Які ўрад патрэбны Лукашэнку перад рэфэрэндумам?

Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: прэзыдэнт Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа і галоўны рэдактар газэты “Местное время” Анатоль Гуляеў

(Валер Карбалевіч: ) “Адстаўка прэм’ера, віцэ-прэм’ера, міністра сельскай гаспадаркі, абяцаньне Аляксандра Лукашэнкі на працягу ліпеня абнавіць склад ураду на траціну выклікала значны рэзананс у грамадзтве і палітычных колах. Большасьць незалежных экспэртаў патлумачылі гэтыя адстаўкі як піараўскую акцыю напярэдадні рэфэрэндуму. Паўстае натуральнае пытаньне: які ўрад патрэбны Лукашэнку перад рэфэрэндумам? Якія задачы стаяць перад абноўленым урадам, новым прэм’ерам?”

(Аляксандар Патупа: ) “Што тычыцца піараўскай акцыі — гэта відавочна. Ужо склалася традыцыя, што заўсёды ёсьць вінаватыя, якія бяруць на сябе ўсе памылкі. Гэта прымітыўная тэхналёгія.

Але ў гэтай апэрацыі ёсьць і іншы плян. Цяпер Лукашэнку патрэбная нейкая, я б сказаў, іміджмэйкерская каманда, каб перад электаратам паказаць нейкі каляровы малюнак нашага жыцьця. Каб усе бачылі росквіт краіны, рост сукупнага прадукту, прыгожую статыстыку. І на гэтым грунце будзе фармавацца нейкі пазытыўны імідж усяго прэзыдэнцкага тэрміну. Таму, найперш, гэта іміджмэйкерская праблема. Адказныя чыноўнікі ўраду павінны дэманстраваць посьпех празь дзяржаўныя СМІ”.

(Анатоль Гуляеў: ) “Мне здаецца, што перад новым урадам будуць стаяць тыя ж задачы, якія стаялі перад усімі папярэднімі ўрадамі: дакладна выконваць каманды прэзыдэнта. І тут нічога ня зьменіцца. Ва ўрадзе патрэбныя людзі, якія будуць выконваць каманды, якія ня маюць уласнай думкі наконт разьвіцьця эканомікі і краіны.

Я ведаю былога прэм’ера Навіцкага даўно. Мы разам працавалі ў Магілёўскім абкаме партыі. Ён працаваў загадчыкам аддзелу будаўніцтва, а я — загадчыкам сэктару друку, тэлебачаньня і радыё. І я памятаю, як на паседжаньнях бюро абкаму заўсёды лаялі будаўнікоў. І Генадзь Навіцкі спрабаваў абараняцца. Ён спасылаўся на аб’ектыўныя прычыны. Але на яго цыкалі, ён садзіўся, і ўсе спробы ваяваць за эканоміку заканчваліся безвынікова.

Тое ж адбывалася і цяпер, калі Навіцкі дарос да прэм’ера. Кіраўнік ураду павінен мець нейкія ўласныя ўяўленьні аб тым, як краіна павінна разьвівацца. Спачатку ў яго былі нейкія свае меркаваньні. Ён казаў пра рынкавую эканоміку, лібэралізацыю. У яго былі нейкія спадзяваньні на гэта. Але хутка ён стаў простым выканаўцам, рабіў толькі тое, што яму скажуць. Усё зьвялося да лясканьня абцасамі. Мне здаецца, што і галоўная задача ўраду, які будзе прызначаны цяпер, зьвядзецца да таго, каб гучна і ў патрэбны час ляскаць абцасамі”.

(Карбалевіч: ) “На мой погляд, задачы ўраду ўскладняюцца. Найперш трэба ўтрымаць пад кантролем эканамічную сытуацыю, якая пагаршаецца. Па-другое, перад рэфэрэндумам патрэбна будзе ажыцьцяўляць “раздачу сланоў”. То бок, трэба ажыцьцявіць захады дзеля паляпшэньня дабрабыту насельніцтва хоць бы на кароткі тэрмін. А для гэтага патрэбна знайсьці нейкія дадатковыя рэсурсы.

Сярэдні тэрмін працы на пасадзе прэм’ера падчас кіраваньня Лукашэнкі быў прыкладна два гады. Калі зыходзіць з такой заканамернасьці, то гэта азначае, што да прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году новы ўрад не дацягне. Ці згодныя вы з такою высновай? На які тэрмін працы можа разлічваць новы прэм’ер? Ці, магчыма, у складаных эканамічных абставінах урад будзе мяняцца часьцей?”

(Патупа: ) “Па-першае, у гэтай краіне лёс усякага ўраду — ляскаць абцасамі. Урад Навіцкага быў трагічным урадам, які меў нейкія мазахісцкія функцыі. Ён павінен быў дэманстраваць праблемы ў эканоміцы.

А вось у дадзены момант патрэбны іншы урад, які, найперш, будзе добра кіраваць інфармацыйным рэсурсам. На кароткі пэрыяд трэба зрабіць прыгожы інфармацыйны малюнак, цэлую панараму для электарату. Таму мы бачым наступ улады на грамадзкія арганізацыі, структуры трэцяга сэктару, партыі, незалежныя СМІ, замежныя арганізацыі. У інфармацыйнай сфэры ад ураду патрабуецца больш жорсткая палітыка. Гэта будзе галоўная задача новага ўраду на пэрыяд рэфэрэндуму альбо іншай формы пралянгацыі прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі”.

