А пачалося ўсё зь аднаго неасьцярожнага выказваньня. Летась Аляксандар Лукашэнка наведаў вёску Кольна, што ў Жыткавіцкім раёне Гомельшчыны. На сустрэчы вяскоўцы прынагодна пачалі пытацца: чаму кошты на лекі высокія, а заробкі — нізкія? Госьць ім у адказ: маўляў, каб ведаў, што такія пытаньні будзеце задаваць, не прыехаў бы да вас. І тады не зусім цьвярозы Адам Рагалевіч як гаркне з натоўпу: “Школа нам новая патрэбная!” Аляксандар Лукашэнка хуценька паабяцаў, што тая будзе ўжо праз год, і імгненна зьехаў.
Пасьля таго здарэньня Адам Рагалевіч з ужываньнем алькаголю завязаў:
(Рагалевіч: ) “Вырашыў сябе праверыць на вытрымку. Абет даў сабе ня піць да Новага году. Пабачу, лепей стане ці не”.
(Карэспандэнт: ) “А з чаго такі абет вынікае?”
(Рагалевіч: ) “Проста брыдка, калі п’яны. А цяпер сьмешна робіцца, калі гляджу”.
(Карэспандэнт: ) “На самога сябе брыдка было глядзець?”
(Рагалевіч: ) “Так”.
(Карэспандэнт: ) “Тры месяцы не паліце й ня п’еце? Як адчуваньні?”
(Рагалевіч: ) “Выдатна! Сьвет іншым падаецца. Гэта дакладна. Бачу, што ўсё навокал цікава. А то нейкі хадзіў кволы ды стомлены, а цяпер — бадзёры!”
(Карэспандэнт: ) “А часам усё ж такі хочацца выпіць?”
(Рагалевіч: ) “Паліць ахвотна, а піць не хачу”.
(Карэспандэнт: ) “А ня сьніцца?”
(Рагалевіч: ) “Ніколі!”
(Карэспандэнт: ) “Адкуль у вас такі добры каўбойскі капялюш?”
(Рагалевіч: ) “Вунь у нас там сьметніца ёсьць. Я яго там знайшоў”.
(Карэспандэнт: ) “А калі сур’ёзна?”
(Рагалевіч: ) “Знайшоў там!”
Школу сапраўды збудавалі за год. І сёлета 1 верасьня Аляксандар Лукашэнка праездам завітаў у Кольна, каб перарэзаць чырвоную стужку. Звонку прыгожы двухпавярховы будынак абкружаны галяндзкім траўнікам. Унутры — кампутарная кляса, лінгафонны кабінэт, спартовая заля, у пакоях — тэлепрыймачы ды музычныя цэнтры. Адным словам, як тут кажуць, школа 21 стагодзьдзя.
Праўда, загадчыца гаспадарчай часткі прызнаецца, што будынак усё яшчэ даводзяць да ладу.
(Спадарыня: ) “Крыху ёсьць недахопаў. Іх цяпер будаўнікі паступова зьліквідоўваюць. Сям-там пацякло. Заліваюць бітумам, падпраўляюць дах”.
(Карэспандэнт: ) “Калі школу адчынялі, яна была гатовая?”
(Спадарыня: ) “Яна цалкам была гатовая”.
(Карэспандэнт: ) “А пасьля пацёк дах?”
(Спадарыня: ) “Нічога ў нас не пацякло! Адным словам, усё ў нас добра!”
Тутэйшай калектыўнай гаспадарцы пашанцавала ня так моцна, як школе. Сюды Аляксандар Лукашэнка наведвацца не плянаваў. Адпаведна, кампутараў ды сучасных даільных апаратаў на фэрмах так і не зьявілася. Але на той выпадак, калі высокі госьць раптоўна зьменіць пляны і вырашыць наведацца да даярак, калгасьнікам выплацілі ўсе затрыманыя заробкі, каб не было на што наракаць.
Пра вясковаве жыцьцё-быцьцё я гутару з жыхаркаю Кольна спадарыняй Галінай:
(Галіна: ) “Працуем ад цёмнага да цёмнага”.
(Карэспандэнт: ) “А заробкі ў час плацяць?”
(Галіна: ) “Ёсьць грошы — плацяць, няма грошай — ня плацяць”.
(Карэспандэнт: ) “Заробкі вялікія?”
(Галіна: ) “Сярэднія: пяцьдзесят тысяч”.
(Карэспандэнт: ) “Гэта вы называеце сярэднім заробкам?”
(Галіна: ) “Вядома што. Гэта ж ня дваццаць!”
(Карэспандэнт: ) “Няўжо яшчэ засталіся людзі, якія атрымліваюць 20 тысяч?”
(Галіна: ) “Ё і такія. Зайдзіце на кірмаш ды паспрабуйце што набыць за нашыя грошы. На чацьвёра дзяцей набудзьце адзежу, і мужыку, і сабе. Палічыце, колькі трэба грошай. Усяго хочацца, ды не атрымліваецца”.
