(эфір 2 верасьня)
Удзельнікі: дырэктар Цэнтру стратэгічных дасьледваньняў Андрэй Піянткоўскі з Масквы і аглядальнік газэты “Белорусский рынок” Паўлюк Быкоўскі зь Менску.
(Карбалевіч: ) “У апошні час тэма ўвядзеньня расейскага рубля ў Беларусі стала цэнтральнай у беларуска-расейскіх дачыненьнях. Масква імкнецца як мага хутчэй падпісаць адпаведнае пагадненьне, ціск на Менск робіцца ўсё мацнейшым. А Лукашэнка выкарыстоўвае любую публічную нагоду, каб заявіць пра сваю нязгоду пераходзіць на расейскі рубель. Вось і ў панядзелак, падчас знаходжаньня ў Давыд-Гарадку, кіраўнік Беларусі чарговым разам узгадаў падставы, якія не дазваляюць уводзіць у Беларусі расейскі рубель. Гэта і невыкананьне Расеяй ранейшых дамоваў, і іншае.
Між тым у палітыцы Беларусі ў дачыненьні да гэтага грашовага пытаньня адбываюцца два паралельныя працэсы. З аднаго боку, ідзе інтэнсыўны працэс дапрацоўкі адпаведнага пагадненьня. Прычым, зразумела, што бяз згоды Лукашэнкі адказны з гэтую справу зь беларускага боку кіраўнік Нацбанку Пракаповіч ня стаў бы падпісваць розныя дакумэнты. А падчас апошняй сустрэчы зь ім Лукашэнка даручыў паскорыць працэс падрыхтоўкі дакумэнтаў па гэтаму пытаньню.
Зь іншага боку, Лукашэнка увесь час заяўляе, што пераход на расейскі рубель небясьпечны для Беларусі. Таму што дзяржава можа страціць свой сувэрэнітэт, патрапіць у залежнасьць ад Расеі. Як вы можаце растлумачыць такі дзіўны плюралізм афіцыйных беларускіх уладаў?..”
(Піянткоўскі: ) “Я ня бачу тут супярэчнасьцяў. Вось тыя два паралельныя працэсы, пра якія вы кажаце — гэта два бакі аднаго арганічнага цэлага, той палітычнай стратэгіі, якую Лукашэнка выбраў даўно, блізу дзевяці гадоў назад і па-майстэрску яе праводзіць. Сутнасьць стратэгіі такая: быць сьпеваком беларуска-расейскай інтэграцыі ды ніколі ў практычным сэнсе на гэтую інтэграцыю не згаджацца. Гэта прыносіць яму вялікія эканамічныя і палітычныя дывідэнды. Па-першае, стасункі беларусаў да Расеі вельмі добрыя. І таму ідэя дружбы, саюзу з Расеяй у Беларусі заўсёды дастаткова папулярная.
Па-другое, Лукашэнка, як добры псыхоляг, добра разумее ўсе комплексы расейскай палітычнай эліты, якая пакутуе ад страты імпэрыі, статуса вялікай дзяржавы і мроіць фантомнымі думкамі аднаўленьня былой велічы. І ў гэтым сэнсе Лукашэнка як Сырэна, спакушаў яе ідэяй беларуска-расейскага аб’яднаньня. Ён кожны год прыяжджаў у Маскву, падпісваў нейкія паперы, разьбіваў шклянку з гарэлкай і атрымліваў вялікія эканамічныя дывідэнды ў выглядзе нізкіх цэнаў на энэрганосьбіты, адкрытай мытнай мяжы, якую ён выкарыстоўваў у сваіх асабістых мэтах.
І ў той жа час, ён ніколі сур’ёзна ня думаў пра тое, каб зьмяніць свой статус дыктатара сярэдняй эўрапейскай дзяржавы на пасаду расейскага губэрнатара. Вось і цяпер ён працягвае гэтую гульню ў новых умовах, ужо вакол праблемы адзінага рубля”.
