Клімавічы

Марыя Ўсьціновіч, Клімавіцкі раён

Марознай раніцай у цэнтры гораду Клімавічы, што ў Магілёўскай вобласьці, гаманіць рынак. Ля царквы некалькі дзясяткаў гандляроў прапануюць бакалею, яйкі, марожаныя харчы — сала, рыбу, пяльмені ды катлеты. У чаканьні пакупнікоў людзі спрабуюць сагрэцца і распавядаюць пра сваё жыцьцё.

(Спадарства: ) “Выжываем. Хто як можа, той так і выжывае. Кінулі ўсіх людзей на волю лёсу і ўсё! Працы няма ў Клімавічах. Паскарачалі, і працы нідзе няма…”

Гэты міні-рынак у Клімавічах — несанкцыянаваны, і гандляры скардзяцца, што міліцыянты не даюць ім спакою. Самі людзі ўсьведамляюць, што парушаюць закон, але просяць зразумеюць і іх: трэба жыць, плаціць за камунальныя паслугі і есьці, на гэта патрэбныя грошы. “Ці нам трэба ісьці ды красьці?” — пыталася жанчына, якую скарацілі з працы і якая гадуе дваіх дзетак без мужыка.

(Спадарыня: ) “На біржы даюць капейкі лічаныя. Як мне пракарміцца? За сад 30 тысяч рублёў, за кватэру — 60. Як мне пражыць з двума дзецьмі, і працы няма? Вось і ідзі — кідаюць зь месца на месца…”

(Спадар: ) “Ці ад добрага жыцьця я тут стаю і мерзну, як вы мяркуеце? Ці на 80 тысяч рублёў можна пражыць? Ну вось… Адсюль і ўсе наступствы”.

Жанчына, якая прыехала ў Клімавічы з Расеі, ня можа знайсьці сабе працу. На пытаньне, ці падабаецца ёй гандляваць, сумна ўсьміхаецца:

(Спадарыня: ) “Дзяўчынка! Двое дзетак дома, трэба карміць. Трэба ж нешта рабіць. Вось калі ў турму пасадзяць, тады ня буду гандляваць… Не люблю гэта, але трэба карміць дзяцей”.

На гэты рынак прыходзяць набываць ежу людзі незаможныя. Тут няма санітарных умоваў, няма прылаўкаў, і якасьць тавараў таксама ня самая высокая. Затое танна. Калі не хапае грошай, то тут цябе прапануюць сала — па 3 тысячы рублёў за кіляграм. Гэта ўдвая таньней, чым у крамах.

Замарожаныя сасіскі зь Берасьця тут можна набыць за 2,5 тысячы рублёў. А ў краме за кіляграм такога ж тавару — 3–5 тысяч. Справа ў тым, што клімавіцкія гандляры завозяць іх у райцэнтар з Расеі, з памежнай Унечы і самі не перастаюць зьдзіўляцца цэнавым перакосам:

(Спадар: ) “Ну як такое можа быць? Што, берасьцейскія сасіскі вязуць у Расею, і мы самі, беларусы, потым едзем у Расею, набываем свой жа тавар і прывозім сюды? Абсурд абсалютны!”

На суседнім рынку прамысловых тавараў ня вельмі шматлюдна — цэны, як кажуць ягоныя наведнікі, “кусаюцца”. Гандляры гавораць, што вялікага попыту на іх тавары няма, бо ў людзей звычайна няма грошай.

З актыўнасьці пакупнікоў можна складаць графік выплаты заробкаў у Клімавічах. На наступны пасьля выдачы грошай дзень — ажыятаж, і потым доўгае зацішша. Праўда, прадпрымальнікі пры гэтым не сьпяшаюцца ліквідаваць свае гандлёвыя месцы і тлумачаць гэта наступным чынам:

(Спадар: ) “Больш займацца нам тут няма чым. Калі на працы ты атрымліваеш капейкі, мізэр, то і тут ты столькі заробіш. Палічы, штодзень зможаш набыць сабе хлеб. Хаця б хлеб, і ўсё”.


