Кіраўніцтва АГП прызначыла паседжаньне Нацыянальнага камітэту сваёй партыі празь месяц пасьля заканчэньня выбараў, каб даць магчымасьць сябрам гэтага органу адысьці ад перадвыбарчай барацьбы ды абмеркаваць тое, што адбылося 9 верасьня ў рэгіянальных структурах.
Такім чынам, сёньня некалькім дзясяткам сябраў Нацыянальнага камітэту прапанавалі падвесьці вынікі кампаніі "Прэзыдэнцкія выбары–2001", вызначыць стратэгію і тактыку АГП на будучыню, падсумаваць папярэднія вынікі акцыі "Хочам ведаць праўду!", вызначыцца ў справе далейшага ўдзелу партыі ў Кансультацыйнай радзе апазыцыйных партыяў пры групе АБСЭ.
Па кожным з гэтых пунктаў парадку дня сябры Нацкамітэту мусілі прыняць адпаведную рэзалюцыю. Вось што скзаў перад пачаткам паседжаньня старшыня АГП Анатоль Лябедзька:
(Лябедзька: ) "Што тычыцца шараговых сяброў партыі й рэгіянальных структураў, то думаю, што яны зрабілі максымальна з таго, што можна было зрабіць".
(Карэспандэнт: ) "А ў справе кампаніі "Хочам ведаць праўду"?"
(Лябедзька: ) "У АГП найбольшыя посьпехі якраз на гэтым кірунку дзейнасьці, і ў часе выбарчай кампаніі мы на гэтым сэгмэнце найбольш працавалі".
На думку спадара Лябедзькі, зь ягоным меркаваньнем пагадзіцца большасьць сяброў Нацыянальнага камітэту і прыме адпаведныя рэзалюцыі, а найбольш вялікі дакумэнт — "Стратэгія й тактыка партыі ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму", мэта якога — зьмена цяперашняй сыстэмы ўлады, будзе ўхвалены, а канчаткова зацьверджаны на зьезьдзе АГП, які мяркуецца правесьці ў першым квартале наступнага году.
Але некаторыя сябры Нацыянальнага камітэту лічаць, што патэнцыял АГП у часе прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі быў выкарыстаны ня цалкам. Гаворыць кіраўнік гомельскай абласной арганізацыі АГП (які, дарэчы, выказаў намер пайсьці ў адстаўку з гэтай пасады) Віктар Карніенка:
(Карніенка: ) "Калі браць апошнюю кампанію, мне здаецца, што ў партыі было больш пэрспэктываў для больш удалага дзеяньня ў часе гэтай выбарчай кампаніі. Патэнцыял партыі, я лічу, ня быў цалкам выкарыстаны".
Аналізуючы вынікі прэзыдэнцкай кампаніі Анатоль Лябедзька зазначыў, што гэта былі ня выбары, а разыграны ўладамі фарс, у якім ні перамагчы, ні прайграць было немагчыма. Паводле лідэра АГП, партыя выканала ўсе дамоўленасьці шырокай грамадзянскай кааліцыі, што ёсьць станоўчым фактам. Разам з тым Анатоль Лябедзька адзначыў, што была пераацэненая роля намэнклятуры, з асяродку якой быў вылучаны адзіны кандыдат.
Сябры АГП, на ягоную думку, былі расчараваныя вынікамі выбараў яшчэ й таму, што свайго кандыдата ў партыі не было, а ейныя актывісты падтрымлівалі ажно чатырох патэнцыйных прэтэндэнтаў. Многія зь сяброў Нацыянальнага камітэту, асабліва тыя, хто працаваў у штабе Сямёна Домаша, выказвалі меркаваньне, што трэба было адразу вызначыцца са сваім кандыдатам, а не спадзявацца на намэнклятуру й на Маскву, крытыкавалі сыстэму незалежнага назіраньня.
Дыскусія праходзіла даволі канструктыўна, і ў выніку ўсе рэзалюцыі, з тымі ці іншымі зьменамі, сябры Нацыянальнага камітэту АГП ухвалілі.