Рамель

Ягор Маёрчык, Рамель

Падаю рацэпт, як стварыць гэтак званую “расейскую шашу”, другі ейны назоў — “пральная дошка”. Усяго толькі трэба вельмі доўга й упарта кідаць на зямлю каменьні з вышыні палёту гелікоптэра. Патлумачу: “расейскай шашой” у Столінскім раёне празвалі брукаваную дарогу, якая злучае вёску Рамель з астатнім сьветам. Каменьні на праезнай частцы ляжаць з такімі прамежкамі, што ствараецца ўражаньне, нібыта іх сапраўды кідалі з гелікоптэра.

Уяжджаю ў Рамель. На скрыжаваньні дзьвюх гадоўных вуліцаў стаяць мясцовыя адметнасьці: Дом культуры, праўленьне калгасу “Беларуская ніва”. Старшыню сельскага савету Мірона Шпакевіча літаральна перахопліваю перад ад’ездам у райцэнтар. Я ўжо прайшоў выпрабаваньне брукаванай дарогай, а ў яго яшчэ ўсё наперадзе.

(Шпакевіч: ) “Адно пытаньне стаіць. Мала дзе ў Беларусі ёсьць месцы, дзе такая разьвітая гаспадарка, і не было б дарогі. У нас тут шмат насельніцтва, і нядрэнна яны жывуць, а дарогі няма. Бюджэт у нас ня вельмі багаты, каб пабудаваць яе цяпер. Дарога даўжынёў 25 кілямэтраў. Гэта вялікія грошы патрэбныя”.

(Карэспандэнт: ) “Ці мае аўтарытэт у насельніцтва мясцовая ўлада?”

(Шпакевіч: ) “Я не магу сказаць дакладна, але мне падаецца, што мы карыстаемся аўтарытэтам сярод насельніцтва. Збольшага насельніцтва ставіцца вельмі добра, як да кіраўніцтва калгасу, так і да супрацоўнікаў сельскага савету”.

Калі б хто паставіў сабе мэту намаляваць герб вёскі Рамель, дык на тле ўсё той жа дарогі варта было б зьмясьціць вялікі сьпелы агурок і насеньне чаго-небудзь. Тэрыторыі колішняга Давід-Гарадоцкага раёну заўсёды вылучаліся вялікімі ўраджаямі гародніны. На прысядзібных гаспадарках яе тут вырошчвалі тонамі. Баба Воля займалася гэтым у гады сваёй маладосьці, працягвае сёньня й не зьбіраецца кідаць.

(Вольга: ) “Але хто вы?”

(Карэспандэнт: ) “Мяне завуць Ягор Маёрчык. Я карэспандэнт Радыё Свабода. Прыехаў сюды, да вас”.

(Вольга: ) “А Госпадзі! Можа, з апазыцыі нейкі!? Не?”

(Карэспандэнт: ) “Не! Я журналіст, а не апазыцыя. Зьбіраю інфармацыю, буду рабіць праграму пра Рамель”.

(Вольга: ) “А, ну добра! Самі робім насеньне: самі вырошчваем і зьбіраем. Возім па ўсіх частках колішняга Саюзу. “І ад брэсцкіх ваколіцаў, і да мурманскіх Лук ты ня знойдзеш мястэчка, дзе б ні быў гарадчук”. Зразумелі? На базары бачылі, колькі людзей стаіць? Як хто набудзе, дык добра, дзякуй яму за гэта. А то можна й марна прастаяць. Раней мясцовая ўлада ставілася да гэтага нэгатыўна, а цяпер ніхто нічога ня кажа”.

(Карэспандэнт: ) “Людзі наогул як да ўлады ставяцца?”

(Вольга: ) “Нармалёва. А як жа без улады? Улада трэба, каб была!”

(Карэспандэнт: ) “Ну, мажліва іншая…”

(Вольга: ) “Не, іншай нам ужо ня трэба. Нам і з гэтай добра!”

Колькі гадоў таму дзяржаўны гандаль паспрабаваў кантраляваць агурковы бізнэс. Але тады ўраджай нават ня здолелі вывезьці ў прыёмныя пункты, і чыноўнікі вырашылі адмовіцца ад гэтай ідэі. І цяпер вяскоўцы ў думках кажуць афіцыйным асобам “дзякуй" за тое, што больш ня ўмешваюцца.

Жыхары Столінскага раёну вырошчваюць агуркі з галяндзкіх бубак. Нядобрасумленныя агуркаводы зьбіраюць насеньне другога пакаленьня й выдаюць яго за арыгінальнае. Вонкава яно вельмі падобнае. Возьніцу можна пабачыць толькі бліжэй да сярэдзіны лета, калі прыйдзе час зьбіраць ураджай.

Жыхар Рамеля Юры Пашкевіч засьцерагае ад падману:

(Пашкевіч: ) “Гэтае насеньне, якое атрымліваюць, яно лічыцца несапраўдным. Няма роўных насеньню, якое пастаўляе Галяндыя. Насельніцтва Столінскага раёну вырошчвае, выключна выкарыстоўваючы галяндзкае насеньне. З галяндзкіх агуркоў насеньне ніхто і ніколі ня можа атрымаць”.

(Карэспандэнт: ) “Тыя, хто гандлююць такім насеньнем — атрымліваецца, што яны падманваюць людзей?”

(Пашкевіч: ) “Дакладна так”.

У сьвеце пра дабрабыт мяркуюць паводле таго, як часта чалавек можа дазволіць сабе наведваць забаўляльныя мерапрыемствы, набываць новую вопратку і бытавую тэхніку, а яшчэ — ці харчуецца ён у рэстарацыях і кавярнях.

