Вэб-сайт аб ‘эскадронах сьмерці’, ахвяраваньні праз Інтэрнэт у ЗША ды іншае.

Віталь Тарас, Прага

У сераду, 18 -га верасьня, упершыню ў гісторыі прадстаўленьне новага інтэрнэт-рэсурсу адбылася на самым высокім дзяржаўным узроўні. Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш першым паведаміў пра стварэньне новага дабрачыннага сайту – www. libertyunites. сом

Выступаючы ў Белым Доме са словамі падзякі да ратавальнікаў, якія працуюць на развалінах Уорлд Трэйд Цэнтру ў Нью-Ёрку і ў Пэнтагоне, прэзыдэнт Буш сказаў, у прыватнасьці:

“На мінулым тыдні Амэрыка моцна пацярпела. Тысячы нашых грамадзянаў загінулі. Тысячы былі параненыя. Але тысячы нашых грамадзянаў паўсталі на дапамогу. Мінулы тыдзень быў сапраўдны жахлівым для Амэрыкі. Аднак, нягледзячы на слёзы й скруху, мы ўбачылі таксама веліч Амэрыкі. Мы ўбачылі як вялікая краіна ўзьнімаецца, каб дапамагчы.”

Далей Джордж Буш сказаў, што сума ахвяраваньняў на ліквідацыю наступстваў тэрактаў у ЗША, атрыманых празь Інтэрнэт, склала 55 мільёнаў даляраў. Вядучыя кампаніі ЗША ў галіне інтэрнэту і высокіх тэхналёгіяў – AOL Time Warner, Microsoft, Amazon, Cisco Systems, Yahoo агульнымі намаганьнямі стварылі сайт American Liberty Partnersip (Амэрыканскае партнэрства дзеля свабоды) з адрасам www libertyunites. сom

Дарэчы, ужо наступным днём сайт паведамляў, што колькасць ахвяраваньняў павялічылася на 2 з паловай мільёны даляраў, і ахвяраваньні працягваюць паступаць.

У чацьвер, 20 верасьня, са зваротам да беларускага народу выступіў амбасадар ЗША ў Менску Майкл Козак, які ў прыватнасьці, сказаў:

“Наколькі нам вядома, сярод зьніклых ёсьць некалькі грамадзянаў Беларусі, і нашыя сэрцы зараз разам з сем’ямі гэтых людзей. Мы спадзяемся і молімся аб тым, каб іх удалося знайсьці, і што яны ня сталі ахвярамі гэтых жахлівых тэрактаў”.

З поўным тэкстам выступу Майкла Козака, у тым ліку ў відэазапісу, можна пазнаёміцца на сайце амэрыканскай амбасады – www usembassy. minsk. by. Мы не аднойчы ў нашых праграмах распавядалі пра гэты сайт. Акурат перад выбарамі ў Беларусі на ім зьявілася беларуская старонка. (Дакладней сказаць – старонка на беларускай і расейскай мовах). Тут можна бачыць мапу ахвяраў тэракту, апублікаваную дзяржаўным дэпартамэнтам ЗША некалькі дзён таму. На мапе тыя краіны, грамадзяне якой пацярпелі 11 верасьня, афарбаваныя сінім колерам. І гэта дае яскравае ўяўленьне пра маштаб трагедыі – толькі лічаныя краіны вылучаюцца на мапе сьветлымі плямамі.

Складальнікі мапы папярэджваюць, што сьпіс краінаў, як і верагодная колькасьць загіблых альбо зьніклых – няпоўныя, яны ўвесь час ўдакладняюцца. Напрыканцы тыдня насупраць назвы Беларусі была пазначаная верагодная лічба зьніклых – 1-3 чалавекі.

“Найбольш, апрача ЗША, пацярпела Вялікая Брытанія, якая страціла ад 100 да 300 сваіх грамадзянаў. Трагічны сьпіс працягваюць Нямеччына – прынамсі 100 забітых, Швэйцарыя – 150 зьніклых, Італія – 57 загіблых, Ізраіль – 20 загіблых, 113 зьніклых, Расея – 96 зьніклых, Аўстрыя – 40-60, Польшча – 30, Францыя і Чэхія – па 10 зьніклых. У сьпісе ёсьць нават такія маленькія краіны як Багамы, Сэнт-Люсія, Трынідад-і-Табага… А ўсяго ў сьпісе Дзярждэпартамэнту – 66 краінаў”.

Нагадаю, гэта былі меркаваныя лічбы забітых і зьніклых у тэрактах у ЗША, якія падаваліся ў інтэрнэце 20-га верасьня.

