Крызыс вакол Іраку і пазыцыя Беларусі

Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: аглядальнік газэты “Наша Ніва” Андрэй Ляховіч і рэдактар Інтэрнэт-газэты “Белорусские новости” Аляксандар Класкоўскі

(Валер Карбалевіч: ) “Крызыс вакол Іраку апынуўся ў цэнтры ўвагі міжнароднай супольнасьці. Розныя міжнародныя арганізацыі, кіраўнікі дзяржаваў, палітыкі выказваюць сваё стаўленьне да гэтай сытуацыі.

Апошні час Лукашэнка два разы выказаўся наконт крызысу вакол Іраку. Спачатку падчас прэс-канфэрэнцыі 31 студзеня, потым падчас сустрэчы з новым ірацкім амбасадарам Лукашэнка выступіў супраць падрыхтокі ЗША ваеннай акцыі, заявіў аб падтрымцы Іраку і нават Паўночнай Карэі. Асабліва ўсьцешыла кіраўніка беларускай дзяржавы тое, што многія краіны ў сьвеце прытрымліваюцца той жа пазыцыі. І гэта дало падставу Лукашэнку адзначыць, што палітыка Беларусі, арыентаваная на дружбу з Багдадам, была правільнай.

Мне падалося, што Лукашэнка гаварыў аб гэтым зь нейкім эмацыйным пад’ёмам. Як вы ставіцеся да думкі, што любы міжнародны крызыс ідзе на карысьць беларускаму кіраўніку? Ён актыўна ўмяшаўся ў Косаўскі крызыс 1999 году. І вось зараз зноў кідаецца ў прапагандысцкую бойку. Навошта Беларусь умешваецца ў новы міжнародны крызыс?”

(Андрэй Ляховіч: ) “На маю думку, для Лукашэнкі ёсьць прынцыповая розьніца паміж балканскім крызысам і сёньняшнім ірацкім крызысам. Тады ў 1999 годзе прэзыдэнт Беларусі быў саюзьнікам і прадстаўніком Масквы.

Нельга адназначна казаць, што сам крызыс вакол Іраку на карысьць Лукашэнку. Дакладней сказаць, што гэты канфлікт стаў стымулам, імпульсам для яго палітычнай гульні, якую ён выкарыстоўвае для вырашэньня як кароткатэрміновых, так і для доўгатэрміновых задачаў”.

(Аляксандар Класкоўскі: ) “Зазначу найперш, што трэба разьдзяляць тое, што на карысьць Беларусі, і тое, што на карысьць Лукашэнку. Гэта розныя рэчы. Афіцыйны кіраўнік дзяржавы выкарыстоўвае сытуацыю дзеля сваёй палітычнай гульні й прапаганды.

Трэба адзначыць, што падчас крызысаў Лукашэнка адчувае сябе як рыба ў вадзе, менавіта ў прапагандысцкім, піяраўскім пляне. І сёньняшняя сытуацыя з Іракам — не выключэньне. Калі ўявіць, што здарыцца цуд і вайна не адбудзецца, тады Лукашэнка выступіць у ролі выратавальніка шматпакутнага ірацкага народу.

Калі ж вайна пачнецца, то, натуральна, яна будзе жорсткай, ня ў белых пальчатках. Згадаем мінулыя кампаніі, калі бомбы траплялі ў сховішчы, жылыя дамы, гінулі цывільныя людзі. Такія сытуацыі ўзьнікнуць і падчас новай вайны. І гэта дасьць падставу Лукашэнку для палкіх прапагандысцкіх выступаў, якія дазволяць набіраць прапагандысцкія ачкі”.

(Карбалевіч: ) “Якія дывідэнды спрабуе атрымаць Лукашэнка ад сваёй антыамэрыканскай пазыцыі? На каго разьлічаная такая рыторыка? На беларускі электарат? На арабскія краіны? Ці, можа, гэта чарговая спроба пагуляць на расейскім палітычным полі, паказаць, што ён больш моцна, чым Пуцін, процідзейнічае стварэньню, як кажа Лукашэнка, “аднаполюснага сьвету?”

(Ляховіч: ) “Гэтая інфармацыйная кампанія і палітычная гульня, на маю думку, не скіраваная на беларускі электарат. Таму што апошні цікавіцца іншымі праблемамі, перш за ўсё сацыяльна-эканамічнымі. Не скіраваная яна і на расейскі электарат. Яе мэта — паўплываць, актывізаваць у сваю падтрымку тыя групы ў складзе палітычнай эліты Расеі, якія традыцыйна разважаюць у катэгорыях “халоднай вайны”.

Маюцца на ўвазе пэўныя колы расейскага істэблішмэнту, генэралітэту, ня кажучы ўжо пра так званыя народна-патрыятычныя сілы, якія заўсёды прыхільна ставіліся да беларускага кіраўніка. Лукашэнка даўно працуе з такімі групамі. З дапамогаю ірацкага крызысу кіраўнік Беларусі можа паказаць гэтым сілам, што ён свой. І актывізацыя гэтых групаў можа стаць пэўным сродкам ціску на Крэмль, на Пуціна”.