Погляд на жыцьцё ў Рамелі з таго боку барнай стойкі я пачуў з вуснаў афіцыянткі Марыі:

(Марыя: ) “Я буду гаварыць на беларускай мове. Кавярня нашая называецца “Юнацтва”. За дзень у нас бывае вельмі мала кліентаў. Іншы дзень можна пералічыць на пальцах. Кліенты нашыя — гэта хто прыходзіць выпіць чарку-другую віна, простае таннае віно. А гарэлка? Мала п’юць гарэлку. Месячны плян мы не выконваем. Гэта ў зімовы пэрыяд. А калі пачынаюць расьці агуркі, людзей прыходзіць больш. У людзей зьяўляюцца грошы. Прыбытак наш павялічваецца. Яны нават за півам ходзяць часта. Тады зьяўляецца разьліўное піва, а зімой у нас разьліўное піва зусім ня йдзе”.

Палескія агуркі заўсёды ішлі “на ўра!” Мяркую, попыт значна скараціўся, калі б пакупнікі ўведалі, што гародніна вырошчваецца на зямлі, забруджанай аварыяй на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Гэта было раней. А цяпер усе могуць спаць спакойна. Ня так даўно спэцыяльнай пастановай радыяцыю ў Столінскім раёне адмянілі. З такімі дзеяньямі ўладаў ня згодная акушэрка Ева Нагар.

(Нагар: ) “Праверылі й сказалі, што ў нас ужо чыстая зона. Зьнялі з нас “чарнобыль”. Я мяркую, што так вырашыла ўлада. У нас была надбаўка да заробку 25%, нашых дзетак бясплатна вывозілі ў санаторыі, а цяпер ужо няма такога. Калі зьнялі, дык у нас ужо чыстая зона. Хай да нас ужо на курорты езьдзяць з Нароўлі. А тут становішча такое, як і было. Ну, куды ўсё зьнікла?! Было да пяці кюры, а цяпер ужо нічога няма. Ды быць такога ня можа! Штогоду становіцца болей хваробаў, зь якімі мы раней і не сутыкаліся”.

(Карэспандэнт: ) “Раней былі льготы на мэдыкамэнты. Пазьней скасавалі. А людзям па кішэні іх набываць?”

(Нагар: ) “Некаторыя прыходзяць, і ў іх няма грошай. Тады мы бярэм сшытак і пішам даўгі аптэчнага пункту. А калі ў іх грошы зьяўляюцца, яны нам прыносяць. У нас ёсьць адна сям’я, яны малазабясьпечаныя. Як хтосьці зь іх хварэе, я накіроўваю іх у шпіталь, каб яны там пад’елі”.

(Карэспандэнт: ) “А што ў Рамелі ёсьць добрага?”

(Нагар: ) “Яно як-то ўсё напалову: і добрага, і дрэннага. Нібыта паглядзіш, грошай ні ў кога няма, але й вясельлі ладзяць, і апранаюцца нібыта добра, і машыны маюць. Нельга сказаць, што тут настолькі жыцьцё такое дрэннае. Хацелася б лепей жыць, як за мяжой: прыгожа і шыкоўна, але нельга, не па кішэні”.

У Рамелі няма арганізаванай апазыцыі. Шчыра кажучы, людзей, якія крытычна ставяцца да цяперашняй улады, тут хапае. Але яны сваіх поглядаў адкрыта не выказваюць. Нагадаю, што вяскоўцаў задавальняе сытуацыя, калі ўладная вэртыкаль ня ўмешваецца ў агурковы бізнэс. Яны шчыра прызнаюцца, што ня хочуць ускладненьняў. І таму лічаць за лепшае маўчаць.

Самым шчырым у размове са мной аказаўся мясцовы настаўнік музыкі Аляксей Сядляр. “Чаму?” — запытаецеся вы. Папросту ён агуркі не вырошчвае.

(Сядляр: ) “Галоўная праблема — калгас, усё пад сябе грабе. Можа хто й хацеў зямлі ўзяць, але зь цяжкасьцю гэтага можна дамагчыся. Павінен сельсавет даваць. А ў сельсавету адказ такі: у нас зямлі няма, у калгасе зямля апрацоўваецца добра, калгас спраўляецца добра, пустых зямель няма. Таму й не даюць. У нас дзяржава сама сабе, а людзі самі сабе. Пры гэтым дзяжава зьяўляецца тормазам у разьвіцьці. Адкрыта яны за народ. Аднак, скажам, сельсавет у нас — яго не чутно і не відно. Такое соннае царства”.

(Карэспандэнт: ) “Які музычны твор найбольш падыходзіць, каб апісаць жыцьцё ў Рамелі?”

(Сядляр: ) “Я бы мог параўнаць зь сярэдняй часткай увэртуры да драмы Вольфганга Гётэ “Эгмант”, якую напісаў Людвіг Бэтховэн. Дык вось цяпер ідзе барацьба. І павінна гэта прыйсьці да нейкага выніку. Як у тым самым творы, калі народ лікуе з нагоды набыцьця свабоды. Ну, а ў нас гэта будзе лепшае жыцьцё”.

Так ці інакш, усё жыцьцё ў палескай вёсцы Рамель віруе вакол агуркоў і насеньня. На іх грунтуецца дабрабыт тутэйшага насельніцтва. Чыноўнікі не пярэчаць такому бізнэсу. А вяскоўцы, у сваю чаргу, не вылучаюць публічна прэтэнзіяў да ўладнай вэртыкалі. Людзі спадзяюцца толькі на сябе.