Клецак-1

Вячаслаў Ракіцкі, Ягор Маёрчык, Клецак

(Ракіцкі: ) "Клецак — горад адметны. Нават вонкава ён не падобны да іншых райцэнтраў зь іхнай савецкай архітэктурай. Тут не было й няма помніка Леніну.

Цэнтар гораду забудаваны адна-двухпавярховымі дамамі. Галоўная вуліца і будынкамі, і прызначэньнем іх супраціўляецца свайму назову — Савецкая.

У кожным дамочку, напэўна, гэтак жа, як і да 1939 году, — невялікія крамы. Іх шмат. Ці не на генэтычным ўзроўні Клецак чапляецца за сваю мінуўшчыну, якую настальгічна ўспамінаюць састарэлыя людзі".

(Маёрчык: ) "Ірына Пальчынская — жанчына драматычнага лёсу. Вучылася ў самога айца Лява Гарошкі, была ў Саюзе Беларускай Моладзі, за што й патрапіла ў ГУЛАГ. Яна памятае Клецак і пад Польшчай, і пад немцамі, і ў складзе БССР".

(Пальчынская: ) "Мястэчка было культурнае тады. Мясцовая мова ў нас была свая — не расейская і ня польская. Прамэнада па Цапэрскай вуліцы. Вось тут, каля царквы, парамі шпацыравалі. Ніякіх лаянак, і п'яных ня бачылі. Тут былі сукяніцы, прыгожыя лаўкі, аптэка, кнігарня...

Культура была вышэйшая, чым зараз. Зараз таксама прыгожа апранутыя людзі, але больш людзі імкнуцца да абагачэньня. Мяне бездухоўнасьць не задавальняе. Я хачу духоўнасьці, хачу беларускасьці, хачу патрыятызму. І калі станеш гаварыць ім, толькі бачыш узмах рукі: "Ды кіньце Вы, Пятроўна, гэта ўсё не для нас…"

(Ракіцкі: ) "На скрыжаваньні матэрыяльнага й духоўнага спадарыня Пальчынская бачыць адметнасьць сучаснага Клецку. Менавіта так спрабуем і мы адчытаць гэты горад. Нашым павадыром і экспэртам — яшчэ адзін мудры немалады челавек — пісьменьнік Уладзімер Дамашэвіч, які апошнія гады жыве тут і добра ведае характар мясцовага жыцьця".

(Дамашэвіч: ) "Ёсьць тут розныя людзі, і нельга гаварыць, што ўсе зьмірыліся з тым, што ёсьць… Не… Якраз і гавораць, і спрачаюцца. Але збольшага ўсе чакаюць, што нехта прыйдзе і нешта зробіць. Нехта больш разумны за сёньняшняга Лукашэнку, бо гэта ўсё прыелася.

Людзі кажуць, што ніякага прагрэсу няма, усё на месцы, абяцаньняў шмат, а нічога не мяняецца, толькі цэны растуць, а нічога больш не расьце. Людзі сьмяюцца, што нам дабавяць на рубель, а забяруць на тры".

(Маёрчык: ) "Вуліца Савецкая ў суботні ранак ажыўленая. Людзі робяць закупы. Большасьць — мужчыны. Хтосьці апахмяляецца.

Прыязныя людзі ўжо а 10-й раніцы прапануюць і нам пакаштаваць мясцовыя вінныя напоі. Назовы новыя — "Шёпот монашкі", "Наталі", "Суданская роза". А якасьць апаведная савецкім вінаробчым традыцыям. Зрэшты, і без алькаголю з журналістамі людзі гавораць адкрыта".

(Людзі на вуліцы: ) "Бяз градкі чалавек тут нічога ня выцягне. Сёньня пэнсіянэр атрымлівае такую ж пэнсію, што мы заробак на заводзе".

(Ракіцкі: ) "Мяса ў хаце кожны дзень ёсьць?"

(Людзі на вуліцы: ) "Не. Можа, у яго і ёсьць на вёсцы хтосьці, а я жыву толькі з крамы".

"На кожны дзень гэта ня выцягнуць. Хлеб, малако… Усё, што маем. Нам кажуць, будзе заробак 100 даляраў… Калі яны будуць, тыя 100 даляраў?.. Нас адрынулі назад на гадоў пяцьдзясят. Яны падымаюць мінімалку, а цэны растуць хутчэй, чым тая мінімалка".

"Трэба, каб ня 100 даляраў было, а 400… Тады ня будзеш жыць ад зарплаты да зарплаты. Можна будзе і адкласьці, і зьезьдзіць адпачыць. Я раней з жонкаю і зь сям'ёю езьдзіў адпачываць на поўдзень, і майго заробку хапала. Майго заробку мне хапала сем гадоў таму, я 120 даляраў атрымліваў тады".

