19:10 ПАВЕДАМІЎШЫ ВЫНІКІ ГАЛАСАВАНЬНЯ ПА “ЗАКРЫТЫХ” УЧАСТКАХ, МІКАЛАЙ ЛАЗАВІК ПАРУШЫЎ ЗАКОН

Віталь Цыганкоў, Менск

Ён даў зьвесткі пра вынікі выбараў на зачыненых участках у некаторых замежных амбасадах – у Кітаі, Узьбэкістане. Гэта выклікала сярод журналістаў абурэньне, бо ёсьць парушэньнем закону абвяшчаць вынікі па асобных участках да завяршэньня галасаваньня па ўсёй краіне.

Сакратар Цэнтарвыбаркаму паведаміў, што галасавалі там пераважна за Лукашэнку. Лазавік паведаміў, што ў Цэнтарвыбаркам паступаюць скаргі ад людзей сталага ўзросту, якія замовілі, каб прывезьлі ім дахаты скрыні для галасаваньня, а даводзіцца доўга чакаць.

Лазавік патлумачыў прычыну тым, што не чакалася такая актыўнасьць выбарцаў. І камісіі не спраўляюцца з працай. Прадстаўнік БНФ выставіў цэлы ліст парушэньняў на ўчастках, але спадар Лазавік толькі падзякаваў за інфармацыю, сказаўшы, што ў яго няма падставаў гэтай інфармацыі ня верыць, гэтаксама, як і верыць. І параіў падаваць скаргу ў Цэнтарвыбаркам. На пытаньне, колькі скаргаў ужо паступіла ў Цэнтар выбаркам, Лазавік не назваў дакладнай лічбы, сказаўшы, што ад сямі да пятнаццаці.

У інтэрвію нашаму радыё назіральнік ад БНФ Сямдзянава сказала, што Лазавік казаў няпраўду. БНФ ужо шмат накіроўваў скаргаў, нават у Вярхоўны суд у сувязі з тым, што Цэнтарвыбаркам адвольна трактуе выбарчае права. Згодна з законам, сказала Сямдзянава, маюць падлічвацца паасобку галасы са скрыняў папярэдняга, асноўнага галасаваньня і тых, якія прыносяцца выбарцам да хаты. Цэнтарвыбаркам усе галасы заносіць у адзіны пратакол.