Крыху пазьней – аб тым, якую ролю адыграў Інтэрнэт у першыя гадзіны пасьля тэрарыстычнага нападу. Зараз пагаворым пра новы інтэрнэт-рэсурс пад назвай uberalles. оrg., які зьявіўся нядаўна, 30 жніўня. Сайт цалкам прысьвечаны тэме зьніклых у Беларусі.

Зьвяртае на сябе ўвагу, найперш, тытульная старонка: на чорным тле зьяўляюцца белыя літары: Дзе? Потым яны трансфармуюцца ў прозьвішчы Ганчар, Захаранка, Майсеня, Карпенка, Красоўскі.

Колер літараў ператвараецца ў чырвоны, потым яны зьнікаюць. Зьяўляецца надпіс: хто наступны?

Я пацікавіўся ўражаньнем пра новы сайт у менскага дасьледчыка, стваральніка вэб-старонкі ў Інтэрнэце, прысьвечанай Чарнобылю, Юр’я Шаўцова.

(Шаўцоў: ) “Напэўна, са мной нехта не пагодзіцца, але па-мойму – гэта найлепшы з дызайнэрскага пунтку гледжаньня на сёньяшні дзень апазыцыйны сайт у беларускім Інтэрнэце. Прынамсі, ніхто так магутна не выкарыстоўвае флэш, ніхто ня мае такога густу”.

Апошні тэкст на старонцы “Юбералес. орг” датаваны 11-м верасьня. Азагалоўлены ён аўтарам так: “Сайту жыць як мінімум яшчэ пяць год”. І далей (цытую ў перакладзе, бо ўсе тэксты тут зьмешчаныя па-расейску). “Спачатку плянавалася, што пасьля перамогі на выбарах кандыдата ад дэмакратычных сілаў расьсьледаваньне ўсіх “гучных справаў” будзе даведзенае да лягічнага завяршэньня, і вінаватыя ды іхныя памагатыя сядуць… разам са сваім кіраўніком, а сайт вычарпае сябе. Аднак, здарылася тое, што здарылася…

Пяць гадоў ня так ужo і шмат для гісторыі… Мы з вамі пратрымаемся, бо мы ня з тых, хто гаворыць – маўляў, Лукашэнка мне пэнсію кожны месяц плоціць, а больш мне й ня трэба. Нам трэба нашмат болей: мы хочам ведаць праўду”.

Як сьцьвярджаюць стваральнікі, на сайце разьмешчаныя ўсе дакумэнты справы № 414100. Сярод іх, напрыклад, рапарт начальніка СІЗА Алкаева міністру ўнутраных справаў Беларусі Навумаву. Зь яго вынікае, што акцыю захопу Захаранкі праводзіў камандзер роты СОБР Паўлічэнка разам з камандзерам 1-й роты спэцназу і чатырма яе байцамі.

Мы працягваем гутарку з менскім дасьледчыкам Юрыем Шаўцовым.

(Тарас: ) “Незалежна ад таго, хто і зь якой мэтай стварыў гэты сайт –ці ёсьць патрэба ў распаўсюджваньні гэтай інфармацыі менавіта празь Інтэрнэт? Аўдыторыя Інтэрнэту ў Беларусі пакуль даволі абмежаваная. Ці ёсьць, на Вашую думку, патрэба ў адмысловым сайце, які б паведамляў пра ўсе абставіны справы, зьвязанай з высьвятленьнем лёсу зьніклых палітыкаў?”

(Шаўцоў: ) “Практычна, ўсе беларускія апазыцыйныя рэсурсы перш за ўсё арыентаваныя на гэтую тэму. Сама па сабе гэтая тэма як тэма асобнага сайту – яна менавіта гэтым рэсурсам ня надта раскрытая. Амаль усё, што там дадзенае, раздрукаванае ці выведзенае на іншых сайтах, акрамя разьздзелу “Дело Завадского. О чем молчаніе?”Тут цэлыя тамы”.

Як удакладніў потым Юры Шаўцоў, і ў гэтых тамах, як і ў іншых разьдзелах, няма таго, што называецца “эксклюзівам”. Але ня будзем сьпяшацца з канчатковымі ацэнкамі. Урэшце рэшт, сайт не праіснаваў яшчэ нават месяц. Будзем чакаць зьяўленьня новых матэрыялаў, а таксама магчымых водгукаў на адрас старонкі Юбераллес орг.

