Чаму ня мелі плёну перамовы аб лёсе “Белтрансгазу”?

Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: уласны карэспандэнт расейскай газэты “Коммерсант-дейли” ў Беларусі Натальля Грыб і галоўны экспэрт аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Яраслаў Раманчук.

(Валер Карбалевіч: ) “Пытаньне аб стварэньні сумеснага прадпрыемства на аснове “Белтрансгазу” зьяўляецца даўнім і балючым пытаньнем у дачыненьнях Беларусі і Расеі. Заплянаваны тэрмін яго стварэньня (да 1 ліпеня) прайшоў, а бакі так і не прыйшлі да згоды. Больш за тое, здаецца, разнагалосьсі нават павялічваюцца. Гэта засьведчылі і чарговыя перамовы, якія прайшлі ў мінулую пятніцу ў Менску паміж прадстаўнікамі беларускага ўраду і намесьнікам старшыні праўленьня “Газпрому” Аляксандрам Разанавым.

Хачу нагадаць, што пытаньне аб стварэньні сумеснага прадпрыемства на аснове “Белтрансгазу” зьяўляецца часткаю пакетнага пагадненьня, падпісанага летась, згодна зь якім Расея пастаўляе 2/3 спажыванага Беларусьсю газу па льготных, унутрырасейскіх цэнах. Які бок у большай ступені тармозіць выкананьне пагадненьня?”

(Натальля Грыб: ) “Найперш, хачу адзначыць, што гэта былі першыя перамовы. Упершыню Разанаў прыехаў пачаць дыялёг аб стварэньні сумеснага прадпрыемства. Таму нельга казаць, што перамовы зайшлі ў тупік ці яны ня рухаюцца ў кірунку дасягненьня вынікаў.

Па-другое, бакі каторы раз паўтарылі свае пазыцыі, якія былі агучаныя два- тры месяцы назад. Бакі толькі прыступілі да гандлю. Кожны зь іх будзе адстойваць сваю пазыцыю. Пакупнік хоча купіць таньней, а прадавец хоча ўзяць большыя грошы”.

(Карбалевіч: ) “Хачу прарэагаваць на вашую рэпліку, што ўсё ідзе нармальна, і нельга казаць, што перамовы зайшлі ў тупік. У пагадненьні, якое падпісанае летась, было дакладна сказана, што да 1 ліпеня 2003 году павінна быць створанае сумеснае прадпрыемства. Тэрмін мінуў, але бакі ня толькі не набліжаюцца да нейкай дамовы, але нават аддаляюцца ад яе. Першапачатковая цана “Белтрансгазу” была каля 3 мільярдаў даляраў. Але пасьля нядаўняй нарады ў Лукашэнкі яна ўзрасла да 5 мільярдаў. То бок, перамоўцы рухаюцца не адзін да аднаго, а ў супрацьлеглы бок. Таму я не магу пагадзіцца, што ідзе нармалёвы працэс перамоваў”.

(Грыб: ) “Беларускі бок выканаў усе ўмовы да 1 красавіка. Ён стварыў акцыянэрнае таварыства на базе “Белтрансгазу”. “Газпром” меў магчымасьць выступіць са сваімі прапановамі аб стварэньні сумеснага прадпрыемства. Але ён вытрымліваў паўзу, не рабіў сустрэчных ініцыятываў.

Вельмі важна тое, што ні адзін з бакоў ня даў гарантыяў, якія маглі б дапамагчы партнэру зрабіць крок наперад. “Газпром” адмовіўся даваць гарантыі аб пастаўках у Беларусь 33 мільярдаў кубамэтраў газу ў 2010–11 гадах. Ён таксама адмовіўся абяцаць аб’ём транзыту празь Беларусь у памеры 100 мільярдаў кубамэтраў у 2011 годзе. Гэта азначае, што труба, якая ня мае доўгатэрміновых кантрактаў на пракачку газу, будзе каштаваць значна менш, чым тая, якая зьяўляецца стратэгічнаю транзытнаю экспартнаю трубою для Расеі і “Газпрому”.

Зь іншага боку, Беларусь не дала гарантыяў, што яна аддасьць “Газпрому” кантрольны пакет акцыяў. А для расейскага боку гэта непрымальна”.

(Яраслаў Раманчук: ) “З усяго гэтага вынікае, што Беларусь увогуле ня хоча прадаваць “Белтрансгаз”, дамаўляцца з Расеяй на тых варунках, якія былі вызначаныя ў пагадненьні 2002 году. Гэта і ёсьць крызыс у стасунках паміж дзьвюма краінамі. І нельга лічыць: усё адбываецца добра таму, што Разанаў прыехаў толькі першы раз. Нагадаю, што перамовы аб стварэньні сумеснага прадпрыемства на аснове “Белтрансгазу” ідуць ня першы год. Гэтае прадпрыемства заўсёды цікавіла Расею. Газавы складнік зьяўляецца найбольш яскравым чыньнікам гэтага крызысу. Ён сьведчыць аб тым, што пазыцыі Расеі й Беларусі мала сумяшчальныя. Гэтая праблема мае палітычны складнік. Таму я лічу, што ў гэтым канфлікце вінаваты беларускі бок, які ня выканаў сваіх абавязкаў”.

(Карбалевіч: ) “Хацеў бы адзначаць, што ў тым пагадненьні, якое было падпісанае ў красавіку мінулага году, не былі вызначаныя ўмовы, згодна зь якімі павінна стварацца сумеснае прадпрыемства. Таму фармальна, юрыдычна беларускі бок нічога не парушае. Усё гэта павінна стаць прадметам перамоваў, і гэтыя перамовы цяпер ідуць.

