Лоеў

Ягор Маёрчык, Лоеў

Чыстыя вуліцы і агароджаныя дэкаратыўнымі платамі хаты — гэтак добра ўпарадкаваўся Лоеў да сьвяткаваньня ўгодкаў вызваленьня у часе другой усясьветнай вайны. Такое вонкавае хараство натхніла качагара Анатоля Кавальчука напісаць оду цяперашняму кіраўніку раённай вэртыкалі. У 30 чатырохрадкоўях паэт пералічыў некаторыя станоўчыя зрухі ў жыцьці мястэчка за часы валадараньня Сяргея Мятліцкага.

Далей падзеі разьвіваліся наступным чынам. Качагар прыйшоў на прыём да старшыні райвыканкаму і папрасіў пасадзейнічаць, каб твор надрукавала раённая газэта “Серп і молат”. Вэртыкальнік паабяцаў дапамагчы.

(Кавальчук: ) “Мяне губіць мая шчырасьць. Нібыта напісаў добры верш. Праўда, улады нашыя, старшыня нашага райвыканкаму, паставіўся да яго без задавальненьня”.

Замест гэтага рэдакцыі спадар Мятліцкі патэлефанаваў у кацельную. Легенда падае, што загадаў высокі чыноўнік начальніку паэта літаральна наступнае: дай яму такую працу, каб не было ў яго часу вершыкі пісаць. Ад таго дня працуе Анатоль Кавальчук дванаццаць гадзінаў на дзень. У шумным вільготным памяшканьні. Безь перапынку на абед.

Увогуле, спадар Кавальчук вядомы ва ўсім Лоеўскім раёне тым, што знаходзіць, дасьледуе і даглядае пахаваньні часу другой усясьветнай вайны. Прычым ён ня дзеліць загінулых на сваіх і чужых.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Анатоль, як людзі ставяцца да вашай дзейнасьці?”

(Кавальчук: ) “Збольшага ставяцца адмоўна. Мяне заўсёды папракаюць доглядам пахаваньняў вэрмахту. Я стараюся не ісьці да гэтай улады й не зьвяртацца да яе. З той прычыны, што яны нічога ня хочуць рабіць. Я пачаў зьбіраць грошы. Таварыша майго знаёмая… Прыйшоў да іх да хаты. Кажу: “Трэба грошы. Ці не змаглі б вы ахвяраваць у межах ад рубля да мільёна?” А таварышава знаёмая і кажа: “Ніякіх грошай я табе ня дам. Такім чынам ты сабе славу зарабляеш”. Ну, якую я сабе славу зарабляю? Я проста не магу зьмірыцца, што цяпер нікому нічога ня трэба!”

(Карэспандэнт: ) “Але вас, наколькі я разумею, гэта не спыняе?”

(Кавальчук: ) “Апатыя возьме, а пасьля зноў не магу мірыцца, што ўсё валіцца, што нікому гэта не патрэбна”.

На цэнтальным пляцы Лоева знаходзіцца адразу некалькі помнікаў. Леваруч стаіць пастамэнт Леніну. Ён зьявіўся тут літаральна з-пад зямлі. Часам другой усясьветнай вайны помнік разабралі, закапалі й нават забыліся пра ягонае існаваньне. А на пачатку 1960-х, калі капалі катлаван, знайшлі. Дасталі на белы сьвет, і цяпер ён зноў стаіць на цэнтральным пляцы. Бліжэй да ракі можна пабачыць клюмбу. У пэўным сэнсе гэта таксама помнік. Яшчэ колькі месяцаў таму тут стаяў першы цагляны будынак Лоева. Ён захаваўся з пачатку 20 стагодзьдзя. У розны час гэта была сынагога, рачны вакзал і рэстарацыя. Але на пачатку 21 стагодзьдзя мясцовыя ўлады вырашылі, што Лоеву гэтая будыніна не патрэбная — і разбурылі яе.

Актыўней за іншых будынак рачнога вакзалу бараніў Валеры Канаплянік, ён нават меўся замкнуцца ўсярэдзіне і аб’явіць галадоўку. Спадару Канапляніку пярэчыць дзеяньням уладаў было не ўпершыню. Гэты рабочы Райагратэхнікі згубіў сваю папярэднюю працу пасьля ўдзелу ў назіраньні за выбармі прэзыдэнта ў 2001 годзе. У інтэрвію Радыё Свабода Валеры Канаплянік тлумачыць, чаму не ўдалося адстаяць першага цаглянага дому Лоева.

