Багатая на гісторыю вёска Мосар Глыбоцкага раёну памятае каралёў і магнатаў, паэтаў і паўстанцаў ды чакае ў госьці Лукашэнку. У савецкі час жыхары вёскі адстаялі свой касьцёл, не далі пераўтварыць яго ў зернесховішча, як сталася ў суседніх парафіях. Цяпер жа ля касьцёлу пад кіраўніцтвам тутэйшага ксяндза створаны ўнікальны парк, які ўжо прыцягвае турыстаў. “Прыгажосьць выхоўвае чалавека”, — упэўнены пробашч мосарскай парафіі айцец Язэп Булька.
Вёска Мосар Глыбоцкага раёну нядаўна праславілася сваім унікальным Музэем цьвярозасьці, які разьмешчаны ў адным з памяшканьняў ля касьцёлу сьвятой Ганны. У ім — самагонны апарат, фатаздымкі з прыкладамі нэгатыўнага ўплыву алькаголю на арганізм чалавека, розныя агітацыйныя матэрыялы. Экспазыцыя там пакуль сьціплая, затое яна спалучаецца зь нястомнай антыалькагольнай працай сярод парафіянаў тутэйшага ксяндза Язэпа Булькі. Дзякуючы ягоным намаганьням, многія ўжо адмовіліся ад вырабу і спажываньня самагону, а хаўтуры тут цалкам безалькагольныя — так патрабуе ксёндз.
Язэп Булька прыехаў у Мосар 17 гадоў таму зь Віленшчыны, у блакітных елак, якія пасадзіў ён ля касьцёлу, ужо 16 радкоў галінаў. Ягонымі намаганьнямі пляцоўка перад касьцёлам пераўтварылася ў прыгожы парк з сажалкамі, масткамі, дарожкамі, скульптурамі, фантанам, кветкамі і туямі. Ля ўсёй гэтай прыгажосьці мы гаворым зь мясцовай жыхаркай Гунэфай Панфілкай, якая ўпэўненая, што Мосару надзіва пашанцававала з ксяндзом:
(Панфілка: ) “А тут жа было страшліва, каб жа вы бачылі, як тут было страшна. Тут во хадзілі каровы, сьвіньні, а там пры самай дарозе была такая яма для сьмецьця — слоікі, шклянкі, усё туды кідалі. Булька ўсё ачысьціў і гэту ўсю прыгажосьць навёў. І сам, і людзі — людзі йдуць дапамагаць, а то ў калгас зойдзе, папросіць, яму даюць транспарт — даб’ецца ўсяго. А адразу як ён прыехаў, ды мы неяк не ўспрынялі… Ведама ж, літовец, гэткае цяжкое вымаўленьне, а цяпер — о-ёй як задаволеныя”.
Спадарыня Гунэфа аднак сьпяшалася па справах — у той дзень ў яе нарадзіўся чацьверты праўнук, якога яна назвала Данілкам.
Мосарскаму пробашчу Айцу Язэпу хутка 80 гадоў, “актыўным цьвярозьнікам” ён зьяўляецца больш за 60 гадоў, ягоная кампанія падаўжае традыцыі Таварыства цьвярозасьці, якое дзейнічала ў Мосары ў 1930-я. Ксёндз называе ўжо сябе беларусам, родную мову — тутэйшай, і яму падабаюцца тутэйшыя людзі:
(Булька: ) “Беларусы — людзі вельмі добрыя, характар добры, паддаюцца выхаваньню. Калі б я ў іншых месцах такую барацьбу вёў супраць алькагалізму, то даўно ляжаў бы ў зямлі”.
Айцец Язэп расказаў, што ўсё ж неяк быў у яго сур’ёзны інцыдэнт з былым франтавіком, калгасным пастухом, які, напіўшыся, на ўшчуваньні ксяндза адказаў кулакамі.
(Булька: ) “Ну, але потым, разумееце, ён прыходзіў, выбачаўся, плакаў, на калені станавіўся… Ну, і мы зь ім пасябравалі. Але праз паўгоду ён захварэў, я яго наведваў, ён спавядаўся, папрасіў, каб я яго пахрысьціў, а потым памёр”.
Цяпер былыя алькаголікі ў Мосары становяцца найлепшымі прапагандыстамі цьвярозага ладу жыцьця. Апошні выпадак, пра які ўсе ў вёсцы распавядаюць, калі піць кінула цэлая сям’я: матка і дарослыя сыны. “Ксёндз прывёў іх да парадку”, — кажуць людзі. Аднаго з гэтай сям’і выпадкова ўдалося сустрэць з рыдлёўкай на ўпарадкаваньні тэрыторыі ля мясцовай сьвятой крыніцы — на просьбу ксяндза ён папраўляў сьцяжыну. Назваўся Мішам.