(Класкоўскі: ) “Я думаю, што спадар Лукашэнка як вопытны прапагандыст пакрысе працуе з усімі пералічанымі тут мэтавымі групамі, усімі аўдыторыямі. Натуральна, яго антыамэрыканскія пасажы як бальзам на душу расейскім народна-патрыятычным сілам. Але, зь іншага боку, перабольшваць іх сёньняшні ўплыў на палітыку Крамля таксама ня варта.

Натуральна, пазыцыя Лукашэнкі можа спадабацца арабскім шэйхам. Яны можа трохі падкінуць грошай. Але, напэўна, шмат не дадуць.

І тым больш Лукашэнка ніколі ня стане сябром Шырака ці Шродэра, якія таксама выступаюць за мірнае вырашэньне ірацкага крызысу. Таму пры ўсім пры тым ён, як вопытны прапагандыст, вылучае галоўную мэтавую аўдыторыю. Я думаю, гэта ўсё ж беларускі электарат. Я б тут паспрачаўся з думкай, што наш просты люд дбае толькі пра цэны, каўбасу і іншае.

Справа ў тым, што падчас гэтага канфлікту Лукашэнка стварае ілюзію таго, што ён мае вялікі ўплыў на важныя міжнародныя праблемы. Ён падтрымлівае вобраз моцнага лідэра, які не баіцца спрачацца з ЗША, заўсёды гне сваю лінію, наводзіць парадак у любой сфэры, нават міжнароднай. Бо рэйтынг падае, і трэба выкарыстоўваць усе сродкі, каб спыніць гэты працэс”.

(Карбалевіч: ) “Верагоднасьць пачатку вайны супраць Іраку вельмі вялікая, і з кожным тыднем яна павялічваецца. Як паўплывае яна на Беларусь? Зьвернем увагу та такі чыньнік, як павышэньне цэнаў на нафту, якое абавязкова адбудзецца з пачаткам вайны. Які ўплыў гэта можа аказаць на беларускую эканоміку? Між іншым, адрозна ад газу, які Беларусь купляе ў Расеі па цэнах, значна ніжэйшых, чым сусьветныя, нафту Расея прадае Беларусі па сусьветных цэнах. Таму спажываная Беларусьсю нафта будзе каштаваць значна больш”.

(Ляховіч: ) “Лукашэнка ўлічвае такі чыньнік, што Беларусь знаходзіцца ў сфэры расейскага інфармацыйнага ўплыву. Вядома, што Расея таксама выступае за мірнае вырашэньне ірацкага крызысу. Таму пазыцыя Лукашэнкі ня будзе супярэчыць таму, што будуць перадаваць расейкія тэлеканалы. І ў гэтым сэнсе такая сытуацыя на карысьць беларускага кіраўніка”.

(Класкоўскі: ) “Як ні парадаксальна, Лукашэнка тут практычна нічым не рызыкуе. Таму што пасьля вайны ЗША ня будуць жа разьбірацца з тымі, хто выказваўся супраць ваеннай акцыі. А схапіць Беларусь за руку ў сувязі з пастаўкамі зброі не ўдалося. У прыватнасьці, апошні скандал з быццам бы беларускімі шлемафонамі, якія затрымалі ў Бэйруце, ціха сышоў на нішто. Ніякіх вынікаў няма. Таму ў тактычным сэнсе пазыцыя кіраўніцтва Беларусі ў пэўным сэнсе бяспройгрышная.

Натуральна, калі браць гістарычны, філязофскі кантэкст, то сёньня, калі ідзе, як кажуць палітолягі, барацьба цывілізацыяў, ці барацьба багатай Поўначы супраць беднага Поўдня, тут Беларусі трэба рабіць нейкі гістарычны, геапалітычны выбар. І для эўрапейскай краіны, якой зьяўляецца Беларусь, той выбар, які робіць Лукашэнка, не выглядае натуральным. Але барацьба ў сусьветным маштабе — гэта доўгі пэрыяд. А на тым кароткім пэрыядзе свайго праўленьня Лукашэнка можа атрымліваць пэўныя палітычныя, прапагандысцкія дывідэнды.

Але праблема ў тым, што для Лукашэнкі няма зараз і праблемы выбару. Кіравацца іншымі каштоўнасьцямі, — дэмакратычнымі, цывілізаванымі — ён па вызначэньні ня можа. Таму яму застаецца выціскаць максымум з той ідэалёгіі, якую ён спавядае”.

(Карбалевіч: ) “Хацеў бы зазначыць, што Лукашэнка спрабуе выкарыстаць у сваіх мэтах і тую хвалю супраць ваеннай акцыі ЗША, якая зараз уздымаецца і ў Эўропе, і у іншых рэгіёнах.

Але мне здаецца, што калі ЗША пачне ваенную апэрацыю ў Іраку, і яна будзе вельмі хуткай і эфэктыўнай, то пасьля гэтага, як кажуць, пераможцаў ня судзяць. І ўсе дывідэнды будуць на баку ЗША і тых краінаў, якія ўступілі зь імі ў кааліцыю. Прайграюць тыя, хто выступаў супраць ваеннай акцыі.

Калі ж вайна зацягнецца, то ў выйгрышы застануцца тыя краіны, якія выступалі супраць вайны, у тым ліку Беларусь”.