(Канаплянік: ) “У нас за што б улада ні бралася — асабліва дзе яна хоча паказаць сваю моц перад людзьмі, яна заўсёды гэта робіць. За што б яны ні браліся, яны зруйноўвалі! Згуртаваньня такога, каб людзі аб’ядналіся, у Лоеве я ня бачу. Адному ўсё “па барабану” — прабачце, што наўпрост так кажу. Ён жыве толькі дзеля сябе. Ён не задумваецца, што адбываецца вакол. Іншы жыве толькі дзеля сваёй сям’і”.

Я знаходжуся за тры кілямэтры ад Лоева, на месцы, якое называецца Гладкае поле. Тут стаіць крыж. На ім шыльда: “31 ліпеня 1649 году. На гэтым месцы адбывалася Лоеўская бітва. Упакой, Гасподзь, душы палеглых у гэтай бітве”. Паводле розных крыніцаў, у бітве ўдзельнічала да 60 тысяч чалавек, і загінула болей за 13 тысяч. Побач знаходзіцца Мікалай Анісавец — адзін з тых людзей, якія і вызначылі, дзе адбывалася Лоеўская бітва. Пра дакладнае месца доўгі час нічога не было вядома. Але мясцовыя краязнаўцы высьветлілі, што асноўныя падзеі пачыналіся тут.

(Анісавец: ) “Калі мы ўсё дасьледавалі, мы зьвярнуліся да мясцовых уладаў з прапановай абазначыць гэтае месца. На жаль, гэтыя прапановы былі праігнараваныя. І мы ўласнымі сіламі ўсталявалі тут крыж. Яшчэ мяркуем да 355-й гадавіны ўсталяваць на стане валун”.

(Карэспандэнт: ) “Той камень зноў будзе ўсталяваны на сродкі й высілкамі аматараў, краязнаўцаў, альбо гэта будзе адбывацца пры нейкім удзеле мясцовых уладаў?”

(Анісавец: ) “Нам не ўдаецца знасьці паразуменьня з райвыканкамам. Ёсьць погляды асобных кіраўнікоў райвыканкаму, што крыж мы тут усталявалі памылкова”.

Калі апісваюць Лоеў, найчасьцей ужываюць словазлучэньні “горад на дзьвюх рэках” і “памежнае мястэчка” — тут ужо блізка Ўкраіна, за Дняпром. За чатыры гадзіны перад тым, як выйсьці на рыбалку, трэба папярэдзіць вайскоўцаў. Месьцічы да такога ўжо прызвычаіліся. Для тутэйшых аматараў вудаў сакрэт удачы наступны: галоўнае не заплыць на ўкраінскі бок, не патрапіць у рукі тамтэйшых памежнікаў. Свой аповед рыбак пачынае з байкі:

(Рыбак: ) “Яго так і звалі тут — Вадзяны. Увесь час лавіў рыбу на тым баку, на сваім”.

(Карэспандэнт: ) “Ён быў украінец? Жыў у Лоеве?”

(Рыбак: ) “Жыў у Лоеве. Яго й злавілі. Ён гаворыць: “Я ваш!” “Ты, — гавораць, — радзіму прадаў!” За яго й туды… Два тыдні рыбу лавіць, пакуль будуць высьвятляць асобу”.

(Карэспандэнт: ) “Ім рыбу лавіць?”

(Рыбак: ) “Так. Яны табе сетак дадуць — і будзеш ім рыбку лавіць!”

(Карэспандэнт: ) “Чалавек на два тыдні трапляе, можна сказаць, у рабства?”

(Рыбак: ) “Так, атрымліваецца, што ў рабства”.

У Лоеве месьціцца база памежных кацяроў. Жартам яе тут называюць ваенна-марскімі сіламі Беларусі. Гісторыя ейнага будаўніцтва — яшчэ адзін прыклад таго, як тутэйшае жыхарства ня здолела абараніць інтарэсаў. Зноў дамо слова мясцоваму рыбаку.

(Рыбак: ) “Яны прыехалі. Месца было прыгожае. Насыпалі зямлі й паставілі там базу. Яшчэ й будкі нашыя пазносілі да нячысьціка. І цяпер нас ганяюць як сабак: яны адкінулі нас да лазьні, улады ад лазьні пасунулі ў канец рачышча. А цяпер там рыбінспэкцыя сабе базу адбудоўвае і сказала, што перабірайцеся, куды хочаце”.

(Карэспандэнт: ) “Памежныя кацяры, можа, пільнуюць раку?”

