Лёс Мікашэвічаў радыкальна зьмяніўся ў апошняй чвэрці ХХ стагодзьдзя. Спрычынілася да гэтай зьмены гучнае геалягічнае адкрыцьцё. У зямных нетрах паблізу Мікашэвічаў выявілі буйное радовішча граніту. Так паўстаў плян ягонае здабычы на шырокай прамысловай аснове.
На месцы радовішча заснавалі прадпрыемства “Граніт”, куды з усіх куткоў былога СССР сталі зьяжджацца спэцыялісты горназдабывальнай прамысловасьці. Адначасова на паўднёвым ускрайку Мікашэвічаў пачалася актыўная разбудова жытла.
Аднак з распадам савецкай імпэрыі маштабная індустрыялізацыя ў Мікашэвічах была спыненая. Мястэчка і “Граніт” пачалі прызвычайвацца да новай рэчаіснасьці.
Гаворыць старшыня выканкаму пасялковага савету Іван Калянковіч:
(Калянковіч: ) “Для Мікашэвічаў прадпрыемства “Граніт” — гэта ўсё. Гэта аснова жыцьця ў пасёлку. Асноўная частка новага мікрараёну — і сацкультбыт, і магазіны, і дамы — усе “гранітаўскія”. Калі “Граніт” атрымаў заробкі, жыцьцё ў Мікашэвічах пайшло ва ўсіх галінах, пачынаючы ад службы быту, па ўсіх будаўнічых арганізацыях пайшоў рух...”
Такое ж меркаваньне пра ролю “Граніту” ў жыцьці Мікашэвічаў маюць і астатнія мясцовыя жыхары. Наогул, у гэтым няма нічога дзіўнага. Распрацоўкай радовішча зараз займаюцца дзьве з паловаю тысячы чалавек. Месьціцца яно за 4–5 кілямэтраў ад мястэчка. Кожную раніцу ў бок “Граніту” накіроўваюцца дзясяткі аўтобусаў з рабочымі прадпрыемства.
Зараз я знаходжуся на тэрыторыі таго самага прадпрыемства, ад якога, як сьцьвярджаюць мясцовыя жыхары, залежыць лёс усіх Мікашэвічаў. Прадпрыемству ўсяго каля 25 гадоў, аднак яно мае досыць запушчаны выгляд.
Як высьветлілася, закінутасьць “Граніту” тлумачыцца цяперашнімі эканамічнымі рэаліямі прадпрыемства. Яно мае вострую патрэбу ў інвэстыцыях. Паводле словаў кіраўніцы плянавае службы Людмілы Альгамец, заводу, каб выбрацца з крызысу, неабходна зарабіць 8 мільёнаў даляраў.
(Альгамец: ) “Працуем над тым, каб перайсьці на выраб прадукцыі, якая карыстаецца попытам. Напрыклад на вытворчасьць кубападобнага друзу”.
Адсюль пачынаецца дарога ў кар’еры. Кар’еры займаюць некалькі соцень гектараў. У бок кар’ераў ідзе састарэлая тэхніка. Дзясяткі пустых БелАЗаў накіроўваюцца ў гэтыя кар’еры і вяртаюцца назад. БелАЗы патрабуюць замены. Замены патрабуюць бульдозэры. Але як зазначыла мне начальніца плянавага аддзелу Людміла Альгамец, грошай на гэта прадпрыемства ня мае.
З прычыны вялікай сацыяльна-эканамічнай залежнасьці падвышаная ўвага да вытворчых справаў “Граніту” назіраецца з боку ўсіх жыхароў мястэчка. Вось як, напрыклад, падсумавала гэтыя ўражаньні лідэрка Мікашэвіцкай філіі Беларускай арганізацыі працоўных жанчын Вольга Шэляговіч:
(Шэляговіч: ) “Па-першае, колькі ўжо гадоў існуе “Граніт”, а абсталяваньня новага не закупілі. Новыя лініі не ўсталявалі, не адчынілі. Таму адбываецца знос абсталяваньня. І тэхнічнага парку, і аўтамабіляў. Таму, як я чула, і праблемы там. Калі ня гэта, дык прадукцыйнасьць працы была б вышэйшая. І людзі б атрымлівалі большыя заробкі, і зацікаўленасьць была б вышэйшая. А так зараз яны рамантуюцца, няпоўны тыдзень працуюць”.
