Вязынка

Ягор Маёрчык, Вязынка

120-я ўгодкі нараджэньня паэта, драматурга і грамадзкага дзеяча Янкі Купалы супалі са сьмерцю яшчэ аднаго “Янкі Купалы” — тутэйшага калгасу. Увесну ён сканаў, зямлю і маёмасьць перадалі Красьненскаму кансэрваваму заводу.

Пасьля гэтага фэрмэр Уладзімер Закрэўскі аўтаматычна стаў самым буйным вытворцам сельскагаспадарчай прадукцыі ў акрузе. Колішні старшыня Радашкавіцкага сельскага савету мае з сотню гектараў зямлі. Як прызнаецца: сее ўсё, што на ёй можа вырасьці. А каб даглядаць палеткі, нават наймае парабкаў. Ягоная сядзіба знаходзіцца на ўскрайку Вязынкі. Я завітаў у госьці. Размова традыцыйна пайшла пра жыцьцё-быцьцё фэрмэраў і пра Янку Купалу.

(Закрэўскі: ) “Няма куды падзець гэты ўраджай. А калі здасі, дык грошы пасьля ня плацяць. Мне яшчэ млын вінен за леташні ўраджай”.

(Карэспандэнт: ) “Вось вы жывяце тут 15 гадоў. А калі апошні раз былі ў музэі Янкі Купалы?”

(Закрэўскі: ) “У мяне раней тэлефону не было. А патэлефанаваць трэба куды-небудзь, дык я туды кожны дзень хадзіў. А чытаць мне цяпер ужо няма калі. Я больш гляджу тэлевізію”.

(Карэспандэнт: ) “Якія каналы глядзіце?”

(Закрэўскі: ) “Найперш наш, беларускі”.

Я пажадаў посьпехаў Уладзімеру Закрэўскаму, разьвітаўся і пакрочыў далей па галоўнай вуліцы Вязынкі. Звычайная вёска. Пераважна аднапавярховыя дамы, агароджаныя прысядзібныя палеткі. Бачна, што платы далёка ня новыя і сям-там ужо хінуцца да зямлі. Увогуле ўзьнікае ўражаньне, што тубыльцы яшчэ толькі пачынаюць рыхтавацца да ўрачыстасьцяў.

Пераходжу мост і бачу цікавую карціну. Праваруч на пагорку стаіць старая фэрма. Дах ужо прасеў, а сьцены началі губляць першапачатковы белы колер. Кідаецца ў вочы, што на пляцоўцы побач прыпаркавана некалькі даволі салідных іншамарак. Нешта накшталт гэтага я бачыў у Літве. Жыхары адной з тамтэйшых вёсак пераўтварылі кароўнік у кавярню і ня скардзяцца цяпер на недахоп кліентаў зь ліку аматараў экзатычнага.

Марачы пра філіжаначку кавы, я падыходжу да фэрмы і адчыняю браму. Але замест музыкі чую гукі цыркулярнай пілы, афіцыянтаў няма: толькі да поясу аголеныя працоўныя. Аказваецца, тут месьціцца піларама — прыватнае прадпрыемства Васіля Гаўрыленкі. Гаспадар з гонарам прызнаецца, што ён ледзь не адзіны, хто стабільна папаўняе мяцовы бюджэт. Слова за слова — і бізнэсовец распавядае, якім чынам спрычыніўся да будучых сьвяткаваньняў.

(Гаўрыленка: ) “Папрасілі падамагчы людзям напіліць штакетнікаў, бо платы ў сарака адсоткаў жыхароў ужо нягодныя, а людзі бедныя. Мы пайшлі насустрач. А што рабіць? Трэба. Лес нам выдзелілі. А ён — гнілы сухастой. І таму робім са сваёй сыравіны”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта значыць, вы робіце платы за свой кошт?”

(Гаўрыленка: ) “Так. Я мяркую, што калі мы дапаможам уладам, дык і яны нам калі-небудзь дапамогуць — калі на нас “наедуць”, можа абароняць калі-небудзь”.

(Карэспандэнт: ) “Вы самі з творчасьцю Янкі Купалы знаёмыя?”

(Гаўрыленка: ) “Школьная праграма”.

(Карэспандэнт: ) “А што-небудзь памятаеце?”

(Гаўрыленка: ) “Ня памятаю. Ды ўсё: мазгі ўжо зусім. Узрост ужо, чаго вы хочаце?”

(Карэспандэнт: ) “А колькі вам?”

(Гаўрыленка: ) “Сорак пяць”.