(Карэспандэнт: ) “Колькі трэба грошай, каб адправіць аднаго дзіцёнка ў школу?”
(Галіна: ) “Ня ўбярэсься і ў пяцьсот тысяч”.
(Карэспандэнт: ) “Колькі?!
(Галіна: ) “Пяцьсот! Вось так і адпраўляем. Ня ўсё набываем: даношваюць, што ё. Праўду хацелі пачуць? Вось вам і праўда!”
(Карэспандэнт: ) “А што ёсьць добрага ў жыцьці?”
(Галіна: ) “Самае галоўнае — сям’я. Ёсьць сям’я — усё добра!”
Алег Татарчук звольніўся з калектыўнай гаспадаркі. Узяў надзел зямлі, сваімі рукамі сабраў трактар і млын. За памяркоўную плату дапамагае аднавяскоўцам апрацоўваць іхныя палеткі. Фэрмэрам спадар Татарчук сябе ня лічыць.
(Татарчук : ) “Які ж зь мяне фэрмэр? Ну, ёсьць гектар зямлі. Гэта толькі гавораць, што зямлю людзям даюць. А ўзяць яе вельмі цяжка. Пайдзіце цяпер у сельсавет — не атрымаеце. Улада такая! Я карыстаюся зямлёй чатыры месяцы, а падатак зь мяне бяруць за цэлы год. Гэта ў мясцовай уладзе, я лічу, бардак. І нават не ў мясцовай уладзе, гэта зьверху ідзе! Але ў нас нічога тут не расьце: у нас дрэнныя землі”.
(Карэспандэнт: ) “Нават бульба не расьце?”
(Татарчук : ) “Можа ў некага нешта й вырасла, а ў каго й зусім ні чорта ніякага”.
(Карэспандэнт: ) “Такі неўраджайны сёлета год?”
(Татарчук : ) “Штогоду такое”.
(Карэспандэнт: ) “А што тады на гэтай зямлі можна рабіць? Вы як гаспадар са сваім гектарам, што зьбіраецеся рабіць?”
(Татарчук : ) “Аддаць назад дзяржаве”.
(Карэспандэнт: ) “Будзеце вяртацца назад у КСУП працаваць?”
(Татарчук : ) “Нікуды я вяртацца ўжо ня буду. Я лепей буду беспрацоўны. Які сэнс там рабіць? Атрымліваць заробак праз паўгоду. Гэта ж немагчыма! Наш саўгас лічыцца найлепшым у раёне. Я ўжо і не ўяўляю, які тады тожа быць горшы ў раёне”.
(Карэспандэнт: ) “У вас жа тут нядаўна Лукашэнка быў, маглі б пажаліцца яму”.
(Татарчук : ) “Ахова абкружыла — і няможна можна было прарвацца. Раённыя начальнікі моцна рыхтаваліся. Прыяжджалі. Круціліся тут, і кожны па-свойму камандаваў. Напярэдадні спрабавалі рабіць сустрэчы, каб меней пытаньняў задавалі Лукашэнку”.
Аповед Алега Татарчука пра тое, як да сёлетняга візыту кіраўніка дзяржавы рыхтаваліся раённыя ды абласныя ўлады, працягвае пэнсіянэр Аркадзь Галавач. У пэўным сэнсе, ён стаў ахвяраў добраўпарадкаваньня:
(Галавач: ) “Плот стаяў. Дый таго раскідалі. Казалі, што паставім новы, але не паставілі. Абяцанка-цацанка! Старшыня сельсавету казаў: калі ты пажалісься Лукашэнку, мы табе нічым не дапаможам”.
(Карэспандэнт: ) “І людзі ўвогуле скардзіліся яму, ці не?”
(Галавач: ) “Баяцца. Пажалься, дык на цябе набурацца. Гэтая мясцовая ўлада… Яны пасьля табе нічога не дадуць”.
Івана Сакулу раённыя чыноўнікі ўвогуле не пусьцілі на сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам. У Кольне яго лічаць апазыцыянэрам. Такі імідж ён прыбдаў дзякуючы таму, што паўсюль стараецца казаць адную толькі праўду.
(Сакула: ) “87 адсоткаў некалі прагаласавала за Лукашэнку”.
(Карэспандэнт: ) “Два гады прайшло. Настроі людзей зьмяніліся?”
(Сакула: ) “Крыху зьмяніліся. Ужо ёсьць незадаволеныя, што так адбываецца. Усе чакалі, што будзе лепей па ўзмаху чароўнай палачкі, але лепш не атрымліваецца”.
(Карэспандэнт: ) “А ўвогуле часта людзі зьвяртаюцца па дапамогу да ўладаў?”
(Сакула: ) “Па дапамогу? Можа, толькі паліва. Іншы раз абяцаюць і даюць, а іншы раз доўга цягнуць, не даюць”.
(Карэспандэнт: ) “А што добрага ў жыцьці вёскі?”