(Рыбак: ) “Нават не выяжджаюць. Усе стаяць пад нумарамі на прыколе. Мы плацім падаткі — давайце аддачу. Не адчуваецца гэтай аддачы ад памежнікаў! Толькі што яны даюць працу мясцоваму насельніцтву”.

Лоеў стаіць адразу на дзьвюх рэках — Сожы і Дняпры. З гэтага вынікае яшчэ адна асаблівасьць мясцовага жыцьця — на паліцах крамаў немагчыма пабачыць сьвежае рыбы. Самі рыбакі кажуць, што ўвесь улоў ідзе ў Гомель. Некалі ў краме “Юнацтва” паставілі велічэзны акварыюм і запусьцілі туды рачную рыбу. Але цана на яе была такая высокая, што рыбы памерлі сваёй сьмерцю. Іх так ніхто і не набыў. Пасьля гэтага на паліцах можна пабачыць толькі рыбныя кансэрвы: шпроты, сардзіны ды селядцы ў алеі.

Каб адшукаць сьвежае рачной рыбы я скіроўваюся на гарадзкі рынак.

(Гандлярка: ) “Асабліва па выходных… У нас столькі людзей тут было! Усе месцы былі занятыя. А зараз… вы ж самі бачыце”.

Сапраўды, бачу. Паўпусты кірмашовы пляц. Зь дзясятак палатак, ня болей. Тут адзеньне мяжуе з усё тымі ж рыбнымі кансэрвамі. Сьвежых уловаў не заўважаю. Лоеўскі рынак самы дарагі на Гомельшчыне — прадукцыю возяць з абласнога цэнтру, а гэта блізу сотні кілямэтраў. Танных тавараў з Украіны тут не сустрэнеш. Паблізу няма пераправы на той бок, а значыць, адсутнічае і памежны гандаль. Але нават у такіх умовах прыватныя прадпрымальнікі зь іхнымі немаленькімі коштамі маюць болей кліентаў, чым крамы раённага спажывецкага таварыства. З канкурэнтамі дзяржава змагаецца падвышэньнем платы за гандлёвае месца. Бывае, што за адзін раз яна сягае на 30%.

(Гандлярка: ) “3 тысячы 420 рублёў за адзін дзень. Нагандляваў ты ці не, а грошы заплаці”.

(Карэспандэнт: ) “Улада мясцовая ці прыслухоўваецца да патрабаваньняў мясцовых прадпрымальнікаў?”

(Гандлярка: ) “Хто нас паслухае? Каму мы патрэбныя? Трэба было на Дзень гораду, “дайце па мінімалцы”. Шчыра кажучы, і няма як даць тую мінімалку. Да такой ступені надакучылі падаткі! Я тых эўра ў вочы ня бачыла. Але выплачваем мы паводле курсу эўра. Эўра расьце — падатак расьце”.

(Карэспандэнт: ) “Сказалі б: “Не дамо мінімалкі, калі такія вялікія стаўкі на арэнду”.

(Гандлярка: ) “А яны адразу прышлюць праверку. Прыйдуць аштрафуюць. І дзьве мінімалкі забяруць. Аўчуха нявартая кажуху! Падумваю ўжо пра тое, каб гэтую справу згортваць. Як ня зьменяцца ўлады ў нас наверсе, яшчэ год-два й усё зачыніцца”.

(Карэспандэнт: ) “А як вы мяркуеце, улады наверсе памяняюцца?”

(Гандлярка: ) “Ой! Каб яны памяняліся!”

У 2005 годзе Лоеў будзе сьвяткаваць сваё 500-годзьдзе. Да гэтай даты мястэчка падыходзіць са славутымі старонкамі гісторыі, але без ацалелых помнікаў архітэктуры і без уласнага краязнаўчага музэю.

З блізкаю мяжой, але без памежнага гандлю.

Зь дзьвюма рэкамі, але бязь сьвежай рыбы на паліцах крамаў.

Праўда, хто-ніхто памятае яшчэ рацэпты рыбных страваў. Вось адзін зь іх:

Лабача націраем сольлю, заліваем яго маянэзам. Ставім на патэльню на вуглі. Давім часнык. Гэтую кашыцу зьмешваем з воцатам. У выніку хімічнай рэакцыі атрымліваецца белы соўс. Паліваем гэтай вадкасьцю ўжо сьпечаную рыбу. І яшчэ раз на некалькі хвілінаў засоўваем у печ. Дастаем адтуль — і сядаем за стол. Смачна есьці!