Калодзішчы

Ягор Маёрчык, Менск

Азначэньне “цыган” або ангельскі варыянт “gipsy” — гэта абразьлівыя мянушкі ромаў. Тым ня меней беларускія прадстаўнікі гэтай нацыі, размаўляючы па-расейску або па-беларуску, называюць сябе менавіта “цыганамі”. Падобная сытуацыя й з “баронам”. Няма ў іхнай мове рома такога слова. А найбліжэйшае па гучаньню — “барро” — азначае “моцны, аўтарытэтны”.

Шараговы дом ромаў у Калодзішчах, што пад Менскам: элегантная мэбля, арыгінальны колер шпалераў і багатыя праваслаўныя абразы. Паўсюль — чысьціня. Бо бруд і пыл лічыцца зьнявагаю гасьцей і саміх сябе.

Гаспадыня гэтай прыгажосьці — пэнсіянэрка. Размовы, як і ў беларускіх каляжанак, — пра тое, колькі плоцяць, пра цэны на лекі й пра дапамогу добрачынную й ня толькі.

(Спадарыня: ) “Пэнсію плоцяць вельмі маленькую — 45 тысячаў. Як я магу на гэтую пэнсію пражыць? Вельмі дарагія лекі. Зараз дрэнна стала цыганам жыць. Нядаўна тым, хто быў пад нямецкай акупацыяй, далі дапамогу. “Дзякуй” і за гэта кажам. А нашая Беларусь нам нічога не дапамагае. Нас не прыціскаюць. Наш Лукашэнка да нас нядрэнна ставіцца”.

З дому гаспадыні я накіроўваюся ў будынак сельскага выканаўчага камітэту да намесьніцы старшыні Тацяны Бонды. Яна дае сваю ацэнку жыцьцю суполкі (агульнай колькасьцю 60 сем’яў) у 10-тысячных Калодзішчах.

(Бонда: ) “Народ вельмі неадназначны. Там дзе цыгане, там вельмі шмат шуму. Асабліва калі гэта жанчыны. Мужчыны больш разважлівыя. Яны менш лезуць у розныя канфліктныя сытуцыі.

Людзі, якія маюць нейкую годнасьць і адукацыю, папросту намагаюцца захоўваць нэйтралітэт і не ўступаць ні ў якія стасункі з цыганамі, каб не было ніякіх праблемаў.

Я ня бачу ў іх нічога такога, чаму б я магла навучыць сваіх дзяцей. Хаця ёсьць адна рыса характару: яны паважаюць сваіх бацькоў. Гэта варта было б пераняць нашым дзецям.

…Яны таксама маюць права на жыцьцё, як і мы. Калі Бог ім нам паслаў, можа гэта й патрэбна. Вельмі шмат ёсьць сярод цыганаў распаўсюджвальнікаў наркротыкаў”.

(Карэспандэнт: ) “Ці карыстаецца мясцовая ўлада ў іх павагай і аўтарытэтам?”

(Бонда: ) “Калі прадстаўнікі цыганскай нацыі прыходзяць у сельвыканкам, ім трэба вырашыць якую-небудзь праблему, тады яны спрабуюць быць і ўважлівымі, і лагоднымі. Як ліпучкі прыліпнуць. Іншага слова падабраць немагчыма. Але больш яны баяцца прадстаўнікоў праваахоўным ворганаў”.

Тацяна Бонда прызнаецца, што пэўнага кантакту зь лідэрамі ромаў у мяцовых “вэртыкальнікаў” няма. Я вырашыў наладзіць завочную сустрэчу чыноўніцы й Алега Казлоўскага, дэпутата Вярхоўнага парляманту Ўсясьветнага Саюзу ромаў, сябра адпаведнай камісіі АБСЭ. Дамо яму слова.

(Казлоўскі: ) “Дапамогі ад дзяржавы ніякай няма. Але, па вялікім рахунку, мы ня просім у іх грошай. Мы просім, каб нас падтрымалі маральна, каб дазволілі займацца нашымі рамёствамі. Людзі, якія пражываюць у Беларусі, даволі-такі талерантна ставяцца да нашага народа. Ёсьць стэрэатып, што наш народ займаецца наркагандлем. Я вам скажу, што гэта не пазбаўлена праўды, але не да такой ступені, як прадстаўляюць. І каб улады краіны болей паварочваліся да нас тварам, я упэўнены, што мы маглі б выкараніць гэта”.