Зрэшты, усе вытворчыя праблемы “Граніту” найперш адбіваюцца на сем’ях яго непасрэдных работнікаў. У мястэчку некалькі інтэрнатаў, дзе жывуць рабочыя. У адным з такіх інтэрнатаў я пазнаёміўся зь сям’ёй Мартысікаў:
(Аляксандар: ) “Мартысік Аляксандар Аляксандравіч. Цэх пагрузкі №3. Працую машыністам бульдозэра”.
(Карэспандэнт: ) “Вы робіце ў самім кар’еры?”
(Аляксандар: ) “Так”.
(Карэспандэнт: ) “Бульдозэр твой новы?”
(Аляксандар: ) “Не. Новых бульдозэраў няма. Гавораць, што пакуль бяруць БелАЗы. У нас дабітая тэхніка. Усё рамонт. Запчастак таксама няма. А яшчэ — брак. Паставіў, выехаў — і зноў на рамонт”.
(Карэспандэнт: ) “Колькі гадоў вы жывяце ў гэтым пакоі?”
(Іна Мартысік: ) “Тры гады”.
(Аляксандар: ) “Тры гады. Двое дзетак — блёк нам прадаставілі”.
(Карэспандэнт: ) “Як на “Граніце” вырашаюцца жыльлёвыя праблемы?”
(Іна: ) “Цяжка. Яшчэ гадоў дзесяць чакаць — але й тое, мабыць, не атрымаем”, — зазначыла жонка Аляксандра Іна Мартысік.
Сям’я Мартысікаў зараз на 220-м месцы ў чарзе на жыльлё. Прынамсі, ужо цяпер іх апаноўвае трывога — дзе ўзяць грошай на кватэру. Заробак Аляксандра — 100 даляраў на месяц. Але фактычна ўсе яны ідуць на бягучыя патрэбы: харчы і адзежу. Павелічэньне заработнай платы — малаверагоднае. Што гэта так, пацьвярджае і меркаваньне “вэртыкальшчыка” Івана Калянковіча:
(Калянковіч: ) “Цяжка ім, таму што запазычанасьць у іх вялікая. І няспынна яны пакуль працуюць у доўг. Бо трэба адпрацоўваць даўгі. А даўгі гэткія вялікія, што адным годам іх не адпрацуеш”.
Каб палепшыць фінансавы стан прадпрыемства, ягонае кіраўніцтва атрымала загад зьверху — трымаць падсобную гаспадарку. На “Граніце” ёсьць сьвінафэрма на 300 галоў, якая, замест прыбытку, як пацьвердзіла кіраўніца плянавага аддзелу Людміла Альгамец, прыносіць заводу страты:
(Альгамец: ) “Кожны мусіць займацца сваёй справай. Хлеб павінны пячы хлебапекі, а боты шыць шаўцы. Мы ж — горнае прадпрыемства і мусім займацца вытворчасьцю той прадукцыі, дзеля якой знаходзімся тут. А так мы і хлебам займаліся, і гандлем займаліся, і падсобнай гаспадаркай зараз займаемся. Таксама займаліся аховай здароўя, я маю на ўвазе прафілякторый, швейную вытворчасьць адчынялі. Але натуральная гаспадарка — заўжды нявыгадная справа”.
Ёсьць пляны пашырэньня прадпрыемства. Аднак гэтае пашырэньне, як лічаць спэцыялісты, можа кепска адбіцца на экалягічнай сытуацыі ў Мікашэвічах. Рэч у тым, што з распрацоўкай кар’ераў зьніжаецца ўзровень вады і ўжо сёньня ў жыхароў Мікашэвічаў існуе праблема вады.
Пра гэта кажуць ня толькі работнікі “Граніту”, а й астатнія жыхары мястэчка. Вось меркаваньне пэнсіянэркі Алены Васільеўны:
(Карэспандэнт: ) “Ці даўно вы жывяце ў Мікашэвічах?”
(Алена Васільеўна: ) “Увесь час”.
(Карэспандэнт: ) “Ці адчуваеце вы, што вада тут стала горшая?”
(Алена Васільеўна: ) “Вядома. Вады ня стала, калі “Граніт” пабудавалі. Гэты “Граніт” забірае ўсю ваду. Калі б яны калодзеж пабудавалі, каб вада ішла ў краны… А то што — з рэчкі даюць, няма нават вапны, каб яе ачысьціць. Вось гэтак і жывём.
Калі ў нас быў Лукашэнка, дык абяцаў зрабіць ваду добрую, а то ж мы са Случы п’ем ваду. Ну а потым я ў газэце чытала, што не хапіла сродкаў. І выбары пачаліся. А зараз можна ўжо і ня даваць”.
