Ільля

Міхал Стэльмак, Ільля

Вось ужо паўгода ў Ільлі не сьціхае скандал. Справакавала яго закрыцьцё мясцовага хлебазаводу:

(Пракоф’ева: ) “Тут рабіла болей за 100 чалавек. А зараз людзі засталіся бяз працы”.

(Карэспандэнт: ) “Калі яго зачынілі?”

(Пракоф’ева: ) “З 1 ліпеня”.

Паведаміла мне гэта бухгальтарка хлебазаводу Валянціна Пракоф'ева. Прадпрыемства месьціцца на ўскрайку мястэчка. Дзесяцігодзьдзямі адсюль зыходзіў водар печанага хлеба. Ён расьцякаўся па вулках Ільлі, запаўняў кватэры Ільлянцаў. Зараз таго паху няма. Заводзкая труба нават ня дыхае. Але ў адным з цэхаў я застаў людзей. Яны аказаліся рабочымі зачыненага хлебазаводу. Цяпер ужо былыя хлебапёкі так патлумачылі прычыну вытворчай драмы прадпрыемства":

(Рабочы: ) “Вілейскаму заводу складалі канкурэнцыю, з-за чаго і зачынілі”.

(Карэспандэнт: ) “Вы зьвярталіся да каго-небудзь з гэтым пытаньнем, пратэставалі?”

(Рабочая: ) “Хіба “наверсе”, у аблвыканкаме, ня ведалі, што зачыняецца хлебазавод?! Што шэраговы рабочы зробіць, калі начальства распарадзілася зачыніць”.

Варта ўдакладніць: зачыняла прадпрыемства не заводзкае начальства. Яно заадно з рабочымі. Рашэньне было прынята "наверсе". Уладнымі структурамі. Галіна Кутас – прадстаўніца гэтых структураў. Яна – старшыня Ільлянскага сельскага Савету:

(Кутас: ) “Магутнасьцяў Вілейскага хлебазаводу наагул хапае для таго, каб забясьпечыць нармалёвым хлебам насельніцтва ўсяго раёну. Я не тэхноляг, але я разумею, што калі гэты працэс бесьперапынны, то якасьць хлебу лепшая. А то было вельмі шмат адкідаў, таму што печ спынялася, аб’ёмы зьменшыліся. І вось так атрымалася, што наш Ільлянскі хлеб атрымаўся нібыта горшы за вілейскі. І вядома ж яшчэ горшым за менскі. Ды ня толькі ў гэтым прычына. Прычына яшчэ ў пастаўках. Калі шчыра казаць, то для гораду і мука лепшая давалася на гэты хлеб, чымся для сельскіх раёнаў. Сюды да нас даходзіла мука горшага гатунку”.

Паводле спадарыні Кутас, закрыцьцё Ільлянскага хлебазаводу было не гвалтоўным. Рашэньне нібыта прымалася дэмакратычна. Так, маўляў, захацелі мясцовыя жыхары:

(Кутас: ) “Чамусьці так было, што людзі, як прывязуць Ільлянскі хлеб, то людзі крычалі, што Ільлянскі горшы, вілейскі лепшы, менскі яшчэ лепшы, дайце нам лепшага. Далі”.

Работнікі ж хлебазаводу сьцьвярджаюць, што дэмакратыі тут не было й блізка. Гаворыць рабочая Марыя Пропер:

(Пропер: ) “Па вёсках езьдзілі і людзей уводзілі ў зман. Што кепскі хлеб. Прасілі, каб падпісаліся. А той жа дзед стары і па хлеб ня ходзіць. Але падпішацца. Калі просяць”.

(Карэспандэнт: ) “Што, такая кампанія вялася?”

(Рабочая: ) “А няўжо ж не. Усе ведаюць. Што езьдзілі па вёсках і агітавалі, што кепскі наш хлеб”.

Пасьля таго, як было вырашана закрыць завод, хлебапёкаў аднаго за другім пачалі выкідваць на вуліцу:

(Спрадарыня: ) “Уладкавацца няма куды. Вось у мяне сына скарацілі і нявестка ня працуе. І будуюцца. Як ім жыць?”