"Я адпахаў 17 гадоў і ня маю ні кватэры, ні кута".

"Беларусы — гэта той народ, які гнецца доўга, як лаза. Яго гнеш, гнеш, але ж з лазы і лукі робяць. Наш народ такі: гнецца-гнецца, але як пачнецца біцца, дык да крыві".

"Вы ведаеце, як "Rolling Stones" перакладаецца?.. Гэта — камяні, якія коцяцца…"

(Ракіцкі: ) "Тымчасам некалькі 20-гадовых хлопцаў запрашаюць нас у піўны бар. За кухлем "Сноўскага" мы пачынаем разумець, што моладзі ў Клецку жыць яшчэ цяжэй, чым іхным бацькам, якія прызвычаліся да ўсяго".

(Першы хлопец: ) "Няма ў нас працы тут…"

(Маёрчык: ) "Дык чым жа вы тады займаецеся? За што жывяце?"

(Другі хлопец: ) "Нічым не займаемся… Круцімся…Працуеш на дзяржпрацы, а атрымліваеш капейкі… Дваццаць пяць, трыццаць тысячаў… Гэта ў лепшым выпадку".

(Маёрчык: ) "Як вы разумееце — нармалёва жыць?"

(Першы хлопец: ) "Нармалёва працаваць — каб можна было ўтрымліваць сваю сям'ю. Каб на ежу хапала, апрануцца, абуцца… Каля соткі баксаў атрымліваць у месяц".

(Маёрчык: ) "Вы верыце, што бліжэйшым часам штосьці зьменіцца?"

(Другі хлопец: ) "Дажывем да выбараў, тады пабачым… Я галасаваць пайду. Але толькі не за Лукашэнку…"

(Першы хлопец: ) "Ён па тэлевізары што сказаў? Што ў нас працуючы чалавек зарабляе 100 даляраў. А мы столькі не зарабляем… Такога няма…"

(Ракіцкі: ) "Вы жанатыя?"

(Першы хлопец: ) "Не, дзе ж грошы ўзяць на жонку і вясельле?"

(Другі хлопец: ) "Гэта трэба шмат грошай мець…"

(Трэці хлопец: ) "За што ўтрымліваць сям'ю?.. Мама ж ня будзе даваць…"

(Першы хлопец: ) "А чым мы дурней палякаў? Мы ж таксама маглі б так жыць, толькі дай нам магчымасьць працаваць".

(Маёрчык: ) "Натуральна, таму, хто ня зьехаў вучыцца, нічога іншага не застаецца, як (тут так гавораць) "сесьці на стакан".

Дык якім жа чынам людзі ў Клецку выжываюць, спадар Дамашэвіч?"

(Дамашэвіч: ) "Людзі працуюць, нешта маюць. Многія гадуюць сьвіньні, нават некаторыя яшчэ трымаюць кароўкі. Сям-там… Відаць, не без таго, каб недзе нешта ўзяць, украсьці, дзе што ляжыць не навідавоку. Людзі ўвогуле працавітыя. Але, з другога боку, гэтая працавітасьць таксама абмяжоўвае: для мяне, для сябе, а як там сусед, гэта ўжо мяне ня тычыцца…"

(Ракіцкі: ) "Тое, што ў Клецку крадуць, мы чулі ледзь не на кожным кроку. Людзі разумеюць, што мізэрнымі заробкамі ўлады штурхаюць іх да крадзяжу. З гэтае прычыны, ўсе і ўся, на ўсіх узроўнях — на вэртыкальным і гарызантальным, — робяцца залежныя. Вось адна тыповая размова. І распачалі яе ня мы".

(Людзі на вуліцы: ) "Сумленна практычна немагчыма выжыць. Трэба красьці. А калі ня будзеш красьці, будзеш жыць у жабрацтве. А крадуць як не ў сябе… Так павязьлі ў карупцыі вакол, што немагчыма жыць…"

(Ракіцкі: ) "Мы чулі, што тут пазвальнялі, паарыштоўвалі начальнікаў".

(Людзі на вуліцы: ) "Усіх, усіх трэба звальняць".

"Літаральна ўсіх. Тут так захрасьлі ў карупцыі, адзін аднаго абараняюць, адзін аднаго мажа. Людзі моцна напужаныя. На працы атрымліваюць па 30, па 20 даляраў і баяцца, каб ня выгналі з працы, сядзяць і маўчаць. Усё людзі ведаюць, усё людзі бачаць, а маўчаць".