Жыхароў старой часткі Мікашэвічаў, апроч якасьці вады, турбуе і яшчэ адна экалягічная праблема. Некалі чысты ручай, што працякае празь мястэчка, зараз ператварыўся ў брудную канаву. Зь яе разносіцца па навакольлі непрыемны пах. Нявырашаная праблема абурае, напрыклад, Іпаліта Раманоўскага, які пражывае па вуліцы Набярэжная:
(Раманоўскі: ) “І Лукашэнку пісалі. І зацьвердзілі, што трэба гэтую канаву прачысьціць”.
(Карэспандэнт: ) “Ці вы зьвярталіся ў пасялковы савет, у раённы выканкам?”
(Раманоўскі: ) “Пасялковы савет кажа, што грошай няма. Няма за што. Там далей начальства катэджы пабудавала — дык там як мае быць. А вось тут кілямэтры два — няма сілы ні ў кога”.
(Карэспандэнт: ) “Тут жывуць шараговыя людзі?”
(Раманоўскі: ) “Так. Тут жыве просты люд”.
Між тым, мясцовае начальства, як вынікае з тлумачэньня мясцовага “вэртыкальшчыка” спадара Калянковіча, таксама занепакоенае экалягічнай сытуацыяй. Аднак для яе паляпшэньня зараз нібыта няма магчымасьцяў:
(Калянковіч: ) “Што да Мікашэвічаў, дык у нас вельмі маленькі бюджэт. Фактычна, можна сказаць, яго наогул няма”.
Паводле словаў кіраўніка выканкаму, апроч экалягічных праблемаў, у начальства галава баліць і ад мноства іншых нявырашаных пытаньняў. Пасьля закрыцьця мясцовае пякарні ў Мікашэвічах паўстала, напрыклад, “хлебная” праблема. Гаворыць Іван Калянковіч:
(Калянковіч: ) “Я з гэтым дагэтуль не магу зьмірыцца. Бо тут быў вельмі смачны хлеб. У дадатак Лунінец знаходзіцца ад нас за 50 кілямэтраў. Пакуль хлеб прывязеш — ён ужо халодны. Інакш кажучы, гарачага хлеба ў нас практычна не бывае. Як ні ратуй яго — усё роўна не прывязеш. Таму не задаволеныя людзі, абураюцца”.
Калі адны жыхары Мікашэвічаў абураюцца якасьцю прывознага хлеба, дык пэнсіянэраў раздражняе яго дарагоўля:
(Друк: ) “Алена Кірылаўна Друк. Пэнсію атрымліваю 45 тысяч рублёў — хіба я на яе можна пражыць?.. І бульбу ж трэба купіць... Вось іду з магазіна — дарагі хлеб! Дык я не ўзяла яго. Таму што грошай не хапіла! Вельмі нам цяжка жыць. Я ежджу ў Жыткавічы, каб узяць там малака ці кефіра. Малако там 263 рублі — таньней. А тут — 350 рублёў малако. Я жыву адна. Муж быў удзельнікам вайны...”
(Кулакевіч: ) “Марыя Пятроўна Кулакевіч. Мой муж таксама франтавік, быў у Бэрліне, памёр. І ніякіх ільготаў. Нехта такі ўказ выдаў...”
(Карэспандэнт: ) “Вось сюды прыяжджаў Лукашэнка. Вы скардзіліся яму ці не?”
(Кулакевіч: ) “Лукашэнка падчас свайго знаходжаньня ва ўладзе не перагледзеў гэтага ўказу. І за гэта я яго не магу цярпець”.
У Мікашэвічы Аляксандар Лукашэнка прыяжджаў з прычыны масавых скаргаў мясцовых жыхароў. Скаргі былі зьвязаныя з высокім беспрацоўем у мястэчку. На сёньняшні дзень, паводле афіцыйных зьвестак, беспрацоўнымі лічацца тут звыш 400 чалавек. Насамрэч жа, як пацьвердзілі і ў выканкаме, праблема беспрацоўя тычыцца каля тысячы жыхароў мястэчка. Прычым, з кожных пяці беспрацоўных Мікашэвічаў чатыры — жанчыны. Таму ў мясцовым цэнтры занятасьці заўсёды шматлюдна. Адна са сталых наведніц — Валянціна Таргунская:
(Таргунская: ) “Працавала да дэкрэтнага адпачынку. Аграномам. Толькі ня тут, а пад Гомлем. Потым мы сюды пераехалі, вось я і прыйшла спытаць: можа штосьці ёсьць”.