* * *
Клімавіцкі раён знакаміты на ўсю вобласьць і краіну перш за ўсё свам лікёра-гарэлачным заводам. Праўда, нягледзячы на тое, што новая клімавіцкая гарэлка “СССР” была прадстаўленая на мінулагоднім Канскім фэстывалі, на самім прадпрыемстве справы ня вельмі добрыя.

Клімавіцкія сьпіртныя напоі цяпер лічацца не такімі смачнымі, як сталічныя ды берасьцейскія, і вялікай папулярнасьці яны ня маюць. Праблемы са збытам прадукцыі прывялі да затрымак заробкаў і пагалосак аб істотных скарачэньнях работнікаў лікёра-гарэлачнага заводу.

Іншая была справа, калі беларуская гарэлка, а таксама і шэраг харчоў каштавалі таньней за аналягічныя расейскія. Квітнеў гарэлачны завод, а зь ім і раён. Гаворыць жыхар раённага цэнтру Сяржук Аржанцаў:

(Аржанцаў: ) “Увогуле ў рэспубліцы лічыцца, што раён у нас неблагі, шмат падпольных мільянэраў. Што блізкая мяжа з Расеяй, можна езьдзіць. Да, нейкая групка людзей жыве нядрэнна”.

У памежным Клімавіцкім раёне бізнэс на розніцы цэнаў квітнеў заўсёды. Раней у Расею вазілі малако, мяса ды гарэлку, цяпер адтуль цягаюць самае рознае харчаваньне, якое больш таннае за беларускае. Насельніцтва Клімавіцкага раёну трымае руку на пульсе памежнага жыцьця і яго выгодаў. Аднак справы на беларускім баку, зазначае Сяржук Аржанцаў, ня вельмі добрыя.

(Аржанцаў: ) “Але збольшага ўсё ў заняпадзе. Шмат прадпрыемстваў на скарочаныя тыдні перавялі. 4–5 дзён на тыдзень працуюць. Маслазавод месяц працуе, а месяц у адпачынку за свой кошт. У нас можа яшчэ у нейкім сэнсе горш, чым усюды”.


* * *
На рынках у раённым цэнтры ў гутарках зь людзьмі — пакупнікамі і гандлярамі можна лёгка даведацца пра самыя актуальныя праблемы раёну.

Клімаўчане скардзіліся, што на некаторых прадпрыемствах людзі атрымалі ў сьнежні заробкі толькі за жнівень.

(Спадар: ) “Тры, чатыры месяцы людзі заробкі ўвогуле не атрымліваюць. У камунальнай гаспадарцы 20 тысяч кінуць у месяц, а квартплата — 60 тысяч на месяц!”

(Спадарыня: ) “А ў калгасах — тое ж самае”.

(Жанчына: ) “А ў шпіталі тры месяцы людзям грошы не плацілі. Яны пайшлі ў райвыканкам, а ім сказалі: маўляў, вашыя грошы пайшлі на добраўпарадкаваньне гораду. Так людзям жа есьці трэба! Што мне гэта добраўпарадкаваньне? Я на лаўцы пасяджу, дык я ж сытая павінна там сядзець, правільна?”

Аднак самае вялікае абурэньне ў народу выклікае разьмеркаваньне замежнай гуманітарнай дапамогі. Клімавіцкі раён сапраўды падтрымлівае шчыльныя сувязі са многімі замежнымі арганізацыямі, але людзі маюць свае думкі наконт карысьці дабрачынных акцыяў.

(Спадар: ) “Разгружаюць фуру, сам асабіста бачыў — гуманітарка з Нарвэгіі, Галяндыі, Нямеччыны. І разьбірае хто? Усе “бугры”! Уся гуманітарная дапамога сыходзіць, а потым прадаецца”.

Выбары ў мясцовыя саветы ня трапілі ў актуальны сьпіс клімавіцкай грамадзкасьці. Большасьць апытаных ня толькі ня ведае сваіх дэпутатаў, але і ня памятае, за каго галасавалі на мінулых выбарах. Наконт удзелу ў новых выбарах меркаваньні палярныя:

(Спадарыня: ) “Нічога падобнага. Яны нам нічога добрага не зрабілі. І не хачу нават блізка…”

(Спадарыня: ) “Будзем галасаваць абавязкова. Я б за любога галасавала, толькі б не за Лукашэнку”.