(Маёрчык: ) "Асабліва шмат тут гавораць пра крадзяжы на малочным заводзе. У сувязі з арыштамі службовых асобаў горад поўніцца чуткамі, як з малаказаводу па начох вывозілі машынамі сухое малако. А рабочым маўкліва дазваляюць выносіць па некалькі ёгуртаў ды глязураваных сыркоў. Зразумець прыроду гэтай зьявы дапамагае нам кіраўнік клецкае суполкі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Паклонскі".

(Паклонскі: ) "Людзі кажуць: так, крадуць. Мы — паменей, начальнікі — паболей. Але й нам даюць. Хто крыху дае — той добры, хто менш — той, мабыць, дрэнны. Людзі рэагуюць на вонкавыя праявы — на катэджы, на машыны.

Нейкая пайшла эпідэмія: мяняць службовыя машыны. Усе пераселі на "Волгі". Прыходзіць чалавек, яго прызначаюць на пасаду. Ён праз два тыдні садзіцца на новую "Волгу", хоць ёсьць вялізныя запазычанасьці па заробках, па аплаце камунальных паслуг, па водазабесьпячэньні. І гэта ў людзей часам выклікае неразуменьне.

Насельніцтва чаго прагне? Разьбіральніцтва публічнага, інфармацыі. Гэта не заўсёды бывае. Але ж… чуткі, чуткі".

(Ракіцкі: ) "Крадзе чалавек залежны, а той, хто абраў свабоду, красьці можа хіба толькі ў самога сябе. Уласная справа — новы спосаб выжываньня, які ў Клецку даволі папулярны. Тут нават ёсьць адносна буйны бізнэс — прыватнае дрэваперапрацоўчае прадпрыемства, што экспартуе прадукцыю ў Нямеччыну й Расею.

У нармалёвай канкурэнцыі суіснуюць дзяржаўныя й прыватныя крамы. Мы не пачулі ад бізнэсоўцаў ніводнага сур'ёзнага папроку ў бок раённай адміністрацыі".

(Маёрчык: ) "Прыватны піўны бар — улюбёнае месца адпачынку многіх жыхароў Клецку. Ён канкурэнцыю выйграе. І па інтэр'еры, і па культуры абслугоўваньня нагадвае піўныя бары ў невялікіх мястэчках Польшчы ці Літвы.

Натуральна, за півам, кошт якога для такога месца зусім нізкі — 200 рублёў, мы гутарым з гаспадаром, Пётрам Кулаком".

(Кулак: ) "Той, хто хоча гэтым займацца, ён будзе гэтым займацца. Ён пераможа праблемы, якія ўзьнікаюць. Калі я прымаю ўмовы дзяржавы, калі я ацаніў правільна абставіны, то кажу, што я згодны на гэтых умовах паспрабаваць працаваць. Ня ведаю, атрымаецца ці не. Толькі пройдзе год-два, і пабачыш, ці атрымалася што.

Умовы ніякія цяпер не мяняюцца. Я гэтыя ўмовы прыняў, і я крыўдаваць на падаткі, на мясцовую адміністрацыю, на дзейнасьць кантрольных службаў не магу. Але гэта вельмі цяжка, безумоўна.

Дагэтуль тут таксама быў бар. Тут палілі, народ сюды не хадзіў. І ён заглох. Бо для прадавачак было ўсё роўна. Натуральна, яны за сталы заробак працавалі, а таму й не выганялі нікога. А вось я выганяю п'янтосаў. Мая жонка можа пераканаць п'янога ня браць піва і прыйсьці заўтра".

(Ракіцкі: ) "Клецак знайшоў спосабы выжываньня. Таму і ёсьць тут пэўны дабрабыт. Як адбіваецца гэта на душох людзей? Погляд пісьменьніка Ўладзімера Дамашэвіча".

(Дамашэвіч: ) "Адныя, маючы пад сабою нейкую трывалую глебу, робяцца больш сьмелыя, іншыя ж наадварот — баяцца за свой дабрабыт і маўчаць, але робяць сваю, карысную для сябе, справу. Можа, нават узбагачаюцца.

У Клецку, асабліва ў сьвяточныя дні, публіка апранутая ня горш, чым у Менску. Можа, нават лепш. Усе ў скуранках ходзяць. У крамах прыватных выбар тавараў страшэнна вялікі. Нават, можа, і цэны ў параўнаньні зь менскімі меншыя. І матэрыяльна на добрай аснове трымаюцца. Але ў той час, калі ўжо гаварыць пра нашую ідэйнасьць, беларускасьць, то яна ў іх, можа, у душы ёсьць, але наверх баіцца вылазіць".

(Маёрчык: ) "Дабрабыт і духоўнасьць цесна сплятаюцца. Але як ставяцца жыхары Клецку да роднай мовы, да сваёй гісторыі, якія іхныя палітычныя ўсьведамленьні? Цяпер мы скіроўваем сваю цікаўнасьць у гэты бок".