Што прынясе Беларусі амэрыканскі законапраект пра міжнародныя дачыненьні?

Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: экспэрт Міжнароднага інстытуту палітычных дасьледаваньняў Андрэй Фёдараў і выкладчык Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Алесь Лагвінец

(Валер Карбалевіч: ) “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” прыняты Палатай прадстаўнікоў ЗША ў зьмененым фармаце, у рамках законапраекту пра міжнародныя дачыненьні ў 2004–2005 гадах. Гэты дакумэнт яшчэ ня стаў законам. Яго павінен прыняць Сэнат ЗША і падпісаць прэзыдэнт.

Аб чым сьведчыць прыняцьцё згаданага законапраекту? Ці сьведчаць зьмены зьместу дакумэнту, якія адбыліся ў параўнаньні зь першапачатковым варыянтам, што адбыліся пэўныя карэктывы ў палітыцы ЗША ў дачыненьні да Беларусі? Ці тут проста адбылася зьмена фармату дакумэнту, і ня больш за тое?”

(Андрэй Фёдараў: ) “Найперш, сам факт прыняцьця гэтага дакумэнту сьведчыць пра тое, што ЗША не забыліся пра Беларусь і спрабуюць нейкім чынам выкарыстаць свае магчымасьці для ўзьдзеяньня на сытуацыю ў краіне. Што тычыцца зьменаў, якія адбыліся ў дакумэнце ў параўнаньні зь першапачатковым варыянтам, то, на мой погляд, яны ня вельмі істотныя. Выпаў пункт аб забароне на пастаўку ў Беларусь звышсучасных тэхналёгіяў з ЗША. Але такія тэхналёгіі не пастаўляліся, і да гэтага часу і такіх намераў не было.

Было выключанае патрабаваньне закрыць рахункі вышэйшых дзяржаўных асобаў, якія маюць дачыненьне да парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. Праблема ў тым, што такія рахункі вельмі цяжка знайсьці і даказаць, што яны належаць тым ці іншым асобам.

Такім чынам, падаецца, што тыя зьмены, якія адбыліся, наблізілі гэты дакумэнт да рэальнасьці. Выключылі толькі тое, што і так не існавала і не магло рэалізавацца. Таму прыняцьцё гэтага дакумэнту — гэта даволі істотны палітычны акт”.

(Алесь Лагвінец: ) “Найперш, я бы падкрэсліў сымбалічнае значэньне гэтага дакумэнту. Яго прыняцьцё наўрад ці зьвязанае з тым, што ў Менску былі закрытыя дзьве амэрыканскія арганізацыі. Гэты дакумэнт ёсьць вынікам плянавага законатворчага працэсу ў Кангрэсе ЗША. Ён паказвае зацікаўленасьць ЗША ў разьвіцьці дэмакратыі ў Беларусі.

Акрамя сымбалічнага значэньня, гэты законапраект зьяўляецца і практычным чыньнікам. Але ня варта яго перабольшваць. Гэта працяг той палітыкі, якую ЗША праводзілі дагэтуль адносна Беларусі. Дакумэнт толькі фармалізуе гэтую палітыку”.

(Карбалевіч: ) “Які ўплыў можа аказаць прыняцьцё гэтага дакумэнту на сытуацыю ў Беларусі, на беларуска-амэрыканскія дачыненьні?”

(Фёдараў: ) “Безмоўна, ніякага добрага ўплыву гэтага дакумэнту на беларуска-амэрыканскія дачыненьні чакаць не даводзіцца. У найбліжэйшы час могуць быць рэзкія заявы Міністэрства замежных справаў Беларусі. Можна чакаць нейкіх крокаў у адказ. Праўда, з гэтым апошнім цяжка, таму што амаль усе амэрыканскія ўстановы ў Беларусі, акрамя амбасады ЗША, ужо закрытыя.

Што тычыцца ўплыву на ўнутрыпалітычную сытуацыю ў Беларусі, то цяжка чакаць значных зьменаў. Беларускія ўлады добра ведаюць, на якія мэты могуць пайсьці тыя сродкі, якія прадугледжваюцца згаданым законапраектам. І яны робяць усё, каб гэтыя шляхі перакрыць. Тым ня менш, можна вітаць прыняцьцё гэтага дакумэнту ў якасьці маральнай падтрымкі беларускай дэмакратыі”.