Людзі ня вераць, што выбары і дэпутаты могуць зьмяніць да лепшага іх жыцьцё.

(Спадар: ) “У справах увогуле нікога ня ведаем. Хто б ні быў. Становіцца ўсё грош і горш. І лепей наўрад ці будзе”.


* * *
Так атрымліваецца, што самая ўплывовая партыйная арганізацыя дэмакратычнага кірунку Клімавіцкага раёну ў гэтыя дні агітуе якраз супраць выбараў, тлумачыць людзям іх бессэнсоўнасьць. Сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ распавядаюць людзям, што дэпутаты ня здольныя нічога зьмяніць, нават калі б хацелі.

Акрамя арганізацыі КХП БНФ, у раёне ёсьць прапрэзыдэнцкія камуністы і суполка Аб’яднанай грамадзянскай партыі, аднак асаблівай актыўнасьцю яны не вызначаюцца.

Людзі, якія лічаць сваім лідэрам Зянона Пазьняка, за асноўную задачу ўважаюць распаўсюд інфармацыі. Тлумачыць кіраўнік раённай арганізацыі КХП БНФ Міхась Шпакаў:

(Шпакаў: ) “Я б не сказаў, што тут палітычнае жыцце бурліць. І мы самі прыйшлі да высновы, што ісьці шляхам нейкіх эпатажных акцыяў — гэта не для гэтых людзей у правінцыі. Бо калі тут прыкоўваць сябе кандаламі ці стаяць насупраць будынку райвыканкаму, нічога гэтым ня зьменіш”.

Пікеты ў Клімавічах адбываліся да тых часоў, пакуль райвыканкам ня вызначыў для дэмакратаў свой “Бангалор” па дарозе на мясцовыя могілкі.

(Шпакаў: ) “Канечне, мы больш туда і не падавалі заяўкі на пікеты, бо гэта ганебна. Мы працуем у каллектывах, перадаем нашу інфармацыю з рук у рукі. Мы бачым плён нашай дзейнасьці, мы бачым паступовую зьмену настрояў ня толькі да ўлады, але і да асабістых праблемаў людзей”.

Дэмакраты працуюць зараз у асноўным з прадпрымальнікамі й маладымі людзьмі. Спрабавалі зьвярнуцца да настаўнікаў, аднак сутыкнуліся зь іх паталягічнай, як гаворыць Міхась Шпакаў, абыякавасьцю да лёсаў сваіх выхаванцаў у будучым.


* * *
У Клімавіцкі раён, тлумачыць сябар раённай арганізацыі КХП БНФ Сяржук Аржанцаў, трапляюць лічаныя асобнікі недзяржаўных газэтаў. Малады чалавек працуе ў бібліятэцы, аднак пра тое, чым цікавяцца клімаўчане, ён ведае таксама і з удзелу ў інфармацыйных праектах.

У раённым цэнтры калісьці выдаваўся інфармацыйны бюлетэнь “Клімавіцкі настрой”, аднак найбольшую колькасьць прыхільнікаў мела ініцыятыва, зьвязаная з утварэньнем альтэрнатыўнай сыстэмы распаўсюду газэты “Рабочы”. У Клімавічах, якія лічацца палітычным ускрайкам краіны, было больш за 200 падпісчыкаў “Рабочага”.

(Аржанцаў: ) “Нельга казаць, што забітая правінцыя і насельніцтва такое, што яго нічога не цікавіць. Калі яно на самой справе бачыць, што гэта добрая, канкрэтная інфармацыя, якая адпавядае іх настроям, то яны ідуць насустрач. Яны цікавяцца, чытаюць. Людзі проста адчуваюць, што ты ў першую чаргу робіш для іх, на карысьць грамадзтва”.

Сям’я Сержука Аржанцава прыехала ў Клімавічы з Кастрамской вобласьці. Падчас вучобы ў Менску зьявілася цікаўнасьць да палітыкі, і доўгі час самай рэальнай палітычнай сілай Сяржук лічыў камуністаў. Аднак потым вырашыў, што яны мала думаюць пра народ і што ўвогуле ў народу павінны быць нацыянальныя рысы.

