Ці выправіць сытуацыю ў сельскай гаспадарцы чарговы ўказ Лукашэнкі?

Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: былы старшыня прафсаюзу агра-прамысловага комплексу, а цяпер прэзыдэнт Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук і аглядальніца “Белорусской газеты” Марына Гуляева.

(Валер Карбалевіч: ) “Указ Лукашэнкі № 138 “Аб некаторых мерах па фінансавым аздараўленьні сельскагаспадарчых арганізацыяў і прыцягненьні інвэстыцыяў у сельскагаспадарчую вытворчасьць” ужо падаецца дзяржаўнымі СМІ як лёсавызначальны, як паварот у дзяржаўнай аграрнай палітыцы. Летась кіраўнік дзяржавы аб’явіў выратаваньне сяла галоўным дзяржаўным прыярытэтам. І сапраўды, увага сельскай гаспадарцы з боку ўладаў даволі вялікая, асабліва падчас пасяўной і ўборачнай кампаніяў. Аднак становішча справаў у гэтай галіне не паляпшаецца. Падаецца, што адтэрміноўка выплатаў падаткаў і выплатаў у бюджэт — справа ня новая, а ўжо традыцыйная. Ці сапраўды яе можна лічыць захадамі па фінансавым аздараўленьні гаспадарак?”

(Аляксандар Ярашук: ) “Калі быць аб’ектыўным, то адтэрміноўка выплатаў будзе садзейнічаць фінансаваму аздараўленьню гаспадарак. Аднак гэта не вырашае прынцыпова праблемы сельскай гаспадаркі. Гэта чарговы ўкол хвораму. Мы лечым не прычыну, а наступствы. Прычына праблемаў у гэтым сэктары — нерэфармаванасьць галіны. У сельскіх працаўнікоў няма эканамічнай зацікаўленасьці працаваць эфэктыўна. Увесь ранейшы стратны мэханізм як быў, так і застаецца. Ніхто яго не кранае і на яго не пасягае”.

(Марына Гуляева: ) “Я бы ня стала казаць аб нейкай сэнсацыйнасьці гэтага ўказу. Таму што даўгі калгасаў і саўгасаў сьпісваюцца штогоду. Гэта ня нова. Найперш гэты ўказ дэманструе фінансава-эканамічны стан сельскай гаспадаркі. Параўнаем нашу сельскую гаспадарку з замежнай. Нават ня будзем кранаць далёкага замежжа. Возьмем, напрыклад, Літву, Украіну. Там няма такога, што ў нас зьяўляецца нормай: жыць у доўг. Паводле афіцыйных зьвестак Міністэрства сельскай гаспадаркі, даўгі калгасаў і саўгасаў у мінулым годзе склалі столькі, колькі было імі зароблена — 2,3 трыльёна рублёў. У сярэднім на адну гаспадарку прыходзіцца больш 1 мільярда рублёў даўгоў. Гэта шмат.

Зразумела, для калгасаў і саўгасаў добра, што даўгі давядзецца выплачваць з 2009 году. Але, калі бы не было гэтага ўказу, гаспадаркі ўсё роўна не заплацілі бы. Таму што няма грошай. І гэты ўказ толькі ўзаконіў на паперы неплатаздольнасьць калгасаў і саўгасаў. Тады ўзьнікае пытаньне: хто аплаціць гэтыя даўгі, калі і па якім каэфіцыенце? Мой знаёмы прадпрымальнік на маё пытаньне адказаў, што ня возьме калгасу, таму што ня ведае, па якім каэфіцыенце давядзецца аплачваць даўгі ў 2009 годзе”.

(Карбалевіч: ) “Указ разьлічаны на тое, каб заахвоціць прадпрымальнікаў укладваць грошы ў сельскую гаспадарку. Юрыдычныя асобы маюць права набываць сельскагаспадарчыя арганізацыі. Як вы лічыце, ці пойдзе прыватны капітал на гэтых умовах у аграрны сэктар эканомікі?”

(Ярашук: ) “Натуральна, не. Капітал, як рака, не цячэ ўгору. І як можна прымусіць гэта рабіць? Калі б былі створаныя нармальныя перадумовы, былі створаныя законы, якія дазваляюць эфэктыўна функцыянаваць капіталу, то ня трэба было бы прымаць адпаведных указаў. Усё гэта магчыма там і тады, дзе і калі існуе ўласьнік. А ў нашым выпадку ўказам хочуць вымусіць прадпрымальнікаў ісьці туды, дзе існуе камандна-адміністрацыйная сыстэма, безгаспадарчасьць. У калгаснай сыстэме нічога не памянялася, акрамя назвы. Там няма сапраўднага гаспадара і эканамічнай зацікаўленасьці. Таму я выключаю магчымасьць значнага прыцягненьня інвэстыцыяў праз гэты ўказ”.

