Удзельнікі: дацэнт Маскоўскага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы і галоўны рэдактар Інтэрнэт-газэты “Белорусские новости” Аляксандр Класкоўскі зь Менску.
(Валер Карбалевіч: ) “Апошні час відавочна адбываецца інтэнсыфікацыя перамоўнага працэсу аб пераходзе Беларусі на расейскі рубель з 1 студзеня 2005 году. 1 жніўня ў Санкт-Пецярбургу адбылося паседжаньне міжбанкаўскага валютнага савету. А 11 жніўня ўжо ў Маскве прайшло паседжаньне адмысловай рабочай групы Беларусі і Расеі ў гэтым пытаньні. Расейскую дэлегацыю ўзначальваў віцэ-прэм’ер Кудрын. У той жа дзень прэзыдэнт Пуцін патрабаваў хутчэйшага вырашэньня гэтага пытаньня.
Відавочна, Масква прысьпешвае працэс пераходу Беларусі на расейскі рубель. Ствараецца ўражаньне, што яна дужа зацікаўленая ў такім рашэньні, нават больш зацікаўленая, чым Менск. Якія прычыны такой пазыцыі расейскага кіраўніцтва?”
(Кірыл Коктыш: ) “Можна сказаць, што Масква зацікаўленая ня столькі ў пераходзе Беларусі на расейскі рубель, колькі ў дэманстрацыі нейкага новага этапу інтэграцыі. У перадвыбарчай сытуацыі зацягнуты працэс інтэграцыі — дрэнны капітал. Масква зацікаўленая ў тым, каб расставіць кропкі, вызначыць: беларуска-расейскі зьвяз ёсьць ці яго няма. І за час да выбараў трэба гэтыя кропкі паставіць і прыняць нейкія рашэньні. Масква не зацікаўленая, каб працэс нявызначанасьці зацягваўся”.
(Аляксандар Класкоўскі: ) “Я падтрымаў бы спадара Коктыша ў тым, што найперш тут дзейнічаюць чыньнікі не фінансава-эканамічныя, а палітычныя. Валавы ўнутраны прадукт Беларусі складае 3,5% ад агульнага валавога ўнутранага прадукту дзьвюх дзяржаваў. Для Расеі гэта кропля ў моры.
У гэтым кірунку Масква мае і праграму-мінімум і праграму-максымум ці, інакш кажучы, тактычныя і стратэгічныя мэты. Калі казаць пра тактыку, то тут задача Крамлю палягае ў тым, каб зрабіць такі перадвыбарчы інтэграцыйны піяр. Хоча ці ня хоча Крэмль, але мільёны расейскіх выбарцаў яшчэ вераць ва ўсе гэтыя ілюзіі, міталёгію яднаньня. І таму трэба ім трохі падгуляць. Стратэгічная мэта палягае ў тым, каб зрабіць працэс інтэграцыі незваротным і намёртва прывязаць Беларусь да Расеі.
Для Крамлю тут сытуацыя бяспройгрышная. Спроба паставіць пытаньне рубам, мяккі, але настойлівы прэсінг адносна Менску можа даць плён. Нават калі ўявіць, што зноў адбудзецца сварка, зноў беларускі лідэр пачне супраціўляцца, выставіць чарговыя прэтэнзіі, то Пуцін усё роўна атрымае перадвыбарчы выйгрыш. У такім выпадку можна растлумачыць насельніцтву, што мы зрабілі ўсе саступкі, зрабілі крокі насустрач, а ў Менску ўсё адно ўпіраюцца. Таму вось хто тармозіць працэс інтэграцыі. Але, я мяркую, пакуль што Масква спадзяецца коштам дробных саступак вырашыць гэтае пытаньне палюбоўна”.
(Карбалевіч: ) “Мне падаецца, што тут ёсьць як палітычныя прычыны такой актыўнасьці Масквы, так і тэхнічныя. Што тычыцца палітычных, то, зразумела, дасягненьне палітычнага пагадненьня было б яшчэ адным аргумэнтам крамлёўскай каманды падчас перадвыбарчай кампаніі.
Зь іншага боку, увядзеньне расейскага рубля ў Беларусі вельмі моцна прывяжа Беларусь да Расеі і зробіць працэс аб’яднаньня дзьвюх краінаў у адну дзяржаву незваротным.
З тэхнічнага гледзішча, каб пераход Беларусі на расейскі рубель мог адбыцца з 1 студзеня 2005 году, патрэбна, каб усе працэдурныя пытаньні былі вырашаныя ў жніўні-верасьні. Таму, трэба меркаваць, і сустрэча Пуціна з Лукашэнкам павінна адбыцца ў наступныя два месяцы.
Усе тэхнічныя пытаньні на ўзроўні экспэртаў у асноўным вырашаныя. Засталося прыняць палітычнае рашэньне. Расея пайшла на значныя саступкі ў гэтым пытаньні. Якую яшчэ цану гатовая заплаціць Масква, дзеля таго, каб прымусіць Менск згадзіцца на страту значнай часткі свайго сувэрэнітэту?”
(Коктыш: ) “Пераход Беларусі на расейскі рубель не зусім будзе стратай сувэрэнітэту. У пасланьні Фэдэральнаму сходу, зь якім Пуцін зьвярнуўся вясною, была дэкляраваная стратэгічная мэта: канвэртацыя рубля і замена даляра на расейскі рубель на прасторы СНД. І беларускі досьвед зьяўляецца першым тэстам гэтай парадыгмы. І гэта не вельмі дрэнна ў адносінах да тых дзяржаваў, якія ня маюць такой эканамічнай моцы, як Расея.