І зноў да тэмы тэрактаў. Якое адлюстраваньне яны знайшлі ў глябальным сеціве? Паводле Інтэрнэт-агентцва “Нетаскоп”, якое спасылаецца на Бі-Бі-Сі ды іншыя заходнія інфармацыйныя рэсурсы, адразу пасьля першага паведамленьня пра тэракты ў Нью-Ёрку і Вашынгтоне нагрузка на пошукавыя сэрверы ў сеціве (так званы трафік) узрасла ў 10 разоў. У першыя некалькі гадзінаў словы World Trade Center уводзілі ў пошук дзясяткі тысячаў карыстальнікаў Інтэрнэту. Наступнымі паводле папулярнасьці словазлучэньнямі былі “Нью-Ёрк” і “Усама бін Ладэн”.

Самым папулярным інфармацыйным рэсурсам быў CNN com. Далей шлі сайты BBC, MCNBC і ABC news. Колькасьць пошукавых запытаў на Сі-Эн-Эн 11 верасьня перавысіла звычайную дзённую норму ў 160(!) разоў.

Трэба сказаць, што найбольшая колькасьць наведнікаў сайту беларускай Свабоды ў верасьні назіралася 10-га. Наступным днём пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі наведнікаў было больш як 1600. Але ж і 11 верасьня гэты паказчык быў адным з найвысокіх за апошні месяц – другім.

Больш падрабязна са статыстыкай сайту беларускай службы Радыё Свабода вас пазнаёміць вэб-рэадактар Сяргей Абламейка.

(Абламейка: ) “Для кантролю статыстыкі наведваньня нашага сайту мы карыстаемся паслугамі беларускага лічыльніка Акавіта і амэрыканскай кампаніі Nettracker. Лічбы гэтых двух крыніцаў даволі істотна адрозьніваюцца. Пра гэта зараз гаварыць ня будзем. Скажу толькі, што паводле Акавіты наш сайт займае стабільнае трэцяе месца ў беларускім Сеціве. Пасьля пераходу на новы дызайн у лютым сёлета, а разам зь ім і на новую сыстэму абнаўленьня сайту, нашая статыстыка сьведчыць аб стабільным росьце наведваньняў. З красавіка па жнівень сёлета сярэдняя колькасьць, напрыклад, штодзённых візытаў на наш сайт узрасла з 653 да 1047, а ў гэтым месяцы ў сярэднім, паводле кампаніі Nettracker, яна складае 1240 у дзень. Колькасьць так званых унікальных наведваньняў была ў красавіку 4947 у месяц, а ў жніўні – 7543. У верасьні, да канца якога яшчэ больш за тыдзень, яна ўжо далёка перавысіла 8 тысяч. І яшчэ адзін паказьнік, які, дарэчы, у амэрыканскіх кампаніяў лічыцца асноўным – гэта колькасьць так званых хітоў. Іх у красавіку ў нас было 617 тысяч (617020 дакладна), у жніўні – 1 мільён 285 тысяч (1285363 дакладна), за 20 дзён верасьня колькасьць хітоў на наш сайт склала 1 мільён 262 тысячы. Такім чынам, як вынікае з гэтых дадзеных, з карсавіка па жнівень лічбы вырасьлі, практычна, у два разы. Трэба таксама прызнаць, што наш новы графічны дызайн аказаўся цяжкаваты для многіх беларускіх карыстальнікаў, а дакладней для маламоцных беларускіх сетак. Аб гэтым сьведчыць адносны посьпех іншых інфармацыйных сайтаў Беларусі, чый журналісцкі узровень шмат саступае нашаму. Відавочна, што каб нашая графіка “важыла” менш, статыстыка сайту Беларускай службы Радыё Свабода была б яшчэ больш унушальнай. Мы гэта ўлічым і хутка нашыя чытачы гэта адчуюць і ўбачаць”.

Гэта быў рэдактар сайту Беларускай службы Радыё Свабода Сяргей Абламейка.

А на заканчэньне – пра новы сайт, які зацікавіць, пэўна, усіх жыхароў Беларусі, хоць ён зусім не зьвязаны з палітыкай. Адрас новай старонкі – www meteo. by. Як вынікае з назвы, гэта сайт пра надвор’е. Тут можна бачыць як кароткатэрміновыя прагнозы (на тры дні) для найбуйных гарадоў Беларусі, гэтак і сярэднетэрміновыя – да 10 дзён. У слухачоў Свабоды ў Менску ёсьць магчымасць спраўдзіць прагноз на наступны тыдзень. Сайт Мэтэа абяцае пахаладаньне ў сталіцы: ад 13-15 градусаў Цэльсія на пачатку тыдня да 2-7 напрыканцы. Пра асадкі нічога не паведамляецца. Але мець з сабой парасон ва ўмовах восені на Беларусі, натуральна, ніколі не зашкодзіць.