(Яшчэ адна спадарыня: ) “Зараз нават прыбіральшчыцай нельга ўладкавацца на працу – ня возьмуць”.

(Руткоўская: ) “Я ўсё жыцьцё на пякарні адпрацавала. 32 гады”.

(Іншая спадарыня: ) “Газ толькі каштуе зараз 8 тысяч рублёў. А яшчэ тэлефон. Святло падаражэла”.

(Спадарыня: ) “Эканомілі, эканомілі – спадзяваліся, што заводу спатрэбіцца”.

Ці задумваліся ўлады пра сацыяльныя наступствы закрыцьця хлебазаводу? Ці ўсьведамлялі, што ён быў яшчэ і кармільцам саміх хлебапёкаў? Старшыня сельсавету Галіна Кутас адказала на гэтыя пытаньні наступным чынам:

(Кутас: ) “Я разумею, што тут былі працоўныя месцы. Гэта кепска для людзей, для рэгіёну. Але праўда і тое, што мы не бяз хлебу. І калі шчыра казаць, то мне было балюча. Магчыма таму, што я тут жыву. Я асабіста і мая сям’я ніколі ня мелі прэтэнзіяў да хлебу. Я яго ела заўжды і не шукала таго ж менскага хлебу. І лічыла яго нармалёвай якасьці. І не сказаць, што гэты хлеб быў такой якасьці, хаця нараканьняў было шмат. У нас як бывае: адзін сказаў – усе падтрымалі, хаця гэта і ня так”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце шчыра, вы абаранялі гэтае прадпрыемства?”

(Кутас: ) “Разумееце, вы мяне, як кажуць, ставіце да “сьценкі”.

Паводле спадарыні Кутас, прадпрыемства было стратным. Работнікі ж былога хлебазаводу перакананыя ў памылковасьці яго закрыцьця. Як з эканамічнага, так і сацыяльнага пункту гледжаньня:

(Пракоф’ева: ) “Улетку ў нас атрымліваўся прыбытак. Прыяжджалі дзеці на канікулы, былі большыя аб’ёмы выпечкі. Таму ў Вілейцы трэба было зьменшыць аб’ём. І хай бы тут аставаўся хлебазавод. Дзеля людзей. Бо столькі людзей засталося бяз працы. Ёсьць па трое дзетак у сям’і. Рабілі на заводзе і муж, і жонка. Яны засталіся бяз працы. Зараз на біржы яны атрымліваюць па 20 тысяч рублёў. Хіба гэта грошы?”

Так лічыць бухгальтарка спадарыня Пракоф'ева. Інакш мяркуе старшыня сельсавету:

(Кутас: ) "Скажам так, ад гэтага нікуды ня падзецца”.

(Карэспандэнт: ) “Куды гэтых людзей падзець?”

(Кутас: ) “Надыходзіць той момант, калі любое грамадзтва з гэтым пытаньнем сутыкаецца. Куды падзець гэтых людзей? На гэта ж ёсьць цэнтар занятасьці. Але той, хто хоча працаваць, той, хто хоча і можа атрымаць нейкую прафэсію, перакваліфікавацца, для гэтага магчымасьці ёсьць. Сёньня цэнтар занятасьці прапануе. У нас такі дэфіцыт працоўнай сілы, напрыклад, у сельскай гаспадарцы, што сёньня б з дарагой душой прынялі б асабліва мужчын мэханізатарам, трактарыстам, шафёрам”.

Былыя ж хлебапёкі бачаць рэчаіснасьць інакшай. Паводле Валянціны Пракоф'евай, з працаўладкаваньнем у Ільлі пэрспэктыва амаль што безнадзейная:

(Пракоф’ева: ) “Можа толькі якіх 5 чалавек знайшлі працу. Дзе ў вёсцы можна знайсьці працу?! У калгас і той ня бяруць”.