Расея не зацікаўленая ў рэальнай ліквідацыі сувэрэнітэту Беларусі. Яна зацікаўленая ў доўгатэрміновым партнэрстве без аншлюсаў. Расеі не патрэбныя папрокі ў імпэрскіх амбіцыях”.
(Класкоўскі: ) “Пытаньне пра цану за беларускі сувэрэнітэт мае два бакі: фінансава-эканаміны і палітычны. Калі казаць пра эканамічны бок справы, то тут Масква ідзе на значныя саступкі. Гаворка ідзе і пра льготныя крэдыты, і пра іншыя рэвэрансы ў бок Менску. Але адначасова Масква звужае Менску прастору для манэўру. Так, у апошнім варыянце пагадненьня ўжо жорстка зафіксаваная дата (1 студзеня 2005 году), калі павінен адбыцца пераход Беларусі на расейскі рубель. Менск трапляе ва ўсё больш жорсткія ўмовы.
Але ёсьць яшчэ пытаньне пра палітычную цану. Я паспрачаўся б зь некаторыямі ілюзіямі беларускіх дэмакратаў, у якіх ёсьць, магчыма, залішняе захапленьне Пуціным як лідэрам заходняга кшталту. Я думаю, Масква ня будзе ажыцьцяўляць экспарт дэмакратыі ў Беларусь. У яе самой хапае праблемаў з дэмакратыяй. І для вырашэньня сваіх тактычных і стратэгічных мэтаў Крэмль можа заплюшчыць вочы на пляны беларускага прэзыдэнта наконт трэцяга тэрміну ягоных прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў. Таму няварта апазыцыі спадзявацца, што Масква будзе занадта ваяваць за беларускую дэмакратыю”.
(Карбалевіч: ) “Да гэтага часу мы казалі пра пазыцыю Масквы. А чаго хоча беларускі бок? Якія ўмовы ставіць Менск? Наколькі рэальны такі палітычны бартэр: пераход Беларусі на расейскі рубель у абмен на трэці тэрмін Лукашэнкі?”
(Коктыш: ) “Мне падаецца, што трэці прэзыдэнцкі тэрмін Лукашэнкі — гэта рэч нерэальная. Такі крок ня будзе прызнаны ні Эўропай, ні Расеяй. Але магчыма разглядаць варыянт, калі Лукашэнка застаецца ва ўладзе, але ня ў якасьці прэзыдэнта, а ў якасьці сьпікера парлямэнту альбо ў якасьці нейкай іншай уладнай фігуры. То бок, размова можа ісьці аб нейкай трансфармацыі палітычнай сыстэмы Беларусі, у якой улада Лукашэнкі ня будзе такой неабмежаванай. А трэці прэзыдэнцкі тэрмін Лукашэнкі аб’ектам палітычнага гандлю не зьяўляецца. А вось захаваньне Лукашэнкі ва ўладзе у нейкай новай ролі можа стаць аб’ектам гандлю і з Эўропай, і з Расеяй”.
(Класкоўскі: ) “У гэтым палітычным гандлі дзейнічае прынцып усходняга базару. Гэта значыць, што напачатку трэба заламіць цану ўдвая ці ўтрая большую за рэальную, каб атрымаць у выніку жаданую цану. Натуральна, Масква ў гэтым саюзе зь Беларусьсю бачыць яе малодшай сястрою. Безумоўна, дамова аб стварэньні саюзнай дзяржавы, падпісаная ў 1999 годзе, якую Лукашэнка імкнецца рэалізаваць у поўным аб’ёме, Крамлю не патрэбная.
Зноў, што тычыцца праблемы трэцяга тэрміну. Па-першае, хацеў бы нагадаць, што Захад не асабліва прызнаваў і другі тэрмін Лукашэнкі. Захад асудзіў рэфэрэндум 1996 году, зьмены ў Канстытуцыі. Але гэта не перашкодзіла Лукашэнку застацца пры ўладзе.
Па-другое, менавіта маскоўскі дэсант тады ў лістападзе 1996 году высадзіўся ў Менску і дапамог Лукашэнку рэалізаваць свае пляны. І цяпер калі ўзьнікне такая сытуацыя, калі на адной чары вагаў будуць знаходзіцца абстрактныя прынцыпы дэмакратыі, а на другой чары будзе пэрспэктыва мець ляяльны да Масквы стабільны рэжым на чале з Лукашэнкам, то Масква выбярэ другі варыянт. Кіраўнік Беларусі ўвесь час падкрэсьлівае жаданьне сябраваць з Расеяй (у прыватнасьці, ён казаў аб гэтым і на апошняй прэс-канфэрэнцыі). Таму геапалітычныя інтэрэсы Масквы могуць пераважыць, і некаторыя ілюзіі беларускай дэмакратыі могуць ня спраўдзіцца”.
(Коктыш: ) “Хацеў бы дадаць яшчэ адну думку. Я бы параіў ня ставіцца занадта сур’ёзна да цяперашніх праектаў пераходу Беларусі на расейскі рубель. Што будзе адбывацца ў Расеі пасьля другога прэзыдэнцкага тэрміну Пуціна, ніхто ня можа сказаць. Таму зусім ня факт, што 1 студзеня 2005 году пытаньне аб пераходзе Беларусі на расейскі рубель будзе таксама актуальным, як цяпер. Магчыма, зьявіцца шмат чыньнікаў, якія могуць стаць галоўнымі й кардынальна зьмяніць сытуацыю”.
(Карбалевіч: ) “Бакі наблізіліся да прынцыповага палітычнага пагадненьня. І, магчыма, хутка мы даведаемся аб выніках гэтага палітычнага аўкцыёну, дзе на кон пастаўлены сувэрэнітэт Беларусі альбо зьмена яе Канстытуцыі”.