(Карэспандэнт: ) “У рома самай найвышэйшай уладаю валодае суд — “крыс”. Дык чаму б ня зьнішчыць гэты распаўсюд наркотыкаў праз гэты суд? Чаму б не забараніць гэтым займацца?”

(Казлоўскі: ) “У нас гэтае пытаньне ўздымалася. У нас былі суды з гэтай нагоды. Але чалавек да мяне падыходзіць і гаворыць: “Добра, я ня буду гэтым займацца. Дай мне кавалак хлеба”. Што я яму магу адказаць? У яго няма адукацыі, яго нікуды не бяруць на працу. Застаецца толькі адно: ці сваіх дочак прадаваць, ці гэтым займацца. Перад тым, як чалавеку забараніць, яму трэба штосьці прапанаваць. А што я магу прапанаваць, калі ў мяне няма дзяржаўнай падтрымкі?”

Тут мушу зазначыць, што з распаўсюдам наркотыкаў прадстаўнікі ромаў пачалі атаясамлівацца адносна нядаўна. Рамантыку жыцьця ў табары адмысловай пастановай забараніў яшчэ Хрушчоў. З традыцыйных кавальства й варажбы да XXI стагодзьдзя дажыла толькі апошняя. Але яна не стасуецца зь цяперашнім Крымінальным кодэксам Беларусі. Афіцыйныя ўлады уважаюць гэта за махлярства. Тым часам як па ўсёй Эўропе варажба дазволеная. Там гэта выгодны бізнэс, зь якога адлічваюць немалыя падаткі.

У сытуацыі з ромамі пералічаныя нелегальная варажба, гандаль наркотыкамі й вялікае беспрацоўе — зьвёны аднаго ланцугу, якія замыкаюць кола. Харчавацца неяк трэба. Вось некаторыя й распаўсюджваюць атрутнае зельле, бо ня могуць уладкавацца на працу. У сваю чаргу, іх нідзе не бяруць праз адмоўнае стаўленьне, сфармаванае тымі ж наркагандлем і выпадкамі махлярства.

Алег Казлоўскі прыводзіць мяне да аўтарытэтнай варажбіткі, спадарыні Соф’і.

(Соф’я: ) “Гадаюць і цяпер. Але зараз паўсюль кажуць, што гэта — няпраўда. Але людзі да нас ходзяць. Плоцяць хто колькі можа. Скажаш яму — як там і што там. Ён ужо й пойдзе з палёгкаю. Калі спаўняецца, а калі й не. Як цыгане кажуць: на ўсё трэба мець сваё шчасьце”.

(Карэспандэнт: ) “У Беларусі афіцыйна гаданьні забароненыя...”

(Соф’я: ) “Гэта няправільна! Нас так прыціснулі, што далей ужо няма куды. Нельга зарабіць нават на кавалак хлеба”.

(Карэспандэнт: ) “А калі я вас папрашу мне пагадаць...”

(Соф’я:) “Ну што я вам магу нагадаць? Не, я гадаць ужо ня буду!”

(Карэспандэнт: ) “Чаму? А я вам заплачу”.

(Соф’я: ) “Ня трэба, малады чалавек!”

(Карэспандэнт: ) “Але я хачу ведаюць, што будзе ў будучыні”.

(Соф’я: ) “Бог дасьць здароўся, і ўсё будзе”.

(Зьвяровіч: ) “Пра гэтае гаданьне… Каб яны дазволілі, яны б толькі выйгралі. Чым? Спыніўся бы гандаль гэтай дурнатой, наркотыкай гэтай. І ніхто б не тыкаў у вочы: “вы, цыганы, людзей труціце”. Цыганы кінулі б гэта, а так у іх няма выйсьця. Пойдзе законна заробіць, набудзе кавалак хлеба і баяцца ня будзе”.

Да размовы далучаецца Іван Зьвяровіч. Ён ў суполцы ромаў — чалавек паважаны. Як сам кажа, чэсна адпрацаваў усё жыцьцё кіроўцам і майстрам у справах рамонту лядоўняў. І ўжо пэнсіянэрам вырашыў падзарабіць. Пра тое, што з гэтага атрымалася, спадар Зьвяровіч распавядзе лепей за мяне.