(Лагвінец: ) “Чакаецца абвастрэньне ўнутрыпалітычнай сытуацыі ў Беларусі, зьвязанае з жаданьнем Лукашэнкі зьменіць Канстытуцыю і прадоўжыць свае прэзыдэнцкія паўнамоцтвы. Таму маральная падтрымка ЗША, як найбуйнейшай у сьвеце дэмакратыі, дэмакратычных працэсаў у Беларусі мае вельмі важнае значэньне. ЗША пасьлядоўна падтрымліваюць дэмакратычныя сілы, грамадзянскую супольнасьць Беларусі. Спрыяльныя міжнародныя варункі зьяўляюцца важным чыньнікам беларускай дэмакратыі. Тым ня менш, усе дэмакратычныыя зьмены, якія маюць адбыцца ў Беларусі, мусяць быць вынікам унутраных працэсаў.

У законапраекце ідзе размова аб каардынацыі высілкаў ЗША з высілкамі эўрапейскіх краінаў і разгляду беларускай сытуацыі ў агульнаэўрапейскім кантэксьце. У дакумэнце ўзгадваюцца АБСЭ і іншыя эўрапейскія арганізацыі. І посьпех законапраекту будзе абумоўлены, з аднаго боку, здольнасьцю ЗША каардынаваць сваю палітыку з сваімі саюзьнікамі, зь іншага боку, гатоўнасьцю іншых заходніх краінаў, у тым ліку заходніх суседзяў Беларусі, а таксама Расеі спрыяць дэмакратызацыі беларускага грамадзтва”.

(Карбалевіч: ) “Хацеў бы працягнуць апошнюю думку спадара Лагвінца. Дакумэнт прадугледжвае, што амэрыканскія прадстаўнікі ў міжнародных фінансавых арганізацыях павінныя блякаваць фінансавую дапамогу Беларусі. Трэба меркаваць, што і ў іншых міжнародных арганізацыях ЗША будуць займаць больш жорсткую пазыцыю адносна Беларусі і будуць спрыяць таму, каб і іншыя прадстаўнікі заходніх дзяржаваў былі салідарныя з Злучанымі Штатамі. У гэтай сувязі, ці магчымае ўзмацненьне ціску на Беларусь з боку міжнародных структураў?”

(Фёдараў: ) “Існуе істотная розьніца паміж міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі й палітычнымі арганізацыямі. У міжнародных фінансавых арганізацыях ЗША маюць вельмі вялікую вагу і могуць выпрацоўваць іх палітыку.

Зусім іншая сытуацыя зь міжнароднымі палітычнымі арганізацыямі. Напрыклад, ЗША прыклалі вельмі вялікія намаганьні ў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ ў лютым гэтага году, каб апошняя не прымала ў свой склад Нацыянальны сход Беларусі. Але безвынікова.

Трэба мець на ўвазе, што Эўропа мае крыху іншы падыход да Беларусі. АБСЭ, Эўразьвяз і ЗША маюць трохі розныя погляды на тое, як яны павінны дзейнічаць у адносінах да Беларусі”.

(Лагвінец: ) “Згаданае патрабаваньне ў законапраекце не нясе нічога новага, паколькі, фактычна, вельмі няшмат існуе праграмаў фінансавай дапамогі Беларусі. Большасьць такіх праграмаў былі згорнутыя раней. Беларускі рэжым знаходзіцца ў самаізаляцыі. І гэта не дазваляе рэалізацыі розных міжнародных эканамічных, інвэстыцыйных праектаў з удзелам Беларусі”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, сам факт прыняцьця Палатай прадстаўнікоў ЗША гэтага законапраекту азначае, што пачаліся сур’ёзныя зьмены ў замежнай палітыцы Злучаных Штатаў у дачыненьні да Беларусі. “Беларускае пытаньне” цьвёрда становіцца на парадак дня замежнай палітыкі ЗША, і ціск на беларускія ўлады будзе пашырацца”.