Асфальт у Вязынцы паклалі 30 гадоў таму. За гэты час на ім зьявіліся радзімыя плямы. Гэта заплаты. Мясцовыя жыхары спадзяюцца, што сёлета дарогу зробяць наноў. Але, як мне ўдалося даведацца, плянуецца толькі заліць яе бітумам, а наверх насыпаць друз. Такое пакрыцьцё адметнае тым, што пад промнямі сонца смала растае, і да зямлі пачынае прыліпаць усё жывое і нежывое.

Тым часам я крочу далей. Насустрач ідзе 70-гадовая баба Воля. Наша гутарка пачынаецца з агульных тэмаў. Але яна пераводзіць размову на палітыку.

(Спадарыня: ) “Брэшуць, што Лукашэнка дрэнны. А чым ён дрэнны? Ён ужо прыйшоў на рэшткі. А яны цяпер хочуць, каб Лукашэнка ім усё адразу аднавіў. Вядома, ён добры! І лепшага ня знойдзеце. Нам добра. А каму блага, хай ідуць працуюць”.

(Карэспандэнт: ) “Каго вы маеце на ўвазе?”

(Спадарыня: ) “Маладыя. Вось я паехала ў горад. Дак бачыла, як яны там на плошчы стаяць. А чаго яны стаяць? Каб іх у калгас буракі папалоць, каб яны дапамаглі што, дык яны ня хочуць”.

Ужо чвэрць стагодзьдзя кожныя апошнія выходныя траўня ў Вязынцы ладзяцца студэнцкія зьлёты. Гэтыя мерапрыемствы называліся па-рознаму: ад зьлётаў студэнтаў-філёлягаў празь зьлёты ў справе барацьбы за цьвярозасьць да ідэалягічна-нэўтральных турыстычных зьлётаў.

З чаго гэта раптам я ўзгадаў пра вандроўнікаў? Адпачываючы ў цяньку, я разгаварыўся з 30-гадовым інвалідам Валерам, які сядзеў побач. І на пытаньне, якая асноўная праблема ў вёсцы, пачуў адказ:

(Валер: ) “Каб турыстаў меней прыяжджала. У нас тут чалавек прывязаў казу на рэчцы пасьвіцца. Прыйшлі студэнты, схапілі казу і зарэзалі на шашлык. Прырода ў Вязынцы добрая. Запаведнік тут — і вырубаць нічога нельга. А гэтыя панаяжджаюць у лес, б’юцца, крычаць, нагадзяць, бутэлькі паб’юць. Лес засераць, і па лесе не прайсьці. Грыбы, ягады былі раней, я цяпер праз гэтых турыстаў няма нічога”.

Пасьля кантактаў з тутэйшымі жыхарамі я заўважаю, што яны ня надта цікавяцца творчай спадчынай славутага земляка ды й размаўляюць збольшага па-расейску.

Па тлумачэньні накіроўваюся ў бібліятэку і Дом культуры. Але і першая, і другі аказаліся зачыненымі ў працоўны час. Іду у краму. І вось тут пачынаюцца нечаканасьці. Першае, нядрэнны асартымэнт на паліцах. Другое, самая распаўсюджаная ў правінцыі праблема — якасьць хлеба — гэта не пра Вязынку. А трэці сюрпрыз — прадавачка Ірына Кулькова ўласнай пэрсонай. Яна піша вершы ды казкі й размаўляе па-беларуску.

(Кулькова: ) “Мы размаўляем на трасянцы. Гэта ўплыў гораду: мабыць што дрэнны. Сваю мову трэба ведаць, калі жывеш у Беларусі”.

(Карэспандэнт: ) “Пакупніцкая здольнасьць. Ці ўсё людзі могуць дазволіць сабе набыць?”

(Кулькова: ) “Калі ўзяць некалькі гадоў таму — пяць–сем, дык, вядома, людзі цяпер горш жывуць”.

(Карэспандэнт: ) “Што зьвязана зь імём Янкі Купалы?”

(Кулькова: ) “На жаль, нічога такога няма. Увогуле было б цікава мець нешта такое ў краме. Але не паклапаціліся пра гэта”.

(Карэспандэнт: ) “А які тавар можа мець назву, так ці інакш зьвязаную зь Янкам Купалам?”

(Кулькова: ) “Цукеркі маглі б насіць такую назву, мабыць, нейкія напоі. Як сьвята, тады нам тут фарбуюць, чысьцяць, асфальт латаюць. У нас праверак процьма! Кожны дзень якое-небудзь начальства езьдзіць. Адзін так сказаў, другі прыйшоў і загадаў — зрабіць інакш трэба”.

(Карэспандэнт: ) “А ў астатнія дні ўлады клапоцяцца пра Вязынку?”

