У СТРАСБУРГУ НА СЭСІІ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ РАДЫ ЭЎРОПЫ АДБЫЛАСЯ ДЫСКУСІЯ Ў СПРАВЕ ВЫБАРАЎ У БЕЛАРУСІ

Валер Каліноўскі, Старсбург

Дакладчык па гэтай тэме, бэльгійскі дэпутат Стэфан Горыс, а таксама дэпутаты зь Нямеччыны і Літвы гаварылі пра тое, што выбары не адпавядалі стндартам Рады Эўропы і не былі свабодныя. На адваротным настойвалі дэпутаты з Расеі і Ўкраіны.

Ад імя дзевяці назіральнікаў ПА Рады Эўропы, што пабывалі на выбарах у Беларусі, Стэфан Горыс зазначыў на ранішнім паседжаньні асамблеі, што выснову пра неадпаведнасьць беларускіх выбараў стандартам Рады Эўропы можна зрабіць на падставе перш за ўсё парушэньняў і нэгатыўных зьяваў у перадвыбарчы пэрыяд. Сярод такіх парушэньняў ён назваў няроўныя ўмовы для кандыдатаў у сродках масавай інфармацыі, ціск на актывістаў выбарчай кампаніі і на незалежныя газэты.

(Горыс: ) “Гэта дало нам падставу зрабіць выснову, што выбары не былі ні свабодныя, ні справядлівыя. Зь іншага боку, і я гэта хачу гэта падкрэсьліць, мы заўважылі пэўныя пазытыўныя элемэнты, новыя ў беларускай сытуацыі. На ўчастках мы сустракаліся са многімі маладымі людзьмі, студэнтамі, якія валодаюць многімі мовамі і якія актыўна ўдзельнічалі ў выбарчай кампаніі і палітычным працэсе ў краіне”.

Горыс заклікаў Раду Эўропы адмовіцца ад палітыкі далейшай ізаляцыі Беларусі і накіраваць ёй “вестку надзеі”, распачаўшы дыялёг як з грамадзянскай супольнасьцю, гэтак і з уладамі. Гэта будзе азначаць новы накірунак у палітыцы Рады Эўропы ў дачыненьні Беларусі і, як прызнаў спадар Горыс, ён будзе адрозьнівацца ад пазыцыяў АБСЭ і Эўрапарлямэнту, паколькі кожны эўрапейскі інстытут мае сваю ўласную місію і стратэгію.

Гэты падыход ня быў цалкам падтрыманы дакладчыкам па Беларусі Вольфгангам Бэрэндтам, які заявіў, што тут патрэбны адзіны падыход Рады Эўропы, Эўразьвязу і АБСЭ. Вольфганг Бэрэндт заявіў, што гэтыя выбары маглі б засьведчыць, што Беларусь ідзе па шляху дэмакратызацыі, але шанец быў упушчаны. Аднак, на думку спадара Бэрэндта, у Беларусі нараджаецца новая грамадзянская супольнасьць, якую трэба падтрымаць, таксама ўсяляк паспрыяць наладжванью дыялёгу ўнутры беларускага грамадзтва. Спадар Бэрэндт таксама выказаўся супраць ізаляцыі Беларусі, але заклікаў патрабаваць ад беларускіх уладаў выкананьня прынцыпаў Рады Эўропы і дэмакратычных пераўтварэньняў.

Літоўскі парлямэнтар Вацлаў Станкевіч быў больш жорсткі. Ён адзначыў, што ў існуючых умовах пераход да дэмакратыі ў Беларусі ў блізкай будучыні ўяўляецца малаверагодным.

(Станкевіч: ) “Я цалкам згодны са справаздачай, што працэс выбараў у Беларусі не адпавядаў стандартам Рады Эўропы. Краіна гэтая ня можа лічыцца дэмакратыяй, хаця і былі пэўныя пазытыўныя моманты. Нягледзячы на недэмакратычны працэс, грамадзяне маглі прагаласаваць за аднаго з трох кандыдатаў”.

Станкевіч заклікаў запрасіць у Парлямэнцкую асамблею Рады Эўропы ў якасьці гасьцей ня толькі прадстаўнікоў так званай “палаты прадстаўнікоў”, але і прадстаўнікоў апазыцыйнага боку і знайсьці для гэтагна адпаведную форму.

Дэпутаты ад Расеі і Ўкраіны, пераважна левай арыентацыі, аспрэчыліі высновы, зробленыя спадарамі Горысам і Станкевічам, і заявілі, што выбары адпавядалі заканадаўству і былі вольныя.

Дыскусія пакуль вынікаў не дала. Яна паказала толькі настрой у ПА Рады Эўропы, які павінен быць улічаны Бюро асамблеі ў далейшым.

Прадстаўнікі беларускіх дэлегацыяў, як афіцыйнай, так і апазыцыйнай, не прымалі ўдзелу ў гэтай дыскусіі. Яны сачылі за ёй з гасьцявой трыбуны. Вынікі дыскусіі ацэньвае Анатоль Лябедзька.

(Лябедзька: ) “Для нас самае галоўнае, што выбары прызнаныя такімі, якія не адпавядаюць міжнародным стандартам як несправядлівы, недэмакратычныя. І нас таксама задавальняе, што пытаньне юрыдычнай легітымнасьці Лукашэнкі знаходзіцца ў падвешаным стане”.

Анатоль Лябедзька мяркуе, што ў будучых адносінах рады Эўропы і Беларусі ўсё будзе залежаць ад таго, якія крокі будзе ажыцьцяўляць Аляксандар Лукашэнка і яго ўрад. Асновай для аднаўленьня статусу адмыслова запрошанага для Беларусі зьяўляецца спыненьне рэпрэсіяў, адмена сьмяротнага пакараньня, пашырэньне паўнамоцтваў парлямэнту.

Дэпутат “палаты прадстаўнікоў” Навасяд не хаваў свайго задавальненьня ад тых прапановаў, якія прагучалі ў справаздачы і падчас дыскусіі.

(Навасяд: ) “Ізаляцыя Беларусі штурхае яе ў склад Расейскай Фэдэрацыі, і чым больш кантактаў, у тым ліку і эканамічных, з эўрапейскімі дзяржавамі, тым больш гарантыяўз таго, што Беларусь пойдзе на дэмакратычныя пераўтварэньні”.

Абедзьве дэлегацыі парцягваюць сваю працу ў Старсбургу.