Але большасьць экспэртаў адзначае, што беларускі бок вылучае жорсткія, нават непрымальныя ўмовы. На што спадзяецца ўрад Беларусі, якія ў яго козыры? Гэта звычайны гандаль, звычайны ход падчас перамоваў, калі бакі прапануюць нерэальную цану, каб потым саступіць у адказ на саступкі партнэра, як ужо ўзгадвалі? Ці за гэтым стаіць нешта іншае?”

(Грыб: ) “Цяпер склалася такая сытуацыя, калі ні расейскі, ні беларускі бакі не гатовыя зрабіць крок насустрач. Я лічу, што сёньня ў перамовах паміж беларускім урадам і “Газпромам” шмат палітыкі, а не эканомікі.

Беларускі бок увесь цяжар перамоваў пераклаў на плечы Міністэрстваў энэргетыкі і эканомікі. Я лічу, што гэта не зусім рацыянальны крок. Было б лепш, каб перамовы вялі прадстаўнікі “Белтрансгазу”. Там ёсьць сапраўдныя прафэсіяналы, якія добра ведаюць, колькі каштуюць аналягічныя прадпрыемствы ў іншых краінах. Яны лепш знойдуць мэханізм дамовы з “Газпромам” з большай выгадай для Беларусі”.

(Раманчук: ) “Не магу не пагадзіцца з спадарыняй Грыб у тым, што тут вельмі шмат палітыкі. Я ня ведаю ніякіх чыньнікаў, акрамя палітычных, якія б уплывалі на кошт прадпрыемства “Белтрансгаз” так раптоўна. За месяц гэтае прадпрыемства паднялося ў цане з 3 мільярдаў да 5 мільярдаў. Менавіта беларускі бок спрабуе перавесьці праблему ў палітычную плашчыню”.

(Карбалевіч: ) “Хацеў бы пагадзіцца з сваімі суразмоўцамі ў тым, што тут сапраўды існуе важкі палітычны чыньнік. Жорсткія, нерэальныя ўмовы беларускага боку — гэта своеасаблівы шантаж Крамля, спроба прымусіць яго пайсьці на саступкі ў палітычным пытаньні. Хачу нагадаць, што падчас нядаўняга інтэрвію тэлеканалу НТВ спадар Лукашэнка ў адказ на пытаньне аб пераходзе Беларусі на расейскі рубель заявіў, што гэта будзе прадметам перамоваў на сустрэчы з Уладзімерам Пуціным.

Здаецца, што і праблема “Белтрансгазу” — гэта таксама тэма перамоваў з расейскім прэзыдэнтам. Да таго ж, магчыма, гэта і сродак ціску на Крэмль дзеля таго, каб прымусіць Пуціна правесьці такую сустрэчу як мага хутчэй. Таму што, вядома, менавіта Масква блякуе сустрэчу кіраўнікоў дзяржаваў?

Як далей будуць разьвівацца падзеі? Вядома, што недзе ў наступныя месяцы Беларусь вычарпае тую квоту расейскага газу, які “Газпром” пастаўляе па льготных, унутрырасейскіх цэнах. Як гэта паўплывае на перамовы аб стварэньні сумеснага прадпрыемства?”

(Грыб: ) “У “Белтрансгазе” мяне запэўнілі ў тым, што сёлета не паўторыцца сытуацыя мінулай восені. Таму што цяпер газ роўнымі часткамі Беларусь атрымлівае ад трох газатрэйдэраў: “Газпрому”, “Ітэры” і “Транснафты”.

Зь іншага боку, я лічу, што “Газпром” так лёгка не адступіць ад сваіх намераў. “Газпром” вырашыў, што магістральныя газаправоды, якія праходзяць праз тэрыторыю Беларусі, патрэбныя яму. І таму расейская газавая манаполія застанецца на гэтым рынку. Яна будзе шукаць іншых сродкаў для авалодваньня беларускай маёмасьцю. Напрыклад, цяпер “Газпром” цісне на Беларусь, патрабуе, каб у гэтым годзе былі пагашаныя запазыкі мінулых гадоў. Гэта 126 мільёнаў даляраў. Беларусь прапанавала вяртаць запазыкі бартэрам па 2–3 мільёны даляраў на месяц. Але “Газпром” адмовіўся. Ён правёў перамовы з аўстрыйскай фінансавай кампаніяй і дамовіўся, што яна перакупіць беларускія запазыкі”.

(Раманчук: ) “Я думаю, што ў наступныя паўгоду-год ня будзе створанае ніякае сумеснае прадпрыемства. Таму што вельмі розныя інтэрэсы бакоў. Я ня думаю, што палітычныя адносіны будуць высьветленыя на працягу гэтага тэрміну. Безумоўна, пазыцыя “Газпрому” будзе больш жорсткай у пытаньнях цэнаў на газ, які будзе пастаўляцца ў Беларусь у 2004 годзе. Таму трэба чакаць падвышэньня цэнаў. Таксама можна чакаць адказу ад бартэру. І цяпер доля бартэру ў зьнешнім гандлі Беларусі паменшылася да 5%, але гэтыя адсоткі прыходзяцца менавіта на газ. А гэта адаб’ецца на кошце жыльлёва-камунальных паслугаў.

Што да палітычных дачыненьняў, то Пуціну ня выгадны цяпер канфлікт зь Менскам. Ён ня будзе рэагаваць на беларускія прапановы. Расейскі прэзыдэнт будзе заняты выбарамі. Таму нас чакаюць доўгія перамовы, шмат заяваў і дэклярацыяў”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, падаецца, што прычыны тых складанасьцяў, якія існуюць падчас перамоваў аб прадпрыемстве “Белтрансгаз”, палягаюць хутчэй у палітычнай сфэры, чым эканамічнай. І дзеля кампрамісу патрэбнае палітычнае рашэньне”.