МОЛАДЗЬ У РЭЧЫЦЫ ЗА ВЫХАДНЫЯ ПРАВЯЛА ДЗЯСЯТАК ПЕРАДВЫБАРЧЫХ ІМПРЭЗАЎ

Казімер Яноўскі, Рэчыца

Найперш рэчыцкая моладзь узялася дапамагаць цяперашняму кіраўніку дзяржавы, як кажа актывістка Натальля Брэль, "карміць і паіць народ". На мясцовым рынку, куды гараджане прыходзяць купляць прадукты, юнакі й дзяўчаты сталі раздаваць "языкі заліўныя" і "локшыну для вушэй". Насамрэч гэта былі ўлёткі з выявамі на фоне бляшанкі й тэлевізару сылюэта афіцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты. Гараджане з гумарам прымалі гэткую "гуманітарную дапамогу".

У суботу ж дэмакратычная моладзь распачала збор падарункаў Аляксандру Лукашэнку да 30 жніўня — дня ягоных народзінаў.

У абвестках, распаўсюджаных у горадзе з гэтай нагоды, сказана: "Зрабі разьвітальны падарунак любімаму чалавеку ў апошнія дні ягонай дзейнасьці".

Дарэчы, першы падарунак з арыгінальным надпісам быў ад "сьцюардэсы" — ці ня той, якая згуляла сэнсацыйную ролю ў прэзыдэнцкай кампаніі Лукашэнкі 1994 году. У касмэтычцы стылю "зроблена ў Кітаі" былі: зубная шчотка, пусты тубік ад пасты, два алоўкі й стрыжні для шарыкавай ручкі.

Самы арыгінальны падарунак для Лукашэнкі будзе адзначаны прызам — майкай з надпісам "Выбірай!"

У выходныя рэчыцкія актывісты прадоўжылі распачатую раней акцыю "Мяняем старое на новае". Да абмену аўдыёкасэтаў з расейскай папсой на касэты зь песьнямі беларускіх выканаўцаў дадалі яшчэ й збор старых кніг. Працы клясыкаў марксізму-ленінізму, старую ідэалягічную літаратуру мянялі на новыя кнігі Ўладзімера Арлова "Адкуль наш род" і Кастуся Тарасава "Памяць пра легенды".

У абмене ўзялі ўдзел звыш сотні рэчычан. Каму не хапіла новых касэтаў ды кніг, той змог запісацца на першачарговы абмен у будучую суботу.

Вызначыліся сябры моладзевых дэмакратычных суполак і падчас канцэрту, які арганізаваў БПСМ. Апошнія выконвалі патрабаваньне намесьніцы старшыні аблвыканкаму Раісы Ціханскай "быць актыўнымі".

На канцэрце моладзь АГП раздавала спэцвыпуск газэты "Рабочы" і шырокавядомыя прэзэрватывы з адмысловым надпісам.

Бэпэсээмаўцы выклікалі міліцыю. Ахоўнікі затрымалі Натальлю Брэль, але неўзабаве адпусьцілі, паколькі яна ніякай літаратуры не раздавала, а толькі фатаграфавала, як Лукашэнкавы патрыёты разьбіраюць на канцэрце прэзэрватывы з надпісам "Нацягні яго".