Новая замежнапалітычная рэальнасьць Беларусі на тле вайны Захаду з тэрарызмам.

Віталь Цыганкоў, Менск

(Цыганкоў: ) "Пасьля выбуху ў ЗША 11 верасьня ў міжнароднай палітыцы адбыліся сур'ёзныя зьмены. Найперш гэта пэўнае збліжэньне Расеі ды Захаду. Пасьля апошніх сустрэчаў Пуціна з эўрапейскімі лідэрамі Расея ды Эўропа пастанавілі пастаўляць адно аднаму зьвесткі пра дзейнасьць і перамяшчэньні тэрарыстаў, паставак зброі, фінансавых апэрацыяў, якія могуць быць выкарыстаныя тэрарыстамі. Створаць таксама адмысловы рабочы орган, які будзе разглядаць магчымасьці паглыбленьня супрацоўніцтва Расеі ды НАТО.

Зразумела, нельга казаць, што ўсё гэта радыкальныя, рэвалюцыйныя перамены, але, прынамсі, Расея і НАТО ўжо ня ворагі, а як мінімум партнэры. Як у гэтай сытуацыі можа паводзіць сабе Аляксандар Лукашэнка, які да апошняга моманту быў самым зацятым ворагам НАТО ў Эўропе? Таго НАТО, які, паводле Лукашэнкі, "падбіраецца да межаў нашай сінявокай Беларусі", а цяпер аказваецца ледзь не сябром Расеі?"

(Роўда: ) "Мне падаецца, што апошнія крокі на збліжэньне між Расеяй ды НАТО ўсё ж носяць каньюнктурны характар. Расея марыць уступіць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, там ёсьць пэўныя даволі жорсткія ўмовы. І зараз, выкарыстоўваючы даволі складаную сытуацыю на Захадзе — і эканамічную, і вакол тэрарызму — Расея проста разыграе сваю карту.

Думаю, што ў прынцыпе Расея ў гэтым канфлікце атрымала найбольшыя дывідэнды. Напрыклад, пагроза радыкальнага ісламу паўднёвым межам Расеі здымаецца — дзякуючы ўмяшальніцтву ЗША. З талібамі будуць змагацца не расейскія войскі, а амэрыканцы — можа, зь сіламі Паўночнага альянсу ды сваімі саюзьнікамі.

Зь іншага боку, таксама здымаецца вельмі вострае пытаньне Чачэніі. Расея імкнецца вызвольны рух Чачэніі прадставіць як тэрарыстычную акцыю і такім чынам атрымаць з боку Захаду пэўную падтрымку ў барацьбе за ўсталяваньне сваіх інтарэсаў на поўдні".

(Цыганкоў: ) "Уладзімер Роўда намаляваў нам пэўны геапалітычны расклад пасьля тэрактаў 11 верасьня, але ў гэтым раскладзе мы дасюль не закранулі ролю Беларусі. Дык як Аляксандар Лукашэнка павінен знайсьці сваю новую нішу ў цяперашніх дачыненьнях паміж Расеяй і Захадам?"

(Карбалевіч: ) "Мне падаецца, што ў афіцыйным Менску не зразумелі, што пасьля 11 верасьня ў сьвеце шмат чаго зьмянілася, Беларусь аказалася не падрыхтаванай да гэтых зьменаў.

У момант пачатку гэтага крызысу Беларусь знаходзілася ў ня вельмі добрым замежнапалітычным стане — і дрэнныя адносіны з Захадам, і наадварот, вельмі добрыя з мусульманскім Усходам, асабліва з краінамі, якіх падазраюць у падтрымцы міжнароднага тэрарызму — Ірак, Іран, Лібія. І інфармацыя аб продажы зброі гэтым краінам — усё гэта не найлепшым чынам характарызавала беларускую зьнешнюю палітыку.

Але пасьля 11 верасьня Беларусь мела ўнікальную магчымасьць палепшыць свае стасункі з Захадам. І для гэтага трэба было няшмат — проста дэманстрацыя маральнай і палітычнай падтрымкі і салідарнасьці з краінамі Захаду, асабліва ЗША.

А што ж зрабіў афіцыйны Менск? Першае, у краіне не аб'явілі афіцыйнай жалобы, як у Эўропе і нават у Расеі. Другое, Лукашэнка не наведаў амэрыканскую амбасаду, каб выказаць спачуваньне — усё гэта вылілася ў нейкі недарэчны скандал. Ну й кульмінацыя такой неабачлівасьці — гэта прыём лібійскай дэлегацыі на чале з кіраўніком ваеннай Рады Лібіі празь некалькі дзён пасьля тэрарыстычных актаў. Усім вядома, што Лібію падазраюць у падтрымцы міжнароднага тэрарызму.

Штопраўда, пасьля беларускае МЗС паспрабавала перайграць усё, неяк упісацца ў новую сытуацыю. Была заява самога Лукашэнкі са спачуваньнем і зваротам да амэрыканскага народу, потым заява МЗС, што Беларусь гатовая разгледзець прапановы НАТО аб паветраным калідоры.

Але здаецца, што час страчаны, і той вельмі спрыяльны момант, калі Беларусь магла размарозіць свае стасункі з Захадам, бяздарна згубілі".