(Аржанцаў: ) “Я зразумеў, што я жыву ў Беларусі на самой справе. Не на нейкай тэрыторыі, а ў краіне. Мне вельмі падабаецца мова, культура і гісторыя, мінулае Беларусі. Тым больш, можа, яе будучыня. Гэта маё”.

Сяржук Аржанцаў гаворыць, што зараз бачыць у людзях, асабліва ў моладзі, разуменьне таго, што ніхто — ні ўлада, ні партыі — ня будуць за іх будаваць сьветлую будучыню.

(Аржанцаў: ) “Пачынаюць фармавацца людзі новага тыпу. Не “саўковыя”. А тыя, для каго ўласная ініцыятыва на першым пляне. Якія здолеюць зрабіць сваю будучыню ўласнымі рукамі”.


* * *
Сяржук Аржанцаў цяпер зьяўляецца ў Клімавіцкім раёне карэспандэнтам недзяржаўнай газэты “Вольны горад”, якая выдаецца ў суседнім Крычаве. Ён гаворыць, што самы вялікі розгалас набываюць падзеі, зьвязаныя зь імем кіраўніка вэртыкалі Клімаўшчыны Ўладзімера Канавалава.

Гэты чалавек час ад часу трапляе ў цэнтар увагі ня толькі рэгіёну, але і ўсёй краіны. Амаль тры гады таму, напачатку 2000 году, Уладзімер Канавалаў выступіў з адкрытым лістом у раённай газэце “Родная ніва”, у якім абвінаваціў у злоўжываньнях кіраўніцтва раённай міліцыі й супрацоўнікаў Клімавіцкага лікёра-гарэлачнага заводу.

Уладзімер Канавалаў тады сьцьвярджаў, што пайсьці на такі нестандартны крок — надрукаваць у газэце адкрыты ліст — яго прымусілі надзвычайныя абставіны і тое, што ён больш ня ў стане моўчкі супрацьстаяць карупцыі ў раёне. Пасьля шматлікіх разьбіральніцтваў і праверак у Клімавіцкім раёне зьявіліся новы начальнік райаддзелу міліцыі й дырэктар лікёра-гарэлачнага заводу.

Год таму стала вядома, што супраць кіраўніка вэртыкалі Клімавіцкага раёну ўзбуджаная крымінальная справа, ён падазраваўся ў крадзяжы шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі. Аднак справу “замялі”.

Верагодна, што паўплывала ўзнагароджаньне Ўладзімера Канавалава Ордэнам Пашаны, у прыватнасьці, гаварылася ва ўказе Аляксандра Лукашэнкі, за “стварэньне рэальных умоваў для падвышэньня ўзроўню жыцьця насельніцтва”.

Жыхары Клімавічаў лічаць, што з актыўнасьцю Уладзімера Канавалава, зь ягоным націскам ён быў бы нядрэнным кіраўніком раёну, калі б абіраўся грамадзянамі й павінен быў рабіць перад імі справаздачу.


* * *
(Шпакаў: ) “Пра ўладу я магу сказаць, што наша ўлада — копія цэнтральнай улады. Яна кампэтэнтная ў сваёй паказушнай дзейнасьці, часам замілаваная сваёй хамскасьцю. Але пры гэтым выразна антыбеларуская”.

Міхась Шпакаў памятае, як зьневажаліся сябры КХП БНФ, калі ў прэзыдэнцкую кампанію 2001 году яны зьбіралі подпісы за Зянона Пазьняка, як некаторыя зь іх гублялі працу. Міхась гаворыць, што мясцовая ўлада душыць ня толькі іншадумства, але і беларускасьць. Беларускамоўную шыльду на ягоным кабінэце ў шпіталі кіраўнік раёну растаптаў асабіста.

Жыхар Клімавічаў Аляксандар Башарымаў распавёў, як улады змагаліся ў выбарчую кампанію зь бел-чырвона-белым сьцягам. Нацыянальны сьцяг, сваю ўласнасьць, Аляксандар павесіў на вагончыку ў двары дома, і шмат часу гэтую “вольнасьць” ніхто і не заўважаў. Акурат да выбарчай кампаніі.