(Кулькова: ) “Дзякуй Богу, яны нас не чапаюць”.

Дырэктарка Вязынкаўскай базавай школы Галіна Ганакова прымае мяне вельмі гасьцінна. Даведваюся, што пастанова Міністэрства адукацыі пра закрыцьцё непэрспэктыўных навучальных установаў гэтую дзевяцігодку абмінула, што ўсе дысцыпліны па-ранейшаму выкладаюць па-беларуску і рабіць крокі ў бок расейскай мовы тут не зьбіраюцца.

Я слухаю ўсё гэта і разглядаю кабінэт. Само напрошваецца пытаньне:

(Карэспандэнт: ) “Тры партрэта прэзыдэнта і ніводнага партрэта Янкі Купалы. Гэта з чым зьвязана?”

(Ганакова: ) “А можа, я закаханая ў гэтую асобу?! Я маю права на гэта? А Янкі Купалы ў нас ёсьць музэй. І там усюль Янка Купала. Я ўвесь час тут арганізоўваю выбары — старшыня ўчастковай камісіі. Таму мне заўсёды даюць такія рэчы, усялякую ўсячыну. Дык я іх тут і паставіла”.

(Карэспандэнт: ) “Дык у вас, я пагляджу, цэлая калекцыя лукашэнак...”

(Ганакова: ) “Дык я вам і кажу: а што, калі я закаханая ў гэтага чалавека...”

(Карэспандэнт: ) “А па шчырасьці?”

(Ганакова: ) “А што? Ён жа мой зямляк”.

Іван Луцэвіч нарадзіўся ў фальварку, які тады складаўся зь некалькіх будынінаў. Але на пачатку 70-х мінулага стагодзьдзя тагачасныя ўлады аб’ядналі тры навакольныя вёскі: Курнавічы, Верамейкі ды Сяледчыкі — і новая кропка на мапе стала называцца Вязынкай.

Я стаю ля самага сапраўднага шлягбаўма. Гэта мяжа паміж Вязынкай несапраўднай і Вязынкай сапраўднай. Менавіта тут пачынаецца Купалаўскі мэмарыяльны запаведнік.

Яшчэ сотня мэтраў — і я ў хаце, дзе пясьняр зьявіўся на сьвет. Дзялюся ўражаньнямі ад пабачанага і пачутага ў вёсцы са старшай навуковай супрацоўніцай філіі Купалаўскага музэю Ірынай Трутневай. І яна на маю просьбу расстаўляе акцэнты:

(Трутнева:) “Цяпер гэта вёска, якая знаходзіцца паблізу Менску. Тут жывуць людзі сталага веку. Збольшага гэта прыежджыя людзі. Асабліва зімой вёска нібыта вымірае, але на лета ажывае. І вось тады здаецца, што вёска жыве поўным жыцьцём. Дзякуючы Купалу ў людзей ёсьць пачуцьцё гонару за сваю вёску, за тое, што яны зь Вязынкі. Гэтая вёска знакамітая на ўвесь сьвет”.

Я вяртаюся на чыгуначную станцыю, каб ехаць у Менск. Ва ўяўленьні многіх людзей Вязынка пачынаецца менавіта тут. Драўляны ўказальнік і валун з выбітымі радкамі:

Я адплаціў народу,
чым моц мая магла.
Зваў з путаў на свабоду,
зваў зь цемры да сьвятла.

Але па папулярнасьці ў вандроўнікаў указальнік і валун саступаюць тутэйшым, якія непасрэдна на плятформе гандлююць малаком, вяршкамі й курынымі яйкамі.

(Карэспандэнт: ) “А колькі за дзень можна зарабіць такім чынам?”

(Спадарыня: ) “Ну мы ж не спэкулянты, слухайце. Калі я адзін дзень прастаю, 20 тысяч я ўжо павязу дзецям. Прыяжджаю я адзін раз — і ўжо пракармлю сям’ю цэлы тыдзень. Дзеці заробкаў не атрымліваюць. Во каб яшчэ было так, як цяпер, дык можна было б жыць. Але ідзе да горшага: не пасьпееш пэнсію атрымаць, а цэны ўжо вырасьлі. Хто вінаваты? Вышэйшае кіраўніцтва. Як вам сказаць пра пэнсію гэтую? 85 тысяч. Я задаволеная”.

(Карэспандэнт: ) “Але пэнсіянэры ў іншых краінах — яны за мяжу езьдзяць, вандруюць...”

(Спадарыня: ) “Не. Я не хачу. Я ад сваёй Беларусі нікуды ня зьеду”.