Афіцыйны статус Ільлі – вёска. Ільлянцы называюць яго мястэчкам. Пэнсіянэр-настаўнік Ігар Соніч – з тутэйшых. Ён памятае Ільлю іншай, чымся зараз:

(Соніч: ) “Было вялікае гэтае мястэчка Ільля. Базары былі тут вялікія. Вельмі вялікія. Нават пасля вайны яшчэ была Базарная плошча. А потым пачаўся заняпад і стала вёска”.

Што да назову мястэчка, то ёсьць дзьве вэрсіі яго паходжаньня. Як лічыць мясцовая выкладчыца Валянціна Кавальчук, абедзьве – слушныя:

(Кавальчук: ) “Калі вы зараз паглядзіце ў гэтае вакно, вы ўбачыце царкву. Гэта адзіная царква на прасторы былога СССР, якая мае такі назоў – Сьвятога Ільлі. І наша мястэчка таму – Ільля. Тут дзьве вэрсіі. Першая–царкоўная. Што гэты куток некалі блаславіў Святы Ільля. І царква была пабудаваная, і мястэчка. А другая вэрсія больш зямная. Рэчка ў нас была вялікая, плыўная. Яна цяпер ёсьць, толькі больш мелкаводная. Яна разьлівала свае прасторы, была мнагаводнаю. Выходзіў іл. Адсюль і Ільля. Мястэчка Ільля”.

2 жніўня – у дзень Ільлі – сьвята мястэчка. Ільлянцы ладзяць фэст:

(Тацяна: ) “Спакон вякоў. Нават блізкія вёскі зьбіраюцца. І рэгулярна канцэрты. І людзей шмат. І набажэнства сьвятар праводзіць. Ва ўсе часы ў нас Ільля быў. І сьвята было. Так заведзена”.

Паводле архіўных крыніцаў, першыя згадкі пра Ільлю датуюцца XV стагодзьдзем. Аніякіх збудаваньняў, іншых знакаў таго часу не захавалася. Ці не адзіным сьведчаньнем старадаўнасьці паселішча ёсьць, як зазначае Валянціна Кавальчук, мясцовыя храмы:

(Кавальчук: ) “У нас і каталікі, і праваслаўныя. Дзьве канфесіі мірна суіснуюць вякамі. 200 гадоў касьцёлу, і царкве таксама”.

Апроч фэсту ды набажэнстваў Ільлянцаў час ад часу зьбірае разам мастацкая самадзейнасьць. Агульнапрызнаная завадатарка – старшыня сельсавету. Галіна Кутас – паэтка:

(Кутас: ) “Я асалоду слоў тваіх п’ю асьцярожна
Давай запомнім гэты міг –яшчэ ня позна
Дарог заблытаных клубок жыцьцё матае
А дзе апошні той віток – ніхто ня знае
Ты мне ў вочы зазірні, апошні раз не абміні
Прашу цябе, не абмані, каханьне!
Стамлёны слых у цішыні чаруюць гукі
Давай запомнім гэты міг, гавораць рукі.
Душа каханьню верыць зноў, цяплом спавіта.
І для цябе гучыць без слоў мая малітва”.

Усе вершы прадстаўніцы ўлады – пра каханьне. Паводле ейных словаў, іншыя тэмы яе не займаюць. Ня піша яна і пра палітыку. Местачкоўцы кажуць, што асьцерагаецца. Улада, маўляў, мяняецца, а каханьне – вечнае. Ільлянцы ў пераважнай большасьці таксама асьцерагаюццца камэнтаваць палітычныя падзеі. Хаця паэтка, яна ж старшыня сельсавету Галіна Кутас мяркуе інакш:

(Кутас: ) “Па-мойму, у нас такія людзі даволі раскаваныя. Некалі, як толькі бліснула дэмакратыя, у нас тут чаго толькі не было. Якіх толькі партыяў не было! Тут і страйкавыя камітэты былі ў 1990-я гады. Тут ніхто не баіцца”.

