“УГЛЯНІЦА І ЖАРНАСЕК САПСАВАЛІ ПРЭЗЫДЭНТУ СЬВЯТА…”

Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Газэта “Коммерсантъ” адзначае, што “такіх грандыёзных інвэстацыйных праектаў у “Лукойлу” яшчэ не было. Але беларускі прэзыдэнт замест таго, каб падзякаваць спадару Алікпераву, усяго толькі паабяцаў падумаць – узяць грошы ці знайсьці іншага інвэстара. Адным словам, – падсумоўвае “Коммерсантъ,” – сустрэча прайшла паводле ўсіх правілаў вядзеньня перадвыбарчай агітацыі.

“На першы погляд інвэстацыйная актыўнасьць “Лукойлу” ў Беларусі мае падставы, але, – зазначае газэта, – названая сума інвэстыцыяў ставіць пад сумнеў самую магчымасьць іх ажыцьцяўленьня, бо ў кампаніі шмат іншых, больш эфэктыўных праектаў, дый дагэтуль самым буйным укладаньнем “Лукойлу” ў Беларусі былі толькі 8 мільёнаў даляраў, выдадзеных на будаўніцтва свайго офісу ў Менску”.

У гэтай сувязі газэта “Коммерсантъ” схільная падзяліць думку мясцовых аналітыкаў, якія тут жа выказалі меркаваньне, што “калі ня ўвесь візыт спадара Алікперава, дык ва ўсялякім выпадку заява пра інвэстыцыі – гэта перадвыбарчы падарунак спадару Лукашэнку, якога апазыцыя вінаваціць у зьмяншэньні паступленьняў замежных інвэстыцыяў.

Газэта “Ведомости”, камэнтуючы цікавасьць расейскіх нафтавікоў да “Нафтану” – аднаго з найбуйнейшых ў Эўропе нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў, зьвяртае ўвагу, што “сам “Нафтан”, падобна, абыйшоўся б і бяз новых партнэраў. “Ведомости” цытуюць аднаго з топ-мэнэджэраў прадпрыемства: “Дзе ж “Лукойл” быў раней? Да 2003-га году мы самастойна завершым рэканструкцыю і па бальшыні паказьнікаў выйдзем на эўрапейскі ўзровень”. Паводле яго, “Лукойлу” варта было б пачынаць не зь інвэстыцыяў, а з сур’ёзных паставак нафты.

“Время новостей” у артыкуле “Лукашенко АG” тлумачыць актывізацыю кантактаў буйных расейскіх кампаніяў з кіраўніцтвам саюзнай дзяржавы тым, што “расейскія магнаты разьлічваюць на эканамічную выгоду ўзамен за палітычную і фінансавую падтрымку Лукашэнкі, які змагаецца за сваё пераабраньне”.

Расейская прэса сёньня камэнтуе і ўчорашні працяг скандалу з гэтак званым “эскадронам сьмерці” – зьяўленьне відэазапісу са сьведчаньнямі двух супрацоўнікаў КДБ. “Коммерсантъ” у артыкуле “Спадары Угляніца і Жарнасек сапсавалі прэзыдэнту сьвята” падрабязна выкладае зьмест відэастужкі, цытуе выказваньні кіраўніка руху “За новую Беларусь” Васіля Лявонава (“каманду на зьнішчэньне людзей даваў Шэйман”) і давераную асобу кандыдата Лукашэнкі Мікалая Чаргінца, які дзеяньні аўтараў акцыі назваў “палітычнай псыхіятрыяй”.

“Новые Известия” аналізуюць, хто і зь якімі мэтамі з замежных палітыкаў прыяжджае ў Беларусь напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Распавёўшы пра візыты Зюганава і Жырыноўскага, якія не хавалі сваёй падтрымкі Лукашэнкі, далей “Новые Известия” падкрэсьліваюць, што “акрамя расейскіх палітыкаў, адзіным, хто выказаў гатовасьць пакантактаваць зараз з Лукашэнкам, стаў лівійскі палкоўнік Каддафі. У той жа час Леанід Кучма заляпіў сапраўдную аплявуху беларускаму калегу, не запрасіўшы яго на сьвяткаваньне дзесяцігодзьдзя незалежнасьці Ўкраіны.

Гэтая тэма стала падставаю для шматлікіх жартаў у апазыцыйных колах. Адну з такіх показак і пераказваюць “Новые Известия”. “Да Лукашэнкі прыходзіць міністар замежных справаў і кажа: “Аляксандар Рыгоравіч, нарэшце вы сталі выязным, і ўжо атрыманае афіцыйнае запрашэньне на першы замежны візыт.” – “Выдатна, – пацірае рукі Лукашэнка, – і куды ж мяне запрашаюць?” – “У Гаагу”.