(Міша: ) “Зь вясны ня п’ю… Здароўе не дазваляе, можа, і ксёндз тут памог, чаму ж не…”
Міша кажа, што і на працу ўжо ўладкаваўся на мясцовы льнозавод, а ў калгас не пайшоў, бо калгасьнікаў ажно да красавіка накіравалі ў адпачынак за свой кошт — няма там працы і заробку. А мосарскі льнозавод дае працу 60 сем’ям, і цяпер там працуюць ажно ў тры зьмены. Дырэктар заводу Віктар Кейзік кажа, што сёлета нарыхтавалі ў два разы болей ільнотрасты, чым летась. Таму прыбыткі чакаюцца, але ўлады прымушаюць прадаваць гатовае валакно толькі на дзяржаўны льнокамбінат у Воршы. Спадар Кейзік паказвае свае разьлікі:
(Кейзік: ) “Вось аршанскі кошт ільновалакна — тры мільёны за тону, а вось даюць камэрсанты — 3 мільёны 396 тысяч. На 400 тысяч на тоне даражэй даюць! Камэрсанты бяруць кароткае валакно, прыехалі зь Менску, ня ведаю, куды павязуць, напэўна, у Расею, але Ворша за валакно плаціць праз два месяцы: калі сёньня я завязу валакно на Воршу — у лютым атрымаю грошы. А яны даюць перадаплату і самі прыяжджаюць забіраць. І на паўтара мільёна на машыне даражэй, але нам не даюць прадаваць. Ну, я не разумею гэтай сыстэмы цалкам!”
Віктар Кейзік кажа, што камэрсантам ён можа нешта прадаць толькі пасьля выкананьня пляну, а плян такі, што нічога не застаецца. З-за дзяржаўнай палітыкі завод і гаспадаркі, якія вырошваюць лён, губляюць жывыя грошы.
Мосарскі льнозавод стаіць на месцы былога фальварку Пілсудзкіх, апошніх яго ўладальнікаў, якія ўцяклі ад саветаў 1939 годзе. Шыкоўны палац Пілсудзкіх згарэў і быў разбураны, ад ўсяго маёнтка застаўся толькі дом, дзе жыў упраўляючы. Нашчадкі гэтага роду з Канады хочуць зрабіць у гэтым будынку музэй. Мосаркія Пілсудзкія былі блізкімі сваякамі колішняга польскага “начальніка паньства” Юзафа Пілсудзкага.
Менавіта маршалак Пілсудзкі распарадзіўся аб пабудове ў Мосары школы, што і было выканана ў 1937 годзе. У старым школьным будынку, які даўно не рамантаваўся, мы гаворым з настаўніцай нямецкай мовы і гісторыі тутэйшай базавай школы Ліліяй Брэхун. Яна кажа, што цяпер у Мосары жыве 500 чалавек, у школе 56 вучняў. Але былі ў Мосара і больш слаўныя часы, жылі тут тысячы чалавек, і пераважна — ганарыстая шляхта, кажа Лілія Брэхун:
(Брэхун: ) “Тут з паходам на Пскоў начаваў Стэфан Баторы, у гэным палацы. Легенда сьцьвярджае, што тут пабываў і Адам Міцкевіч, і ў нашым возеры ляжыць велізарны камень, вельмі вялікі, верх выступае з вады ў возеры. І на гэным камяні высечаныя две літары — “М” і “А”. Згодна легендзе, гэта ініцыялы Адама Міцкевіча. А на самой справе мы ня ведаем, адкуль яны ўзяліся, але яны з даўніх часоў, у пачатку мінулага стагодзьдзя ўжо былі”.
Іншая легенда наконт гэтых ініцыялаў на камені, на якім нібыта сядзеў Адам Міцкевіч, сьцьвярджае, што гэта знак памяці дзьвюх сясьцёр, што ўтапіліся ў гэтым возеры, Алены і Марыі.
Але і цяпер бываюць у Мосары вядомыя людзі. Летам 2003-га ў Мосар па дарозе з Браслава завітаў малодшы сын А.Лукашэнкі Дзмітры зь цяжарнай жонкай і ахоўнікам, яму тут спадабалася, і ён абяцаў, што запросіць сюды і свайго бацьку, — паведаміла пэнсіянэрка Станіслава Носка.
(Носка: ) “Ды мы ж чакаем, можа калі прыедзець наш Лукашэнка. Мы многа чаго будзем прасіць яго. Каб яшчэ чым памог нашаму ойчаньку, і людзям каб памог, ну, і пэнсію, і пэнсію трэба пабольшыць. Усё ж малавата пэнсіі. Вось мы яшчэ вялікую атрымліваем — 100 тысяч. Гэта, мы лічым, вялікая пэнсія. А людзі ж яшчэ меней”.
Станіслава Носка мае пяцёра дарослых дзяцей, два сыны былі запісаныя палякамі, а тры дочкі — беларускамі. І дзеці і ўнукі — рэлігійныя, кажа яна, усе ў касьцёл ходзяць. Станіслава Носка гатовая галасаваць за Лукашэнку зноў, калі будуць выбары, нават на пажыцьцёвы тэрмін, гаворыць яна, галоўнае, каб пэнсію своечасова прыносілі.