(Цыганкоў: ) "Гаворачы пра тыя перамены, якія наступілі ў сьвеце пасьля 11 верасьня, я б адзначыў наступнае. Многія лічаць, што цяпер ЗША і Захад будуць глядзець на ўсе краіны ў сьвеце ня столькі з гледзішча правоў чалавека, а з гледзішча таго, наколькі гэтыя краіны будуць процістаяць міжнароднаму тэрарызму.

Магчыма, ЗША пачнуць больш талерантна ставіцца да гэтак званых мяккіх дыктатураў, калі гэтыя дыктатуры будуць па адзін бок барыкадаў супраць тэрарызму. Да таго ж, у саміх заходніх краінах паняцьці правоў чалавека і дэмакратыі, магчыма, зьведаюць пэўныя трансфармацыі пасьля гэтых актаў, а тым больш, калі тэрарыстычныя акты працягнуцца.

І гэта вельмі выгадная сытуацыя для такіх рэжымаў як беларускі, калі Захад ня можа зьвяртаць такой вялікай увагу на парушэньне правоў чалавека — на гэта проста ня стане часу і сілаў, калі існуюць такія глябальныя праблемы. Мы, журналісты, гэта адчуваем — 11 верасьня, толькі на другі дзень пасьля прэзыдэнцкіх выбараў хваля інфармацыі пра Беларусь схлынула, і краіне не засталося месца ў міжнародных СМІ.

Трэба адзначыць, што сапраўды МЗС Беларусі спрабуе адкруціць назад падзеі. Сёньня міністар замежных справаў Міхаіл Хвастоў тэлефанаваў свайму калегу Антанасу Валенісу з просьбай, каб Літва аказала Менску дапамогу ў дыялёгу з Захадам, асабліва з Эўрапейскім Зьвязам. Ці можа Лукашэнка выкарыстаць гэты зручны момант, каб разам з Расеяй, пад дахам Расеі імкнуцца выкарыстаць шанец наладзіць дачыненьні з Эўропай і НАТО?"

(Роўда: ) "Я думаю, Лукашэнка будзе адыгрываць вельмі пасыўную ролю ва ўсіх гэтых схемах. Сапраўды, вы маеце рацыю, калі кажаце, што гэтыя падзеі зрабілі неактуальнымі падзеі ў Беларусі. Па вялікім рахунку, неактуальнай стала й праблема правоў чалавека. Бо калі Іран, дзе гэтыя правы моцна парушаюцца, амаль падтрымлівае акцыю адплаты, то гэта ўжо кажа пра пэўную інфляцыю самой канцэпцыі правоў чалавека.

Мне здаецца, што Лукашэнка будзе працягваць гульню, якую ён вёў да гэтага, і гуляць не напрасткі з Захадам, а хутчэй праз Расею. Прыкрываючыся "новай" палітыкай Расеі, ён можа паспрабаваць атрымаць пэўныя дывідэнды ад НАТО ды іншых структураў.

І першыя крокі тут ужо зробленыя. Я хачу ўзгадаць паседжаньне Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, якая адбывалася нядаўна ў Страсбургу. Нягледзячы на тое, што даклад аб выніках выбараў у Беларусі быў вельмі супярэчлівы, заходнія парлямэнтары палічылі, што трэба "ўлічваць тыя пазытыўныя зьмены", якія былі нібыта падчас выбараў.

Яны таксама пастанавілі, што трэба паспрабаваць зьмяніць стратэгію і ад жорсткай ізаляцыі Беларусі перайсьці да стратэгіі "крок за крокам", каб узьдзейнічаць на рэжым і паспрабаваць яго нейкім чынам зьмяніць да лепшага.

Мне здаецца, гэтая новая стратэгія наўрад ці прывядзе да посьпеху. Прыкрываючыся Расеяй і ўлічваючы новую каньюнктуру, Лукашэнка паспрабуе захаваць той самы рэжым, які існуе і які зрабіў вельмі шмат для таго, каб захавацца пры ўладзе".

(Цыганкоў: ) "Рэжым у сваёй сутнасьці, зразумела, застанецца той самы, калі яго па-ранейшаму ўзначальвае гэты чалавек. Але магчыма, рыторыка ў дачыненьнях да Захаду зьменіцца, і Лукашэнка напэўна будзе рабіць крокі насустрач Захаду. Як будзе ўспрымаць гэтыя крокі беларускае грамадзтва? І асабліва электарат Лукашэнкі, якога столькі гадоў кармілі менавіта антызаходняй рыторыкай?"

(Карбалевіч: ) "Відавочна, такі паварот даецца беларускаму кіраўніцтву вельмі цяжка. Беларускі рэжым — антызаходні па сваёй унутранай сутнасьці. І антызаходняя палітыка вынікае з сутнасьці самога рэжыму.

Але з гледзішча прапаганды гэта зрабіць нескладана. Прапагандысцкая канцэпцыя дагэтуль тлумачыла дрэнныя стасункі з Захадам тым, што няправільную палітыку праводзіць Захад. Калі ж зараз гэтыя стасункі нармалізуюцца, то прапагандысцкая машына аб'явіць, што Захад нарэшце зразумеў свае памылкі, адмовіўся ад падвойных стандартаў, і прызнаў, што ў Беларусі ўсё нармальна з дэмакратыяй і правамі чалавека. Маўляў, Беларусь нічога не памяняла, памяняўся Захад".