэй азгура”.

Я пацікавілася прысутнасьцю Леніна ў Інтэрнэце і аказалася, што “сецевая ленініяна” вельмі пашыраная. Можна выйсьці на афіцыйны сайт Маўзалея ў Маскве, а таксама паслухаць некаторыя прамовы Леніна.

Бадай, усе гарады Беларусі – вялікія і малыя – маюць свае старонкі ў Інтэрнэце. Бум прыйшоўся на апошнія гады два. Яны розныя – беларускамоўныя і расейскамоўныя, маляўнічыя і простыя, але ўсе – патрыятычныя. Зусім нядаўна зьявіўся новы сайт пра Лепель і нават Лепельскае возера. Звычайна на гэтых сайтах – фотаздымкі, форумы, расклады грамадзкага транспарту, на некаторых – тэлефонныя даведнікі.

Пра тое, для каго гэтыя сайты і чым яны цікавыя, як на іх выходзяць, я гутару з маім калегам Аляксеем Дзікавіцкім, карэспандэнтам “Свабоды” ў Варшаве, які зараз прыехаў на некаторы час папрацаваць у Празе:

(Дзікавіцкі: ) “Шукаючы ў Інтэрнэце старонкі, я перадусім шукаў пінскія старонкі, бо я пінчук і цікава было штосьці знайсьці, прысьвечанае майму гораду. Я змог знайсьці аж дзьве гэтыя старонкі. Адна зь іх – www.pinsk.tut.by нават мае чат.

Спачатку я даволі доўга разглядаў фотаздымкі роднага гораду, якіх, дарэчы, гэты сайт мае даволі шмат. Мне здаецца, што здымкі вельмі добрай якасьці, выгодна адрозьніваюцца ад тых, якія я бачыў раней…”

(Караткевіч: ) “І Вы нешта пазналі там?”

(Дзікавіцкі: ) “Здымкі настолькі падрабязныя, што я нават змог прасачыць шлях, якім я калісьці хадзіў ад хаты да працы. Там ёсьць амаль усе вуліцы, усе завулкі”.

(Караткевіч: ) “А хто стваральнікі гэтага сайту і ўдзельнікі дыскусіі ў чаце?”

(Дзікавіцкі: ) “Я паглядзеў на здымак і, здаецца, я ведаю гэтых хлопцаў – кампутарнікі-аматары. Я думаю, што яны нічога не атрымліваюць за сваю працу. Проста патрыёты свайго гораду. Калі я ўвайшоў у чат, там былі ўсяго тры чалавекі. Прысутныя мне сказалі, што рэкорд – пяць. У польскіх чатах, напрыклад, могуць быць пару соцень адначасных удзельнікаў. Гэта, відаць, таму, што ў правінцыі дагэтуль цяжка зь Інтэрнэтам. Наколькі я ведаю, у Пінску толькі адна Інтэрнэт-кавярня. Хуткасьць такая, што якая-небудзь старонка можа заладоўвацца паўгадзіны.

Але самае дзіўнае ў гэтым чаце мяне чакала наперадзе. Аказалася, што з гэтых пяці заўсёднікаў чату разам са мною толькі адна дзяўчына жыве ў Пінску. Астатнія зь Менску, ЗША і Ізраілю. Цікава таксама было паглядзець мовы: людзі перапісваліся па-ангельску, расейску, па-расейску кірыліцай ці лацінкай, лацінкай – часьцей, бо, відаць, за мяжою няшмат клявіатураў з кірыліцай. Сустракаецца і беларуская мова”.

(Караткевіч: ) “А якія тэмы ў гэтым чаце?”

(Дзікавіцкі: ) “Пераважна, хто ў якой школе вучыўся, хто дзе жыў. Аказалася, што мы ўсе прыкладна аднаго ўзросту, каля 30 гадоў. Адна зь дзяўчынаў, калі была ў чаце, паралельна пякла торт. І вось мы ўсе ўведалі рэцэпт пінскага торту…”

(Караткевіч: ) “Аляксей, а ці ёсьць нейкая спэцыфіка пінскага торту?”

(Дзікавіцкі: ) “У пінскім торце шмат мёду. Таму ён такі салодкі, як, можа, высакапарна, салодкія ўспаміны пра юнацтва ў родным горадзе”.

І пры канцы праграмы прапаную крыху ўсьміхнуцца. У гэтыя дні Інтэрнэт адзначае 20-ці годзьдзе сымбалю ўсьмешкі “smiley face”. “Смайл” ці “смайлік” упершыню быў пастаўлены ў электронным лісьце 19-га верасьня 1982 году амэрыканскім навукоўцам, спэцыялістам у кампутарных тэхналёгіях IBM Скотам Фалманам. Ад таго часу знак, выкарыстаны Фалманам у якасьці характарыстыкі жартаўлівасьці тону ліста, стаў ужывацца карыстальнікамі электроннай пошты ва ўсім сьвеце.