Пасланьне Лукашэнкі парлямэнту — прамова кіраўніка дзяржавы альбо папулісцкі выступ кандыдата на прэзыдэнта?

Віталь Цыганкоў, Менск

Пра што сьведчаць "фройдаўскія" абмоўкі Лукашэнкі? Чаму Лукашэнка амаль не гаварыў пра дачыненьні з Расеяй?

(Цыганкоў: ) "Першае ўражаньне — пасланьне было вельмі папулісцкае. Яно было скіраванае на хуткую прэзыдэнцкую кампанію: трэба гаварыць тое, што людзі хочуць пачуць.

Зрэшты, сам Лукашэнка прызнаўся, што да 5-й раніцы дапрацоўваў тэкст пасланьня, бо тое, што яму падрыхтавалі, яго не задаволіла — найперш таму, што мала там казалася пра патрэбы простых людзей. І сам Лукашэнка дапрацоўваў тэкст.

Пералічу некалькі момантаў, якія даказваюць папулісцкасьць тэксту пасланьня. Гэта — пра аўтамабілі, якія чыноўнікі мусяць перадаць простым людзям, працаўнікам сельскай гаспадаркі; пра крэдыты, якія некаторыя дагэтуль не вярнулі; пра тое, што "інфляцыя ствараецца асабіста вамі, спадар Ярмошын" і трэба яе спыніць; "мы не прадавалі й нікому не прадамо сваёй краіны" (гэтак Лукашэнка казаў пра магчымую прыватызацыю некаторых прадпрыемстваў). Калі дэпутаты скардзіліся, што ім не стае памочнікаў, Лукашэнка адказаў, што людзі "нас не зразумеюць, такія пытаньні яшчэ рана ставіць".

Усё гэта даволі дробныя нестратэгічныя праблемы, якіх большасьць прэзыдэнтаў не закранае ў сваіх штогадовых пасланьнях. Але Лукашэнка наўмысна разглядаў іх, што заняло даволі шмат часу, — і гэта даказвае, што пасланьне было своеасаблівым перадвыбарчым выступам".

(Глод: ) "Найперш мне кінулася ў вочы, што сёньня Аляксандар Лукашэнка амаль не адыходзіў ад тэксту, які быў ім падрыхтаваны. Мы ж ведаем, што звычайна Лукашэнка адкладае паперы ўбок і пачынае імправізацыю. Сёньня яе амаль не было. Гэта сьведчыць пра тое, што ён вельмі старанна рыхтаваўся і меўся паўплываць на думкі простых людзей — каб яны падтрымалі яго на прэзыдэнцкіх выбарах".

(Сьвірко: ) "Сапраўды, у прамове было вельмі шмат дробязяў. Трэба, праўда, адрозьніваць сам тэкст пасланьня (гэта друкаваны дакумэнт, які, дарэчы, не раздавалі журналістам у прэсавым цэнтры) і тэкст прамовы, якую Лукашэнка казаў з трыбуны.

Мяне вельмі ўразіла рэпліка дэпутата Пашкевіча, які сказаў, што з раніцы ня мог прыпаркаваць машыну на плошчы Незалежнасьці. Лукашэнка адрэагаваў адразу: "Як? Што? Я ня ведаў! Прыбраць кожнага міліцыянта з плошчы!" І пабеглі адразу выконваць ягонае даручэньне. Таму відавочна, што ўсё гэта было разьлічана на жывы эфір.

Калі працягваць пра дробязі — няхай мне даруюць, але я ўзгадаю, што мяне раніцай гвалтам выдалілі з кулюараў "палаты прадстаўнікоў". Негледзячы на тое, што ўсе журналісты мелі пропускі, дзе было напісана, што мы маем права ўваходу ў залю, зноў усім кіравала прэсавая служба Лукашэнкі ды служба бясьпекі прэзыдэнта. Хаця новае кіраўніцтва "палаты" абяцала, што гэтым будуць займацца адпаведныя службы "палаты".

Таму, як бачым, нічога не мяняецца, і сёньня нічога новага я не пачуў".

