(Халіп: ) “Плёткі пра стварэньне другога нацыянальнага тэлеканалу ўрэшце пацьвердзіліся. Больш за тое, на гэтым тыдні стала вядома, што ўзначальваць яго будзе Рыгор Кісель.
У студыі — Вольга Чакулаева. Вольгу, напэўна, усе ведаюць: яна вяла праграмы «Добрай раніцы, Беларусь!», «Гісторыя каханьня», конкурс маладых палітыкаў «Залатая дзясятка», а таксама была рэжысэрам праграмаў «Карамболь» і «Крок».
Вольга, я памятаю, вы сышлі з тэлебачаньня пасьля таго, як тэлегледачам быў прапанаваны фільм Азаронка «Дзеці хлусьні». Можа, мела б сэнс застацца ды пазмагацца яшчэ? Леанід Міндлін, напрыклад, яшчэ нейкі час пратрымаўся...”
(Чакулаева: ) “Я сышла са штату тэлебачаньня, таму што для мяне было немагчыма працаваць пад кіраўніцтвам Кісяля і ўсіх астатніх, хто дапусьціў гэты фільм у эфір. Я разумела, што калі я тут працую, то павінна выконваць загады кіраўніцтва. Я мела магчымасьць не атрымліваць зарплату, але з эфіру нейкі час яшчэ не сыходзіла — я палічыла, што гэты эфір такі ж мой, як і Кісяля”.
(Халіп: ) “Але вас даўно ўжо ў эфіры не відаць, а Кісель прызначаны кіраўніком цяпер ужо другога тэлеканалу. Нашто ўвогуле патрэбны гэты тэлеканал, калі й на першы не хапае ні фінансаваньня, ні людзкіх рэсурсаў?”
(Чакулаева: ) “Па праўдзе кажучы, ня ведаю. Можа, для таго, каб даць працу людзям, якія зараз знаходзяцца на 17-м паверсе будынка на Макаёнка, 9, — так званым рэзэрвістам. Ці каб паказаць Эўропе, што ў нас таксама ёсьць альтэрнатыва”.
(Халіп: ) “А калі б вас запрасілі на другі тэлеканал, вы б згадзіліся?”
(Чакулаева: ) “Я б згадзілася, калі б бачыла, што ёсьць рэальнае фінансаваньне, што праца будзе не на энтузіязьме, а на рэальнай тэхнічнай базе. І, напэўна, калі б мяне дапусьцілі да стварэньня канцэпцыі тэлеканалу, таму што проста рабіць нейкі цыкль — для мяне гэта ўжо ня надта цікава”.
(Халіп: ) “Якой, на ваш погляд, павінна быць канцэпцыя другога тэлеканалу, каб ён змог стаць папулярным, каб яго глядзелі?”
(Чакулаева: ) "Ды хоць якая! Няма ж канцэпцыі ні ў БТ-1, ні ў СТВ, ні (пакуль яшчэ) у БТ-2. Трэба, першае, зразумець, навошта ён, гэты тэлеканал, і другое — што на ім паказваць.
Гэта можа быць музыка, гульні, дзіцячыя праграмы... Навіны? Я ня ведаю, якія навіны могуць быць на другім тэлеканале. Напэўна, такія ж, як на першым. Іншых навінаў у нас ня можа быць. Хацелася б, каб людзі, якія будуць кіраваць каналам, разумелі, што трэба рабіць і для чаго”.
(Халіп: ) "А што вы думаеце зараз пра першы тэлеканал — вы ж яго глядзіце, напэўна?”
(Чакулаева: ) “Мне здаецца, што перад выбарамі кіраўніцтва першага тэлеканалу добра ведала, што трэба рабіць: трэба было выйграць выбары любой цаной. І вось выбары выйгралі. А зараз што рабіць — яны, здаецца, не зусім разумеюць.
Павінны быць на тэлебачаньні музычныя праграмы — і нейкія музычныя праграмы ёсьць. Павінны быць гульні — не, штосьці я ня бачу ніякіх гульняў...”
(Халіп: ) “А я думаю, што рэйтынг беларускага тэлебачаньня магла б выцягнуць адна цікавая папулярная гульня”.
(Чакулаева: ) “Толькі калі б знайшліся грошы, каб купіць ліцэнзійную тэлегульню — вопыт расейскіх тэлеканалаў паказвае, што безь ліцэнзійнае гульні нічога не атрымліваецца”.
(Халіп: ) “Дык можа, трэба было б не марнаваць грошы на стварэньне другога тэлеканалу, а купіць цікавую ліцэнзійную гульню?”
(Чакулаева: ) “Думаю, ліцэнзійная гульня патрабуе больш грошай, чым стварэньне другога тэлеканалу”.
(Халіп: ) “Тады нават немагчыма ўявіць, што мы будзем бачыць на БТ-2”.
(Чакулаева: ) “Тое ж, што і на БТ-1. А калі ўлічыць, што БТ-1 ніхто не глядзіць, то цяпер і БТ-2 ніхто ня будзе глядзець”.