(Зьвяровіч: ) “Тут трэба былі вартаўнікі. Прыйшоў я, паглядзелі маю парацоўную — “калі ласка”. А другая сядзіць жанчына: “А пашпарт у вас з сабой?” Разгарнула мой пашпарт і прачытала, што я — цыган. “Вы ведаеце, у нас ужо быў чалавек. І мы пам пазьней паведамім, прыйсьці ці не”. Я кажу: “Я ведаю, чаго вы так кажаце — бо ў мяне напісана ў пашпарце: цыган”.

(Карэспандэнт: ) “А як рома ставяцца да ўладаў?”

(Зьвяровіч: ) “Сельскі савет — гэта ой-ой-ой! Лягчэй трапіць да любога міністра ў горадзе. А тут паспрабуй прыйсьці да старшыні сельскага савету. Вялікая шышка! Ня дай Бог! У сельсавеце давалі надбаўкі да пэнсіі. Прыйшоў. “А чаму ж мяне ў сьпісе няма?” — “Цыганоў мы не запісваем, вы й так добра жывеце”.

Я стаю на прыступках Каладзішчанскай сярэдняй школы. Для кагосьці гэта храм адукацыі й навукі. А для меня — бастыён, у які так і ня змог патрапіць. Дырэктар Франц Гедройц вырашыў перастрахавацца й па дазвол на інтэрвію адаслаў у раяна. Там спачатку папрасілі лішні раз не мусоліць тэму “ромы й адукацыя”, а затым накіравалі ў аддзел сувязяў з грамадзкасьцю. Карацей, футболілі мяне так не адзін дзень. За гэты час, неафіцыйным шляхам я здабыў патрэбныя зьвесткі.

Такім чынам: у школе навучаецца 45 ромаў. У той ці іншай ступені, але ўсе яны наведваюць заняткі. Апошнімі гадамі стаўленьне да адукацыі зьмянілася. Раней, бальшыня дзяцей з горам напалову сканчвала пачатковую школу. У сярэднія клясы ня йшлі, а пачыналі дапамагаць бацькам зарабляць грошы.

Цяпер больш-менш заможныя сем’і намагаюцца, каб дзеці адвучыліся 11 гадоў. Сярод былых вучняў ёсьць і такія, хто стаў студэнтам ВНУ. І выключаюць дзяцей са школы цяпер сталі радзей. Гэта можа здарыцца, калі, прыкладам, вучаніца пабралася шлюбам і ужо цяжарная.

Неадназначнае стаўленьне — гэта раз. Беспрацоўе — гэта два. Тры — гэта адсутнасьць у Беларусі навучальнай установы, дзе б выкладаліся мова й гісторыя народу. Ну й чацьвертае: няма праграмаў сацыяльнае дапамогі й наагул любых згадак у нацыяльных законах пра правы рома.

Над выпраўленьнем сытуацыі працуюць ажно тры грамадзкія арганізацыі. Вяртаюся да размовы з прэзыдэнтам Беларускай цыганскай дыяспары Алегам Казлоўскім.

(Казлоўскі: ) “Да таго, як мы не пачалі наш рух, да народу рома нікому не было справы. Але калі мы сталі на палітычны шлях, стаўленьне з боку ўладаў сталі зусім іншыя. Яны адчулі, што ў нас ёсьць лідэры й сілы на Захадзе, якія нас моцна падтрымліваюць. Цяпер мы просім, але хутка прыйдзе час, калі мы пачнем патрабаваць свае правы. Бо мы ведаем, як жывуць нашыя браты на Захадзе, як да іх там ставяцца. На бліжэйшых выбарах у нас будзе некалькі сваіх кандыдатаў. Мы будзем шукаць лідэраў сярод свайго народу. І пасьля вылучаць іх на кандыдатаў”.

Калі я рыхтаваў гэтую праграму, неаднойчы выпадала чуць выказваньні кшталту: “я не расыст, але што тычыцца цыганоў...” І далей цэлы тузін прэтэнзіяў…

Як бы там ні было, але варта ўлічыць, што паводле перапісу насельніцтва, ромамі ў Беларусі назваліся блізу 10 тысячаў чалавек. Але самыя сьціплыя падлікі паказваюць, што іх у пяць разоў болей. Каб пазьбегнуць дыскрымінацыі, шмат хто зь іх запісаўся беларусам або расейцам.

Да таго ж рома — гэта частка беларускай гісторыі: славутыя кірмашы ў Міры і абраньні каралёў.

А пачалося ўсё 502 гады таму. Калі 25 траўня літоўскі князь Аляксандар Казіміравіч выдаў адмысловую грамату. Яна дазваляла ромам качаваць па землях Вялікага княства Літоўскага.