(Цыганкоў: ) "Напэўна, ад Лукашэнкі й не чакалі нейкіх рэвалюцыйных ці хаця б новых ідэяў разьвіцьця краіны, і тэкст ягонага пасланьня быў вельмі прыгладжаны.

Але чакалі пэўнасьці што да прызначэньня даты прэзыдэнцкіх выбараў. Менавіта дзеля гэтага, мяркую, многія журналісты й прыйшлі.

Аднак Лукашэнка адказаў у сваім стылі: падтрымліваючы няпэўнасьць, нэрвовасьць сваіх палітычных супернікаў. Ён сказаў, што дата яго ня вельмі цікавіць, гэта не прынцыпова. Затое шмат казаў пра тое, як апазыцыя рыхтуе "баевікоў" і што ён ня дасьць дэстабілізаваць сытуацыю".

(Глод: ) "Мне здаецца, Аляксандар Лукашэнка зусім невыпадкова казаў, што не дазволіць стварыць аўтаматызаваную сыстэму… фальсыфікацыі выбараў. Ён агаварыўся, але мне здаецца, гэта быў якраз той выпадак, калі ў яго думка не пасьпявала за словам".

(Цыганкоў: ) "Ён пасьля гэтага дадаў, што "мы створым сваю дзяржаўную сыстэму".

(Глод: ) "Так. Слова "фальсыфікацыя" тут невыпадкова зьявілася. Бо Лукашэнка сапраўды баіцца, што вынікі выбараў будуць сапраўдныя, а не сфальшаваныя. Так што гэта была абмоўка паводле Фройда.

Думаю, прыклад Югаславіі вельмі балюча засеў у сэрцы Лукашэнкі. Нагадаю, хто там першы аб’явіў пра вынікі выбараў. Не дзяржаўны Цэнтарвыбаркам, а дэмакратычная апазыцыя. І потым адвярнуць гэтыя вынікі было вельмі цяжка. Мы памятаем, два дні трымаў паўзу афіцыйны ЦВК. І мне здаецца, Лукашэнка вельмі баіцца, каб югаслаўская сытуацыя не паўтарылася ў Беларусі. Так, ёсьць кампутары, назіральнікі, і яны першымі аб’яўляюць вынікі выбараў. А потым даказаць, што перамог Лукашэнка, а ня нехта іншы, будзе вельмі цяжка.

Таму ўвесь час Лукашэнка кажа пра гэтых назіральнікаў, "баевікоў" — ужо сёньня накіроўвае грамадзкую думку, каб калі што якое сказаць: ну вы ж ведаеце, хто пра гэтыя вынікі аб’явіў — баевікі, якіх на замежныя грошы падрыхтавалі ў Беларусі".

(Сьвірко: ) "Сапраўды, Лукашэнка вельмі баіцца варыянту Каштуніцы. Але я разглядаю гэтую прамову і як запалохваньне чыноўнікаў.

Лукашэнка казаў, што ня будзе тут югаслаўскага варыянту — ён ня дасьць тым самым 14 тысячам "баевікам", якіх прывязуць у Менск, штурмаваць ягоную рэзыдэнцыю і выставіць з вакна бел-чырвона-белы сьцяг (ці чырвона-зялёны, як ён сказаў, — каб народ не напалохаць). Я гэтага не дапушчу, сказаў Лукашэнка, і гэта было адрасавана ня столькі апазыцыі, колькі ягоным чыноўнікам. Маўляў, ведайце, што такога ня будзе і падтрымлівайце мяне.

Што да ягонай заўвагі ў бок заходніх амбасадараў, якія не былі ў залі паседжаньняў "палаты прадстаўнікоў". Яны, дарэчы, туды ніколі не хадзілі, — ня ведаю, чаму Лукашэнка толькі зараз гэта заўважыў.

Ён сказаў — не прыйшлі, хочаце паказаць, што не прызнаяце нашага парлямэнту, значыць, я забараняю іх запрашаць на любыя дзяржаўныя мерапрыемствы. Ізноў рэакцыя, зьвязаная менавіта з выбарамі".