(Быкоўскі: ) “У пэўным сэнсе я згодны з сваім маскоўскім калегам. Але хацеў бы зьвярнуць увагу на такі аспэкт. Падаецца, што да апошняга часу кіраўнік Беларусі не ўспрымаў дамову пра пераход на расейскі рубель як тэрміновую праблему. Ён не чакаў, што Расея будзе патрабаваць выконваць яе ў межах жорсткіх тэрмінаў. Ён з задавальненьнем атрымоўваў расейскі крэдыт на падтрыманьне беларускага рубля, але думаў, што гэта не да чаго не забавязвае.
На ўзроўні кіраўнікоў цэнтральных банкаў бакі ўжо амаль пра ўсё дамовіліся. Цяпер справа за ўрадам і прэзыдэнтам. Таму тыя даручэньні, якія гучалі на апошняй сустрэчы Лукашэнкі з Пракаповічам, мабыць, ужо не выканальныя”.
(Карбалевіч: ) “На мінулым тыдні прэс-служба расейскага прэзыдэнта абнародвала пасланьне, якое Пуцін накіраваў Лукашэнку. У ім ён прапаноўвае хутчэй падпісаць пагадненьне ў пераходзе Беларусі на расейскі рубель. У чым прычына пераходу Крамля да эпісталярнага жанру для вырашэньня гэтага пытаньня?”
(Піянткоўскі: ) “Калі казаць не дыпляматычнай моваю, а звычайнай, то няўзброеным вокам можна заўважыць, што Пуцін цярпець ня можа Лукашэнку, і ўсялякія асабістыя зносіны вельмі яго напружваюць. Таму што ад самага пачатку свайго прэзыдэнцтва ён хутка зразумеў гульню Лукашэнкі. У беларускага кіраўніка гэтая гульня вельмі добра атрымоўвалася зь Ельцыным. Таму што ў Ельцына быў “комплекс Белавежжа” — ён моцна рэагаваў на абвінавачваньні ў “разбурэньні вялікай дзяржавы”. Таму ахвотна гуляў у аб’яднаўчыя гульні.
Пуцін — чалавек іншай фармацыі, і такімі комплексамі не пакутуе. Ён падыходзіць прагматычна, увесь час прапануе аддзяліць мухі й катлеты. Расейскі прэзыдэнт хоча прымусіць свайго беларускага калегу сказаць: ён зьбіраецца аб’ядноўвацца ў адну дзяржаву ці не?.. Падаецца, што Пуцін усё зразумеў і хоча прыпыніць усе гэтыя аб’яднаўчыя гульні.
Але, зь іншага боку, значная частка расейскай палітычнай клясы яшчэ працягвае быць захопленай Лукашэнкам, працягвае бачыць у ім “зьбіральніка славянскіх земляў”, “бастыён на шляху NATO”. І Пуцін вымушаны з гэтымі настроямі лічыцца падчас выбарчай кампаніі — і гэта яго надзвычай раздражняе. Таму ён выбраў такую фармальную і жорсткую форму зносінаў, як пісьмовы ўльтыматум: або вы да пэўнай даты паведамляеце, што падпісваеце пагадненьне пра адзіны рубель, або мы перапыняем размовы на гэтую тэму”.
(Быкоўскі: ) “Найперш, трэба адзначыць, што мы ня ведаем, калі дакладна пасланьне Пуціна было накіраванае ў Менск. Мы можам меркаваць толькі па паведамленьню прэс-службы расейскага прэзыдэнта. Гэтае паведамленьне адбылося адразу пасьля заявы Лукашэнкі ў Оршы. Пасланьне Пуціна адпавядае той лініі, якую праводзіць Крэмль. І гэтае пасланьне нагадвае бізнэс-плян”.
