Вынікі дзейнасьці ўраду Генадзя Навіцкага

Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: былы прэм’ер-міністар Міхаіл Чыгір і былы міністар замежнаэканамічных сувязяў Міхаіл Марыніч

(Валер Карбалевіч: ) “За час кіраваньня Лукашэнкі на пасадзе кіраўніка ўраду працавалі чатыры чалавекі: Міхаіл Чыгір, Сяргей Лінг, Уладзімер Ярмошын і вось апошні Генадзь Навіцкі. Гэта былі розныя людзі, яны працавалі ў розных умовах, і сыходзілі яны па-рознаму. У чацьвер першы раз прэм’ер адпраўлены ў адстаўку за хібы ў працы.

Сапраўды, трэба адзначыць, што за тыя няпоўныя два гады, калі Навіцкі быў кіраўніком ураду, эканамічная сытуацыя ў краіне пагоршылася. Але ці вялікая віна тут прэм’ера і ўраду ўвогуле? Што такое ўрад у Беларусі? Якія ягоныя паўнамоцтвы? Ці вызначае ён эканамічную палітыку дзяржавы?”

(Міхаіл Чыгір: ) “Я павінен сказаць, што з кожным годам урад страчвае свае паўнамоцтвы. І тыя хібы, якія ёсьць у эканоміцы, залежалі ня столькі ад ураду, колькі ад адміністрацыі прэзыдэнта, у першую чаргу, ад самога прэзыдэнта. Таму я б ня стаў бы абвінавачваць Навіцкага ў тых праблемах, якія існуюць сёньня ў эканоміцы.

Віна Навіцкага ў тым, што ён павінен быў хадзіць да кіраўніка дзяржавы, інфармаваць і настойваць на нейкіх дзеяньнях, якія б маглі палепшыць сытуацыю. Сам Лукашэнка сказаў, што ён выдатны выканаўца, паслухмяны чалавек. А вось той настойлівасьці, якую павінен праяўляць прэм’ер, асабліва ў цяжкі час для краіны, не было. Так, спрыяльных умоваў для дзеяньня ўраду не было. Але Навіцкаму трэба было дамагацца стварэньня такіх умоваў.

Калі я быў прэм’ерам, то на першапачатковым этапе ўрад меў магчымасьць прымаць самастойныя рашэньні. Але праз два гады, калі я ўжо падаваў у адстаўку, то адчуваў, што ўрад ужо самастойна працаваць ня можа. Менавіта ў такіх умовах працаваў Навіцкі. Але ён на іх згадзіўся”.

(Міхаіл Марыніч: ) “Я згодны зь Міхаілам Мікалаевічам. Але я хацеў бы паглядзець на сытуацыю шырэй. Сёньня даводзіцца толькі шкадаваць, што ў нашай краіне праходзяць тэлешоў, якія ладзіць Лукашэнка. Гэта прыніжае краіну, грамадзянаў. Адбываецца абраза прэм’ера, віцэ-прэм’ераў, міністраў, губэрнатараў, дырэктараў. Гэта стала нормай працы кіраўніка дзяржавы. Ён паводзіць сябе як на калгасным падворку. Нізкапробная, папулісцкая мова разьлічаная на люмпэна. Ён як бы кажа насельніцтву: вось які я добры, абараняю вас, а гэтыя не даюць мне клапаціцца пра вас.

Таму ў нас няма ўраду ў тым сэнсе, што гэта орган, які кіруе гаспадаркаю, эканомікаю краіны. У нас улада толькі ў аднаго чалавека, у Лукашэнкі. Адсутнічае прафэсіяналізм. Ёсьць толькі загад Лукашэнкі, а іншых думак ня можа быць. Таму ўрад не зьяўляецца самастойнай структураю. Ён выконвае не свае рашэньні, а робіць тое, што загадана. І таму робіцца ўсё, каб народ верыў, што прадпрымальнікаў трэба зьнішчаць, таму што яны быццам бы крадуць у народу, што чыноўнікі ўсіх абіраюць, ды іншае. Лукашэнка стварае сытуацыю, што ўсе вінаватыя і бяспраўныя, а толькі ён адзін мае рацыю.

Таму ўрад бяспраўны. А Навіцкі вінаваты ў тым, што ня меў самастойнай думкі і не змагаўся за свой прафэсіяналізм, як у свой час рабіў Міхаіл Мікалаевіч Чыгір”.

(Карбалевіч: ) “Залежна ад паўнамоцтваў урады клясыфікуюць на палітычныя і тэхнічныя. Палітычныя ўрады вызначаюць альбо значна ўплываюць на дзяржаўную палітыку. А тэхнічныя ўрады такіх паўнамоцтваў ня маюць. Яны зьяўляюцца толькі простымі інструмэнтамі для рэалізацыі палітычнага курсу, які вызначае кіраўнік дзяржавы. У палітычнай сыстэме Беларусі пасьля 1996 году ўрад ня можа быць іншым, акрамя як тэхнічным.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году, калі Генадзь Навіцкі быў прызначаны прэм’ерам, адбыліся пэўныя зьмены ў структуры ўраду. Як бы вы маглі ацаніць дзейнасьць ураду Навіцкага ў параўнаньні з урадам Ярмошына, ці з урадам, які вы ўзначальвалі, спадар Чыгір, ці з урадам Лінга, у які ўваходзілі вы, спадар Марыніч?”

(Чыгір: ) “Урад Навіцкага — найбольш паслухмяны ўрад з усіх урадаў, якія працавалі за кіраваньнем Лукашэнкі. На другім месцы па паслухмянасьці стаіць урад Лінга. Потым можна назваць урад Ярмошына. І самым апошнім у гэтым шэрагу можна назваць урад, які ўзначальваў я.