(Цыганкоў: ) "Можна заўважыць яшчэ адну нібыта абмоўку — але сьвядомую. Лукашэнка сказаў дэпутатам — ну, вы будзеце да 2005 году, я буду трошкі далей, на год-паўтара. То бок ён гаварыў так, нібыта ён ужо выйграў выбары.

Зразумела, ужо йдзе прапагандысцкая атака на насельніцтва, дарэчы, ладную частку свайго выступу Лукашэнка прысьвяціў "прапагандысцкаму забесьпячэньню" сёньняшняй палітыкі. Ён падрабязна распавядаў, што ўсе дзяржаўныя чыноўнікі павінны тлумачыць людзям сутнасьць сёньняшняй палітыкі — гэта, маўляў, асабліва важна напярэдадні выбараў.

Мы ведаем, што праца ўжо пачалася, што так званыя выязныя брыгады з чыноўнікаў, міністраў, мясцовых вэртыкальнікаў выяжджаюць і сустракаюцца зь людзьмі. Лукашэнка яшчэ раз сёньня падкрэсьліў важнасьць гэтага накірунку".

(Сьвірко: ) "Лукашэнка відавочна разьлічвае толькі на сваю ўладу. Ён пра гэта сказаў і з трыбуны: "Мне хопіць адміністрацыйнага рэсурсу, каб правесьці гэтыя выбары".

Хочацца падкрэсьліць такі момант: толькі на 38-й старонцы пісьмовага варыянту пасланьня зайшла гаворка пра Расею. Прычым у такім кантэксьце: нам трэба праводзіць уніфікацыю заканадаўства з расейскім, але праводзіць вельмі спакойна, каб не нарабіць шкоды.

Расея ва ўсім пасланьні якраз згадвалася ў кантэксьце праблемным. Мяне ўразіла згадка пра Расею ў канцы, дзе нібы адказваючы ворагам інтэграцыі, Лукашэнка заявіў: расейска-беларуская інтэграцыя ня ёсьць нейкім супрацьпастаўленьнем Захаду, гэта частка агульнай эўрапейскай інтэграцыі. І ўсё. Больш пра Расею нічога няма.

Што яны будуць рабіць з гэтай саюзнай дзяржавай? Здаецца, цяпер зразумела, што Лукашэнка спадзяецца толькі на свой "адміністрацыйны рэсурс" і не чакае дапамогі з Крамля".

(Цыганкоў: ) "Адказваючы на пытаньне пра магчымую прыватызацыю беларускай прамысловасьці расейскім капіталам, Лукашэнка сказаў: "Ні долі сувэрэнітэту Лукашэнка не прадаваў і прадаваць ня будзе". Гэта быў адзін з рэдкіх зваротаў да расейскай тэмы — і менавіта ў такім кантэксьце".

(Глод: ) "Хачу адзначыць некалькі апошніх фактаў што да беларуска-расейскіх стасункаў. Першае. Расея мае намер (і атрымала ад беларускіх уладаў дазвол) узьвесьці два вялікіх будынка для сваёй амбасады ў Менску. Калі б сапраўды ішла размова пра стварэньне адзінай дзяржавы — ці трэба было б Расеі пачынаць будоўлю новых карпусоў?

І другі факт. Праз тыдзень Лукашэнка зьбіраецца паехаць да губэрнатара Сьвярдлоўскай вобласьці Эдуарда Роселя. Мы цудоўна ведаем, што Лукашэнка паўтара года быў "невыязны" ў Расею. Дазвол ехаць у Расею — супярэчлівы факт.

Сёньня супярэчлівыя дачыненьні паміж Беларусяй і Расеяй, паміж Лукашэнкам і Пуціным застаюцца. І мне здаецца, што на дапамогу Крамля Лукашэнка разьлічвае ўсё менш. Галоўным чыньнікам ягонай перамогі робіцца выкарыстаньне ўлады — "адміністрацыйнага рэсурсу".