Пэнсіянэр-настаўнік Ігар Соніч – адзін з колішніх актывістаў у Ільлі, які спрабаваў зрабіць палітычную кар’еру:

(Соніч: ) “Дык я ж і сам быў кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савету. Змагаўся з Каратчэнем”.

Міхаіл Тонкавіч, які падчас тых выбараў быў даверанай асобай Ігара Соніча, сьцьвярджае:

(Тонкавіч: ) ”Каратчэня падкупіў людзей”.

(Соніч: ) “Трэба падумаць як жыць далей. Вёска пастаўлена на калені. Загінула. Усё разбураецца. Усё зьнішчаецца. Ня ведаю, калі будзе прасьвет. Ня будзе”.

(Тонкавіч: ) “Чаму наш завод, хлебазавод разагналі?!”

(Карэспандэнт: ) “Мясцовая ўлада вінаватая ў тым, што гэткае становішча?”

(Тонкавіч: ) “Зьверху ўсё гэта ідзе. Бо гаспадары. Галасуй не галасуй – адзін чорт. І яшчэ буду галасаваць супраць. Бо няма толку і ня будзе. Але кім заменіш?!”

(Карэспандэнт: ) “Няўжо ў Ільлі няма людзей, вартых дэпутацкага мандата?”

(Тонкавіч: ) “Шмат. У Ільлі палова жыхароў з вышэйшай адукацыяй. Але што толку”.

(Соніч: ) “Вось калі я быў кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савету. Я перамог у першым туры. Ну й што? Усю ноч сядзелі, перарабілі. Колькі трэба бюлетэняў, столькі выкінуўлі. У другім туры “задушылі” так, што і ня піскнулі. Усіх літаральна. Пачынаючы ад брыгадзіра. Загадчыка фэрмы, бібліятэкара, старшыню сельсавета”.

Старшыня сельсавету Галіна Кутас сьцьвярджае, што ў пэрыяд яе кіраваньня парушэньняў выбарчага заканадаўства не было. Ня будзе, паводле ейных словаў, ціску ці фальсыфыкацыяў і ў часе мясцовых выбараў 2003 году:

(Кутас: ) “Я ўжо шмат выбараў правяла”.

(Карэспандэнт: ) “З боку вашых актывістаў ці ёсьць ініцыятыва, каб стаць дэпутатам?”

(Кутас: ) “Ніхто нават не прыходзіў. Не было, каб нехта заявіўся і сказаў, што я буду вылучацца. Ніхто нават такой гутаркі не вёў.

Камісіі працуюць–ужо людзі прывыклі.У мяне было чатыры выбарчыя ўчасткі, як выбіралі прэзідэнта. Я вось зараз думаю, а ці патрэбна мне чатыры. Гэта лішняе. Людзі зараз старыя ў вёсцы. Актыўнага выбаршчыка ў вёсцы мала. Тых, хто сам прыйдзе на выбарчы ўчастак. Ня ўсе прыйдуць. Трэба ехаць, каб ён прагаласаваў – ня ўсе прыйдуць”.

Ільлянцы, насамрэч, будучымі выбарамі пакуль ня надта цікавяцца. Сёньня іх займае іншы клопат:

(Качміт: ) “Гэткае Ільля. Гэта ж некалі такі раён быў. Такое насельніцтва. Незадаволеныя, што зачынілі гэтую пякарню. Дзеля чаго зачынілі – ніхто ня ведае. І боханчык сьвежы б купіў, і боханчык белы. А то чакай. Пакуль машына прывязе. А ў выхадныя дык наагул ніхто не прывозіць. Вось і ўсё. Едзь у Вілейку. Можа зрабілі для таго, каб людзі грошы праяжджалі”.

(Карэспандэнт: ) “Як вас завуць?”

(Качміт: ) “Ніна Сьпірыдонаўна Качміт. Я сама адзін раз пайшла – няма хлебу. Другі раз пайшла – таксама няма. А хлеба ж у запас ня набярэш. А калі будзе завіруха. Будуць людзі пакутваць – ня будзе хлеба”.