(Карбалевіч: ) “Хацеў бы заўважыць, што Пуцін выкарыстоўвае такі жанр, як афіцыйны ліст, ня ўпершыню. Летась падчас самай вострай палемікі паміж Масквою і Менскам пра формы будаўніцтва саюзнай дзяржавы расейскі прэзыдэнт таксама накіраваў Лукашэнку афіцыйны ліст з просьбай дакладна сфармуляваць свае прапановы наконт далейшага разьвіцьця беларуска-расейскіх дачыненьняў. Калі партнэр увесь час зьмяняе свае меркаваньні, сёньня кажа адно, заўтра другое, адзінае выйсьце — папрасіць пісьмова сфармуляваць свае патрабаваньні.
У Давыд-Гарадку ў панядзелак кіраўнік Беларусі зноў патрабаваў ад Масквы нейкіх гарантыяў, абвінавачваў Расею ў невыкананьні ранейшых дамоваў, у выстаўленьні мытных пастоў на мяжы ды іншым. Ствараецца ўражаньне, што Лукашэнка шукае нейкіх штучных падставаў, каб затармазіць гэты працэс, пры гэтым недагаворвае пра нейкую галоўную прычыну?”
(Піянткоўскі: ) “Лукашэнка ня можа публічна сказаць, што я ніколі не зьбіраюся аб’ядноўвацца з Расеяй. Ягоная стратэгія — гэта бясконцы працэс аб’яднаньня, бясконцае сватаньне, якое прыносіць яму вялікія эканамічныя і палітычныя дывідэнды, бяз выхаду замуж… І ён будзе працягваць гэтую стратэгію як заўгодна доўга. І Пуцін вымушаны будзе ў гэтыя гульні некаторы час гуляць.
Але я думаю, што будучая беларуская гісторыя аддасьць належнае спадару Лукашэнку. Дзякуючы гэтай майстэрскай тактыцы, у якой ён меў свае ўласныя палітычныя мэты, аб’ектыўна ён стаў бацькам беларускай незалежнасьці й зрабіў беларускую незалежнасьць незваротнаю”.
(Быкоўскі: ) “Гэтая гульня ўжо ў пэўнымм сэнсе ўплывае на гульцоў. Праблема ўвядзеньня расейскага рубля ў Беларусі ўплывае на эканамічную сытуацыю ў краіне. Беларусь вельмі залежыць ад расейскіх крэдытаў. Лукашэнка спрабуе неяк спыніць працэс пераходу на расейскі рубель, але гэта вельмі складана. Усё, што можна атрымаць ад Расеі пад гэты праект, Менск ужо атрымаў. А цяпер Масква падводзіць рысу і пачынае лічыць грошы”.
(Карбалевіч: ) “Ці можа хутка адбыцца нейкая разьвязка ў гэтай гульні?”
(Піянткоўскі: ) “Не пагодзіцца ніколі Лукашэнка на расейскі рубель з адзіным эмісійным цэнтрам у Маскве. Вельмі цікава, расейская тэлевізія апошнім часам паказвала колькі сюжэтаў з шараговымі беларускімі грамадзянамі на вуліцах — і яны паўтараюць тэзы Лукашэнкі, яны кажуць пра занепакоенасьць тым, што страчваецца незалежнасьць. І гэта пацьвярджае тэзу пра тое, што Лукашэнка стаў бацькам беларускай незалежнасьці.
Гэтая цягучка працягнецца да канца расейскай выбарчай кампаніі. А дзесьці ў пачатку новага прэзыдэнцкага тэрміну ў Пуціна будзе дастаткова палітычных магчымасьцяў не аглядацца на прыхільнікаў Лукашэнкі і перапыніць усю гэтую аб’яднаўчую гульню”.
(Карбалевіч: ) “Такім чынам палітычны гандаль у пераходзе Беларусі на расейскі рубель дасягнуў вырашальнай фазы. Бакі кладуць на стол усё больш важкія аргумэнты. Падаецца, што цярпеньне Масквы заканчваецца, і разьвязка блізкая.
Але магчымы і іншы варыянт. Працэс перамоваў па гэтай тэме можа ператварыцца ў такую ж бясконцую мыльную опэру, як і ўся беларуска-расейская інтэграцыя”.