(Карэспандэнт: ) “Вы некалькі гадоў ня можаце ўладакавацца на працу?”
(Таргунская: ) “Так”.
(Карэспандэнт: ) “А куды вам прапаноўвалі?”
(Таргунская: ) “Нікуды”.
А вось Тацяне Козак у дзень майго знаходжаньня ў Мікашэвічах моцна пашанцавала:
(Козак: ) “Прыбіральшчыцай уладкавалася”.
(Карэспандэнт: ) “Колькі вам давялося стаяць на ўліку ў цэнтры занятасьці, каб атрымаць працу?”
(Козак: ) “Некалькі гадоў. А зараз вось — чыста выпадкова. З мужам пераехалі. Спадзяваліся ўладкавацца на працу. Бо як у калгасе зараз?! Муж мой аграном, але ня хоча ісьці сюды ў калгас — тут няма гэтага калгасу. Развалілі. Здавалася б, Мікашэвічы — гэткі населены пункт. І тут трэба, каб добры быў калгас?! Раней і качкі разводзілі, і гусі, і сьвінафэрма была. А зараз — няма. Дык муж зараз пайшоў на зіму качагарам. Я ж сама прадавец. Вельмі шмат жанчын, як я, — што сядзяць бяз працы”.
На думку кіраўнікоў цэнтру занятасьці, высокае беспрацоўе ў Мікашэвічах сталася наступствам непрадуманай сацыяльнай палітыкі. Калі пабудавалі “Граніт”, дзе запатрабаваная пераважна “мужчынская” праца, улады не падумалі пра адкрыцьцё тут “жаночых” прадпрыемстваў. Апошнімі гадамі гэтая памылка ня толькі не была выпраўленая, а зрабілася вастрэйшая. Вось што паведаміла на гэты конт прадстаўніца цэнтру занятасьці Сьвятлана Аскарава:
(Аскарава: ) “Працавалі жанчыны ў асноўным у дзіцячых садках. Але садок таксама зачынілі, трыццаць чалавек выкінулі на вуліцу, і яны прыйшлі да нас. Была калісьці ў нас пякарня — там таксама жанчыны працавалі. І таксама яе чамусьці зачынілі”.
Візыт Аляксандра Лукашэнкі ў мястэчка справу беспрацоўя ў Мікашэвічах не паправіў. Тым ня менш, падчас прэзыдэнцкіх выбараў, паводле афіцыйных зьвестак, Лукашэнка перамог тут зь вялікай перавагай. За яго нібыта прагаласавала ў 5 разоў больш выбарцаў, чым за Ўладзімера Ганчарыка. Але лідэрка мясцовага жаночага руху Вольга Шэляговіч гэтым лічбам не дае веры:
(Шэляговіч: ) “Як праходзілі выбары? 9 верасьня мы былі назіральнікамі ад сваёй грамадзкай арганізацыі. Сядзелі нашы жанчыны на ўсіх участках. Цэлы тыдзень працягваліся датэрміновыя выбары. Кіраўнікі прадпрыемстваў загадвалі сваім работнікам, каб тыя ішлі й датэрмінова галасавалі. І нават указвалі — за каго галасаваць. Дырэктары нашых прадпрыемстваў прыяжджалі на ўчасткі й глядзелі, як галасуюць іх рабочыя”.
Дарэчы, апроч філіі Беларускай арганізацыі працоўных жанчын, у мястэчку зараз няма іншых зарэгістраваных суполак грамадзкіх рухаў і партыяў. Чаму не чуваць голасу мясцовых апазыцыянэраў? У прадстаўніка ўлады Івана Калянковіча такое меркаваньне:
(Калянковіч: ) “Няма такіх масавых выступаў. Нічога падобнага няма. Мы іх абсалютна не перасьледуем. Абсалютна! Але так склалася, што не знайшлі яны ў нас моцнай падтрымкі. І самі па сабе яны сьціхлі, змоўклі. Некаторыя элемэнты былі хіба толькі да выбараў. Малыя элемэнты”.
Нягледзячы на адсутнасьць палітычных апанэнтаў, грамадзкі рэйтынг мясцовага начальства і ўлады ў цэлым у Мікашэвічах досыць сьціплы. Іпаліт Раманоўскі, напрыклад, вельмі жадае пераменаў, але ня ведае, ад каго іх чакаць:
(Раманоўскі: ) “Безгаспадарчасьць, бязглузьдзіца — канца і краю няма. Але хто вінаваты — ня ведаю. Але гэтак жыць далей нельга”.