Потым у адну ноч сьцяг проста зьнік. Высьветлілася, што яго тайна сканфіскавалі супрацоўнікі міліцыі, і потым Аляксандра яшчэ і прымусілі пісаць тлумачэньні. Пакараньня не было, бо ён заявіў аб сваім праве павесіць любую рэч у двары ўласнага дому, але сьцяг, дарагі сэрцу Аляксандра, так і не вярнулі.

(Башарымаў: ) “Увогуле гэта наша гісторыя. Я і іншым тлумачу, што гісторыя наша пачынаецца не з 1953 году, калі Сталін увёў той сьцяг, які зараз. Яна пачынаецца значна раней”.


* * *
Міхась Шпакаў, які сёньня кіруе клімавіцкай арганізацыяй КХП БНФ, ураджэнец Полацку і трапіў у райцэнтар у выніку разьмеркаваньня пасьля мэдычнага інстытуту. Быў камуністам, і ў час перабудовы гучна адмовіўся ад сяброўства ў партыі пасьля таго, як даведаўся пра ўчыненыя камуністамі злачынствы.

Потым Міхась стаў цікавіцца ідэямі Беларускага Народнага Фронту і найлепшым выразьнікам нацыянальнай ідэі цяпер лічыць Зянона Пазьняка.

(Шпакаў: ) “Тая палітыка гвалтоўнай русіфікацыі, якая зараз працягваецца, патрабуе і супраціву, і актыўных дзеяньняў. Каб наша дзяржава была сапраўды беларускай і была ў інтарэсах беларусаў”.

Міхась Шпакаў больш за 15 гадоў працаваў намесьнікам галоўнага лекара раённага шпіталю, аднак вымушаны быў пайсьці на іншую, менш значную пасаду, загадчыка інфэкцыйнага аддзяленьня. Справа ў тым, што ў часе выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі за Зянона Пазьняка на Клімаўшчыне ўдалося сабраць 700 подпісаў. Вельмі шмат у параўнаньні з Лукашэнкам, за якога набралося крыху больш за тысячу подпісаў.

Хаця потым выбарчая камісія скасавала подпісы за Пазьняка, і ягоным прыхільнікам не ўдалося абскардзіць гэта ў пракуратуры, мясцовае кіраўніцтва было знэрваванае, і на кіраўніка шпіталю пачалі націскаць. Заява па ўласным жаданьні ўраўнаважыла мірнае суіснаваньне.

Міхась ня лічыць, што перашкоды, якія робіць улада дзейнасьці яго і ягоных паплечнікаў у партыі, непераадольныя. Ён не баіцца мець свой погляд на любую сытуацыю і адкрыта яго выказваць.

Напрыклад, Шпакаў часта гаворыць, што блізкасьць жыхароў Клімаўшчыны да Расеі робіць іх нявызначанымі, перашкаджае іх самаідэнтыфікацыі, і тутэйшыя беларусамі сябе ня лічаць. І менавіта абуджэньне нацыянальнай прыналежнасьці Міхась лічыць сваёй найпершай задачай.

(Шпакаў: ) “Бо ўсё ж яны — беларусы, і ў гаворцы, калі прыслухацца, яны ня рускія людзі, і па мэнталітэту. Адзінае, што яны не ўсьвядомілі гэтага і ня маюць вось той неабходнай у пэўнай ступені самапавагі. Мы бачым задачу, каб зьмяніць гэты настрой, абудзіць самапавагу і паказаць альтэрнатыву гэтаму жыцьцю і гэтай уладзе”.

Міхась Шпакаў і ўсе клімавіцкія дэмакраты вераць у лепшае.

(Шпакаў: ) “Я спадзяюся на тое, што здаровы сэнс у нашых людзей усё ж пераможа, інстынкт самазахаваньня не дазволіць зьнікнуць нашай дзяржаве беларускай. Я спадзяюся на моладзь, якая бачыць сытуацыю, добра разумее, якая ня дасьць беларускім людзям сысьці ў нябыт”.