Я павінен сказаць і наступнае. Лукашэнка мае цяжкі для супрацоўніцтва характар. А калі я працаваў, то пабач са мною працавалі такія людзі, як кіраўнік Нацбанку Багданкевіч, як кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Сініцын, як Даўгалёў. І калі ўзьнікалі складаныя сытуацыі, то мы маглі ўдвох ці ўтрох сустрэцца з Лукашэнкам, упэўніць яго ў неабходнасьці нейкіх захадаў дзеля паляпшэньня эканамічнай сытуацыі. Таму хачу зазначыць, што ў асобных выпадках Лукашэнку можна прымушаць рабіць тыя ці іншыя крокі ў патрэбным кірунку. Але дзеля гэтага патрэбная дружная каманда, у якой усе падтрымліваюць адзін другога.

Што да ўраду Навіцкага, то там цяпер падабраныя такія людзі, якія нічога ніколі насуперак кіраўніку дзяржавы не сказалі. Гэта дрэнна для ўраду, для краіны, для самога Лукашэнкі. Гэтыя людзі дазваляюць зьдзекавацца зь сябе. Калі ўзьнікаюць нейкія праблемы, то можна прыйсьці да кіраўніка дзяржавы і сказаць: “Калі ёсьць да мяне прэтэнзіі, то я магу сысьці. Але ў мяне ёсьць свае погляды”. Так павінна адбывацца. А калі рашэньні прымае адзін чалавек, то гэта вельмі дрэнна. Таму ўрад Навіцкага вінаваты ў тым, што ён ніякага супраціву Лукашэнку і ягонай адміністрацыі не аказваў”.

(Марыніч: ) “Сапраўды, сёньня ў нас тэхнічны ўрад, проста інструмэнт у руках адміністрацыі прэзыдэнта. Таму прэм’ер Навіцкі са сваімі калегамі нічога зьмяніць у жыцьці грамадзтва ня мог. Ён не супраціўляўся, а толькі пагаджаўся з загадамі, якія яму даваў Лукашэнка.

У той час, калі кіраўніком ураду быў Чыгір, была надзея, што Беларусь пойдзе шляхам дэмакратычнага разьвіцьця, рынкавых рэформаў. Тады прэзыдэнт раіўся, прыслухоўваўся да парадаў прафэсіяналаў. Гэта быў пэрыяд добрых адносінаў з сусьветнымі фінансавымі арганізацыямі, як МВФ. Гэта давала пэўныя вынікі. У краіну пачалі ісьці інвэстыцыі.

Аднак з правядзеньнем рэфэрэндуму гэты пэрыяд закончыўся. І Міхаіл Мікалаевіч праявіў мужнасьць і не згадзіўся з тым курсам, які пачаўся фармавацца ў краіне. Ён сышоў у адстаўку. У Беларусі пачаўся пэрыяд самаізаляцыі, непрафэсіяналізму”.

(Карбалевіч: ) “Хацеў бы працягнуць тую думку, якую выказаў спадар Чыгір. Сапраўды, многія экспэрты лічаць, што пасьля 2001 году роля і вага ўраду ў сыстэме дзяржаўнага кіраваньня краіны зьменшылася. Ён стаў яшчэ менш самастойным, чым раней, больш прыстасаваным для простага кіраваньня з адміністрацыі прэзыдэнта. Адначасова была зьніжаная роля і палітычная вага прэм’ера. Вельмі паказальна, што Навіцкі быў прызначаны кіраўніком ураду пасьля таго, як урад ужо быў сфармаваны. То бок, ніяк ўплываць на яго склад ён ня мог. І з усіх былых прэм’ераў спадар Навіцкі быў самы несамастойны і непрыкметны. Ён быў простым выканаўцам. І стаў ахвярным казлом.

У чацьвер Лукашэнка адзначыў, што на працягу ліпеня склад ураду зьменіцца на траціну. Ці можна чакаць нейкіх зьменаў у функцыях і статусе новага ўраду і будучага прэм’ера? Ва ўмовах пагаршэньня сацыяльна-эканамічнага становішча ці магчымая перадача ўраду і прэм’еру нейкіх большых паўнамоцтваў? Ці наадварот, урад зробіцца яшчэ больш кішанёвым?”

(Чыгір: ) “Добра ведаючы характар Лукашэнкі, вельмі цяжка спадзявацца на тое, што ён дасьць ураду большыя паўнамоцтвы. Хоць гэта было б на карысьць і самому Лукашэнку. Таму што ўрэшце ён будзе адказваць за ўсе хібы. Рашэньні ж прымае ён. Гэта для многіх грамадзянаў здаецца, што ўсё вырашае ўрад. Было б добра, каб Лукашэнка зразумеў, што ў Беларусі павінен быць гэткі ж паўнамоцны урад, як у іншых краінах”.

(Марыніч: ) “Сёньня зьмена ўраду ніяк не паўплывае на становішча ў краіне. Ніякіх паўнамоцтваў урад не атрымае. У такой сытуацыі я б параіў, каб урад узначаліў сам Лукашэнка і паказаў насельніцтву, што той асаблівы шлях, беларуская мадэль разьвіцьця мае сваю будучыню. Тады б яскрава раскрыўся яго “прафэсіяналізм”. Але, на маю думку, палітыка Лукашэнкі беспэрспэктыўная”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, адстаўка прэм’ера Навіцкага яшчэ раз засьведчыла, што лёс кіраўніка ўраду, як і любога міністра ў сёньняшняй Беларусі, незайздросны. Яны зьяўляюцца закладнікамі ня толькі таго эканамічнага курсу, які вызначыў кіраўнік дзяржавы, ня толькі закладнікам палітычных кампаніяў, якія ладзіць Лукашэнка, але і яго зьменлівых настрояў”.