Беларусь – гэта анамалія ва Ўсходняй Эўропе, – піша на старонках Wall Street Journal Europe Люк Алнут. Гэта, праўдападобна, адзіная краіна, якую не закранулі посткамуністычныя рэформы. У адрозьненьне ад іншых краінаў рэгіёну, якія парупіліся пазбавіцца ад расейскага ўплыву, рэжым Лукашэнкі павёў краіну шляхам яшчэ большага эканамічнага і палітычнага хаўрусу зь вялікім братам на Ўсходзе. Між тым, Беларусь загразла ў інэрцыйнасьці і бядоце дзяржаўнага сацыялізму і ня здолела стварыць рынкавых мэханізмаў.
У мінулым годзе Югаславія зьдзівіла амаль усіх, калі напор народных масаў, палітычных элітаў і адпаведная міжнародная дапамога змаглі зьвергнуць рэжым. З таго часу як прэзыдэнт Югаславіі Слабадан Мілошавіч быў пазбаўлены ўлады, дэмакратычныя эліты ў Беларусі пачалі з імпэтам абмяркоўваць “югаслаўскі сцэнар” і зьвяржэньне апошняга дыктарара Ўсходняй Эўропы. Міжнародныя экспэрты, аднак, лічаць, што разьвіцьцё падзеяў у Беларусі як мінімум на два гады спазьняецца за падзеямі ў Югаславіі, і толькі некаторыя зь іх прадказваюць адстаўку Лукашэнкі сёлета.
Апазыцыя рэжыму Лукашэнкі ўжо сёньня даволі моцная ў сталіцы краіны Менску. Асабліва гэта датычыць маладога пакаленьня. Але ў сельскай мясцовасьці Лукашэнка па-ранейшаму карыстаецца значнай падтрымкай. Пэнсіянэры, якія складаюць амаль траціну насельніцтва, пераважна падтрымліваюць прэзыдэнта таму, што яны залежаць ад дзяржавы. Тое самае датычыць значнай часткі вясковых і гарадзкіх рабочых, якія па ранейшаму працуюць на дзяржаўных прадпрыемствах.
Лукашэнка, як і іншыя дыктатары, мае вопыт ў падтрымцы выгляду законнасьці і ў маніпуляваньні настроямі грамадсзва. Ён ніколі не забывае прыпомніць беларускім пэнсіянэрам пра гаротны стан расейцаў, якія жывуць на пэнсію.
Найгоршае ў тым, што ў Беларусі няма традыцыяў апазыцыйнасьці. Тут не было заўважальнага дысыдэнцкага руху ў савецкі час. І сёньняшняя палітычная апазыцыя ўсё яшчэ рахітычная, над якой некаторыя пасьмейваюцца. Яна падзеленая, дэзарганізаваная, занятая пераважна высьвятленьнем узаемных адносінаў. І таму яе аб’яднаньне вакол адзінага кандыдата – прафсаюзнага лідэра Ўладзімера Ганчарыка – зьяўляецца вельмі пазытыўным крокам. Аднак у сувязі з кантролем Лукашэнкі над дзяржаўным тэлебачаньнем Ганчарык застаецца невядомы для бальшыні беларусаў. Кандыдат апазыцыі – гэта не Ваілаў Каштуніца. Ён не асабліва харызматычны і ня ў стане канкураваць са здольнасьцю прэзыдэнта адыгрываць перад народам ролю “свайго хлопца”. Афіцыйны, савецкага тыпу прафсаюз, які ён узначальвае, таксама ня вельмі папулярны.
Але самы моцна фактар, які працуе супроць апазыцыі (з гэтым згаджаецца бальшыня аналітыкаў), – гэта кантроль Лукашэнкі над дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі. Рупары рэжыму рэгулярна параўноўваюць апазыцыю з фашыстамі, якіх, зразумела, падтрымліваюць варожыя замежныя краіны. У мінулым месяцы вядучы дзяржаўнага тэлебачаньня нават заявіў, што Лукашэнку падтрымлівае Бог.
Міжнароднае грамадзтва імкнецца прыйсьці на дапамогу. Дзейнічаюць шматлікія фонды падтрымкі дэмакратычных арганізацыяў, асабліва маладзёвых. Маладзёвая арганізацыя “Зубар” у якасьці прыкладу мае дзейнасьць югаслаўскай арагнізацыі “Отпор”.
Але фінансавая дапамога дэмакратычным сілам Беларусі – гэта ўсяго толькі малая частка той сумы, якая ішла на дапамогу праціўнікам Слабадана Мілошавіча.
Ключом да сытуацыі, аднак, зьяўляецца Расея. Беларусь мае важнае значэньне для Расеі, таму, што яна стварае буфэр на шляху пашырэньня НАТА. Як адзначыў аналітык Рой Алісан зь Лёнданскага каралеўскага інстытуту міжнародных дасьледаваньняў: “У Расеі практычна няма саюзьнікаў ні ў якім кірунку, і таму вельмі выгадна (і з псыхалягічнага пункту гледжаньня гэта дае ўпэўненасьць) верыць, што хоць маленькая Беларусь зьяўляецца верным саюзьнікам, нягледзячы на ўсе непрадказальныя якасьці спадара Лукашэнкі".
Магчыма, самае большае, на што могуць спадзявацца беларусы, – піша на старонках Wall Street Journal Europe Люк Алнут, – што адбудзецца другі тур выбараў. Гэта можа зьнішчыць міф аб непарушнай папулярнасьці прэзыдэнта і значна ўзьняць рэйтынг Ганчарыка. Але гэта мінімум таго, што заслугоўвае беларускі народ.