(Гуляеў: ) “Што тычыцца тэрміну, на які можа разьлічваць гэты новы ўрад, то я лічу, што гэта ня можа прадказаць ніхто, уключаючы і самаго кіраўніка дзяржавы. Бо ўсё залежыць ад абставінаў. Ніхто ня ведае, калі спатрэбіцца зноў шукаць адказных за пралікі. А сытуацыя будзе накаляцца. Але калі спатрэбіцца зноў шукаць вінаватых, то гэта будзе ўрад. Ужо закладзеная традыцыя. Памятаеце, як Лукашэнка казаў: “Трэба берагчы народ ад уласнага ўраду”. Але, я лічу, што да прэзыдэнцкіх выбараў гэты ўрад не дажыве”.

(Патупа: ) “Калі ў гэтага ўраду толькі адна функцыя — правесьці рэфэрэндум, стварыць прывабны вобраз кіраўніка дзяржавы, то яго фінал можна прадказаць вельмі дакладна. Пасьля рэфэрэндуму гэты ўрад не патрэбны. Можа, асобныя міністры застануцца на нейкі тэрмін ва ўрадзе, але гэта ўжо непрынцыпова”.

(Карбалевіч: ) “Які прагноз можна зрабіць адносна кадравага складу ўраду? Гэта будуць людзі, якія разьбіраюцца ў макраэканоміцы? Ці гэта будуць жорсткія выканаўцы кшталту сталінскіх наркамаў? Ці галоўная якасьць, якая патрэбная цяпер ад высокіх чыноўнікаў — гэта асабістая адданасьць? Прызначэньне на адказныя пасады былых дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Ўнучкі і Ломця, зь якімі Лукашэнка разам працаваў у парлямэнце, — гэта што, прыкмета кадравага голаду? Ці стаўка робіцца на добра вядомых асабіста кіраўніку дзяржавы, правераных людзей?”

(Патупа: ) “Сябры новага ўраду мусяць адпавядаць двум крытэрам. Па-першае, яны павінны быць здольныя на публічны аптымізм. Па-другое, яны павінныя ўсе рашэньні прэзыдэнта праводзіць у вельмі жорсткай форме. Напрыклад, пастанову ўраду №463, якая прадугледжвае, што ў краіне забаронена ўжываць назву “прэзыдэнт” ва ўсіх арганізацыях (толькі прэзыдэнт дзяржавы можа так называцца), падпісаў не прэм’ер Навіцкі і віцэ-прэм’ер Сідорскі. Таму апошні цяпер і зьяўляецца выканаўцам абавязкаў кіраўніка ўраду”.

(Гуляеў: ) “Мне здаецца, падзеі будуць разьвівацца згодна схеме, якая існуе зь першых гадоў савецкай улады. Бяруць чалавека з правінцыі і вылучаюць на вельмі высокую пасаду. У савецкі час такога чалавека называлі “выдвиженец”. Мы маем прыклады, як нікому не вядомая чыноўніца стала старшынёй Цэнтарвыбаркаму ці як інжынэр-будаўнік становіцца кіраўніком Нацбанку і гэтак далей. І гэтыя людзі добра памятаюць, хто ім даў такія пасады. І яны будуць упарта змагацца за гэтага чалавека. І такая практыка будзе працягвацца.

Ці іншы варыянт. Будуць вылучацца людзі, якія займалі пэўныя пасады ў савецкі час, а цяпер пра іх забыліся. Успомніце ўзыходжаньне Анатоля Малафеева. Ён ужо ні на што не спадзяваўся. А яго нечакана Лукашэнка вылучыў. І ён працаваў так, як ад яго патрабавалася.

Узяць таго, хто быў “нікім”, як сьпявалася ў пралетарскім гімне, і зрабіць яго “ўсім” — вось прынцып кадравай палітыкі. Такія людзі будуць вельмі адданыя. А потым гэтага чалавека, які быў “нікім”, а стаў “усім”, зноў зрабіць “нікім”. І ён ня будзе моцна пратэставаць.

Калі паглядзець пра першыя прызначэньні, якія ўжо тут узгадвалі, то можна адзначыць, што яны адбываюцца па прынцыпу асабістай адданасьці. Сярод прызначаных людзей няма стратэгаў разьвіцьця прамысловасьці альбо сельскай гаспадаркі. Яны ў пэўны час павінны выканаць функцыю хлопчыкаў для біцьця. Каб пры прызначэньні кадраў дзейнічаў іншы, больш прагрэсіўны прынцып, мы мелі бы іншы ўрад, іншыя вынікі і іншае жыцьцё”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, галоўная выснова, якая вынікае з нашае размовы, выглядае так: у любым выпадку не эканамічныя, а менавіта палітычныя чыньнікі будуць галоўнымі пры вызначэньні складу ўраду, прызначэньні прэм’ера”.