(Халіп: ) “Але вы сказалі, што перад выбарамі было відаць мэту БТ-1 — выйграць прэзыдэнцкія выбары. Але калі БТ ніхто не глядзіць, як яно можа быць інструмэнтам палітычнага ўплыву?”
(Чакулаева: ) “Ёсьць раёны, дзе акрамя БТ і ОРТ нічога не глядзяць, таму што сыгнал не даходзіць. Так што глядзець больш няма чаго, выбару няма”.
(Халіп: ) “Дык гэта для тых раёнаў ствараецца БТ-2?”
(Чакулаева: ) “Дарэчы, калі ўлічыць, што БТ-2 будзе выходзіць на хвалях ОРТ, у яго, мабыць, аўдыторыя будзе нават большай”.
(Халіп: ) “А што вы можаце сказаць пра Рыгора Кісяля? Яго можна назваць прафэсіяналам у тэлевізійным бізнэсе?”
(Чакулаева: ) “Ня ведаю, як у бізнэсе, але праца на БТ яго шмат чаму навучыла. Ён у дастатковай ступені авалодаў прафэсіяй тэлевізійнага мэнэджэра. І, можа, ён будзе ствараць нейкую каманду...”
(Халіп: ) “Але тады можа атрымацца, што ў той камандзе апынуцца і Ягор Хрусталёў, і іншыя прафэсіяналы. Што тады — вы можаце да іх далучыцца?”
(Чакулаева: ) “Калі запросяць — далучуся. Але я ня ўпэўненая, што мяне запросяць. Ня буду казаць, што я такі ўжо вялікі прафэсіянал, але не апошні чалавек у тэлебачаньні... Напэўна, нават з задавальненьнем далучуся”.
(Халіп: ) “Апошнім часам сыходы з тэлебачаньня суправаджаюцца грукатам дзьвярэй — усё гэта вельмі гучна. А вы сышлі ціха, хаця сапраўды былі не апошнім чалавекам. Чаму вы так ціха сышлі? Маглі б ужо стаць палітычнай фігурай”.
(Чакулаева: ) “Быў той час, калі на гэтым яшчэ немагчыма было зрабіць палітычны бізнэс. Акрамя таго, я ж не сыходзіла з эфіру — толькі са штату. Не магла я проста кінуць гэты эфір — хацелася працаваць, былі нейкія думкі, ідэі. Потым усё скончылася”.
(Халіп: ) “Затое зараз можна назіраць масавы сыход з тэлебачаньня пасьля таго, як яго ўзначаліў Ягор Рыбакоў. Гэта ўвогуле падобна да зьдзеку з прафэсіяналаў — усё ж такі на тэлебачаньні працавалі прафэсіяналы, а зараз іх кіраўніком стаў хлопец, які нічога ня ведае ні пра тэлебачаньне, ні пра прафэсію журналіста — такі маладзюткі функцыянэр”.
(Чакулаева: ) “Так, Рыбакоў не зусім разумее, што такое журналістыка і што такое тэлебачаньне. Ужо адно тое, што ён увёў гэтыя магнітныя карткі, патрэбныя, каб прайсьці туды, — з такой адкрытай прафэсіі як журналістыка ён спрабуе зрабіць нейкі нумарны завод!
На тэлебачаньні ж большы сэнс мае творчая дысцыпліна, а не працоўная. І потым, глядзіш нейкія праграмы — «мастацкі кіраўнік Ягор Рыбакоў»... Ён, можа, і кіраўнік, але не мастацкі — гэта зразумела ўсім.
Мне непрыемна, што ў гэты дом, які многія будавалі літаральна сваімі рукамі (таму што хадзілі на суботнікі), прыйшоў чалавек, які зараз ня тое што разбурае сьцены малатком, а быццам сьмерч пранёсься па беларускім тэлебачаньні. Проста страшна назіраць, што там зараз робіцца”.
(Халіп: ) “А можа, гэта дзяржаўная палітыка — выйгралі выбары, а зараз трэба зрабіць усё, каб гэтае тэлебачаньне ніхто ніколі не глядзеў?”
(Чакулаева: ) “Ня можа ня быць у краіне тэлебачаньня — хоць якога!”
(Халіп: ) “І як вы думаеце, колькі яшчэ пратрымаецца Рыбакоў?”
(Чакулаева: ) “Я ж ня ведаю, што ён ведае і чаго ён ня ведае! Тут так: мала ведаеш — многа пратрымаесься, многа ведаеш — мала пратрымаесься”.
(Халіп: ) “А вам не шкада таго часу, які ідзе, нам застаецца ўсё менш, і ваш досьвед, ваш прафэсіяналізм зараз нікому не патрэбныя?”
(Чакулаева: ) “Заўсёды шкада таго часу, калі мы былі маладзейшымі. Былі надзеі, ілюзіі, якія паступова страчваліся. Гэта першае. Другое, нікому не патрэбны мой прафэсіяналізм? Ну, значыць, не патрэбны! Што ж тут зробіш?..”