(Гуляева: ) “Я згодная зь Ярашуком. Таму што некалькі гадоў таму Лукашэнка сказаў: калгасы і саўгасы зьяўляюцца падмуркам дзяржаўнай улады на сяле. На гэтай тэзе заснаваная цяперашняя аграрная палітыка. Я ня ўпэўненая, што ўказ кіраўніка дзяржавы зьменіць настрой прадпрымальнікаў, і яны пачнуць укладваць грошы ў сельскую гаспадарку. Таму што ўказ не вырашае галоўнага пытаньня: уласнасьці на зямлю. А гэтае пытаньне сёньня не абмяркоўваецца ні на якіх узроўнях дзяржаўнай улады.

У пачатку гэтага году абмяркоўвалася праграма адраджэньня сяла. Там шмат прыгожых і разумных ідэяў. Але няма ніводнага слова пра дачыненьні ўласнасьці. Шмат кажуць сёньня пра эвалюцыйнае рэфармаваньне, але ня кажуць пра зьмену формаў уласнасьці. Сёньняшняй уладзе не патрэбны гаспадар. Ён небясьпечны для яе. Я ведаю прыклады, калі нейкі прадпрымальнік браў калгас, нават выплачваў ягоныя даўгі, укладваў грошы. Але ўсё роўна ён працуе ва ўмовах калгаснай альбо, інакш кажучы, адміністрацыйнай сыстэмы. Яму ўсё роўна даводзяць, што і колькі ён павінен сеяць”.

(Карбалевіч: ) “Калі прадпрымальнікі ня згодзяцца на такіх умовах набываць сельскагаспадарчыя арганізацыі, іх, магчыма, пачнуць прымушаць. Як гэта ў нас робіцца, мы ведаем. Трэба ж вэртыкалі выконваць загад кіраўніка дзяржавы, які адзначаў, што калі прадпрымальнікі займаюцца бізнэсам у нашай краіне, то няхай дапамагаюць сялу. Сытуацыя трохі дзіўная. Мы ведаем шмат прыкладаў, апісаных у СМІ, што фэрмэры хочуць далучыць да сваёй гаспадаркі суседні калгас, а яму не даюць. А вось цяпер, верагодна, пачнуць прымушаць гэта рабіць людзей, далёкіх ад сельскай гаспадаркі. Да якіх наступстваў гэта можа прывесьці?”

(Ярашук: ) “Я не лічу, што гэты працэс далёка зойдзе. Гаспадаркі дабітыя. Нават паводле афіцыйнай статыстыкі 70% гападарак — стратныя. Гэта больш як 1,5 тысячы. І вось трэба знайсьці такую колькасьць прадпрымальнікаў, якія пагадзіліся бы ўзяць на сябе такі вялікі цяжар. І гэта пасьля таго, што ў нас зроблена з прадпрымальнікамі. Гэта малаверагодна. Ужо далучалі калгасы да дзяржаўных прадпрыемстваў. І было шмат рэклямы пра гэта, але вынікі невялікія. І цяпер ўсё будзе спушчана на тармазах. Нейкую дапамогу прадпрымальнікі акажуць. Хтосьці набудзе машыну для калгасу, хтосьці ўгнаеньні. І скажуць, што ўказ выконваецца. Як бы ні здавалася ўладзе, што яна ўсім кіруе, насамрэч, гэта далёка ня так. Нават калі будуць прымушаць прадпрымальнікаў сілай, нічога не атрымаецца”.

(Гуляева: ) “Я ўпэўненая, што пераможцаў ня будзе. Ня ведаю, каму ад гэтага ўказу стане лепей. Таму што не мяняецца галоўнае: сыстэма вядзеньня гаспадаркі на сяле”.

(Карбалевіч: ) “А што трэба было бы зрабіць, каб прыватны капітал добраахвотна пайшоў у сельскую гаспадарку? Якія ўмовы для гэтага неабходныя?”

(Ярашук: ) “Мы засталіся, бадай, адзінай краінай, якая яшчэ не прызнала таго відавочнага факту, што калі ня будзе прызнаная прыватная ўласнасьць на зямлю, то мы страцім ня толькі харчовую бясьпеку, але і ўвогуле сяло. Таму з гледзішча канкурэнтаздольнасьці беларуская сельская гаспадарка саступае тым краінам, якім яна не саступала з савецкага часу. Сяло — гэта ў Беларусі катэгорыя не эканамічная, а ідэалягічная. Гэта і вызначае палітыку. Калі вы хочаце знайсьці 1,5 тысячы інвэстараў (у тым ліку замежных) для сельскай гаспадаркі, то вы скажыце аднойчы і назаўсёды, што мы прызнаём інстытут прыватнай уласнасьці на зямлю. Ці гэта прызнае сёньняшняя ўлада, ці гэта адбудзецца пасьля яе сыходу — але гэта абавязкова будзе. Я ў гэтым ніколькі не сумняваюся”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, без сыстэмных рынкавых рэформаў выправіць сытуацыю ў сельскай гаспадарцы немагчыма. І прыватны капітал пойдзе ў аграрную сфэру без усялякага прымусу тады, калі зьявіцца прыватная ўласнасьць на зямлю, дзяржава спыніць адміністрацыйнае ўмяшаньне ў працу гаспадарчых суб’ектаў. Пакуль гэтага ня будзе, тыя захады, якія прадугледжаныя ва ўказе Лукашэнкі, не дапамогуць выправіць стану рэчаў у сельскай гаспадарцы”.