(Сакула: ) “Працуй ды ўладаў ня гневай”.
Мяркую, варта сказаць некалькі словаў пра зьнешні выгляд вёскі Кольна. Вандруючы па ўскрайках, незаўважна, што некалькі месяцаў тут актыўна рыхтаваліся да візыту Аляксандра Лукашэнкі: дзіравая дарога, нахіленыя платы і паўразбураныя хаты. А на цэнтральнай вуліцы, што якраз і вядзе да школы, — новае асфальтавае пакрыцьцё, роўныя аднакаляровыя агароджы, пафарбаваныя фасады.
(Казінец: ) “Пагарадзілі платы, каб добра было ехаць. Гэтым летам паклалі дарогу. Тут яе ў нас не было”.
(Карэспандэнт: ) “А праўда ці не, што платы фарбавалі ледзь ня самі чыноўнікі з райвыканкаму? Кажуць, што Атліванаў быў — старшыня мясцовых дэпутатаў”.
(Казінец: ) “Ён тут і гарадзіў. Гарадзіў і фарбаваў. Сам Атліванаў гэта рабіў! Працаваў кожны дзень”.
Пэнсіянэрку Надзею Казінец я заўважыў празь нізкі дэкаратыўны плот. Яна сядзела на гаспадарчым падворку і перабірала бульбу.
(Карэспандэнт: ) “Як бульба сёлета?”
(Казінец: ) “Як арэхі. Ды нейкая яшчэ нячыстая. Памянялі поле, памянялася й бульба”.
(Карэспандэнт: ) “Поле самі мяняеце, ці саўгас рознае дае?”
(Казінец: ) “Саўгас мяняе”.
(Карэспандэнт: ) “Вам дапамагаюць вашыя сваякі, ці можа яшчэ й сельсавет, ці саўгас ячшэ што дапамагае?”
(Казінец: ) “Тыя гады саўгас дапамагаў. Давалі зерне, давалі сена. А летась нічога не далі, сёлета таксама яшчэ нічога не давалі. Трымала адзін год дзьве куркі і пеўніка. Зіму карміла. Прыйшлі перад самым Вялікаднем і забралі!”
(Карэспандэнт: ) “Хто?”
(Казінец: ) “Злодзеі. Зноў разжылася на тое. Зноў трымала зіму. Зноў забралі”.
(Карэспандэнт: ) “Можа, у міліцыю заяўляць, што ў вас курэй пакралі?”
(Казінец: ) “Хто і заяўляў, нікога не знайшлі. І я нікуды не заяўляла. Ужо ня хочацца й жыць. У такіх гадах, дзіця маё мілае, ужо нічога не радуе”.
(Карэспандэнт: ) “Што вы ўжо — паміраць сабраліся?”
(Казінец: ) “Я думала, што памру ў гэтую зіму, аж неяк дажыла да вясны. Во яшчэ й летую”.
(Карэспандэнт: ) “Ну й да наступнай вясны дажывяце!”
(Казінец: ) “Не”.
А вось Галіна Сакула, наадварот, за жыцьцё трымаецца, вядзе, наколькі гэта магчыма, актыўны лад жыцьця. І ў паважным узросьце сілы яшчэ дазваляюць трымаць вялікую прысядзібную гаспадарку. Зь яе корміцца сама, а большую частку грошай аддае дзецям.
(Сакула: ) “Жыцьцё добрае ў нас. Пэнсіі хапае. Толькі што дзецям дапамагаю, бо ў іх няма заробку”.
Спадарыня Сакула, як і бальшыня ейных аднавяскоўцаў, прызнаецца, што сёлетні прыезд Алясандра Лукашэнкі дадаў столькі нязручнасьцяў і клопатаў, што іх цяжка кампэнсаваць нават маральнай задаволенасьцю ад адкрыцьця новай школы.
(Сакула: ) “Прыехалі сюды дзьве машынкі. Павылазілі адтуль у нейкіх рабых пінжаках. “Вы жаўнеры?” “Мы не жаўнеры. Пажарнікі”. Частакол мой паламалі й вароты мне раскідалі!”
(Карэспандэнт: ) “Паставілі вам новы плот?”
(Сакула: ) “Новы да кароткі! А браму так і не зрабілі. Не было матэрыялу”.
(Карэспандэнт: ) “І вы цяпер бяз брамы жывяце?”
(Сакула: ) “Няма ў нас брамы! Няма!! Яны сказалі, што прывязуць матэрыял ды зробяць. Ды не зрабілі”.
За год паміж двух візытаў Аляксандра Лукашэнкі ў Кольна вяскоўцы чарговы раз пераканаліся ў слушнасьці вайсковай прымаўкі: самае лепшае жыцьце тое, якое праходзіць бліжэй да кухні й падалей ад начальства. Кухня для тутэйшага насельніцтва — гэта прысядзібная гаспадарка й надзелы неўрадлівай зямлі.